Минск
+14 oC
USD: 2.05
EUR: 2.26

Мы побывали в новом центре управления воздушным движением, который станет лучшим в Европе

Дырыжоры паветраных трас

Новы Цэнтр кіравання паветраным рухам (цэнтр КПР) размясціўся ў сяміўзроўневым будынку ў пасёлку Сокал. Менавіта сюды наступнай вясной плануюць пераехаць з нацыянальнага аэрапорта Мінскі раённы дыспетчарскі цэнтр і спецыялісты базы электрарадыётэхнічнага забеспячэння і сувязі «Белаэранавігацыі». Ужо зараз можна сказаць: цэнтр КПР, адкуль будзе кантралявацца ўсё неба над краінай, стане адным з лепшых у Еўропе па аснашчэнні сучасным абсталяваннем. Для карэспандэнта «Р» правялі экскурсію па аб’екце і расказалі пра нюансы працы тых, хто кіруе самалётамі, знаходзячыся на зямлі.

У прасторнай зале кіравання паветраным рухам ужо ўстаноўлены дыспетчарскія пульты, абсталяваны інтэлектуальныя рабочыя месцы.

Высокая металічная агароджа, інтэлектуальная сістэма відэаназірання з больш як сотняй камер, датчыкі пранікнення — няпрошаны госць патрапіць на такі важны аб’ект не зможа. Мяне ж ветліва сустракае каля кантрольна-прапускнога пункта начальнік Мінскага цэнтра КПР Валер’ян Гродзь.

— Важна трымаць усё пад кантролем. Гэта сёння можна адкрыць вам вароты і проста так упусціць, а калі цэнтр запрацуе, будзем пропускі афармляць, рэчы правяраць з дапамогай інтраскапіі, і праз металадэтэктар кожнаму трэба будзе прайсці, — паказвае ўжо абсталяваны кантрольна-прапускны пункт мой суразмоўца.

Валер’ян Гродзь.

Тэрыторыя новага Цэнтра кіравання паветраным рухам — 10,5 тысячы кв. м. Для параўнання: пакуль што Мінскі РДЦ арандуе ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» усяго 3,5 тысячы кв. м. Неабходнасць пашырыцца наспела ўжо даўно, тлумачыць прычыны пераезду Валер’ян Гродзь:

— У 1996 годзе, калі ўтварылася наша прадпрыемства, над краінай ажыццяўлялася 86,5 тысячы палётаў. Цяпер — 320 тысяч. Над намі лятаюць 102 дзяржавы і больш за 1000 авіякампаній. У 1996 годзе дыспетчары працавалі па трох сектарах — неба краіны было падзелена на захад, поўнач і поўдзень. Сёння такіх сектараў ужо дзевяць: кожны з пералічаных падзелены яшчэ на тры сектары па вышыні. Месца ў аэрапорце нашым супрацоўнікам становіцца мала.

Тэрыторыя новага Цэнтра кіравання паветраным рухам — 10,5 тысячы кв. м.

Валер’ян Іосіфавіч прыводзіць яшчэ некалькі лічбаў: кожны год у сярэднім колькасць палётаў над нашай краінай павялічваецца на 7—8 працэнтаў. У заходнееўрапейскіх краінах, напрыклад, гэты паказчык складае 1,5—2,5 працэнта. Відавочна, што тэмпы росту ў Беларусі добрыя. Таму асноўная мэта будаўніцтва новага Цэнтра кіравання паветраным рухам — павялічваць нашу прапускную здольнасць і стымуляваць рост транзітнага патэнцыялу.


Узводзіць будынак цэнтра КПР пачалі ў 2016 годзе. Выбіралі з дзевяці прапанаваных лакацый і спыніліся на пляцоўцы ў пасёлку Сокал: тут неабходныя камунікацыі і інфраструктура, добрыя транспарт­ныя зносіны і прамая радыёбачнасць з Нацыянальным аэрапортам «Мінск». Пераедуць у новы цэнтр дыспетчары ваеннага сектара, дзевяці сектараў Мінскага РДЦ і супрацоўнікі аэрадромнага дыспетчарскага цэнтра, што кіруюць паветранымі судамі, якія прылятаюць у нацыя­нальны аэрапорт і вылятаюць з яго. У самім аэрапорце застануцца толькі дыспетчары аэрадромнага абслугоўвання, расказвае Валер’ян Гродзь:

— Будаўнічыя работы ўжо завершаны. У канцы гэтага месяца ці ў пачатку мая запусцім першы пускавы комплекс. Далей працягнем закупляць тэхналагічнае абсталяванне. Разлічваем завяршыць гэты этап да пачатку верасня. Як толькі ўсё будзе гатова, зманціравана ў адзіную сістэму, падключым абноўленае праграмнае забеспячэнне і пачнём яго доследную эксплуатацыю. Аўтаматызаваная сістэма будзе мадэрнізавана, важна яе пратэсціраваць.

У будынку цэнтра 2 дапаможныя і 5 асноўных узроўняў — паглядзім, як усё выглядае ўнутры. У рабочы дзень тут адначасова будуць знаходзіцца да 100 чалавек — для іх на першым паверсе ўладкоўваюць прасторную сталовую, гардэробы і пакой медагляду (авіядыспетчары абавязаны яго праходзіць перад кожнай зменай). Зазіраем на пост аховы. На вялікім маніторы — кожны куток тэрыторыі цэнтра КПР, найноўшая інтэлектуальная сістэма відэаназірання нікому не дазволіць пранікнуць незаўважаным. Вольны час авіядыспетчары змогуць бавіць у прасторнай трэнажорнай зале плошчай 140 кв. м, на спартыўнай пляцоўцы на вуліцы, у пакоях прыёму ежы і псіхалагічнай разгрузкі. Кожныя дзве гадзіны авіядыспетчарам даюць 20—30 хвілін на адпачынак. Прафесія ў міжнародным рэйтынгу самых небяспечных апярэджвае нават сапёраў, пажарных і калег-лётчыкаў. Эмацыянальнае напружанне за пультам вельмі высокае — такая нагрузка не кожнаму пад сілу.

У прасторнай зале кіравання паветраным рухам ужо ўстаноўлены дыспетчарскія пульты, абсталяваны інтэлектуальныя рабочыя месцы, дзейнічае сучасная сістэма клімат-кантролю і пажаратушэння. Не хапае зараз толькі манітораў.

— Да манітораў мы выстаўляем вельмі сур’ёзныя патрабаванні. Авіядыспетчары іх павінны спачатку пратэсціраваць. Важна, каб супрацоўнікі не стамляліся хутка.

У зале планавання паветранага руху дыспетчары будуць выдаваць дазволы на выкарыстанне паветранай прасторы Беларусі, а ў зале практычнай падрыхтоўкі персанал зможа паляпшаць свае навыкі на спецыяльных трэнажорах, ідэнтычных рабочым месцам.

— Па маім чаканням, пераедуць авіядыспетчары ў новы цэнтр КПР у сакавіку — красавіку наступнага года, — дзеліцца планамі Валер’ян Гродзь.

Расходы на будаўніцтва новага цэнтра КПР узяла на сябе «Белаэранавігацыя» з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў. Спецыялісты чакаюць, што выдаткаваныя сродкі акупяцца праз 8 гадоў пасля ўводу ў эксплуатацыю цэнтра, паколькі абслугоўванне самалётаў — прыбытковая справа ва ўсім свеце.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Алексей ВЯЗМИТИНОВ
4.5
Загрузка...