В Миорах прошли торжества по случаю 80-летия образования района

Дыялог пакаленняў і 12 запаведзей шчасця

У гарадскім Доме культуры сабраліся ветэраны, перадавікі вытворчасці, інтэлігенцыя — тыя, хто ствараў і стварае гісторыю раёна. Усіх іх шчыра вітаў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў.


У прыватнасці, ён зазначыў:

— Апошнія дзесяцігоддзі сталі свайго роду праверкай на трываласць усяго таго, што было створана нашымі папярэднікамі і надалей развіта, удасканалена ўжо намі з вамі. Ганарыцца, згадзіцеся, ёсць чым. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі пабудавана 12 аграгарадкоў. У 2007 годзе забяспечана падача прыроднага газу жыхарам райцэнтра, а ў 2014 годзе ён прыйшоў у Дзісну — самы маленькі горад Беларусі. Газіфікаваны таксама аграгарадкі Чэрасы і Узмёны. У 2018 годзе ўзведзена Міёрская раённая бальніца, завяршаецца будаўніцтва металапракатнага завода. Дзякуючы мудрасці, таленту, творчаму патэнцыялу і ўпэўненасці ў сабе нашых працаўнікоў раён заняў дастойнае месца сярод рэгіёнаў Прыдзвінскага краю.

Вялікая група ўдзельнікаў мерапрыемства ўзнагароджана Граматамі Віцебскага абл­выканкама, абласнога Савета дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта. У іх ліку трактарыст-машыніст ААТ «Туркова» Віктар Сташкевіч, дырэктар філіяла «Павецце» СУП «Чэрасы» Рыгор Міна, дырэктар філіяла «Міёрскі камбікормавы завод» ААТ «Полацкі КХП» Сяргей Мацвееў, а таксама ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці Іван Паплаўскі і Віктар Паляк.

Удзельнікі сустрэчы «Дыялог пакаленняў».

Потым быў вялікі святочны канцэрт.

А напярэдадні, 29 студзеня, у раённай бібліятэцы адбыўся «Дыялог пакаленняў»: сустрэча кіраўнікоў раёна, знакамітых ветэранаў з моладдзю, прысвечаная таксама гэтай слаўнай юбілейнай даце.

Пра сваё нялёгкае пасляваеннае маленства, пра станаўленне калгаса «Гігант», дзе шчыравалі яго бацькі і ён сам, расказаў прысутным кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур.

Сэнсам усяго жыцця стала Міёршчына для Вітольда Ермалёнка, які яшчэ ў маладосці прамяняў Маскву на невялікі беларускі райцэнтр. Ён стварыў пры СШ № 3 імя Я. Томкі музейнае аб’яднанне, якое носіць званне народнага, выхаваў не адно пакаленне гурткоўцаў, з якімі праводзіў археалагічныя раскопкі, збіраў матэрыялы аб гісторыі краю, па якіх распрацаваў потым шэраг турыстычных маршрутаў. І таму нездарма стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі «За духоўнае адраджэнне».

Сапраўдным летапісцам была і ёсць раён­ная газета, якая выходзіла пад рознымі назвамі. Сёння гэта — «Міёрскія навіны», якія ўсяго на адзін год маладзейшыя за раён. На яе старонках — расказы аб набытках жывёлаводаў і паляводаў раёна, перадавікоў і наватараў вытворчасці: людзях, вядомых у вобласці і рэспубліцы. Вось і зараз, наколькі мне вядома, рыхтуецца нарыс пра жыццёвы шлях Героя Сацыялістычнай Працы старшыні калгаса імя Цітова Івана Анісімава, 100-гадовы юбілей якога будзе адзначацца сёлета.

Родная зямля, малая радзіма больш за ўсё насычаюць чалавека, дапамагаюць поўнасцю раскрыць яго магчымасці. Пра гэта яшчэ раз засведчыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Сама яна мясцовая. Сюды, на сваю бацькаўшчыну, прывезла і мужа.

З няўрымслівай, аддадзенай свайму роднаму кутку старшыні бярэ прыклад малады ўрач Ганна Блажэвіч. Яна пасля абавязковай адпрацоўкі вось ужо 4 гады загадвае амбулаторыяй у Даўгінаве і навакольных вёсках, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыццё Узмёнскага сельскага Савета. А яшчэ — піша вершы.

На «Дыялогу пакаленняў» адбылася яшчэ адна цікавая падзея: сустрэлася сямейная пара Мікалая і Ніны Федуковічаў. Яны ў юбілей раёна адсвяткавалі 50 год свайго сумеснага жыцця. А малады Дзяніс Гагалінскі і Кацярына Савуць сёння, 1 лютага, будуць толькі браць шлюб і атрымалі ў наказ 12 запаведзей сямейнага шчасця.

saulich@bk.ru

Фота Казіміра БЛАЖЭАВІЧА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter