У Беларусі пабывала дэлегацыя кангрэсменаў з ЗША

Дыялог нараджае разуменне

Чым больш сустракацца і актыўней весці дыялог, тым бліжэй можна пазнаць адзін аднаго і хутчэй дасягнуць узаемаразумення. Менавіта з гэтай мэтай у краіне пабывала дэлегацыя кангрэсменаў з ЗША.


Трое амерыканскіх кангрэсменаў упершыню наведвалі краіну. І хоць яны прадстаўляюць розныя палітычныя партыі, у іх склалася адзінае меркаванне пра Беларусь. Яны нават крыху здзівіліся таму, што ўба-чылі тут цывілізаваную еўрапейскую дзяржаву, куды больш прагрэсіўную, чым ім уяўлялася. І цяпер яны гатовыя дапамагчы ў аднаўленні пазітыўнага іміджу краіны ў сябе на радзіме.

— Я спадзяюся, што гэты візіт адкрые новыя магчымасці для нашых узаемаадносінаў. Я быў рад убачыць у Беларусі тое, што ўбачыў, — дзяліўся з Аляксандрам Лукашэнкам уражаннямі член Палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША ад штата Каліфорнія Дана Рарабакер. — Тая карціна, якая мне адкрылася, аддае належнае вашым намаганням і намаганням вашай краіны, якія былі зроблены для народа. І я спадзяюся, што ў вас ёсць яшчэ многія рэчы, якімі можна ганарыцца. І што ў нас існуе мноства сфер для супрацоўніцтва.

На думку амерыканскага палітыка, пачатковым этапам гэтага шляху можа быць павышэнне ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва і вяртанне пасла ЗША ў Мінск і пасла Беларусі ў Вашынгтон.

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што нават у самыя складаныя перыяды ўзаемаадносінаў паміж дзвюма краінамі не спынялася ўзаемадзеянне па пытаннях забеспячэння глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, прадухілення незаконнага транзіту ядзерных матэрыялаў. ЗША падтрымліваюць беларускія ініцыятывы ў рамках ААН і гатовыя садзейнічаць працэсу далучэння нашай краіны да СГА. У апошні час назіраецца прыемная тэндэнцыя актывізацыі кантактаў. Няхай ненамнога, але павялічыўся тавараабарот (за студзень — май гэтага года ён перавысіў 260 мільёнаў долараў). Амерыканскія карпарацыі праяўляюць да Беларусі нарастаючы інтарэс. Не апошнюю ролю тут адыгрывае наш удзел у Еўразійскім эканамічным саюзе. ЗША разглядаюць краіну як важную ў геаграфічным плане дзяржаву, якая здольная адыграць сваю ролю ва ўстанаўленні палітычнага балансу ў рэгіёне і стаць эфектыўным сувязным звяном у амерыкана-расійскіх адносінах.

Сёння ў Беларусі працуе каля 400 прадпрыемстваў з амерыканскім капіталам. Аднак Аляксандр Лукашэнка перакананы: патэнцыял узаемнага эканамічнага супрацоўніцтва значна большы.

— ЗША для нас многаабяцальны гандлёвы партнёр і інвестар. Мы зацікаўленыя ў атрыманні доступу беларускіх вытворцаў да плацежаздольнага і ёмістага амерыканскага рынку, у прыцягненні інвестыцый, развіцці вытворчай кааперацыі і атрыманні крэдытных рэсурсаў.

З беларускага боку перашкод для такога партнёрства ніколі не было і не будзе. Краіна гатова супрацоўнічаць з усімі роўна настолькі, наколькі гатовыя да гэтага партнёры. Што ж датычыцца некаторых рознагалоссяў у палітычнай сферы, то гэта зусім не падстава аддаляцца адзін ад аднаго. Тым больш што праблемных пытанняў, якія раздзяляюць, усё ж менш, чым збліжаючых фактараў. А гэта ўсяляе надзею на прадаўжэнне кантактаў, якія будуць садзейнічаць аднаўленню ўзаемнага даверу. Па сутнасці, у Мінску быў зроблены няхай невялікі, але вельмі важны крок у гэтым напрамку.

Амерыканскія кангрэсмены адзначылі ўклад Беларусі ў мірнае вырашэнне канфлікту ва Украіне. І выказалі гатоўнасць да далейшага супрацоўніцтва па дасягненні міру ў гэтай краіне. На Захадзе прызнаюць, што дамоўленасці, дасягнутыя “нармандскай чацвёркай” у Мінску ў лютым гэтага года, застаюцца адзіным дзейсным механізмам ва ўрэгуляванні крызісу. Але што далей? Аляксандр Лукашэнка свайго меркавання на гэты конт не змяніў. Прэзідэнта Беларусі насцярожвае, што да працэсу ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне адкрыта не былі падключаныя ЗША. А без амерыканцаў стабільнасць ва Украіне немагчымая.

Сустрэча Прэзідэнта з кангрэсменамі працягвалася дзве гадзіны. Цалкам афіцыйнае мерапрыемства паступова прыняло характар нефармальнай, сяброўскай гутаркі, якая завяршылася на вельмі цёплай і душэўнай ноце. Член Палаты прадстаўнікоў ад штата Тэнесі Стывен Коэн расказаў, што яго дзядуля родам з Літвы, а ў бабулі, магчыма, ёсць беларускія карані. Яго калега Рарабакер не мае такіх цесных сувязяў з нашай краінай. Затое ён пахваліўся тым, што ўзяў з сабою ў гэтую паездку ўнучку. Амерыканец быў уражаны, калі даведаўся, што ў Аляксандра Лукашэнкі сем унукаў. Развітваючыся, замежныя парламентарыі выказалі надзею, што агульнымі намаганнямі палітыкаў дзвюх краін дзеці і ўнукі будуць жыць у міры і згодзе.


Член Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ад штата Каліфорнія Дана Рарабакер:


“Я быў рад убачыць у Беларусі тое, што ўбачыў. І тая карціна, якая мне адкрылася, аддае належнае вашым намаганням і намаганням вашай краіны, якія былі зроблены для народа.

І я спадзяюся, што ў вас ёсць яшчэ многія рэчы, якімі можна ганарыцца. І што ў нас сапраўды існуе мноства сфер для супрацоўніцтва”.
Яўген Конанаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter