Молодой директор вилейского УП «Первый Белорусский» за 2 года сделал хозяйство одним из лучших в районе

Дырэктар вілейскага УП «Першы Беларускі» Аляксандр Аўгусціновіч: «Людзям трэба ўмець дараваць»

Хлеб убраны, фуражом напоўненыя траншэі, на палях пасевы азімых. Механізатары вілейскага УП «Першы Беларускі» ўздымаюць зябліва, рыхтуюць плошчы да веснавой сяўбы.

Два гады таму гаспадарку ўзначаліў выпускнік Белдзяржсельгасакадэміі Аляксандр АЎГУСЦІНОВІЧ. Пачаў з аснашчэння сучаснай тэхнікай машынна-трактарнага парка і абнаўлення дойнага статка. За гады его кіраўніцтва калектывам значна вырасла валавая вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, павялічыліся заробкі працаўнікоў. 

У вёсцы на вачах ва ўсіх і праца, і асабістае жыццё кожнага селяніна. У вілейскім аграгарадку Людвінова, дзе амаль тысяча жыхароў, усе адзін аднаго добра ведаюць. Галоўную вуліцу, што пралягае ўздоўж рачной поймы, упрыгожваюць новыя катэджы, дыхтоўныя муры, драўляныя прасторныя дамы, у якіх жывуць працаўнікі гаспадаркі. Сярод сосен і клёнаў велічна ўзвышаецца белакаменны Дом культуры. Акружаюць яго сярэдняя школа, адміністрацыйны будынак гаспадаркі, сельвыканкам, магазіны. На супрацьлеглым баку паселішча, у міжрэччы Сервачы і Віліі, стаяць, нібыта казачныя, домікі пансіяната. Нават у асеннюю слоту на вуліцах аграгарадка светла і прывабна.

З дырэктарам УП «Першы Беларускі» Аляксандрам Аўгусціновічам на легкавіку няспешна едзем па асфальтаваных вуліцах і завулках цэнтральнай сядзібы. За акном праплываюць асеннія пейзажы. Слухаю ўспаміны маладога дырэктара. У дзіцячыя гады ён застаўся без бацькі. Адзінага сына выхоўвала маці Ірына Анатольеўна. Пасля заканчэння сярэдняй школы хлопец пачаў працаваць газаэлектразваршчыкам у людвіноўскай гаспадарцы, потым загадваў рамонтнай майстэрняй. Завочна скончыў факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі Белдзяржсельгасакадэміі і ўзначаліў інжынерную службу, а два гады таму — гаспадарку. 

— Калектыў не чужы для мяне, — падкрэслівае дырэктар УП «Першы Беларускі» Аляксандр Аўгусціновіч. — Не адзін год разам працавалі. У савецкія часы гаспадарка мела звераферму. Рэалізацыя пушніны давала прыбытак, дзякуючы чаму паспяхова развіваліся вытворчасць і сацыяльная сфера. Летась адзначылі васьмідзесяцігоддзе сельгаспрадпрыемства. 

Важна, каб працаўнікі мелі заробак. Калі сям’я забяспечана матэрыяльна, чалавек больш адданы справе. Дапамагаем апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі, выдзяляем кармы для хатняй жывёлы. Імкнемся разгрузіць людзей ад некаторых клопатаў, але па завядзёнцы варта мець хатнюю гаспадарку. Каб быць упэўненым у заўтрашнім дні. 

— Аляксандр Аляксандравіч, што для вас было самым складаным на пачатку дырэктарства? 

— Губляўся, з чаго пачынаць. Старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бягунец падтрымліваў словам і справай. Працуючы галоўным інжынерам, заўважаў страты кармоў з-за адсутнасці прэс-падборшчыка. Набыць агрэгат у лізінг дапамог тагачасны намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Макар. Дзякуючы новай машыне назапасілі фуражу па 46 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы.

— Каманду галоўных спецыялістаў не мянялі?

— Яны сваю справу добра ведаюць, працай умацоўваюць не толькі гаспадарку, але і сямейны бюджэт. Дзякуючы эфектыўнай вытворчасці ў нас за апошнія два гады значна выраслі заробкі. Усюды дысцыпліна. 

Раней механізатары выводзілі тэхніку ў поле ў шэсць гадзін раніцы, а завяршаўся працоўны дзень у прыцемках. Калегіяльна прынялі рашэнне даць людзям магчымасць раніцай управіцца па хатняй гаспадарцы. Цяпер працоўны дзень пачынаецца а палове восьмай. Расход паліва скараціўся амаль на 18 працэнтаў, і адпаведна знізіўся сабекошт прадукцыі. 

Раённае кіраўніцтва спачатку не падтрымала ідэю змены распарадку, але потым заўважыла эфектыўны вынік. Мы раней усіх у раёне справіліся з веснавымі палявымі работамі. Дапамагалі суседзям з гаспадарак «Алая зара» і «Сцешыцы» сеяць, а потым і нарыхтоўваць кармы. Нашы камбайнеры Станіслаў Жыгалаў, Сяргей Яўгель, малады вадзіцель Валянцін Тафейка і трактарыст-машыніст пагрузчыка Міхаіл Рахоўскі атрымалі дыпломы пераможцаў у аграгарадку Лыцавічы на раённых «Дажынках».

— Вашы адносіны з тымі, хто вамі кіруе, і падначаленымі розныя?

— Імкнуся трымацца элементарнага этыкету. Паважана адношуся і да сваіх кіраўнікоў, і да падначаленых. Так мяне выхоўвала маці. Інтэлігентнасць, пэўна, перадаецца ў спадчыну праз рысы характару. З маленства прывучалі дзяцей з павагай адносіцца да іншых. 

— Што для вас значыць быць багатым?

— Багацце мае шмат складальнікаў. Прачнуўся раніцай — вітай новы дзень. Твае родныя і сябры не хварэюць — гэта і ёсць бясцэннае багацце. Не ўсё вымяраецца грашыма. У наш час, калі на планеце ўладарыць пандэмія і людзі схільны да яе, найбольшае багацце — быць дужым.

— А вы жывяце розумам ці сэрцам?

— Пры ўсім жаданні не атрымліваецца жыць розумам. Сэрца часцей за ўсё дыктуе. Чалавек схільны да эмоцый. Гэта нармальная з’ява. Так, для адных восень — сум па звялай прыродзе, а для мяне гэта цудоўна-казачны час. Люблю, калі жоўтыя лісты кружаць у паветры. Больш суму надае пачатак жніва. У поле выходзяць збожжаўборачныя камбайны, а за імі трактары з плугамі. Сэрцам адчуваю тады расставанне з цёплым летам.

— Восень для хлебароба — час падвядзення вынікаў. Як склаўся другі год вашага кіраўніцтва гаспадаркай?

— Прыемна адзначыць, што амаль на тысячу тон больш, чым летась, засыпалі збажыны ў засекі. У жывёлагадоўлі выходзім на пяцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. У нас адбыўся пералом дзякуючы паспяхова праведзенай нарыхтоўцы кармоў. Раней не маглі дазволіць сабе стаць на монакорм. Пастаянна перад пашавым перыядам мяняўся рацыён буйной рагатай жывёлы, а змена яго адмоўна ўплывала на прадукцыйнасць. Пры наяўнасці паўтарагадовага запасу фуражу пераходзім на пастаянны рацыён. Каровы прывыкаюць да корму, няма скачка па прадукцыйнасці. За год дойны статак павялічыўся на паўсотні кароў. 

— А як з кадрамі жывёлаводаў і механізатараў?

— Калектыў слаба папаўняецца моладдзю. Выпускнікі сярэдняй школы імкнуцца ў горад. Праблема кадраў на вёсцы важная на дзяржаўным узроўні. Цяпер рэдка пачуеш па радыё ці ўбачыш на тэлеэкране чалавека працы. Мы ўзвялі спартсменаў у ранг герояў. Я не супраць усхвалення зорак спорту, але і даярка выконвае працу не менш важную, чым яны. Нядаўна давялося сустракацца са студэнтамі інжынернага факультэта Белдзяржсельгасакадэміі. На пытанне, кім бачаць сябе пасля атрымання дыплома інжынера, старшакурснікі не маглі адказаць.

У рэспубліцы спецыялістаў розных прафесій, акрамя дзяржаўных, рыхтуюць і прыватныя навучальныя ўстановы. Хутка кожны будзе мець дыплом аб вышэйшай адукацыі. А хто на фермах, палях будзе працаваць? Неабходна перагле­дзець матывацыю. Нічога непрыстойнага, калі механізатар заробіць больш кіраўніка. У нас чамусьці лічыцца, што такога не павінна быць.

Людзей варта адзначаць не толькі за высокія вытворчыя паказчыкі, але і за адносіны да працы. Напрыклад, і тую даярку, якая на самай сучаснай ферме дасягнула высокіх вытворчых паказчыкаў, і тую, што працуе на меней абсталяванай ферме і мае меншы вынік, але да працы ставіцца адказна. Не змяншаць заслугі перадавікоў. Калі старанне чалавека не заўважым, у яго знікне імкненне лепш працаваць. Кожны варты ўвагі за адданасць справе. Бачыць трэба не толькі вынікі, але і адносіны чалавека да сваіх абавязкаў. І не за кожны агрэх караць. Людзям трэба ўмець дараваць.

Мяне, як кіраўніка, хвалюе цэнаўтварэнне на сельгаспрадукцыю. Лічу, неабгрунтавана падскочыла цана на насенне рапсу. Раслінаводства — харчовая бяспека краіны і не болей. Калі пачнем рабіць бізнес і на вытворчасці хлеба, то заўтра яго не зможам купіць. Зараз мы са спецыялістамі падводзім вынікі, аналізуем работу, вышукваем рэзервы вытворчасці. Плануем і надалей развіваць жывёлагадоўлю.

— Многія кіраўнікі, з якімі сустракаюся ў час камандзіровак, настроены наладжваць сваю перапрацоўку сельгаспрадукцыі. Як вы да гэтага ставіцеся?

— У рэспубліцы ўдосталь перапрацоўчых прадпрыемстваў. Няма патрэбы распыляцца — лепш прыбытак накіроўваць на далейшае развіццё вытворчасці і сацыяльнай сферы. За свае сродкі абнаўляем машынна-трактарны парк. Па лізінгу набылі кормаўборачны і збожжаўборачны камбайны, некалькі энерганасычаных трактароў, сучасныя сеялкі, прычэпы, цялежку для перавозкі рулонаў.

Частку фінансавых паступленняў ад рэалізацыі прадукцыі накіроўваем на жыллёвае будаўніцтва. У нас паўтары сотні працаўнікоў, якія жывуць у пятнаццаці населеных пунктах. Цэнтральную сядзібу — аграгарадок Людвінова — упрыгожваюць паўтара дзясятка катэджаў. Плануем пабудаваць яшчэ чатыры. Усе спецыялісты, жывёлаводы і механізатары забяспечаны камфортным жыллём. Людвінова адным з першых у раёне атрымала статус аграгарадка. Тут жыве і мая сям’я. Жонка Святлана Васільеўна — галоўны ветурач гаспадаркі, завяршае завочную вучобу ў Белдзяржсельгасакадэміі. Упраўляемся разам па хатняй гаспадарцы. Вясною купілі паўсотні бройлераў. Раніцай я іх кармлю, а днём пасля вяртання са школы дапамагае дачка Карына. Праца прыносіць радасць. Для маёй сям’і родным стала Людвінова. Ужо трынаццаты год тут жывём.

— Ці бываюць моманты, калі незадаволены сабою?

— Заўжды сабою незадаволены. Шукаю прычыну ў сабе, пытаюся: чаму не атрымліваецца даіць па 6000 кілаграмаў малака ад каровы? Што зрабіў, каб дасягнуць мэты? І так ва ўсім, пачынаю з сябе. 

— Аляксандр Аляксандравiч, вы раслі без бацькі. Выбралі свой жыццёвы шлях. Не шкадуеце?

— У народзе кажуць: ніколі не шкадуй пра ўчыненае. Былое не вернеш, а заўтра можа не наступіць. Трэба жыць тым, што маеш…

— Дзякуй за цiкавыя думкi i наогул за размову.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter