Директор Вилейской сортоиспытательной станции Иван Пешко: способность видеть и говорить правду – особое душевное состояние

Дырэктар Вілейскай сортавыпрабавальнай станцыі Іван Пешка: «Не баяцца бачыць і гаварыць праўду»

У народзе кажуць, што згоднага лёс вядзе, а нязгоднага цягне за сабою. Лёсу трыццацігадовага дырэктара Вілейскай сортавыпрабавальнай станцыі Івана ПЕШКІ не давялося свайго падапечнага ні весці, ні цягнуць. Сялянскі сын пасля заканчэння сярэдняй школы без ваганняў вырашыў працягваць радаводную справу земляроба. Бацька Якаў Іванавіч да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў трактарыстам, маці Надзея Мікалаеўна даіла калгасных кароў. Чацвёра дзяцей дапамагалі ім упраўляцца па хатняй гаспадарцы. Акрамя прысядзібнага ўчастка сям’я мела амаль гектарную плантацыю клубніц. Хапала клопату начамі ратаваць квітнеючыя ягады ад вясновых замаразкаў. Дымавая завеса ахоўвала клубніцы. Асеннім часам усёй сям’ёй кашамі насілі з лесу грыбы, а з балот — журавіны.


У пранізанай штодзённымі клопатамі палескай сям’і не было месца чалавечай цвілі. Бацькі мацавалі не выдуманую кімсьці на ўсе выпадкі жыцця, а перададзеную ад продкаў сялянскую годнасць. Запаветнымі на ўсё жыццё засталіся словы маці: працавітаму зямля не дасць загінуць.

З Іванам Якаўлевічам крочым палявой дарогай. Лёгкі ветрык хвалямі праплывае па хлебнай ніве. Кожны з 600 гектараў сельгасугоддзяў сортавыпрабавальнай станцыі падзелены на невялікія дзялянкі, засеяныя збожжавымі, кукурузай, бульбай, грэчкай.

— Зараз актыўна заняліся азімым рапсам, — удакладняе Іван Пешка. — Тры гады неабходна вырошчваць новы сорт, каб атрымаць поўную інфармацыю пра яго асаблівасці ў нашых умовах. Якасці некаторых перспектыўных культур вызначаюцца за два гады. Калі ў першы год атрымліваем высокую ўраджайнасць, такія сарты адразу ўключаюцца ў рэестр для вырошчвання ў нашым рэгіёне, які ахоплівае паўночна-ўсходнюю частку сталічнай вобласці. На Міншчыне акрамя нашай дзейнічаюць Нясвіжская і Маладзечанская выпрабавальныя станцыі. Сёлета вырошчваем каля 300 сартоў сельгаскультур. Сярод іх большасць кукурузных міні-плантацый. Даследуем каля 150 гібрыдаў. Выпрабоўваем культуры айчыннай і замежнай селекцый. Спецыялісты кантралююць развіццё іх. Пасля ўборкі выносіцца вердыкт па кожнаму сорту.

— На чым грунтуецца гарантыя гэтых вердыктаў?

— Даследаванні вядуцца па спецыяльна распрацаванай методыцы. За выпрабаваннямі прыдзірліва сочаць зацікаўленыя бакі. Культуры адначасова вырошчваюцца на некалькіх станцыях ці ўчастках, і сярэднія значэнні збіраюцца для аналізу і прыняцця рашэння.

— Вы сябе адчуваеце гаспадарнікам ці навукоўцам?

— Пасада дырэктара прадугле­джвае спалучэнне гэтых відаў дзейнасці. Галоўнае — арганізаваць прымяненне сучасных тэхналогій на сортавыпрабавальных участках, за дзейнасць якіх адказваюць спецыялісты. Штат станцыі невялікі — каля трох дзясяткаў чалавек. За тры гады кіраўніцтва калектывам захапіўся справай. Штодня бываю на дзялянках, назіраю, як развіваюцца расліны. І чым больш працую, пераконваюся, што не памыліўся ў выбары прафесіі. Удзячны настаўнікам за атрыманыя веды. Школьныя веды вельмі дапамаглі ў час вучобы на аддзяленні селекцыі і насенняводства аграфака Белдзяржсельгасакадэміі. Запомніліся цікавыя лекцыі па генетыцы кандыдата сельскагаспадарчых навук Віктара Аляксеевіча Двайнішнікава. Спачатку цяжка давалася ўнікнуць у сутнасць гэтай дысцыпліны. А потым так яе засвоіў, што на экзамене адзіны ў групе атрымаў самую высокую ацэнку.

У студэнцтве шмат часу праводзіў на акадэмічных доследных дзялянках. Нават на летнія канікулы заставаўся і даглядаў расліны, збіраў у мяшочкі і ўзважваў сабранае насенне доследных культур. У той час займаліся вывучэннем кармавой культуры галегі ўсходняй. На факультэце заўважылі маё старанне і накіравалі на пераддыпломную практыку на Маладзечанскую сортавыпрабавальную станцыю. Там мне адразу даручылі апрацоўваць гліфасатамі прыдарожныя палосы і палявыя ўчасткі вакол электраслупоў. Збіраў ураджай доследных культур і сушыў яго. Пасля заканчэння практыкі дырэктар Сямён Кацуба прыслаў у акадэмію на мяне запрашэнне на працу. За чатыры гады шмат карыснага пераняў у Сямёна Мікалаевіча. На маладзечанскіх доследных дзялянках вырошчвалі вялікі асартымент гародніны: фасоль спаржавую, цыбулю, капусту, салодкую кукурузу і іншыя культуры.

— Чацвёрты год самастойна кіруеце калектывам. З чаго пачыналі?

— Страшнавата было прымаць на свае плечы клопаты кіраўніка. Бацькі вучылі, калі ўзяўся за справу, не адступай. Першым часам не хапала сродкаў на набыццё неабходнага для правядзення веснавых палявых работ. Успыхвала жаданне памяняць работу. Але тут жа адганяў гэту думку. Трэба было шукаць выхад з гэтага становішча. Разумеў: без парадку поспеху не дабіцца. Дысцыпліна дапамагла наладзіць справу.

Праз год кожны на сваіх заробках адчуў перамены да лепшага. Сёння сортавыпрабаванні вя­дзём на самым высокім узроўні. Ад падрыхтоўкі глебы да сяўбы і ўборкі ўраджаю абсалютна вытрымліваем усе тэхналагічныя параметры. Са студэнцкіх гадоў запомніў, што ў нашых кліматычных умовах, каб разлічваць на добры ўраджай, неабходна да сярэдзіны красавіка пасевы апрацаваць ад шкоднікаў і хвароб, а ў сярэдзіне чэрвеня, нягледзячы ні на што, — ад фітафторы. Крыху гэтыя тэрміны змяніліся, але аснова засталася. Дасканала ведаю ўсе этапы па догляду пасеваў. Летась яравы ячмень пасеялі 22 сакавіка, што значна раней традыцыйных тэрмінаў. Нам прадказвалі няўдачу. На круг намалацілі па 62 цэнтнеры зерня. Такі вынік атрыманы ўпершыню на землях з 26 баламі натуральнай урадлівасці. У засекі засыпалі 1200 тон збожжа, што амаль удвая больш, чым у былыя гады. Спадзяюся, што сёлета гэты рэкорд перавысім.

Дзякуючы высокай ураджайнасці доследных культур павысілася рэнтабельнасць іх вытворчасці. Вядома, каб атрымаць вялікі ўраджай, трэба закласці добрае насенне. Прычым гэта насенне сартоў раслін, цалкам прыдатных для канкрэтнай зоны, глебы, да кліматычных умоў. Існуе спецыяльны Дзяржаўны рэестр сартоў раслін і культур, у які заносяцца тыя з іх, якія паспяхова прайшлі адпаведныя выпрабаванні.

Рэалізацыя насення дае значныя фінансавыя паступленні на баланс станцыі і садзейнічае далейшаму пашырэнню вытворчай і навуковай дзейнасці. Агульная рэнтабельнасць у нас дасягнула амаль 30 працэнтаў. Асаблівы прыбытак атрымліваем ад рэалізацыі насення рапсу.

Акрамя сортавыпрабаванняў зай­маемся і жывёлагадоўляй. На ферме, якою загадвае Ала Сыракваш, тры сотні кормнікаў. Поспехамі не люблю хваліцца. Але прыемна было атрымаць з рук міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко Ганаровую грамату. Наш калектыў неаднойчы адзначаны і граматамі Вілейскага райвыканкама.

— Іван Якаўлевіч, якім павінен быць сучасны кіраўнік сельгас­прадпрыемства?

— Безумоўна, адукаваным, мець сваю думку і быць аб’ектыўным. Важная рыса для кіраўніка — цярплівасць. Без гэтага складана ладзіць з людзьмі. Кіраўнік павінен быць патрабавальным да сябе і падначаленых.

— Калі нешта з задуманага не атрымліваецца, як паступаеце?

— Імкнуся знайсці прычыну няўдачы. Шукаю варыянты, каб дасягнуць мэты. Баюся загадзя дзяліцца планамі, каб не сурочыць. Нездарма кажуць: калі хочаш пасмяшыць Бога — падзяліся задуманым. Калі настройваюся на выкананне сваіх ідэй, надоўга не адкладваю. Але глыбока ўсё абдумваю. І гэта дае неблагі вынік.

— Зараз працоўныя калектывы папаўняюць маладыя спецыялісты. Вашы пажаданні ім?

— Не дрэйфаваць перад цяжкасцямі. Апусціць рукі лягчэй за ўсё. Дабіцца поспеху без старання немагчыма. Кожны складаны момант вучыць, як далей крочыць па жыцці. Маладым спецыялістам з першых дзён трэба смялей уключацца ў вытворчы працэс, імкнуцца знайсці сябе ў калектыве. Любоў да абранай прафесіі адным даецца ад Бога, а іншым варта самім паклапаціцца, праявіць цікавасць. І не баяцца бачыць і гаварыць праўду.

— Якая пара года ваша любімая?

— Кожную вясну з асаблівым пачуццём чакаю выхаду першага трактара з культыватарам у поле. Рокат рухавіка і яркае сонца над абуджанай зямлёй зачароўваюць мяне. Нездарма кажуць: «Усё цудоўнае на зямлі — ад сонца, а добрае — ад кожнага з нас». І нават калі стаў кіраўніком, адчуваю сябе аграномам.

Дарэчы, годам пазней аграфак акадэміі закончыла мая жонка На­дзея. Яна працуе аграномам. Падрастаюць сыны Мацвей і Міхаіл. Кіраўніцтва Вілейскага раёна выдзеліла нам жыллё. Калі выдаецца вольны час, едзем да жонкіных бацькоў у крупскі аграгарадок Бобр. Там сядзіба вялікая. На дзесяці сотках пасадзілі сад. Прыязджаю і не магу, каб чым не заняцца. Цесць і цёшча здзіўляюцца маёй энергіі і жаданню працаваць. У сялянскіх клопатах адчуваю асалоду для душы. Радуе і тое, што сямігадовы Мацвейка любіць дапамагаць мне. Сортавыпрабавальныя дзялянкі разам аглядаем. Імкнуся падтрымліваць яго цікавасць да поля, каб падхапіў нашу хлебаробскую справу.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter