Дыялог з жывым Богам

Некаторыя людзі сцвярджаюць, што ў Бога яны “вераць у сэрцы”. Часцей за ўсё гэта з’яўляецца апраўданнем сваёй духоўнай ляноты. Шчырая вера праяўляецца ў першую чаргу ў малітве.

Для многіх хрысціян, на жаль, слова “малітва” асацыіруецца толькі з паўтарэннем завучаных сказаў. Вопыт завучвання і механічнага паўтарэння такіх малітваў, які некаторыя вынеслі з дзяцінства, можа прывесці да таго, што чалавек у дарослым жыцці зусім перастане маліцца.

У такой сітуацыі варта паспрабаваць пачаць шчыра размаўляць з Богам сваімі словамі. Той, хто кажа: “Божа, я не ўмею маліцца”, — ужо пачынае свой дыялог з Богам. Такім духам шчырасці мы можам напоўніць і прамаўленне завучаных малітваў.

Узорам размовы з Богам з’яўляецца малітва “Ойча наш...”. Паўтараючы яе тэкст, мы можам заўважыць недахопы свайго малітоўнага жыцця — абмежаванне малітвы выключна да просьбаў за сябе і сваіх блізкіх. Часам мы пачынаем маліцца толькі ў моманты небяспекі, калі ў нас з’яўляюцца праблемы. Такім чынам, Бог становіцца для нас толькі чараўніком, які павінен выконваць нашыя жаданні. Мы шукаем толькі таго, што Бог можа нам даць. Такія адносіны нельга назваць шчырымі.

Можна апраўдваць сябе тым, што на малітву ў нас няма часу. Аднак маліцца можна ў розныя поры дня і неабавязкова ў храме. Можна паспрабаваць маліцца па дарозе на працу, у навучальную ўстанову, падчас выканання штодзённых абавязкаў. Калі раніцай абудзіцца на пяць хвілін раней, то ў нас будуць гэтыя пяць хвілін для малітвы.

Яшчэ адной праблемай у нашым малітоўным жыцці могуць быць так званыя непачутыя малітвы: мы аб нечым прасілі, а Бог нам гэтага не даў. Няма такой малітвы, якую Бог не выслухаў бы, магчыма, тое, аб чым мы прасілі, насамрэч не было патрэбна нам менавіта ў той жыццёвай сітуацыі.

У заходніх фільмах мы не адзін раз бачылі, як бацькі моляцца разам з дзецьмі, напрыклад, перад ежай. Нам магло здацца гэта камічным, але вопыт паказвае, што сямейная малітва вельмі ўмацоўвае сем’і.

Цікавую гісторыю пра малітву запісаў Ян (Жан) Марыя Віянэй, знакаміты французскі святар, які нёс служэнне ў ХІХ стагоддзі ў невялікай вёсцы Арс. Ён заўважыў, што адзін мужчына прыходзіць апоўдні ў касцёл, сядае на лаўку і праз некаторы час выходзіць. На пытанне, што ж ён робіць, гэты вернік адказаў, што ён моліцца. Святар быў здзіўлены і спытаў: што гэта за малітва? На што пачуў адказ: “Я гляджу на Бога, а Бог глядзіць на мяне”.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter