Агульны стаж дынастыі настаўнікаў Сямашка налічвае каля 200 гадоў

Дыялог фізікаў і лірыкаў

Калі паслухаць кожнага з вялікай настаўніцкай сям’і Сямашка, дык складваецца ўражанне, што ў школе яны аказваліся выпадкова. Аднак гэтай нялёгкай працы аддалі сваё працоўнае жыццё ўжо 7 членаў сям’і. Прычым выкладалі зусім розныя прадметы – ад строгай фізікі да натхняючай музыкі і філалогіі.  Іх здымкі ёсць у школьных музеях, многія займалі высокія пасады. А калі 16-гадовая  Вераніка Сямашка настаіць на сваім і стане настаўнікам пачатковых класаў, то дынастыя працягнецца ўжо ў пятым пакаленні.

Магчыма, дынастыя Сямашка працягнецца і ў пятым пакаленні

Асаблівая школа

Сустракаюць мяне настаўнікі ў сярэдняй школе № 28 Гомеля, дзе зараз працуе намеснікам дырэктара музычнага аддзялення прадстаўнік умоўна малодшага пакалення Аляксандр Сямашка. Для сям’і гэта не проста ўстанова адукацыі: тут 10 гадоў дырэктарам адпрацаваў яго бацька – Леанід Андрэеевіч, які з радасцю праводзіць экскурсію па мясцовым музеі:

— Школа адкрылася, калі яшчэ не скончылася вайна. Вось здымак – 1 верасня 1944 года на лінейцы стаяць вучні. Першы дырэктар Зіновій Гершанок, пакуль ішло будаўніцтва, тут амаль жыў у палатцы.

У школы шмат вядомых выпускнікоў:  кандыдаты і дактары навук, футбольныя трэнеры, кіраўнікі прадпрыемстваў.

— Скончыў у 1954 годзе школу ганаровы рэктар Гомельскага дзяржуніверсітэта Леанід Шамяткоў. А вось у спісе сярэбраных медалістаў 1968-га – Аляксандр Якабсон, былы старшыня Гомельскага

аблвыканкама і Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Паступова ў школе з’явілася музычнае аддзяленне, а разам з гэтым шмат творчых вучняў і нават уласны гімн.

Прозвішча з гісторыяй

Аб сваёй былой школе Леанід Андрэеевіч гаворыць з цёплай усмешкай і замілаваннем. Праўда, паступаючы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, будучы фізік пра педработу не марыў. Хоць прыкладаў перед вачыма было дастаткова.

— Дзядзьку маёй маці Івана Ва-сільевіча называлі коратка і паважліва — «настаўнік». Практычна ўсе жыхары вёскі Альхоўка Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці былі яго вучнямі, бацькамі яго вучняў. Яны паважалі яго меркаванне, звярталіся за парадамі.

Леанід Андрэевіч і Таццяна Дзмітрыеўна падчас вучобы пра школу не марылі

Настаўнікам быў і яго бацька, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Сярмяжка. У музеі Бярэ-зінскай гімназіі, якую Андрэй Iосіфавіч скончыў у 1937 годзе, ёсць стэнд пра яго і іх выпускны клас. З вайны тады жывымі вярнуліся толькі трое. Пасля дэмабілізацыі Андрэй Сярмяжка паспеў папрацаваць настаўнікам, дырэктарам дзвюх школ і нават інспектарам Бярэзінскага аддзела адукацыі.

— Мая мама Сафія Андрэеўна была настаўнікам пачатковых класаў, затым выхавальнікам ясляў-сада, надзвычай добрая і сардэчная была жанчына.

Свой лёс Леанід Андрэевіч знайшоў падчас вучобы. Таццяна Дзмітрыеўна скончыла фізічны факультэт разам з ім. Удваіх з мужам марылі вывучаць перадавыя тэхналогіі, аднак размеркавалі абодвух у магілёўскую школу. Потым у Гомель, дзе на нейкі час Таццяна Дзмітрыеўна адышла ад педагогікі, працавала на заводзе «Гомсельмаш». Потым сэрца пацягнула зноў у школу. Акрамя ўрокаў, строгі фізік нечакана знайшла сябе і як выхавальнік групы падоўжанага дня. Матэматычны склад розуму тут жа дапамог з навацыямі: сон і хатнія заданні – гэтага мала, без экскурсій, развіваючых гульняў і дадатковых заняткаў не абысціся. Вышэйшая катэгорыя настаўніка і выхавальніка стала заканамерным вынікам. І разам з усім гэтым яна знаходзіла час, каб падтрымліваць мужа. Леанід Андрэеевіч быў дырэктарам дзвюх школ, а на працягу некалькіх гадоў узначальваў аддзел адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля.

Самая лепшая прафесія

Таццяна Дзмітрыеўна запрашае на чай. Для сябе заварвае мяту – пасля напружанага рабочага дня супакоіць нервы не перашкодзіць. Зараз яны з мужам на пенсіі, аднак усё роўна працуюць. Ён – выкладае фізіку, яна – матэматыку, вырашыўшы паспрабаваць яшчэ адзін напрамак дзейнасці. Пра тое, каб зрабіць з сыноў настаўнікаў, не думалі зусім. Таццяна Дзмітрыеўна ўспамінае, як маленькі нашчадак двух фізікаў раптам зацікавіўся музыкай.

— Саша захацеў у музычную школу, калі яму было 5,5 года. На фартэпіяна не бралі, сказаў: «Тады на трубу!» Потым быў саксафон, музвучылішча і Інстытут культуры.

Аляксандр Леанідавіч паспеў папрацаваць у некалькіх ансамблях і аркестрах, паўдзельнічаць у фестывалях і конкурсах. Аднак у Мінску не застаўся, вярнуўся ў Гомель і вырашыў выкладаць у школе. У той жа, дзе некалі дырэктарам быў бацька. Творчая састаўная, праўда, не дазваляе абмяжоўвацца толькі ўрокамі. Па-за школай музыкант іграе ў народным джаз-ансамблі Аляксандра Гулая і музычным калектыве дырэктараў раённых школ, які зрывае авацыі на гарадскіх мерапрыемствах.

Гісторыя сям’і Сямашка паспела трапіць у кнігу пра педагагічныя дынастыі

Ці спецыяльна шукаў такую палавінку сэрца, Аляксандр не расказвае, але і яго жонка – таксама настаўніца. Алена выкладае ў малодшых класах, да таго ж яна скончыла філалагічны факультэт і паралельна вучыць старэйшых школьнікаў рускай мове і літаратуры. Нядаўна дачка Вераніка заявіла, што марыць быць настаўнікам пачатковых класаў. Алена тут жа сказала: «Ніколі!», а потым развяла рукамі. У сям’і навязваць камусьці свой погляд не прынята. І фізікі, і філолаг, і музыкант знаходзяць аб чым пагутарыць за сямейным сталом. Калі для гэтага ёсць сілы, усміхаецца Таццяна Дзмітрыеўна:

— Стамляемся вельмі. Настаўнік — самая лепшая і прыемная прафесія на свеце да тога моманту, пакуль не з’яўляецца вялікая колькаць папер, а таксама неабходна правяраць халадзільнікі сем’яў у сацыяльна небяспечным становішчы і тлумачыць раззлаваным бацькам, што гэта нармальна, калі ў дзіцяці няма здольнасцей да матэматыкі ці хіміі — знойдуцца яны да іншых прадметаў.  

  Яны зусім розныя і як педагогі. Калі, напрыклад, Таццяна Дзмітрыеўна супакойвае вучня толькі адным суровым позіркам, то Леанід Андрэевіч аўтарытэт зарабіў далікатным, але патрабавальным падыходам. Алена стаўку робіць на пяшчоту, а Аляксандр стварае атмасферу творчай арыгінальнасці. Шкадуюць толькі, што зараз у педагогіку ідуць па астаткавым прынцыпе, бо прэстыж прафесіі кульгае і для паступлення патрэбна менш балаў. Таму потым і да працы хто-ніхто ставіцца абыякава. Аляксандр гэтага не разумее:

— Самая вялікая праблема людзей у тым, што яны ходзяць на нелюбімую работу.

Самі Сямашка пра свой выбар не шкадавалі і дня. Задавальненне быць настаўнікам большае, чым цяжкасці педагагічнай працы.

valchencko@mail.ru

Фота Івана КУЗМЯНКОВА і з архіва сям’і СЯМАШКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter