Дыямент “Залатога кальца Гомельшчыны”

Сумесны праект “Народнай газеты”, Гомельскага аблвыканкама, Веткаўскага райвыканкама і рэдакцыі газеты  “Голас Веткаўшчыны” Найбагацейшае гістарычнае мінулае Веткі прыцягвае сюды не толькі суайчыннікаў, але  і іншаземцаў. Населены пункт заснавалі ў ХVII стагоддзі сасланыя сюды на землі мазырскага ваяводы Халецкага ў межах Рэчы Паспалітай, за 15 вёрст ад расійскай мяжы, стараверы, якія не жадалі прымаць новую абраднасць. Палескі пасёлак стаў для іх новым духоўным цэнтрам. Ужо ў 30-я гады ХVIII стагоддзя тут пражывала каля 40 тысяч чалавек, сфарміраваліся мясцовыя асаблівасці іканапісу, афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскай разьбы па дрэве. Нямала унікальных набыткаў гэтай культуры прадстаўлена ў экспазіцыях Веткаўскага музея народнай творчасці, які адкрыўся 1 лістапада 1987 года і якому няма аналагаў не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы.Адна з версій паходжання назвы населенага пункта: Ветка — малая галіна “Масквы. Стараверы, нягледзячы на тое, што з імі так жорстка абышліся на радзіме, тым не менш у многім імкнуліся паходзіць на расійскую сталіцу і нават сваю галоўную плошчу назвалі Красная.На тэрыторыі раёна нямала і іншых каштоўнасцяў — старажытных і больш позняга часу, што дазволіла ўключыць Ветку ў “Залатое кальцо Гомельшчыны”.   Безумоўна, сем цудаў — гэта толькі іх малая частка.

Сумесны праект “Народнай газеты”, Гомельскага аблвыканкама, Веткаўскага райвыканкама і рэдакцыі газеты  “Голас Веткаўшчыны”

Найбагацейшае гістарычнае мінулае Веткі прыцягвае сюды не толькі суайчыннікаў, але  і іншаземцаў. Населены пункт заснавалі ў ХVII стагоддзі сасланыя сюды на землі мазырскага ваяводы Халецкага ў межах Рэчы Паспалітай, за 15 вёрст ад расійскай мяжы, стараверы, якія не жадалі прымаць новую абраднасць. Палескі пасёлак стаў для іх новым духоўным цэнтрам. Ужо ў 30-я гады ХVIII стагоддзя тут пражывала каля 40 тысяч чалавек, сфарміраваліся мясцовыя асаблівасці іканапісу, афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскай разьбы па дрэве. Нямала унікальных набыткаў гэтай культуры прадстаўлена ў экспазіцыях Веткаўскага музея народнай творчасці, які адкрыўся 1 лістапада 1987 года і якому няма аналагаў не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы.
Адна з версій паходжання назвы населенага пункта: Ветка — малая галіна “Масквы. Стараверы, нягледзячы на тое, што з імі так жорстка абышліся на радзіме, тым не менш у многім імкнуліся паходзіць на расійскую сталіцу і нават сваю галоўную плошчу назвалі Красная.
На тэрыторыі раёна нямала і іншых каштоўнасцяў — старажытных і больш позняга часу, што дазволіла ўключыць Ветку ў “Залатое кальцо Гомельшчыны”.   Безумоўна, сем цудаў — гэта толькі іх малая частка.

Самая чыстая рака Еўропы

Такой прызнана вучонымі рака Бесядзь, якая з’яўляецца левым прытокам Сожа і працякае праз Веткаўскі раён. Агульная даўжыня Бесядзі — 261 кіламетр, у межах Беларусі — 184 кіламетры, і большасць гэтых беларускіх кіламетраў — на тэрыторыі Веткаўскага раёна. Вясной Бесядзь моцна разліваецца. Найвышэйшы ўзровень вады адзначаецца ў пачатку красавіка, у гэты перыяд ён можа перавышаць 5 метраў. Рака шчодрая на рыбу, расліннасць.

Унікальны музей

Такім у Ветцы сапраўды з’яўляецца музей народнай творчасці. Да гэтага яшчэ хочацца дадаць — адзіны ў сваім родзе. У былым купецкім доме на Краснай плошчы райцэнтра захоўваюцца рэчы даўніны — стараверскія рукапісныя кнігі, іконы, ужо адзначаныя неглюбскія ручнікі і шмат іншага. У экспазіцыі пераканаўча прасочваецца гісторыя і багатая культура краю. Заснаваў калекцыю ў 60—70-х гадах мінулага стагоддзя ўраджэнец і жыхар Веткі Фёдар Шкляраў, заўзяты аматар і прапагандыст мясцовай культуры. Збор старажытных рэчаў выклікаў вялікі грамадскі інтарэс. У 1988 годзе калекцыянера не стала. Але яго справа жыве, памнажаецца, дорыць радасць, выклікае здзіўленне ва ўсіх, хто далучаецца да гістарычных каштоўнасцяў.

“Пахаванне стралы”

У дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны 52 нематэрыяльныя аб’екты спадчыны. Адзін з іх — абрад “Пахаванне стралы”. Ён вядомы з XVII стагоддзя, аднак захаваўся толькі ў вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна. Найцікавейшы народны абрад завяршае вясеннія святы і праводзіцца на саракавы дзень пасля Вялікадня.  Людзі водзяць карагоды, спяваюць, потым “закопваюць стралу”, што сімвалізуе заканчэнне вясны і пачатак лета. Унікальнымі з’яўляюцца не толькі тэатралізаваныя абрадавыя рытуалы, але і народныя касцюмы, у якіх належыць іх ажыццяўляць.

Сядзіба пана Халецкага

Упершыню гэтая сядзіба згадваецца ў першай палавіне ХІХ стагоддзя, калі вёска Хальч увайшла ў склад Расійскай імперыі і ёю сталі валодаць шляхціцы Войніч-Сенажэцкія. Сядзібна-паркавы комплекс у Хальчы Веткаўскага раёна ўзведзены ў стылі позняга класіцызму, з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння. Раней у комплекс сядзібы ўваходзілі два флігелі, гаспадарчыя пабудовы, канюшні. На поўдзень і захад ад сядзібы, як і непасрэдна вакол яе, у сярэдзіне ХІХ стагодзя размяшчаўся вялікі пейзажны парк, перарэзаны шырокім ярам, па дне якога працякаў ручай, які ўпадаў у Сож. Да парку прымыкаў вялікі фруктовы сад. Туды з параднай часткі сядзібы вёў перакладны вісячы мост. Аб’ёмна-прасторавае рашэнне палаца з’яўляецца арыгінальным і не мае прамых аналагаў сярод помнікаў сядзібнага дойлідства першай палавіны — сярэдзіны ХІХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Літвы.

Царква ў вёсцы Жалезнікі

Зараз цяжка ўстанавіць дакладную дату ўзвядзення праваслаўнага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Ніякіх дакументаў на гэты конт, на жаль, пакуль не знойдзена. Але ж па сведчаннях старажылаў і іх успамінах аб расказах продкаў, ёсць падставы меркаваць, што гэта помнік архітэктуры ХVIII стагоддзя. Раскошны жывапіс храма, выкананы мастакамі Сергіева-Пасадскай лаўры, прыводзіць у невыказнае захапленне. Лікі святых і біблейскія сюжэты напісаны настолькі выразна, што складваецца ўражанне, быццам знаходзішся не ў вясковай цэркаўцы, а ў пышным маскоўскім альбо піцерскім храме. Натуральны мармур, прывезены з Уральскіх гор, абрамляе ніз сцен, калон і ўсцілае падлогу. Сваёй пышнасцю здзіўляюць і царкоўныя рэчы. У царкву быў перанесены і знакаміты незгаральны вобраз Мікалая Цудатворца, прыкласціся да якога, лічаць вернікі, значыць, атрымаць дапамогу і падтрымку ў жыццёвых праблемах.

Курганы ў пасёлку Чамярня

Вялікія язычніцкія магілы датуюцца Х—ХІІ стагоддзямі. Самы буйны курганны магільнік знаходзіцца справа ад дарогі Свяцілавічы — Вялікія Нямкі, побач са свяшчэннай Чортавай гарой. Яшчэ ў 1873 годзе тут налічвалася 212 насыпаў, пры ўскрыцці якіх знаходзілі шкілеты людзей, арабскія манеты, шкляныя ружанцы. Зараз засталося толькі 19 курганоў вышынёй у сярэднім пад два метры.

Неглюбскія ручнікі

Назва паходзіць ад вёскі Неглюбка, як і самі ручнікі. Яны ў гісторыі беларускай культуры — амаль як слуцкія паясы. Аднак ёсць прынцыповая розніца — апошнія захаваліся фрагментарна, а ручнікі з Неглюбкі — у поўнай цэласнасці і прыгажосці наіўнай даўніны. Такой канцэнтрацыі ткацкай культуры ў свеце больш не існуе. Ручнікі мясцовых традыцый напоўнены арнаментальнымі знакамі, самым старажытным з якіх — некалькі тысяч гадоў. Налічваецца больш за 60 знакаў. Кожны з іх па-свойму расшыфроўваецца, нясе інфармацыю пра дом, ураджай, вяселле і іншыя падзеі жыцця і лёсу чалавека, распавядае аб яго паўсядзённых клопатах. Неглюбскі “цуд” добра вядомы за мяжой, нават у Японіі і Амерыцы.

 Выбіраем разам

Дарагія чытачы!
Каб прыняць удзел у выбары цудаў нашай роднай Беларусі, проста запоўніце анкету і пастаўце адзнаку па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных сёння цудаў Веткаўскага раёна. Анкеты адпраўляйце на адрас рэдакцыі “Народнай газеты” з прыпіскай на канверце “7 цудаў Беларусі”.
Свае меркаванні аб праекце вы можаце выказаць на сайце рэдакцыі ў Інтэрнэце: www.ng.by

Ваш голас вельмі важны! 7 цудаў Веткаўскага раёна     Ваша адзнака

Рака Бесядзь

Абрад “Пахаванне стралы”

Неглюбскія ручнікі

Музей народнай творчасці

Сядзіба пана Халецкага

Курганы ў пасёлку Чамярня

Царква ў вёсцы Жалезнікі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter