В 22 года возглавил толочинское хозяйство выпускник Белгосельхозакадемии Илья Боровец и третий год успешно руководит коллективом

Дырэктар талачынскага ААТ «Слаўнае» Ілля Баравец: «Аддаю перавагу загадзя прадуманай рызыцы»

Кажуць, дзе прайшло дзяцінства, там зямны рай. Дырэктар талачынскага ААТ «Слаўнае» Ілля БАРАВЕЦ з цеплынёй узгадвае, як бабуля Валянціна Пятроўна раніцай паіла яго сырадоем. Дзядуля Рыгор Міхайлавіч узначальваў інжынерную службу гаспадаркі і часта браў дапытлівага ўнука з сабой на калгасны мехдвор ці на поле, дзе працавала тэхніка. Запомнілася, як са старэйшым братам Паўлам засвойвалі сялянскія заняткі: пасвілі кароў, вучыліся касіць, за плугам хадзіць, сякеру ў руках трымаць.


Невялікая талачынская вёска Харлінцы летам звінела дзіцячымі галасамі. За шчасце было пералапачваць збожжа на зернетаку ці зграбаць сена на лузе. Успаміны пра далёкае дзяцінства скатваюцца ў цёплы сонечны камяк і жывуць на дне душы. Падлетка заварожвала, як няспынным патокам з бункера камбайна зерне запаўняла кузаў грузавіка. Захапіла яго праца на зямлі. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на аграфак Белдзяржсельгасакадэміі. Першую вытворчую практыку праходзіў у галоўнага агранома талачынскай гаспадаркі «Камсамольская праўда» Галіны Котавай. З дыпломам вярнуўся ў гэту гаспадарку памочнікам агранома. Потым кіраваў агранамічнай службай.  У 22 гады ўзначаліў талачынскае ААТ «Слаўнае».

Сельгаспрадпрыемствам больш як тры дзесяцігоддзі да выхаду на пенсію кіраваў мудры Міхаіл Піліпавіч Снапкоў. Калектыў па многіх вытворчых паказчыках стабільна трымаўся ў раённых лідарах. З былой каманды засталіся кіраўнік бухгалтарскай службы Людміла Яўгель, галоўны аграном Валерый Пасюцін, галоўны ветурач Вольга Халецкая, загадчыцы жывёлагадоўчых ферм Таццяна Цімакова і Алена Юшчанка. Інжынерную службу ўзначаліў выпускнік Белдзяржсельгасакадэміі Уладзіслаў Рукаль. Перад пачаткам веснавых палявых работ атрад механізатараў папоўніў выхаванец Коханаўскага дзяржпрафтэхліцэя Аляксей Драбышэўскі. Пасля заканчэння Смальянскага дзяржагракаледжа атрымала накіраванне ў гаспадарку Марыя Грамыка. Пераддыпломную вытворчую практыку праходзяць навучэнкі Лужаснянскага дзяржагракаледжа Вольга Чучкова і Аліна Пруткова. Дырэктар сельгаспрадпрыемства спадзяецца, што дзяўчаты вернуцца сюды на працу.

– У аграгарадку Слаўнае капітальна рамантуем дамы, каб было дзе пасяліць маладых спецыялістаў, — адзначае дырэктар ААТ «Слаўнае» Ілля Баравец. — Далі аб’яву ў раённую газету, што патрэбны жывёлаводы і механізатары. Людзі тэлефануюць, цікавяцца ўмовамі працы і пражывання. На балансе гаспадаркі дзясятак тыпавых катэджаў. Жывуць у іх сем’і працаўнікоў.

На палях і фермах у нас занята звыш 70 чалавек. Сельгасугоддзі мяжуюць з Мінскай і Магілёўскай абласцямі. Цэнтральную сядзібу — аграгарадок Слаўнае перасякае чыгунка. Побач пралягае міжнародная аўтамагістраль. У апошнія гады чамусьці мала моладзі застаецца тут. Зменшылася колькасць вучняў — закрылі сярэднюю школу. Дзяцей на заняткі возяць аўтобусам у аграгарадок Славені, а некаторыя ездзяць на вучобу ў Талачын, Круглае.

— Не стрымала вас гэта, калі прымалі рашэнне стаць дырэктарам?

— ААТ «Слаўнае» — кампактнае сельгаспрадпрыемства, якое аб’ядноўвае чатыры вёскі. Некалькі малочна-таварных ферм і невялікі машынна-трактарны парк. Вось і вырашыў у свае 22 гады пачаць дырэктарства з такой невялікай гаспадаркі. З першых дзён кожнаму працаўніку даў шанс зарэкамендаваць сябе. За тры гады кіраўніцтва заўважаю: чым больш спасцігаю вытворчы працэс, тым цікавей працаваць. Пераконваюся: самыя нязначныя дробязі ўплываюць на вынік. Поспех сам па сабе не прыходзіць. Сёлета настроены палепшыць вытворчыя паказчыкі.

Мінулай восенню на абласных «Дажынках» гаспадарку разам са мною прадстаўлялі загадчык рамонтнай майстэрні Міхаіл Шытаў, які ўбіраў збажыну на гомельскім камбайне, і механізатар Дзмітрый Кулік. Атрымалі граматы, каштоўныя падарункі. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў за старанне нашых працаўнікоў перадаў МТЗ-82. Ад «Ідэя Банка» ў якасці спонсарскай дапамогі атрымалі кормараздатчык.

Зараз на палях тэхніка максімальна загружана работай. Завяршылі сяўбу аўса, зернебабовых. Механізатараў забяспечваем гарачым харчаваннем. Абеды гатуе ў сталовай малады кухар Данута Скапачова. На 30 гектарах пасеем грэчку. Яе насенне пастаўлена цэнтралізавана. Трэці год запар уводзім у севазварот новыя культуры. З паўсотні гектараў пачыналі вырошчваць свірэпіцу. Сёлета плошчы пад ёй пашыраны ў тры разы. Удвайне павялічыўся клін азімага рапсу.

— Што цэніце ў хлебаробе?

— Цярпенне і настойлівасць. Сапраўдны хлебароб той, хто пры любых кліматычных умовах дасягае поспеху. У нашым раёне ёсць на каго раўняцца. Залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю беларускага сялянства імёны талачынскіх хлебаробаў Герояў Сацыялістычнай Працы Лідзіі Андрэевай і Лідзіі Сіроткінай. З усёй рэспублікі да іх ехалі пераймаць вопыт гаспадарання на зямлі.

— Неаднойчы даводзілася сустракацца з гэтымі мудрымі сялянкамі, пісаць пра іх. У бацькоўскім доме, што ў цэнтры Талачына, 88-ю вясну сустрэла Лідзія Андрэеўна Навумава. Для многіх гаспадарка, якой яна шмат гадоў паспяхова кіравала, была маяком…

— Пра гэтых і іншых слынных зямлякоў шмат мне расказваў дзядуля Рыгор Міхайлавіч Хрэнкоў. Працаваў ён галоўным інжынерам у суседнім калгасе. З бабуляй Валянцінай Пятроўнай трымалі гаспадарку. Дзядуля меў моцны мужчынскі характар. Да апошніх дзён жыцця не шкадаваў сябе ў працы. Яго таксама землякі ўзгадваюць добрым словам. І гэта мне, унуку, грэе душу.

— У адносінах да падначаленых вы ліберал ці ў добрым сэнсе слова дыктатар?

— Тут варта ўсебакова разглядаць. Як дырэктару даводзіцца даваць загады, і трэба, каб яны выконваліся. Прыслухоўваюся да старэйшых, хто мае вопыт працы на зямлі. З першых дзён дырэктарства падтрымліваюць старшыня райвыканкама Алег Лындзін і начальнік райсельгасхарча Мікалай Сцежкін.

— За тры гады дырэктарства, пэўна, вызначылі асноўныя напрамкі вытворчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства?

— Яна дакладна акрэслена. Раённым кіраўніцтвам прынята рашэнне аб’яднаць калектыў з суседнімі ААТ «Зорнае» і «Друць» у адно сельгаспрадпрыемства. Гэта дасць новы імпульс развіццю. Перавага надаецца жывёлагадоўлі. У нашай гаспадарцы рэалізацыя малака і ялавічыны дае большую частку фінансавых паступленняў. Летась сваімі сіламі пабудавалі два цялятнікі-прафілакторыі на паўсотню месцаў кожны, памяшканне на сотню галоў маладняка. У суседняй вёсцы Зарэчча выкупілі ў Талачынскага райаграсэрвіса жывёлагадоўчую ферму на 200 галоў. Уладкавалі яе для вырошчвання кормнікаў. Калі ўзначаліў калектыў, быў адзін гурт кароў. Цяпер тры дойныя статкі і па гурце цялушак і кормнікаў.

Але не толькі працай у гаспадарцы заняты вяскоўцы. Наваколле Слаўнага багата на даніну лесу. У сезон тутэйшыя масава збіраюць ягады, грыбы. Здаюць іх нарыхтоўшчыкам і добра зарабляюць. Восенню жыхары аграгарадка штодзённа нарыхтоўваюць звыш тоны журавін. У мураваным будынку сярэдняй школы можна наладзіць глыбокую замарозку дароў прыроды. З’явяцца новыя працоўныя месцы для моладзі.

— Ці ўсё задуманае здзяйсняецца?

— На жаль не заўжды. Асабліва непакоіць марудны рост надояў. На раённых нарадах мяне часцей выхоўваюць, падказваюць, як дзейнічаць у складаных сітуацыях. Чую ад раённых кіраўнікоў і добрыя словы. За тры гады майго дырэктарства тройчы наведваўся да нас старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, гутарыў са спецыялістамі, жывёлаводамі і механізатарамі.

— Ілля Віктаравіч, кіраўнічы корпус у сельгаспрадпрыемствах пастаянна абнаўляецца выпускнікамі навучальных уста-ноў. Вашы пажаданні ім?

— Не адчайвацца, калі не адразу нешта атрымаецца. Усе мы ў асноўным вучымся на сваіх памылках. І ў мяне такое бывае. Гэта застаўляе да рызыкоўных момантаў больш глыбока рыхтавацца. Летась рызыкнуў і раней за ўсіх пасеяў кукурузу. Дзякуючы гэтаму назапасілі для грамадскага статка ўдосталь сенажу. І зараз у нас усё гатова да сяўбы кукурузы.

Асобна выкажуся пра пад-рыхтоўку спецыялістаў АПК у навучальных установах. Безумоўна, важна тэарэтычная база. Але неабходна пашырыць практычныя заняткі, каб выпускнікі больш глыбока засвойвалі азы прафесіі.

— Вам сёлета спаўняецца 25. Маладыя гады — маладыя жаданні і мары.

— У мяне іх як жалудоў на дубе ў спрыяльны год. Кожны дзень прыносіць новыя задумы. Пераважна яны звязаны з працай. З асабістага жыцця — згуляць вяселле. Яно не за гарамі. Згоду ад нявесты атрымаў. Многія мае сябры ўжо маюць сем’і. Падтрымліваю сувязь з аднакласнікамі і аднакурснікамі. Ладзім сустрэчы. Не забываю тэлефанаваць выкладчыкам сель-гасакадэміі. Раюся з імі па гаспадарчых справах. Нашы пясчаныя землі па ўрадлівасці не дасягаюць 30 балаў. Разам з навукоўцамі перагледзелі севазвароты, каб зябяспечыць грамадскі статак уласнымі кармамі. Летась на кожную з 1300 галоў буйной рагатай жывёлы назапасілі па 27 цэнтнераў кормаадзінак. За мінулы год на 100 тон вырасла валавая вытворчасць малака. Малочна-таварныя фермы укамплектоўваем прадукцыйнымі дойнымі каровамі.

— Што для вас значыць шчасце?

— Шчасце — як сонечныя промні: можа ўмомант з’явіцца і імгненна знікнуць. Яго адчуваеш тады, калі твае родныя і блізкія здаровыя, сям’я цябе чакае дома, ты запатрабаваны ў грамадстве. Напэўна, з гадамі прыйдзе мудрасць цаніць кожны такі дзень.

— Ці верыце ў лёс?

— Лепш яго не выпрабоўваць. Пасля вучобы ў сельгасакадэміі толькі пачаў засвойваць практычныя азы аграноміі, кіраўніцтва раёна мяне заўважыла. Пэўна, лёсам было мне наканавана стаць кіраўніком сельгаспрадпрыемства.

— У маладога дырэктара выпадае вольны час?

— Зімою, калі менш спраў, люблю гуляць з сябрамі ў валейбол у спартыўнай зале. А з вясны да восені штодня хапае клопатаў. Яны мне ў радасць. Люблю на золку праехаць палявой дарогай, палюбавацца радкамі ўсходаў, зазірнуць на росны луг, пабываць на ранішняй дойцы кароў. Такія вандроўкі прыдаюць настрою на ўвесь дзень. Шчаслівы ад таго, што знайшоў сябе ў жыцці. Іншага мне не трэба.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter