Дыялогі ў настаўніцкай

Першыя вынікі эксперыменту: наколькі эфектыўным аказалася стварэнне перадпрофільных педкласаў у школах

Многія памятаюць той збой у педагагічнай сістэме, калі быць настаўнікам раптам стала ледзь не сорамна. І не таму, што прафесія непапулярная, а таму, што на педспецыяльнасці сталі паступаць па рэшткавым прынцыпе. І ў школы масава пачалi прыходзiць учарашнiя двоечнікі, якія і самі нічога не ведалі і мала чаму маглі навучыць іншых. Настаўнікі са стажам тады ўздыхалі: «Памірае школа».

Свой выбар у бок педагагічнай прафесіі Настасся ІВАНОВА зрабіла яшчэ ў малодшых класах.
Фота Паўла ЧУЙКО

Памятае тыя часы і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 20 Мінска Наталля Дзераклеева:

Са з'яўленнем педкласаў, пераканана Наталля ДЗЕРАКЛЕЕВА, многае памянялася.
— Доўгі час да нас на практыку прыходзілі студэнты, якія на пытанне «Хто плануе застацца ў прафесіі?» адказвалі поўным маўчаннем. Было відавочна: гэта выпадковыя людзі. Калі яны прыходзяць масава, гэта страшна. Таму што ты потым бачыш: гэта тыя, хто не затрымліваецца ў школе, не прымае яе правілы. Яны не патрэбны школе, таму што яны — шкоднікі. Яны знішчаюць будучае пакаленне дарослых людзей, якое мы рыхтуем.

Са з'яўленнем педкласаў многае памянялася. А галоўнае, з'явілася надзея. І не толькі таму, што хлопцы і дзяўчаты сюды прыходзяць свядома. А таму, што праз два гады сур'ёзнай працы ідуць у педагагічныя ВНУ, як бы гэта пафасна нi гучала, па загадзе сэрца. Таму што, калі ты не хочаш стаць педагогам, табе будуць у цяжар усе твае школьныя абавязкі — дапамога класнаму кіраўніку, правядзенне пэўных этапаў урока, усіх рухомых перапынкаў, праца ў школьным аздараўленчым лагеры. Усе гэтыя этапы ў абавязковым парадку праходзяць у гімназіі № 20. Такім чынам, праз два гады нават тыя дзеці, у якіх матывацыі не было, пераканана Наталля Дзераклеева, часцяком кажуць: «Гэта маё, мне цікава гэтым займацца».

А яшчэ кіраўніцтва гімназіі ўпэўнена ў выпускніках сваіх педкласаў на ўсе сто — гэта тыя, хто застанецца ў прафесіі і ў будучыні. Зрэшты, гэта пацвярджаюць даныя першага выпуску, кажа намеснік дырэктара:

— 14 чалавек паступілі ў педагагічныя ВНУ на розныя факультэты. Больш за тое, пяцёра з іх — хлопчыкі. Гэта не тыя, у каго нізкі бал. Гэта матываваныя маладыя людзі. І калі я гаварыла з дэканам з нагоды таго, як нашы хлопцы адаптуюцца ў студэнцкім асяроддзі, яна сказала мне: гэта нашы зоркі. Гэта тыя, каго не трэба пераконваць. Яны прыйшлі ў ВНУ, каб атрымаць веды і потым годна працаваць у прафесіі.

Цікава, але гімназісты часцяком паказваюць клас студэнтам-практыкам, якія прыходзяць у гімназію, усміхаецца Наталля Дзераклеева:

— Нашы студэнты-практыканты працуюць у звязцы з навучэнцамі педкласаў і настаўнікамі. І ведаеце, гэта матывуе студэнта значна больш. Таму што часам навучэнец педкласа ведае і хоча ўмець больш, чым ён. Звязка дае каласальны вынік. Студэнты разумеюць: абы-як працаваць нельга, трэба працаваць якасна.

ПАЗІЦЫЯ

Аляксандр ЖУК, рэктар Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя М. Танка:

— Праблема была ў тым, што раней некаторыя хлопцы і дзяўчаты, прыходзячы ў педагагічную ВНУ, раптам да другога-трэцяга курса разумелі, што зрабілі няправільны выбар. А час сышоў, дзяржаўныя грошы выдаткаваныя. З дапамогай педкласаў прафесійнае самавызначэнне скіравана ў школьныя гады. І калі хлопцы спрабуюць весцi факультатыў або спрабуюць сябе ў якасці памочніка выхавальніка, класнага кіраўніка, нават некаторыя ўрокі вядуць, ведаючы ўсе плюсы прафесіі і разумеючы высокую місію педагога, яны робяць усвядомлены выбар. Яны нашы актывісты, старасты груп, кіраўнікі грамадскіх арганізацый. Яны да гэтай працы гатовыя. Але, магчыма, працу трэба пачынаць яшчэ раней. Таму пры падтрымцы Мінадукацыі рэалізуецца эксперыментальная перадпрофільная падрыхтоўка для навучэнцаў 5—9-х класаў. Ужо 15 школ краіны апрабуюць праграму больш ранняй прафарыентацыі на педпрафесiю. А яшчэ хочацца, каб у кожнай вобласці была педгімназія.

МЕРКАВАННЕ

Раіса СІДАРЭНКА, намеснік міністра адукацыі:

— Любыя пачынанні без прафесійнага педагога — невырашальная задача. Мы разумеем, што педагога трэба рыхтаваць нашмат раней, чым у ВНУ. Выпускнікі педкласаў — хлопцы і дзяўчаты, якіх не трэба пераконваць або ўгаворваць быць добрымі настаўнікамі. Яны гараць i ствараюць. Вось яны змогуць у будучыні забяспечваць якасць адукацыі.

veraart14@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?