Почти год назад после укрупнения зельвенское КСУП «Голынка» возглавил выпускник Гродненского госагроуниверситета Евгений Грецкий

Дырэктар зэльвенскага КСУП «Галынка» Яўген Грэцкі: «Не тое багацце, што маеш, а калі вакол цябе людзі жывуць шчасліва»

Год таму да зэльвенскага КСУП «Галынка» далучылі суседнюю заняпалую гаспадарку «Каралін». Выводзіць аб’яднаны калектыў на ранейшыя высокія вытворчыя пазіцыі вярнуўся Яўген ГРЭЦКІ. Пасля аграфака Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта ён пачынаў працоўную дзейнасць галоўным аграномам былога зэльвенскага калгаса «Зара», кіраваў галынкаўскім сельгаспрадпрыемствам, быў першым намеснікам старшыні Зэльвенскага райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.

Пасля ўзбуйнення КСУП «Галынка» амаль у два разы павялічылася. Маладому дырэктару з калектывам галоўных спецыялістаў трэба было наладзіць больш эфектыўную дзейнасць. Пачалі з жывёлагадоўлі, якая дае найбольшы прыбытак.

Грамадскі статак вырас да 9400 галоў, з якіх трэцяя частка — каровы. Сярэднегадавы надой амаль 7000 кілаграмаў. Найбольшая прадукцыйнасць жывёлы на малочна-таварным комплексе «Вострава». Кожная з 600 кароў дае штосутачна 22 кілаграмы малака. За гэты год значна выраслі вытворчыя паказчыкі і на МТК «Івашкавічы». Штодзённа гаспадарка рэалізуе ў ААТ «Беллакт» каля 60 тон прадукту.

Самая буйная гаспадарка Зэльвенскага раёна — КСУП «Галынка». Сельгасугоддзяў каля 13 000 гектараў, з якіх 8200 — ворыва. Амаль трэцяя частка пасяўных плошчаў пад збожжавымі. Кожны гектар хлебнай нівы даў па 36 цэнтнераў зерня. Выкананы дзяржзаказ па збожжу і насенню рапсу. Завяршаецца сяўба азімых, уборка бульбы. З гектара збіраюць звыш 300 цэнтнераў клубняў. Напружана працуе корманарыхтоўчы атрад. Штодня траншэі поўняцца зялёнай масай. На палявых работах задзейнічана шмат тэхнікі.

Увосень, калі работ восем, даводзіцца працаваць і ў выхадныя. Тэхнічная служба пільна сочыць, каб хапала ГЗМ. Дастаўка паліва, адгрузка спажыўцам бульбы, закладка фуражом траншэй, рэалізацыя малака і шмат іншай інфармацыі патокам паступае дырэктару Яўгену Грэцкаму. Яго мабільны не змаўкае. Кіраўніка інфармуюць, з ім раяцца, выказваюць прапановы. Кожнага выслухае, дасць парады, імгненна прыме рашэнні і настойліва запатрабуе іх выканаць. Пацікавіўся ў маладога дырэктара, якія якасці павінны быць у сучаснага кіраўніка сельгаспрадпрыемства.


— Камунікабельнасць, уменне адначасова вырашаць некалькі задач, — разважае Яўген Васільевіч. — Сучасны кіраўнік павінен стратэгічна думаць, дакладна бачыць перспектыву. Гэта як на веласіпедзе едзеш пад горку: перастанеш круціць педалі — звалішся.

— А ў лёс верыце?

— Абсалютна веру. Па волі лёсу вярнуўся ў КСУП «Галынка». Быў першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Душа трымцела ад жадання працаваць бліжэй да зямлі. Сям’ю ў райцэнтр не перавозіў. Жонка Аксана Валер’еўна па-ранейшаму настаўнічала ў Галынкаўскай сярэдняй школе. Там вучацца дочкі Мілана і Ангеліна.

У канцы мінулага года вярнуўся ў гаспадарку, якой раней кіраваў. Ад працы атрымліваю асалоду. Вось толькі жонка скардзіцца, што з-за спраў сям’і амаль не бачу. Сям’я і праца — непадзельныя ў маім жыцці. Мае карані сялянскія. Маці да апошніх сваіх дзён трымала ў парадку дом і агарод. Дзесяць гадоў таму яе не стала. Бацька Васіль Васільевіч да выхаду на пенсію не расставаўся з трактарам. Механізатарам у суседнім СВК «Сынкавічы» працуе старэйшы брат Сяргей. З маленства я з братамі дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Палоў буракі і бульбу на калгасным полі, пасвіў вясковых кароў. Яшчэ і дзесяці гадоў не было, як бацька навучыў мяне касіць. У нашым Старым Сяле стадыён падкошваў, каб сябрам зручней было іграць у футбол.

— А самому даводзілася ганяць мяч?

— Жаданне было, але не заўсёды была магчымасць. Летам хатніх спраў мноства. У школьныя гады захапіўся тэнісам. У Дзярэчынскай сярэдняй школе наш профільны клас з паглыбленым вывучэннем біялогіі, матэматыкі і хіміі рыхтавалі да паступлення ў аграрныя навучальныя ўстановы. Паспяхова здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам аграфака Гродзенскага сельгасінстытута. Запомнілася вытворчая практыка ў зэльвенскім калгасе «Зара». Старшыня Мікалай Лоска адразу прызначыў мяне выконваючым абавязкі галоўнага агранома. Хваляваўся дарэмна: шмат карыснага атрымаў ад такога прызначэння.

Практыкаваўся і ў швейцарскага фермера. На 13 гектарах ён вырошчваў розныя віды капусты, салату, зялёную цыбулю, моркву і іншую гародніну. На пачатку лета ўбіралі першы ўраджай. Да працы прыступалі ў шэсць раніцы. Сабраную гародніну старанна пакавалі ў спецыяльныя скрынкі і абмотвалі плёнкай. Гаспадар на грузавіку адвозіў яе за 30 кіламетраў у гуртоўню. Дакладна апаўдні абедалі і завяршалі працоўны дзень у шэсць вечара.

Па суботах працавалі да абеду. У выхадны з раніцы на веласіпедзе па мосце праз паўнаводны Рэйн адпраўляўся вандраваць па суседніх нямецкіх мястэчках. Мясцовасць перакацістая, і з вышыні далёка праглядаюцца краявіды. А ноччу сніліся родныя мясціны. Так далёка ад радзімы адарваўся ўпершыню. Павучальнай гэта практыка была для мяне.

— Ваш выбар жыццёвага шляху ў многім вызначыла тое, што яшчэ вучнем азнаёміліся з асновамі будучай прафесіі. У вясковых школах адноўлены аграрныя класы. Як вы лічыце, ці вырашыць гэта праблему кадраў у аграпрамысловым комплексе?

— Безумоўна, гэта адна з важных мер. Але неабходна на дзяржаўным узроўні і надалей павышаць прэстыж сельскіх прафесій. Важна цаніць чалавека працы, адпаведна плаціць за старанне, дбаць пра арганізацыю культурнага адпачынку вяскоўцаў. У сельскай мясцовасці неабходна наладжваць дробную вытворчасць на 20—30 працуючых, каб быў занятак прадстаўнікам розных прафесій. Усё гэта будзе спрыяць замацаванню моладзі на вёсцы.

— Яўген Васільевіч, каб атрымліваць такія важкія аб’ёмы прадукцыі, як у вашай гаспадарцы, неабходны адпаведныя ўмовы. З чаго пачыналі сваё другое прышэсце ў калектыў?

— З рамонту ферм далучанай гаспадаркі «Каралін». Там вырасла запазычанасць перад банкамі за крэдыты, якія ўзялі на будаўніцтва МТК «Івашкавічы». Пасля паляпшэння ўмоў утрымання жывёлы сталі расці аб’ёмы вытворчасці малака. За сродкі ад яго рэалізацыі паступова абнаўляем машынна-трактарны парк. Набылі два «Амкадоры», гомельскія корманарыхтоўчы і зернеўборачны камбайны, збожжавую сеялку, тры МАЗы. Па лізінгу чакаем пяць трактароў МТЗ.

Адказна ўзяліся за кормавытворчасць. Перазалужылі сенажаці. Пасля ўборкі на зялёны корм віка-аўсянай сумесі пасеялі люцэрну і атрымалі два паўнацэнныя ўкосы. Вырошчваем яе на 500 гектарах. Павялічылі пасевы рапсу да 800 гектараў, кукурузы — 1500 гектараў, з якіх чацвёртая частка выспела на зерне. Зараз косім кукурузу на сілас. Кожны гектар дае звыш 430 цэнтнераў зялёнай масы. Назапасілі больш за 20 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. Да пачатку корманарыхтоўкі адрамантавалі ўсе траншэі. Будуем яшчэ адну на МТК «Вострава».

Запусцілі ў эксплуатацыю цэх па перапрацоўцы насення рапсу. Кожны з 700 гектараў даў па 30 цэнтнераў насення. Сабраныя 900 тон перапрацуем. Макуха папоўніць кармавы рацыён статка жывёлы.

— Як плануеце працоўны дзень?

— Пачынаю яго з наведвання жывёлагадоўчых ферм. За стан спраў у гэтай галіне адказвае мой намеснік Уладзімір Бадзяк. Заатэхнічную службу ўзначальвае яго жонка Жанна Іванаўна. Аб’язджаю палі, вызначаю, якія работы трэба тэрмінова выканаць. Завяршаем сяўбу азімых збожжавых. У севазвароце пад іх адведзена 2750 гектараў. Павялічылі клін азімага ячменю.

— Што для вас асноўнае ў працы кіраўніка?

— Заставацца ў любой сітуацыі чалавекам. Важна захаваць калектыў. У нас на розных участках паўтысячы працаўнікоў. Да кожнага імкнуся адносіцца з максімальнай увагай. Клапачуся, каб людзі мелі дастатак. Сярэднямесячны заробак па гаспадарцы перавысіў 1100 рублёў і пастаянна павялічваецца. Але пры гэтым адчувальны недахоп галоўных спецыялістаў. Нават высокімі заробкамі складана зацікавіць моладзь. Асабліва гэта тычыцца заатэхнікаў і ветспецыялістаў. А без іх удзелу немагчыма стварыць паўнацэнны кіруючы касцяк.

— Яўген Васільевіч, вы жывяце больш сэрцам ці розумам?

— Давяраю сэрцу, і яно не падводзіць. Радуюся самаму нязначнаму поспеху. Нават восенню, калі ўсё жывое пачынае заміраць, убачыш роўныя радкі азімых — і настрой паляпшаецца. Вось ён — вынік агульнай працы.

У кабінеце начальніка райсельгасхарча патанаў у дакументах. Задаволены, што вярнуўся ў сваю стыхію. Выпадаюць і балючыя моманты — незаслужаныя папрокі ці крытыка. Імкнуся, каб у гаспадарцы ўсё было ў парадку, паляпшаўся дабрабыт кожнага працуючага. Не тое багацце, што маеш, а калі вакол цябе людзі жывуць шчасліва.

— Каго лічыце сваім настаўнікам?

— Нябожчыцу маці. Яна вучыла не стрымліваць сябе ў добрых справах, на крыўду адказваць дабром. Гэта стала маім жыццёвым дэвізам. Некаторыя раяць быць больш жорсткім. Але ўсяму ёсць мера. Не магу забыць, як маці пайшла да старшыні калгаса за дазволам купіць карову. Сваю вымушаны былі прадаць: яна стала ялавай і не давала малака, а сям’ю трэба было карміць. Старшыня адмовіў. Маці дома доўга плакала. Балюча было глядзець на яе. Калі людзі звяртаюцца да мяне, імкнуся кожнага выслухаць і падтрымаць.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter