Аляксандр Фінскі прадставіў у Мінску каля 50 новых твораў - скульптуру і графіку

Дыялогі з Фінскім

Помнік Сімяону Полацкаму ў Полацку, манумент у гонар воінаў-вызваліцеляў у Рагачове, помнік Адаму Міцкевічу і знакаміты «нулявы кіламетр» у Мінску, скульптурныя кампазіцыі мемарыялаў  «Яма. Мінскае гета»  і «Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» ў гарадскім пасёлку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, крылаты сімвал Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара», музы на Оперным тэатры — і гэта не ўвесь пе­ра­лік нават самых вядомых работ скульптара Аляксандра Фінскага.


У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася персанальная выстава майстра, дзе разам з фатаграфічнымі выявамі яго самых значных манументальных твораў прадстаўлена каля паўсотні новых работ — станковая скульптура і графіка, аб’яднаныя ў адной экспазіцыі пад назвай «Дыялогі».

— Мастак і навакольны свет заўсёды знахо­дзяцца ў стане дыялогу. Гэта дыялог з сябрамі і з тымі людзьмі, якія мяне не ведаюць, але глядзяць мае работы, з самім сабой, сваімі думкамі. Гэта і дыялог з матэрыялам, які можа быць суаўтарам, а можа і праціўнікам. Калі ты яго разумееш, улічваеш яго пластычныя магчымасці, матэрыял працуе на цябе, і гэта дае яшчэ большае натхненне майстру і яшчэ большую выразнасць творам. Гэтая выстава — тое, што я не выказаў у манументальным мастацтве, тое, што засталося ў душы, — тлумачыць канцэпцыю аўтар.


Свае графічныя аркушы майстар прадстаўляе ўпершыню


У зале работы, выкананыя ў бронзе, граніце, дрэве, шамоце, мармуры, гіпсе. 

— Вось гэта — мая любімая работа Фінскага, — мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч спыняецца каля скульптуры «Вячэрні блюз». — Яна стаіць у Пекіне. Маленькая копія тут, на выставе. Памятаю свае першыя ўражанні ад яе, такімі яны засталіся і сёння. У гэтай натхнёнай фігуры саксафаніста выдатна адчуваецца з’яднаны вобраз чалавека і музыкі, яны быццам зліваюцца, а сам мастак, вядомы аўтар магутных манументаў, прадстае яшчэ і вельмі выразным лірыкам.

— Цікава працуе. Вельмі рознабаковы майстар. Многа пластычных знаходак. І момант наватарства ў Фінскага прысутнічаў заўсёды, — далучаецца да размовы скульптар Уладзімір Слабодчыкаў. 

Філасафічнасць — адна з характэрных рыс творчасці
Аляксандра Фінскага. Кампазіцыя «Наш дом» (2015 г.).

З Аляксандрам Фін­скім яны разам даўно, яшчэ з часоў студэнцтва. Разам імкнуліся ламаць стэрэатыпы, калі аднымі з першых удзельнічалі ў выставе маладых скульптараў у 1984-м. Разам і цяпер, калі абодва выкладаюць у акадэміі мастацтваў. Уладзімір Слабодчыкаў гаворыць, заўсёды нешта імкнуліся адзін аднаму творча даказаць, і гэткая сяброўская канкурэнцыя нібыта падштурхоўвала кожнага да новых здзяйсненняў. А вось працаваць у суаўтарстве, прызнаецца вядомы скульптар, паспрабавалі толькі аднойчы, і не атрымалася. Так што, удакладняе, смеючыся, па жыцці разам, а ў творчасці  — усё ж побач.

Свае графічныя аркушы Аляксандр Фінскі выставіў упершыню. Скульптары робяць гэта нячаста. Але вырашыў усё ж паказаць. Палічыў, што будзе цікава. 

Расказвае: не заўсёды скульптар мае жаданую прастору для сваёй работы, а ў малюнку лёгка пафантазіраваць і ўявіць яе, стварыць ілюзію патрэбнага асяроддзя, што ён і зрабіў. Дарэчы, ёсць у майстра яшчэ адна творчая іпастась — медальер. Гаворыць, калі-небудзь і гэтыя творы пакажа. 

Сярод тых, хто прыйшоў па­віншаваць мастака з адкрыццём персанальнай выставы, заўважаю прафесійнага графіка Рыгора Сітніцу і цікаўлюся, што думае пра графічныя работы калегі.

Адной з лепшых работ скульптара мастацтвазнаўцы называюць «Вячэрні блюз» (2001 г.).

— Думаю, тут той выпадак, калі варта гаварыць пра мастака, неістотна, скульптар ён, жывапісец або графік. Размова: ёсць мастак, асоба, або не. Сцвердзіўся творца або згубіўся. Аляксандр Фінскі прысутнічае ў мастацкай прасторы сваёй адметнасцю, і гэтаму можна толькі радавацца. А выстава цікавая, нечаканая. Графіку яго я бачу ўпершыню. Ведаем, што скульпта­ры і маля­вальшчыкі выдатныя. Гэты прыемны сюрпрыз таму пацвярджэнне. 

Выстава «Дыя­логі» будзе працаваць да 26 лістапада. 

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter