Молодой директор Григорий Панасюк за пять лет руководства вывел в передовики жабинковское ОАО «Ракитница»

Дырэктар жабінкаўскага ААТ «Ракітніца» Рыгор Панасюк: «Удзячны калектыву за мудрыя сялянскія парады»

З абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі», што ў першыя дні восені адзвінеў у пінскім Лагішыне, малады дырэктар жабінкаўскага ААТ «Ракітніца» Рыгор ПАНАСЮК прывёз дыплом, якім адзначылі калектыў за высокія паказчыкі ў раслінаводстве. Хлебаробы гаспадаркі з кожнага з 1378 гектараў збожжавых атрымалі па 48,3 цэнтнера зерня. У засекі засыпалі 6650 тон збажыны. Па ўраджайнасці азімага рапсу (37,5 цэнтнера з гектара) сельгаспрадпрыемства ў тройцы лідараў на Брэстчыне.


Парадавала і кукуруза. На 250 гектарах даспяваюць пачаткі. А на плошчы ў два разы большай трэба будзе скасіць яе на сілас. Корманарыхтоўчы атрад ужо працуе на плантацыі. Кожны гектар дае амаль 400 цэнтнераў зялёнай масы. На ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы назапашана каля 20 цэнтнераў кармавых адзінак.

Раслінаводчая галіна поўнасцю забяспечвае фуражом грамадскі статак. Гадавы надой кожнай з 1200 кароў перавысіў 6000 кілаграмаў малака. Яго рэалізуюць у ААТ «Савушкін прадукт» выключна сортам экстра. Гэта дадатковы прыбытак. Рэнтабельнасць малочнай галіны перавысіла 35 працэнтаў.

У планах маладога дырэктара — будаўніцтва сучаснага малочна-таварнага комплексу і павелічэнне пагалоўя дойнага статка да 2000 кароў. Атрыманыя за прадукцыю сродкі дазволяць далей развіваць вытворчую і сацыяльную сферы гаспадаркі.

Пяць гадоў, як выпускніку аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Рыгору Панасюку прапанавалі ўзначаліць заняпалае ААТ «Ракітніца». Тагачасны старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, як і належыць, прадставіў калектыву 27-гадовага кіраўніка і запэўніў, што дапаможа яму выводзіць гаспадарку з цяжкага стану. І слова стрымаў. Часта наведваўся, цікавіўся справамі, даваў парады. А калі яго перавялі на павышэнне ў абласныя структуры, то і новы кіраўнік раёна Віталь Кулак не пакінуў без увагі сельгаспрадпрыемства. Малады дырэктар Рыгор Панасюк узгадвае, як усім калектывам радаваліся станоўчым зрухам:

— За першы год павысілі надой ад каровы амаль на тону. Адпаведна вырас і аб’ём рэалізаванага малака. На рахунак гаспадаркі сталі пастаянна паступаць сродкі, што дазволіла за тры гады поўнасцю ліквідаваць запазычанасці. З’явілася магчымасць абнавіць машынна-трактарны парк. У лізінг набылі два дваццацітонныя МАЗы, чатыры трактары МТЗ, два энерганасычаныя «Джон Дзіры», васьмікорпусны плуг, два культыватары, апырсквальнік, гомельскі кормаўборачны камбайн, кукурузную сеялку. Летась увялі ў эксплуатацыю цялятнік на 280 галоў на ферме «Ракітніца». Утрымліваем на належным узроўні малочна-таварны комплекс. Каб многага дасягнуць, неабходна прад’яўляць высокія патрабаванні.

— Звычайна новы кіраўнік гуртуе вакол сябе каманду аднадумцаў. А ў вас за пяць гадоў дырэктарства яна склалася?

— Вопыт кіруючай дзейнасці атрымаў, калі пасля заканчэння Пружанскага дзярж­агратэхкаледжа працаваў у суседнім ААТ «Вазнясенскі». Як стаў дырэктарам, лю­дзей праз калена не ламаў. Але ўзяўся за працоўную дысцыпліну і парадак. Хто прыняў мае ўмовы — застаўся ў калектыве. А з некаторымі давялося развітацца. Не магу сцвярджаць, што згуртаваўся касцяк галоўных спецыялістаў, але ёсць на каго абаперціся. Намеснік па вытворчасці Аляксандр Лукашэвіч па адукацыі інжынер. Раслінаводствам кіруе вопытны спецыяліст Аляксандр Герасевіч. Былы загадчык жывёлагадоўчай фермы Фёдар Ярашук летась узначаліў заатэхнічную службу. Чакаем галоўнага ветурача. Для яго будуем новы дом.

Гаспадарка размешчана паміж раённым і абласным цэнтрамі. Ад аграгарадка Ракітніца да Жабінкі і Брэста паўтара дзясятка кіламетраў. З дзвюх тысяч жыхароў сельсавета крыху болей сотні засталося працаваць на зямлі. Канкурэнцыя з горадам даволі жорсткая. Імкнёмся ствараць максімальна спрыяльныя ўмовы працы. Не на кожным гарадскім прадпрыемстве можна зарабіць столькі, як у нас. Сярэднямесячны заробак перавысіў тысячу рублёў. На палях і фермах працоўных рук хапае. Моладзь папаўняе калектыў. Зараз практыкуюцца чатыры старшакурснікі аграрных універсітэтаў. Запрашаем іх вярнуцца спецыялістамі да нас.

— Рыгор Адамавіч, а ваша дырэктарства адкуль бярэ пачатак?

— Як рака пачынаецца з крынічкі, так і лёс чалавека мае вытокі. Вырас у сялянскай сям’і. Маці паляшучка, а бацька з суседняй Валыні, што ва Украіне. У мяне чатыры браты. Я старэйшы. Бацькі працуюць жывёлаводамі ў суседняй гаспадарцы. З малых гадоў дапамагалі ім дома, а таксама на калгаснай ферме. Часта туды на ўазіку наведваўся старшыня. Вяскоўцы яго звалі Уласавічам. Выходзіў ён з машыны паважна. Любіў гутарыць з людзьмі. Бачыў, як мы памагалі бацькам. Аднойчы прыпыніў мяне і пацікавіўся, кім хачу стаць. Па-дзіцячаму наіўна выпаліў: «Уласавічам». Пэўна, ужо тады ў маім сэрцы ўспыхнуў агеньчык жадання працаваць на зямлі.

Калі стаў кіраўніком, адчуў, якая гэта вялікая адказнасць. Ад твайго вопыту і прафесіяналізму ў многім залежаць вынікі ўсяго калектыву. Як і старшыня Уласавіч, люблю пагутарыць з вяскоўцамі. Выслухаю, здараецца, і сам набалелым падзялюся. Раюся з імі. Удзячны за мудрыя сялянскія парады.

Пачатак майго дырэктарства ўсцелены куп’ём і ўхабамі. У засушлівы год з-за недахопу кармоў упалі надоі. Жывёлаводы прыклалі шмат намаганняў, каб пераадолець цяжкі перыяд. Паступова стала расці вытворчасць малака.

— Канечне, ролю кіраўніка цяжка пераацаніць. А ці патрэбна яму ведаць усе тонкасці тэхналогіі?

— Вопыт дырэктарства ў мяне невялікі. Але адзначу, што кіраўніку не трэба ўнікаць ва ўсе вытворчыя дэталі. Я аграном па адукацыі і далёка не ўсё ведаю ў жывёлагадоўлі. Спрабаваў самастойна авалодаць тэхналогіяй на фермах. Падавалася: засвою асаблівасці — і поспех не міне. Але адчуў, што памыляюся. Сучаснаму кіраўніку дастаткова мець высокапрафесійных работнікаў, якія адказваюць за тэхналогію. Місія дырэктара — разумна кіраваць і прыслухоўвацца да спецыялістаў. Ён павінен у першую чаргу валодаць упраўленчымі функцыямі, бачыць, што недапрацавана, каб выправіць становішча. А ў гэты складаны час сусветнай пандэміі найважней уберагчы людзей ад хваробы.

— Важна клапаціцца і пра сябе. Грамадству большая карысць ад здаровага чалавека. Як вы ставіцеся да свайго здароўя?

— Гэта яшчэ адна мая недапрацоўка. Жонка журыць, чаму не знаходжу часу для сябе. За ўсе гады працы ні разу не ездзіў на адпачынак. Юрыдычна афармляю чарговы водпуск, а ўсё роўна займаюся справамі гаспадаркі. На фізічны стан значна ўплываюць вытворчыя вынікі. Душа радуецца, калі ўсё ладзіцца, да цябе звяртаюцца людзі за падтрымкай, і ты можаш ім дапамагчы. А вось пасля незаслужанага наганяю заслона з вачэй падае.

— З кім дзеліцеся набалелым?

— Звычайна з жонкаю. Адзінаццаты год ра­зам. Пазнаёміліся ў час вучобы ў Пружанскім дзяржагратэхкаледжы. Таццяна са старажытнага Турава. Пасля жаніцьбы ўзялі пазыку ў банку і пабудавалі ўласны дом. Сыну Аляксандру пяты год. Часта бяру яго з сабою, калі еду на поле ці ферму. Ён любіць тэхніку. Садзімся ў трактар і едзем па полі. Можа, і ў ім загарыцца такая ж іскрынка жадання працаваць на зямлі.

— У чым бачыце сэнс жыцця?

— У свае 32 гады пакуль у пошуку яго. Адчуваю значнасць сям’і. Калі дома ўсё ў парадку, то і праца лепш спорыцца. Сям’я — сапраўдны аплот. І тым, хто пачынае працоўную дзейнасць, парада: даражыце сям’ёй. А яшчэ жадаю цярпення, здароўя і боскай дапамогі. Не варта баяцца лішні раз перапытаць аб тым, што незразумела. І смела крочыць па жыцці. Важна імкнуцца быць аптымістам. Маладых дзяржава ўсебакова падтрымлівае, і гэта цудоўна.

Можна дазволіць і жорсткасць, але парушальніка дысцыпліны караць па законе. Рэдка якога кіраўніка ўсе любяць. Усім добрым не будзеш. Важна ўмець захапіць калектыў агульнай справай. Тады ніякія прымусы не патрэбны.

З першых дзён дырэктарства паставіў задачу выйсці ў лідары па ўраджайнасці сельгас­культур. Пазіралі на мяне, як на дзівака. Не верылі, што гэта рэальна. Але пастаўленая мэта ўсіх аб’яднала. Кожны на сваім месцы максімальна пастараўся. На полі да мяне падыходзілі механізатары і прапаноўвалі, што яшчэ зрабіць, каб атрымаць высокі ўраджай. Зладзілі спецыяльнае прыстасаванне па вырабе раствору сульфату. Гэтай мешанінай апрацавалі пасевы азімага рапсу і пшаніцы. На вачах красавалі палі. У жніво ад багатага ўраджаю ў механізатараў гарэлі вочы. На некаторых палях азімай пшаніцы намалочвалі на круг па 70 цэнтнераў зерня. Камбайнеры казалі, што за ўсю гісторыю гаспадаркі такога не было. Адпала неабходнасць кантролю. Людзі стараліся, каб ні адзінага зярнятка не прасыпалася на зямлю.

— Агульная справа аб’яднала калектыў. Што робіце, каб дасягнутыя рубежы сталі заканамернымі?

— У першую чаргу строга прытрымліваемся тэхналогій. Натуральная ўрадлівасць нашых зямель крыху больш 30 балаў. Каб не страціць дасягнутых пазіцый па ўраджайнасці, трэба шмат старання. Такую гаспадарку вывесці з заняпаду, напэўна, больш удача, чым поспех. Бывалі сітуацыі амаль невырашальныя. Выручалі цярпенне і працавітасць. Да нас наведваюцца кансультанты фірм, дзе закупляем сартавое насенне, даюць карысныя парады.

Апошнія засушлівыя гады паказалі, што неабходна вярнуцца да арашэння палёў, як было ў савецкі час. Гэта патрабуе значных фінансавых укладанняў. Нам самім не справіцца. Патрэбен інвестыцыйны праект. З дапамогай Жабінкаўскай ПМК-19 аднавілі некаторыя шлюзы. Пасля веснавой сяўбы закрываем іх, каб затрымаць ваду. Сёлета меліяратары адрамантавалі два цэнтральныя шлюзы.

— Самае галоўнае правіла кіраўніка…

— Не пускаюць у дзверы — лезь у акно. Лічу, няма невырашальных сітуацый. Пры жаданні ёсць варыянт здзяйснення задуманага. Калі быў маладзейшы, часта ішоў на рызыку. Зараз, калі за маімі плячыма 150 чалавек і іх сем’і, імкнуся ўзважана прымаць рашэнні. Самае дэфіцытнае для мяне — час. Яго, напэўна, не хапае ўсім кіраўнікам.

— Вашы браты знайшлі сябе ў горадзе. Яны зайздросцяць вам ці спачуваюць?

— Ім пафасна падаецца пасада дырэктара: службовая машына, кабінет, ты на вачах ва ўсіх. Яны не адчулі ролю кіраўніка. Часам ад людскога вока хочацца схавацца за высокай сцяною, каб цябе ніхто не бачыў, выключыць тэлефон і пахадзіць па зямлі. Здараецца, несправядліва пакрыўдзяць. У такі момант успыхвае жаданне кінуць усё. Але калі падумаеш, што столькі людзей на цябе спадзяюцца, зноў бярэшся за працу. Імкнуся, каб кожны ў калектыве меў выхадныя і атрымліваў добрыя заробкі.

— Ваша запаветная мара?

— Іх было шмат. З гадамі яны мяняюцца. Марыў мець уласны дом. Пабудавалі. Машыну купілі. Жонка любімая. Цешымся сынам. Праца ў радасць. У родных усё ладзіцца. Мары вядуць нас па жыцці. І гэта цудоўна!

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter