Директор столинского КСУП «Пригоринский-2012» видит перспективу развития в дальнейшем развитии животноводства

Дырэктар столінскага КСУП «Прыгарынскі-2012» Алег Германовіч: «Так мяне выхавалі бацькі і школа: крочыць заўсёды наперад»

Характар чалавека — паняцце шматграннае. Яго не выкажаш адным словам. Але ўсё ж ёсць выключэнні. Нетыповая для большасці маладых асоб памяркоўнасць заўважаная ў характары дырэктара столінскага КСУП «Прыгарынскі-2012» Алега ГЕРМАНОВІЧА. Статны шыракаплечы ў элегантным касцюме, ён з першага моманту выклікаў уражанне педантычнага кабінетнага чыноўніка. Але потым паступова раскрываліся грані характара сапраўднага хлебароба. Сярод паўтара дзясятка кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў гэтага самага вялікага па колькасці сельскага насельніцтва раёна рэспублікі ён з атрада маладых. У апошнія гады на Століншчыне заўважна абнаўляецца старшынёўскі корпус. Перш чым трапіць у гэту абойму, прэтэндэнты праходзяць праз дасканалы адбор. Кандыдатуры іх грунтоўна абмяркоўваюцца кіраўніцтвам раёна. 

Алег Германовіч пасля заканчэння Пінскага дзяржаўнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа пачынаў працоўную дзейнасць тэхнікам-механікам у столінскім СВК «Беражное». Быў майстрам вытворчага навучання ў вясковай школе. Кіраваў інжынернай службай КСУП «Манькавічы» і завочна вучыўся ў Белдзяржсельгасакадэміі. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі працаваў вядучым спецыялістам у Столінскім райсельгасхарчы. Другі год самастойна кіруе сельгаспрадпрыемствам, утвораным на базе двух эканамічна аслабленых гаспадарак у міжрэччы Прыпяці і Гарыні.

— Аб’яднаную гаспадарку ўзначаліў на пачатку лета, — узгадвае дырэктар КСУП «Прыгарынскі-2012» Алег Германовіч. — Трэба было пачынаць касіць травы, а ўсе тры корманарыхтоўчыя камбайны стаялі на прыколе. Не было каму іх рамантаваць. Элементарна дэталь трэба прыварыць, а няма каму. Ад механізатараў даведаўся, што электразваршчык з-за нізкіх заробкаў звольніўся. Адшукаў яго і пераканаў вярнуцца ў калектыў. Аператыўна адрамантавалі корманарыхтоўчыя агрэгаты і пачалі касавіцу. За першы год дырэктарства заклалі ў траншэі амаль 13 тысяч тон сіласу. Летась на кожную з трох тысяч галоў буйной рагатай жывёлы назапасілі па 37 кармаадзінак. Наша гаспадарка адзіная ў раёне не мае ні аднаго жывёлагадоўчага комплексу. Статак утрымліваецца ў памяшканнях, пабудаваных дзесяцігоддзі таму. Штодзённа рэалізуем для перапрацоўкі на Столінскі філіял ААТ «Савушкін прадукт» звыш 11 тон малака. 

На фермах навялі парадак. Заатэхнічная служба, якую ўзначальвае выпускніца Пінскага дзяржагракаледжа Наталля Васечка, распрацавала рацыёны кармлення для кожнай групы жывёлы. Дарэчы, Наталля Мікалаеўна завочна атрымлівае вышэйшую заатэхнічную адукацыю ў Беларус­кай дзяржветакадэміі. 

За мінулыя два гады прырост малака на кожную дойную карову перавысіў паўтары тоны. Павялічыліся паступленні ад рэалізацыі прадукцыі ферм. Павышаюцца і заробкі працаўнікоў. Дарэчы, для палешукоў не самую галоўную ролю адыгрывае заробак. Важныя адносіны да чалавека. У перапынку паміж працай, калі абедалі на палявым стане, размаўляў з сялянамі.Ад іх і даведаўся, з-за чаго некаторыя пакінулі гаспадарку. Многіх пераканаў вярнуцца ў калектыў. Цяпер у нас няма праблем з кадрамі механізатараў і жывёлаводаў. 

— У раёне большасць сельгаспрадпрыемстваў даво­лі паспяховыя. Вы ж маглі адмовіцца ад кіраўніцтва праблемнай гаспадаркай?

— Запомніліся словы дзядулі: добра там, дзе нас няма. У трыццаць гадоў, калі прымаў кіраванне, самы час крочыць толькі ўперад. Так мяне выхавалі бацькі і школа. З маленства прывучаны да сялянскай працы. Мне зладзілі касу напалову меншую за звычайную. Хутка асвоіў яе. Дзядуля быў шыракаплечы і высокі, крокі яго шырокія. Дзесяцігадовым падлеткам у пакосе ледзьве паспяваў за ім. Ад дзядулі і пераняў не палохацца цяжкасцей і ніколі не спыняцца на дасягнутым. 

Пасля двух гадоў дырэктарства прыйшоў да высновы: пачынаючаму кіраўніку сельгаспрадпрыемства трэба самастойна прайсці ўвесь хлебаробскі цыкл: ад сяўбы да ўборкі ўраджаю. Толькі на другі год прызвычаіўся планаваць так працоўны дзень, каб не было накладак. Разабраўся з кадрамі. Адчуў, хто на што здольны. Адзін адразу ўсё спасцігае, а другога трэба настройваць. Да кожнага ў калектыве імкнуся адносіцца з павагай. На пачатку ўсе былі здзіўлены, чаму не павышаю голас. Лічу: калі чалавек крычыць, то выплёсквае эмоцыі. Крыкам нічога не даб’ешся. У наш электронны час можна стаць героем на YouTube-канале. Тэлефоны ёсць у кожнага. Умомант з’явіцца такі ролік з тваім удзелам. Свае эмоцыі імкнуся стрымліваць. Калі каго варта паставіць на месца, базар не ўстройваю. Гутару з чалавекам асобна. Людзі гэта цэняць. 

Памятаю, як у час сяўбы, калі кожная хвіліна на вагу золата, загадаў, каб механізатары ў ня­дзелю выйшлі ў поле. Некаторыя праігнаравалі мой заклік. На заўтра раніцай сабраліся на нарад, і тым, хто не выйшаў, паведаміў, што іх няма чым заняць. Спачатку пакрыўджаныя абурыліся, а потым задумаліся: заробку не бу­дзе. Такое больш не паўтараецца. Пастаянна вучуся ўменню зносін з людзьмі. Парушальнікаў працоўнай дысцыпліны не спяшаюся прылюдна ганіць. Метады кіравання людзьмі пераймаў у былога свайго кіраўніка Аляксея Васільевіча Мікуліча, які больш за тры дзесяцігоддзі ўзначальвае КСУП «Манькавічы».

— Ці ўсё задуманае атрым­ліваецца здзяйсняць?

— Як ні дзіўна, амаль што ўсё. Дзеля гэтага актыўна займаюся самаадукацыяй. Для мяне невядомай была заатэхнія. Пералапаціў шмат спецыяльнай літаратуры. Вывучаў практычныя артыкулы ў часопісах. Стаў аналізаваць: чаму здаём малако толькі першым гатункам? Высветліў, што ў прадукце павышаны ўзровень саматычных клетак. Дакапаўся, з-за чаго яны там факусуюцца. Глыбей акунуўся ў тэхналогію і знайшоў адказ — на якасць малака ўплываюць многія фактары: ад рацыёну кармлення да адносін даярак да сваіх абавязкаў. У тэхналагічным працэсе на ферме важна самая дробная дэталь. 

— Ці патрэбна кіраўніку ведаць гэтыя тонкасці? Ёсць жа спецыялісты.

— Пры вопытных кадрах, мо, яно і так. Але бывае, калі галоўны спецыяліст не спраўляецца з абавязкамі і замену яму шукаць складана. Таму не лішнім самаму паглыбляць веды. На нашых старэнькіх фермах немагчыма атрымліваць прадукт класам экстра. Таму ў планах узвядзенне малочна-таварнага комплексу з сучасным тэхналагічным абсталяваннем. У нас дастаткова зямель для вырошчвання кармавых культур. Дзеля гэтага і плануецца аб’яднанне гаспадаркі з эканамічна моцным ААТ «Новая Прыпяць». 

— Алег Алегавіч, сучасны кіраўнік сельгаспрадпрыемства — гэта… 

— …акрамя таго, што ён аграрны спецыяліст, павінен быць яшчэ і тэхнолагам, менеджэрам, псіхолагам, — усё ў адным. Кожны вытворчы калектыў асаблівы. Кіраўнік сучаснага сельгаспрадпрыемства — фігура шматгранная. 

— Якой бачыцца перспектыва развіцця аб’яднанай гаспадаркі?

— Дзякуючы новаму жывёлага­доўчаму комплексу з’явяцца працоўныя месцы для вяскоўцаў. У нашым густанаселеным раёне гэта вельмі важна. Сучаснае тэхналагічнае абсталяванне забяспечыць выхад высакаякаснага прадукту. Зможам дыктаваць умовы перапрацоўшчыкам. Атрыманыя за рэалізацыю малака сродкі паспрыяюць далейшаму развіццю сельгаспрадпрыемства і сацыяльнай сферы.

— Вы толькі пачынаеце кар’еру кіраўніка. Калі складваецца сітуацыя, што трэба ісці на рызыку, як паступаеце?

— Непрадуманых рашэнняў імкнуся не прымаць. Сельгасугоддзі гаспадаркі раскінуліся ў міжрэччы. Летась гэты некрануты масіў у паўтары сотні гектараў перааралі, засеялі кукурузай і выйгралі. Усяго гэта культура займае 800 гектараў. Красавіцкія халады стрымлівалі тэмпы палявых работ. Але да майскіх святаў сяўбу кукурузы завяршылі.

— На чужых памылках вучыцеся ці на сваіх?

— Лепш засвойваюцца свае няўдачы. Усё трэба паспрабаваць. У наш час, калі моладзь масава рвецца ў гарады, асноўны касцяк працаўнікоў — старэйшае пакаленне. Самая галоўная задача — падрыхтаваць ім замену. Некалі ў нашай Беражноўскай сярэдняй школе па тры паралельных класа вучыліся. А зараз толькі па аднаму. Хвалююся, хто будзе працаваць на нашых землях? Тэхнікай чалавека не заменіш. Выпускнікі школ імкнуцца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, хто больш слабы ў вучобе, паступаюць у каледжы і ліцэі. А хто застанецца даіць кароў, хлеб вырошчваць? Гэта праблема дзяржаўнай значнасці. 

На днях з галоўнымі спецы­ялістамі сустракаліся старша­класнікі ў Харомскай сярэдняй школе, якая на тэрыторыі гаспадаркі. Нас здзівіла: вучні амаль нічога не ведаюць пра хлебаробныя прафесіі. У такія юныя гады мы круцілі гайкі на тэхніцы, у жніво працавалі на калгасных палях, збожжатаках. Разам з атэстатам сталасці нам выдавалі пасведчанні трактарыстаў-машы­ністаў. Мы мелі магчымасць адразу самастойна працаваць. 

Пасля той сустрэчы ў школе вырашылі арганізаваць экскурсію навучэнцаў у рамонтныя майстэрні, на ферму. Раптам у кагосьці з выпускнікоў з’явіцца жаданне працаваць на зямлі. На экранах тэлевізараў якія толькі прафесіі не прапагандуюцца, а пра тых, хто працуе на зямлі ці ферме, мала расказваецца. 

— А што вас падштурхнула да выбару прафесіі?

— Мой дзядуля па лініі маці Іван Дзямідавіч Васечка — калгасны трактарыст. Другі дзядуля працаваў паляводам. Наш калгас імя Леніна ў савецкія часы быў мільянерам. Узначальваў яго мудры старшыня Яўхім Сагановіч. Славілася гаспадарка высокімі ўраджаямі сельга­культур і самым вялікім у той час на Брэстчыне садам. Раслі ў ім розных гатункаў яблыні, грушы, слівы, вішні, абрыкосы, алыча, маліна, смародзіна, парэчкі. І зараз ён пладаносіць. Большасць садавіны перапрацоўваецца на мясцовым вінзаводзе, які дастаўся ў спадчыну ад дваранскага роду Алешаў, нашчадак якога рускі пісьменнік Юрый Алеша. У акружэнні векавых дубоў і грабаў узвышаецца двухпавярховы мураваны палац. З дзяцінства знаёмы гэты ўнікальны куточак. Не раз з сябрамі бывалі там. І навакольныя палі добра ведаю. Гэта любоў да родных мясцін выхоўвалася гадамі. Таму выбар прафесіі рабіў асэнсавана. Пачынаючы са старэйшых класаў і ў час вучобы ў каледжы на летніх канікулах працаваў памочнікам камбайнера. За жніво вывучыў кожны вінцік зернеўборачнай «Нівы». Камбайнер Уладзімір Гарбар давяраў мне стырно агрэгата. Пачуцці краналі маё юнае сэрца. Калі вёў магутную машыну па збожжавай ніве, быццам ляцеў у касмічным караблі. 

— Ці верыце ў лёс?

— Як не верыць, калі жыццё даказвае, што ўсё па волі лёсу. Мая жонка выкладала юрыдычныя дысцыпліны ў Столінскім дзяржагракаледжы. Як потым высветлілася, мы жылі побач, але адзін аднаго не ведалі. Яна перайшла працаваць юрыстам у гаспадарку, там мы і пазнаёміліся, а потым і пажаніліся. Напэўна, было наканавана сустрэцца і застацца разам на ўсё жыццё. Удзячны за гэта лёсу. У нас падрастаюць сын і дачка. Ёсць любімая праца. Пэўна, гэта і ёсць сапраўднае шчасце.

Столінскі раён.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter