Міжнародную канферэнцыю “Смяротная кара: пераадоленне рознагалоссяў” правяло ў Мінску прадстаўніцтва ААН

Дыялог на зададзеную тэму

“Смяротная кара: пераадоленне рознагалоссяў”. Міжнародную канферэнцыю пад такім дэвізам правяло ў Мінску прадстаўніцтва ААН у партнёрстве з Міністэрствам замежных спраў і пры падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі


Падчас канферэнцыі

У канферэнцыі прымаў удзел спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс. Тут быў таксама прадстаўнік Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, добра вядомы ў нас Андрэа Рыгоні, іншыя медыяперсоны. Нягледзячы на тое, што гэта было першае такое мерапрыемства ў Мінску, яно прадоўжыла ўжо даволі ўстойлівы трэнд на ўзмацненне дыялогу нашай краіны з Еўрасаюзам.

Як сказаў пры адкрыцці канферэнцыі намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў, наша краіна была і застаецца адкрытай для абмеркавання любых, нават самых вострых тэм па правах чалавека, у тым ліку і пытання смяротнай кары. Разам з тым рашэнне ўсіх праблем павінна адбывацца не ў канфрантацыі, а на аснове дыялогу, улічваючы нацыянальныя асаблівасці любой краіны.

Гэта наша знешнепалітычнае крэда, якое было і ёсць нязменным. Гэтак жа, як, зрэшты, і ў пытанні смяротнай кары, за якую, нагадаў намеснік міністра, прагаласавала большасць беларускіх грамадзян на рэферэндуме дваццаць гадоў назад. “Намі гэты факт ігнаравацца не можа і не будзе”, — падкрэсліў дыпламат.

Спецпрадстаўнік ЕС Стаўрас Ламбрынідзіс, пастаянны каардынатар ААН у нашай краіне Санака Самарасінха, еўрапарламентарый Андрэа Рыгоні, якія выступалі на канферэнцыі, расказалі пра існуючыя ў краінах Еўрасаюза і свеце ў цэлым падыходы да праблемы пакарання смерцю. Прагучалі такія лічбы: усе 28 краін Еўрасаюза адмянілі смяротную кару, а ўсяго ў свеце 150 краін адмовіліся ад такога віду пакарання.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка ўпэўнены, што ў нашай краіне смяротная кара рана ці позна таксама будзе адменена. Парламентарый нагадаў пра тую сацыяльна-гістарычную абстаноўку 20 гадоў назад, у якой праходзіў рэферэндум. Тое, што звыш 80 працэнтаў грамадзян выказаліся тады за захаванне пакарання смерцю, адлюстроўвае рэакцыю народа на той разгул крыміналу і эканамічную нестабільнасць. Той час радыкальных перамен суправаджаўся ростам насілля, так што адмена стрымліваючага фактару ў выглядзе смяротнай кары магла б узмацніць дэстабілізацыю. Таму грамадства было практычна аднадушным.

У кулуарах актыўна абмяркоўвалі і такую тэму: “А чаму ўсе згодны з тым, што пакаранне смерцю прымяняецца ў ЗША?” Рацыянальныя адказы на гэтае пытанне адсутнічаюць...

“Мяне не бянтэжыць той факт, што мы адзіная краіна ў Еўропе, у якой яшчэ захоўваецца смяротная кара, — сказаў мне ў кулуарах старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Уладзімір Сянько. — Адмена пакарання смерцю — гэта гістарычная непазбежнасць і галоўны еўрапейскі трэнд, да якога мы рана ці позна далучымся. Мяне бянтэжыць і нават абурае, што перад намі з-за гэтага выставілі агароджу. Што гэтае пытанне стала прадметам умоў і санкцый. Гэтая мова навязвання ультыматумаў пад маркай адмены смяротнай кары далёкая ад сапраўдных каштоўнасцяў, за якія, уласна, і выступаюць Савет Еўропы і Еўрасаюз”.

...Мне падаецца, у гэтым і заключаецца самая вялікая важнасць абмеркавання, якое адбылося ў бальнай зале гатэля “Рэнесанс”, дзе сабраўся, здаецца, увесь дыпламатычны корпус у нашай краіне. Важна, што менавіта сюды, да нас у Мінск, прыбылі і спецпрадстаўнік ЕС, і прадстаўнік Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, і вядомы дыпламат “новай Еўропы” Карэл Шварцэнберг. З партнёрамі трэба размаўляць, а не “пасылаць умовы” са Страсбурга. І важна, як падкрэсліў пастаянны каардынатар ААН у нашай краіне Санака Самарасінха, каб гэтая размова прадаўжалася за сценамі бальнай залы “Рэнесансу”, у школах, ВНУ, кватэрах і грамадскіх арганізацыях. Экспертная супольнасць — а яна, дарэчы, была прадстаўлена вялікай колькасцю прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, навукі, рэлігіі — дала штуршок да новых разважанняў. Але важнае рашэнне павінен прымаць народ.

У цэлым канферэнцыя, на мой погляд, а таксама на думку шматлікіх суразмоўцаў, была цікавай і важнай. А галоўнае заключаецца ў тым, што пацвярджаецца асноўны трэнд апошніх месяцаў — дыялог замест канфрантацыі.

Ніна Раманава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter