У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ёсць цікавы экспанат

Дыван для маршала

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ёсць цікавы экспанат: ручной працы туркменскі дыван з партрэтам камандуючага 1-м Беларускім фронтам Маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага
Вялікая Айчынная ўсё далей і далей ад нас. Падавалася б, за дзесяцігоддзі, што прайшлі з таго жудаснага часу, ужо нічога новага і не раскажаш. І ўсё ж здараецца, што жыццё падкідае сапраўдныя адкрыцці.

У архіве памяці, якім з’яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ёсць цікавы экспанат: ручной працы туркменскі дыван з партрэтам камандуючага 1-м Беларускім фронтам Маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага. У музей дыван перадала сям’я военачальніка ў 1968 годзе. Дарэчы, зусім нядаўна фотаздымак дэманстраваўся на беларускай выставе ў Музеі выяўленчага мастацтва Туркменістана ў Ашгабаце.

Якая ж гісторыя хаваецца за дыванам, які быў сатканы туркменскімі майстрыхамі ў 1943 годзе?.. Пачатак гісторыі — у Туркменістане. У 1941 годзе пажанілася двое маладых людзей — аднавяскоўцы з аула Саюналы Тахтабазарскага этрапа: Агульбеке і Агаберды. Каханне аб’яднала гэтых маладых людзей. Агульбеке было ўсяго крыху за 20. Яна працавала настаўніцай у ауле Морчак. Завочна адвучылася ў Марыйскім педагагічным тэхнікуме. Агаберды і яго жонка марылі пра вучобу ў інстытуце. Але пачалася вайна. Агаберды пайшоў на фронт.

Агульбеке Аразгельдыева вучыла дзяцей. Адрабіўшы на ўроках у школе, бегла на работу ў поле. Вяла растлумачальную работу, расказвала пра падзеі на фронце. І часта пісала лісты мужу на фронт. А ў лістах заўсёды былі вершы, што нараджаліся ў яе познімі вечарамі. Пра што расказвала ў вершах маладая туркменская жанчына і, мяркуючы па ўсім, таленавітая пачынаючая паэтка?.. “Сваё ты, вораг, атрымаеш!..”, “У пошуках вас”, “Вяртайся!” — вось назвы некаторых яе твораў. Пісала Агульбеке пра тое, што фашысцкія гады хутка будуць пакараныя за ўсе здзекі і ўсё зло, што прычынілі савецкім людзям, пра тое, што яна і ўсе аднавяскоўцы жывуць верай у вяртанне дадому сваіх мужоў, сыноў, бацькоў.

Жыхары Морчака ведалі, што Агульбеке піша вершы, прасілі яе прачытаць новыя творы, перапісвалі радкі, якія бралі за душу, для сябе і захоўвалі гэтыя лісточкі як самае дарагое, цытавалі іх быццам малітвы-абярэгі. Разам з іншымі жанчынамі Агульбеке збірала ў Фонд абароны сродкі, каштоўнасці. Жыхары калгаса “Гузыл гашгун” сабралі сярод іншага і 84 кілаграма срэбра. Захаваліся кадры кінахронікі з эпізодам, дзе маладая прыгожая туркменка ў белай хустцы здае ўласныя ўпрыгажэнні. Гэта — Агульбеке. У канцы 1943 года работніцы Марыйскага велаята сабралі цэлы эшалон падарункаў франтавікам. Жанчыны, сярод якіх была і Агульбеке, саткалі дыван з партрэтам Маршала Савецкага Саюза К. Ракасоўскага. Ведалі, што іх падарунак павінен трапіць на 1-ы Беларускі фронт… Там, дарэчы, ваяваў і муж настаўніцы і паэткі Агаберды.


Разам з іншымі туркменкамі паехала на фронт і Агульбеке. Дыван з партрэтам быў уручаны асабіста праслаўленаму военачальніку. Расказала туркменка і сваю асабістую гісторыю… Камандуючы фронтам даў загад арганізаваць сустрэчу жанчыны з мужам. Быў вядомы нумар палявой пошты. Агульбеке паказала маршалу пісьмо, якое ведала на памяць. Але Агаберды быў на самым перадавым участку фронту. Удалося ў гэтай няпростай баявой абстаноўцы арганізаваць толькі прамую тэлефонную сувязь. Муж і жонка змаглі пагаварыць на адлегласці. Можна толькі паспрабаваць уявіць, якім цяплом дыхалі словы каханых людзей. Яны ж да сыходу мужа на фронт пражылі разам усяго тры месяцы…

З фронту Агульбеке прыехала натхнёная, усхваляваная. Новыя вершы так і сыпаліся з яе шчодрай душы, шчырага сэрца. Як і гэты верш “Шукаю цябе”.

Мы с земляками собрались в дорогу,
Путь нам далекий предстоял и долгий —
Солдатам с Родины подарки привезти.
Мы едем на войну с надеждой вас найти.
Хоть фронт далек, но дух войны повсюду,
Растет тревога — что же дальше будет…
Не знала я, что этот путь так труден,
Но мы идем вперед с надеждой вас найти.
Неделя проходила за неделей,
То ехали, то шли — душа вперед летела.
Земля в огне, а значит, мы у цели.
Мы на войне с надеждой вас найти.
Тяжелый воздух порохом пропитан,
Болит душа за раненых, убитых.
Теперь уже вовеки не забыть нам
Дорог, что мы прошли, чтоб вас найти.
Я чувствую, ты здесь, ты где-то рядом —
Агаберды! И встреча нам в награду,
За то, что я прошла сквозь все преграды,
С надеждой в сердце, что найду тебя.
Но бой идет — и ты на поле боя!
Нам сквозь огонь не встретиться с тобою,
Лишь долетел по рации твой голос —
Я счастлива — ты жив, и я нашла тебя.

… Усё было ў новых творах — і пяшчота, і трывога, і боль, і, вядома ж, каханне. Прывезла Агульбеке ў аул і патэфон, які туркменцы падарыў маршал Ракасоўскі. Дарэчы, патэфон гэты захоўваецца ў туркменскай вёсцы і сёння.

А ўслед за вяртаннем дэлегацыі, якая наведала байцоў і камандзіраў 1-га Беларускага фронта, праз лічаныя месяцы прыйшла ў аул змрочная вестка: загінуў муж Агульбеке — Агаберды. Маладой паэтцы падавалася, што гэтага не можа быць. Для яе, як і раней, гучаў з палявога тэлефона ўсхваляваны голас каханага чалавека: “Родная, любая! Што ты робіш у гэтым полымі, у гэтым агні?!. Цябе можа напаткаць куля! Хутчэй ад’язджай адсюль! Скончыцца вайна — і мы абавязкова сустрэнемся з табой!.. Чакай мяне!..” Не дачакалася. І сэрца яе не вытрымала. У 1949 годзе маладая паэтка памерла.

Землякі і цяпер трымаюць у памяці вобраз Агульбеке Аразбердыевай. А ў 2005 годзе вядомы туркменскі паэт Агагельды Аланазараў падрыхтаваў і выпусціў асобнай кнігай яе вершы… Лёс простай туркменкі ўсё ж адбыўся — у каханні да маладога чалавека, у любові да Радзімы, у выкананых перад ёй і сваім каханым чалавекам абавязацельствах. Перад родным і каханым Агаберды, якога яна так самааддана чакала з фронту!..

Сяргей Заламай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter