Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пазітыў, які намеціўся паміж Беларуссю і ЗША, стане новым этапам адносінаў

Дыялог, калі вызначаюцца рацыянальныя падыходы

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пазітыў, які намеціўся паміж Беларуссю і ЗША, стане новым этапам адносінаў. Пра гэта Прэзідэнт заявіў на сустрэчы з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам.


Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі з заходнім светам, ЗША намеціўся нейкі пазітыў. “Я вельмі хацеў бы, каб гэта быў новы этап у нашых адносінах”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што палітызаванасць адносінаў Беларусі з заходнімі краінамі вельмі высокая. “Нам бы не шкодзіла паглядзець перш за ўсё на эканоміку, на гандлёва-эканамічныя адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі, з Еўрапейскім саюзам. І гэта было б добрым падмуркам для пабудовы добрых адносінаў па ўсіх напрамках”, — перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.

Беларусь гатова абмяркоўваць з заходнімі партнёрамі любыя праблемы, супрацоўнічаць з ЗША. “Не толькі таму, што гэта глабальная імперыя, вядучая дзяржава свету, з якой супрацоўнічаюць усе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў беларускім грамадстве склалася добрае, паважлівае стаўленне да Амерыкі. Гэтаму не перашкодзілі і санкцыі супраць Беларусі, якія дзейнічалі ў мінулым. “Наш народ добры, адукаваны і разбіраецца ў тых працэсах, якія адбываюцца ў свеце”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і прапанаваў наладжваць адносіны ў духу пажаданняў беларускага і амерыканскага народаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў абарончы характар Ваеннай дактрыны Беларусі: “Наша Ваенная дактрына выключна абарончая. Мы ніколі ні на каго не будзем нападаць, прымяняць зброю супраць якой бы там ні было краіны. Ніколі суседзі на нас пальцам не пакажуць у сувязі з гэтым”.

Як вядома, Беларусь з’яўляецца членам АДКБ. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пазіцыя беларускага боку ў гэтай арганізацыі вельмі простая: “Мы ніколі не будзем ваяваць на чужой тэрыторыі з-за таго, што мы будуем, прытрымліваемся абарончай дактрыны”. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што “калі нехта паспрабуе ваяваць з намі, то мы будзем абараняцца, а таксама выконваць саюзніцкія абавязацельствы з Расіяй”. “Галоўнае для нас — абарона цэласнасці і суверэнітэту нашай краіны, процістаянне любым пагрозам, адкуль бы яны ні ішлі”, — сказаў беларускі лідар.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь вельмі цэніць міжнароднае меркаванне наконт яе ролі ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што беларускі бок заўсёды будзе прытрымлівацца прынцыпаў міру — яму вайна ва Украіне не патрэбна. “З нашай зямлі, з нашай тэрыторыі пагроз Украіне ніколі не было і не будзе. Мы схільныя праводзіць міралюбівую палітыку, зрабіць усё для таго, каб нармалізаваць сітуацыю ва Украіне”, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Сёння на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца 160 тысяч украінскіх грамадзян, якія пакінулі краіну ў сувязі з канфліктам. У Беларусі гэтым людзям прадастаўлены роўныя правы з грамадзянамі краіны. Яны працаўладкаваны, іх дзеці змаглі пайсці ў беларускія дзіцячыя сады, школы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, выклікі, якія складваюцца ва Усходняй Еўропе, здольныя сур’ёзна паўплываць на сітуацыю ў Еўропе наогул. “Збалансаваць сітуацыю тут, маю на ўвазе Украіну ды іншыя тэндэнцыі, без Злучаных Штатаў немагчыма”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. Ён падкрэсліў, што гэта яго цвёрдая перакананасць, і нагадаў, што не аднойчы заяўляў пра гэта публічна яшчэ да правядзення ў Мінску саміту “нармандскай чацвёркі”.

Разам з тым, беларускі бок не ў захапленні ад актывізацыі Паўночнаатлантычнага альянсу, так званага руху НАТА на Усход. “Мы не можам на гэта не рэагаваць, таму што гэта адбываецца непасрэдна каля нашых граніц”, — сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што ні ў якім разе не жадае дэманізаваць, гіпербалізаваць гэты працэс.

Больш за тое, кіраўнік беларускай дзяржавы перакананы, што ні Амерыцы, ні Еўропе не патрэбны яшчэ адзін канфлікт ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне. “Веру ў тое, гэта і дэкларуюць палітыкі ЗША, што Амерыка абсалютна хоча мірнай і незалежнай Беларусі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

АКЦЭНТ

Магчыма, у адносінах Беларусі з ЗША наступае новы этап. Сутнасць яго ў пачатку сур’ёзнага дыялогу па шырокім спектры пытанняў. Гэтыя словы Прэзідэнта, сказаныя на сустрэчы з афіцыйным прадстаўніком міністэрства абароны ЗША Майклам Карпентэрам, за апошні час праілюстраваны цэлым шэрагам падзей. У Беларусь сапраўды ўсё часцей сталі прыязджаць афіцыйныя асобы з заходняга боку. З Еўропы — часцей, са Злучаных Штатаў Амерыкі — крыху радзей. А госць з Пентагона ў гэтым шэрагу займае ўсё ж асаблівае месца. Калі пачынаецца ўзаемна зацікаўленая размова на гэтым важным узроўні, то гэта безумоўны знак для актывізацыі кантактаў і на астатніх.

Асабліва калі ўлічыць, што з 2008 года ўзровень двухбаковага дыпламатычнага ўзаемадзеяння быў істотна зніжаны. Ваенна-дыпламатычнага і зусім фактычна зведзены на нішто. Сёння ж на парадку дня стаіць пытанне аднаўлення ўзаемнай прысутнасці ваенных аташэ ў дзвюх краінах.  Гэта, безумоўна, пазітыўны сігнал. І ўсё ж знешні бок. Больш важна тое, што сёння праяўляецца ўзаемная зацікаўленасць у абмеркаванні надзённых праблем, вырашэнне якіх без удзелу такога ўплывовага на сусветнай арэне гульца, як ЗША, або вельмі цяжкае, або нават немагчымае.

У гутарцы з Майклам Карпентэрам Аляксандр Лукашэнка на першы план вынес праблематыку еўрапейскай бяспекі ў шырокім сэнсе. Ва ўсіх навідавоку тыя выклікі, якім даводзіцца супраць­стаяць Заходняй Еўропе. І зразумела, што напружанасць на Усходзе не ўмацоўвае стабільнасць кантынента ў цэлым. Хутчэй, наадварот, здольная расхістаць яе.

Уладзімір Міхайлоўскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter