В Гродно открылся первый в Беларуси центр переводов для людей с нарушением слуха

Дыялог на пальцах

Размясціўся цэнтр на базе абласной арганізацыі Беларускага таварыства глухіх. Зараз жыхары Гродзеншчыны могуць звяртацца сюды з дапамогай даступных ім відаў сувязі: праграм IP-тэлефаніі, такіх як Skype і іншых, факсімільнай сувязі, СМС-паведамленняў, праграмнага забеспячэння для мабільных сродкаў сувязі (WhatsApp, Viber і іншых) ці асабіста прыйсці на прыём.


Старшыня праўлення Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства глухіх Ганна Супрун сустракае ў невялікім утульным пакоі. На прыём прыйшлі дзве гродзенкі. Яны пакуль толькі знаёмяцца з новымі магчымасцямі, просяць растлумачыць і паказаць, як усё гэта працуе. 

— Літаральна за першы дзень заключана больш за дзесяць дагавораў на абслугоўванне, — уводзіць у курс справы Ганна Супрун. — У гэты ж дзень адбыўся даволі неардынарны выпадак. Да нас звярнулася сям'я глухіх: тата і мама з 4-гадовым дзіцем. Яны прыехалі ў цэнтр горада, адправіліся па пакупкі ва ўнівермаг. Калі вярнуліся да таго месца, дзе прыпаркавалі аўтамабіль, то ўбачылі, што іх машыну вязе эвакуатар. Яны паведамілі нашаму перакладчыку, што здарылася. Той экстранна звязаўся з патрэбнымі службамі і высветліў, куды адвезлі транспарт, калі яго можна забраць, колькі заплаціць, каб яго вярнулі гаспадарам. 

Дзяжурства ў цэнтры арганізавана ў чатыры змены. Пры гэтым паслугі жэставага спецыяліста людзям з парушэннем слыху патрэбныя практычна пры любым афіцыйным кантакце з усім астатнім светам. Калі наўпрост перакласці тое, што кажуць пры дапамозе жэстаў, то атрымаецца набор слоў. Перакладчык жэставай мовы Вадзім Гарахоўскі абсалютна здаровы, але нарадзіўся ў сям'і глухіх бацькоў. Спецыялісты кажуць, што такое спалучэнне — гэта ідэальны варыянт, каб разумець суразмоўцу, які слаба чуе, і даносіць яго інфармацыю. Малады чалавек скончыў спецыялізаваныя курсы, асвоіўшы зваротны і непасрэдны пераклады, і прыступіў да няпростай працы літаральна пару дзён таму. 

Наведвальніца цэнтра Іна Сенько – інвалід 3-й групы па слыху з дзяцінства.

— Нам тэлефануюць з дапамогай некалькіх формаў сувязі: Skype, Viber, WhatsApp, — тлумачыць прынцып працы Вадзім. — Вітаем адзін аднаго. Знаёмімся. Пасля гэтага непасрэдна высвятляем прычыну звароту. Падчас зносін набіраем нумар адпаведнай службы. Паралельна мы перадаём суразмоўцу вынікі размовы па стацыянарным тэлефоне. Зразумела, што такі варыянт зносін падыходзіць больш маладым і «прасунутым» карыстальнікам. Для больш сталых прадугледжаны sms-зносіны, у тым ліку на кароткі нумар. На дадзены момант мы з калегамі адпрацавалі толькі тры змены па 12 гадзін. За гэты час было 11 званкоў. Усе яны зафіксаваны ў спецыяльным журнале. Тэлефанавалі ў ДАІ, салон МТС, ЖЭС, цэнтр аздараўлення, паліклінікі і нават у Следчы камітэт. Часцей за ўсё займаемся жыццёвымі пытаннямі, вырашыць якія звычайнаму чалавеку не складае праблем. 

Ганна Супрун расказвае аб дзяржаўнай праграме сацыяльнай абароны і садзейнічання занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады, якая прадугледжвае ўкараненне дадзенай паслугі па ўсёй рэспубліцы: 

— Рады, што апынуліся ў ліку першых. Для ажыццяўлення задуманага звярнуліся ў Гродзенскі аблвыканкам, дзе агучылі нашу ідэю. Нас падтрымалі нават нягледзячы на тое, што грошы на гэтыя мэты не былі закладзены ў бюджэт. Мы не мелі досведу, хваляваліся, што не знойдзем перакладчыкаў з мовы жэстаў. Да працы падключылася наша прадпрыемства «Цветліт». Мова жэстаў спецыфічная. Вывучыць яе можна. Але вось зразумець чалавека, які слаба чуе, пад сілу далёка не кожнаму. Ім нас зразумець лягчэй, чым нам іх. Заробак нашым перакладчыкам будзе плаціць Гродзенскі аблвыканкам. Чатыры спецыялісты будуць працаваць кругласутачна без выхадных і перапынкаў на абед. 

Паслугі жэставага спецыяліста людзям з парушэннем слыху патрэбныя практычна пры любым афіцыйным кантакце з усім астатнім светам.

У Гродзенскай абласной арганізацыі на сённяшні дзень 1264 чалавекі, якія слаба чуюць, розных узростаў. Многія з іх пражываюць у Гродне.

— На нашым прадпрыемстве «Цветліт» арганізаваны выдатныя ўмовы для працы, дастойная зарплата, ёсць інтэрнат з еўрарамонтам, свой клуб, — працягвае Ганна Рыгораўна. — Усяго там працаўладкавана больш за 360 чалавек. Адкрыццё цэнтра для людзей з парушэннем слыху — гэта нешта з вобласці фантастыкі. Для многіх з іх найпростыя рэчы да нядаўняга часу былі сур'ёзным бар'ерам. Зараз іх жыццё стане нашмат камфортней. 

kondratieva@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter