Второй год успешно руководит смолевичским РСУП “Петровичи” выпускник Белгосполитехакадемии Дмитрий Кищук

Дырэктар смалявіцкага РСУП «Пятровічы» Дзмітрый Кішчук: «Важна адчуць тое, што сэрца грэе»

Утворанае на базе дзвюх суседніх гаспадарак смалявіцкае РСУП «Пятровічы» два гады таму ўзначаліў выпускнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Дзмітрый КІШЧУК. Дырэктарства ён пачаў з аналізу эканамічных паказчыкаў вытворчай дзейнасці калектыву і вызначэння перспектыў далейшага развіцця. Малады кіраўнік стаўку зрабіў на малочную галіну. Менавіта яна дае пераважную частку фінансавых паступленняў у казну гаспадаркі. З больш як 1700 галоў буйной рагатай жывёлы трэцяя частка — каровы. Утрымліваецца дойны статак на мадэрнізаваным малочна-таварным комплексе «Драчкава» і малочна-таварнай ферме «Грыва». Прымяненне інтэнсіўных тэхналогій забяспечыла эканамічнае выкарыстанне кармоў і высокую прадукцыйнасць працы жывёлаводаў. За мінулыя два гады сярэднегадавы надой ад каровы вырас да 6400 кілаграмаў. Штодзённа на Смалявіцкі малаказавод рэалізуецца для перапрацоўкі звыш 11 тон прадукту.


У севазвароце акцэнт на збожжавых і кармавых культурах. Гэта дазволіла поўнасцю забяспечыць грамадскі статак уласнымі кармамі. На ўмоўную галаву жывёлы назапашана звыш 15 цэнтнераў кармавых адзінак. Значна папоўніць фуражны запас кукурузны сілас. Новы кормаўборачны камбайн выйшаў на кукурузную плантацыю.

Сельгасугоддзі РСУП «Пятровічы» падступаюць да нацыянальнага аэрапорта. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — аграгарадок Драчкава — амаль аднолькава аддалена ад Смалявіч і Мінска. Зрання да вечара курсіруюць маршруткі. Штораніцы драчкаўцы едуць на працу ў сталіцу, райцэнтр ці аэрапорт. А са Смалявіч аўтобус сельгаспрадпрыемства дастаўляе механізатараў. Калі даведаўся пра заробкі ў калектыве, мяне здзівіла, што не хапае жывёлаводаў. На палях і фермах гаспадаркі занята каля 90 працуючых. Сярэднямесячны заробак перавышае 1500 рублёў. Удвая больш атрымліваюць механізатары ў час асноўных сельгаскампаній. Не на кожным прадпрыемстве зарабляюць такія грошы.

– Каб заахвоціць моладзь, ствараем больш спрыяльныя ўмовы працы, — разважае дырэктар РСУП «Пятровічы» Дзмітрый Кішчук. — Набываем сучасную тэхніку, мадэрнізуем жывёлагадоўчыя памяшканні. На фермах працуюць два кормараздатчыкі. Ручной працы амаль няма. У лізінг набылі зернеўборачны і корманарыхтоўчы камбайны гомельскай вытворчасці, энерганасычаны МТЗ-3522, прычапныя агрэгаты, абнавілі парк аўтамашын.

Калектыў механізатараў папаўняюць выпускнікі Смалявіцкага дзяржагратэхліцэя. Мінулым летам прынялі на працу шасцярых. Старанныя юнакі, добра тэхніку ведаюць. Пасля асенніх палявых работ яны збіраюцца на службу ў армію. Скончыўшы вышэйшыя навучальныя ўстановы, Аляксандр Халадзінскі другі год займае пасаду інжынера па працаёмкіх працэсах, а Антон Ялінскі — інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка. Яго жонка Настасся — бухгалтар. Для іх адрамантавалі жылы дом. З Украіны прыехала да нас сям’я Томах. Паліна Васільеўна працуе бухгалтарам, а Сяргей Сяргеевіч — памочнікам брыгадзіра МТФ «Грыва».

— Дзмітрый Мікалаевіч, адкуль бярэ пачатак ваша дырэктарства?

— Напэўна, з вясковага дзяцінства. Вырас у сялянскай сям’і. Бабуля Рэгіна Фамінічна і маці Ірына Іванаўна — жывёлаводы. Бацька Мікалай Аляксандравіч — вадзіцель на торфабрыкетным заводзе «Усяж». Наша вёска Емяльянава суседнічае з аграгарадком Усяж, што паміж Смалявічамі і Лагойскам. Пасля заканчэння дзевяці класаў па накіраванні смалявіцкага калгаса «Пліскі» паступіў вучыцца на механіка ў Мар’інагорскі сельгастэхнікум імя Уладзіміра Лабанка. Калі мне выдавалі дыплом, навучальная ўстанова атрымала статус каледжа. Выкладалі вопытныя педагогі. Шмат увагі надавалася практычным заняткам. Добра засвоіў матэрыяльную частку сельгасмашын. Вытворчую практыку праходзіў у сельгаспрадпрыемстве «Смалявіцкі». Пасля атрымання дыплома тэхніка-механіка туды вярнуўся працаваць. Пачынаў вадзіцелем. Потым гаспадарка ўвайшла ў Смалявіцкі райаграсэрвіс.

Побач з нашай вёскай здымачная пляцоўка «Беларусьфільма». Там заўсёды ажыўлена. У эпізадычных сцэнах здымаўся і мой дзядуля Іван са сваім конікам.

— А вам даводзілася прымаць удзел у кіназдымках?

— Разам з сябрамі лёталі ў масавых сцэнах, але ніколі не бачыў сябе ў кіно. А стрыечнай сястры ўдалося трапіць на кінаэкран. Напэўна, не маё гэта. Ніколі не думаў, што стану кіраўніком сельгаспрадпрыемства. Усё атрымалася па волі лёсу. Калі працаваў у райаграсэрвісе, скончыў завочна Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. У эканамічным аддзеле нашай арганізацыі з’явілася дзяўчына Вераніка. Упадабалася яна мне. Сустракаліся, а потым і пажаніліся. Мая жонка і зараз там працуе. Нам выдзелілі кватэру ў прыгараднай вёсцы Крывая Бяроза. Сын Даніла падрастае. Пачалі будаваць уласны дом. Для мяне нечаканай была прапанова ўзначаліць РСУП «Пятровічы». Не збіраўся мяняць пасаду галоўнага інжынера райаграсэрвісу.

— Трэці год кіруеце калектывам. Чаго больш: поспехаў ці расчаравання?

— Па натуры аптыміст. Лічу, што гэта вельмі важна для кіраўніка. І калектыў настройваю на поспех. Інакш чаго за справу брацца? З першых дзён дырэктарства трэба было думаць, як разлічыцца з даўгамі. Выручыла жывёлагадоўля. Два гады таму сутачныя надоі не перавышалі 13 кілаграмаў, а зараз амаль 20. Рэнтабельнасць вытворчасці малака ўзнялася да 35 працэнтаў. Атрыманыя за рэалізаваны прадукт сродкі выкарыстоўваем на развіццё гаспадаркі, рост заробкаў.

Адчуваю, прырос да вёскі. І не спадзяваўся, што столькі вопыту набуду за кароткі час. Калі працаваў у райаграсэрвісе, думаў, што ўсё дасканала ведаю. А тут сутыкнуўся з рознымі аспектамі сельгасвытворчасці. Самастойна пачаў засвойваць азы аграноміі, заатэхніі і не спыняю самаадукацыю. Выручаюць і веды, атрыманыя ў агракаледжы. На практычных занятках нам паказвалі, як правільна сеяць сельгаскультуры, якімі павінны быць разваротныя палосы. У аўдыторыі самастойна складалі севазвароты, вучыліся распрацоўваць рацыёны жывёлы. А якія цудоўныя былі выкладчыкі па тэхнічных дысцыплінах! Прагрэс не стаіць на месцы. Цяпер на палях працуюць камп’ютарызаваныя агрэгаты. Наш машынна-трактарны парк значна абнавіўся. Механізатары паспяхова справіліся з уборкай збожжавых. Трэба сеяць азімыя, але ўзніклі складанасці з набыццём мінеральных угнаенняў. Стаім у чарзе на Гомельскім хімічным заводзе. Месяц назад заплацілі наперад за фосфарныя, а толькі пасля 10 верасня іх нам адпусцяць.

Важная справа і нарыхтоўка кармоў. Штораніцы да нарады выязджаю на сенажаці і аглядаю іх, каб прыняць правільнае рашэнне, дзе і што ўбіраць. Хвалюе, што з-за летняй засухі недабралі амаль тысячу тон збожжа. Спадзяёмся атрымаць 8000 тон зялёнай масы кукурузы на сілас. Тады на зімоўку гарантавана забяспечым пагалоўе фуражом. Рэканструявалі жывёлагадоўчыя памяшканні, на паўтары сотні галоў павялічыўся грамадскі статак.

Не адразу ўсё атрымлівалася, як хацелася. Прыглядаўся, знаёміўся з вынікамі гаспадарчай дзейнасці за мінулыя гады. Разам з галоўнымі спецыялістамі вызначалі прыярытэты.

— Непадалёку ад вашай гаспадаркі доследныя палі селекцыянераў НПЦ НАН Беларусі па земляробстве. Якія кантакты з вучонымі?

— У нас моцная сувязь з навукоўцамі. На пачатку лета яны прыязджалі на нашы палі і давалі парады па прымяненні рэгулятараў росту сельгаскультур. У ААТ «Шыпяны» пастаянна закупляем элітнае насенне збожжавых беларускай селекцыі. Раслінаводства працуе на забеспячэнне грамадскага статка кармамі. Частку ўраджаю прадаём. Выканалі дзяржзаказ па продажы збожжавых і насення рапсу. Збажыну перамолваем на сваім млыне. На мехдвары «Драчкава» ўсталявалі спецыяльны агрэгат, які набылі на Барысаўскім заводзе агрэгатаў, і самастойна рыхтуем камбікорм. Змешваем яго з сіласам і развозім па жывёлагадоўчых фермах. Так эканомім.

— А ці стае сродкаў на ўкараненне навінак у вытворчы працэс?

— Імкнёмся крочыць у нагу з часам. Дбаем і пра ўрадлівасць зямлі. У нас не надта высокая натуральная ўрадлівасць сельгасугоддзяў. Значную ўвагу надаём запраўцы палёў арганікай і тукамі.

Паспяховай рабоце садзейнічае наш моцны касцяк галоўных спецыялістаў. Эканамічную службу ўзначальвае Ларыса Панамарэнка. Галоўны аграном Уладзімір Басан мае багаты вопыт кіравання: у былыя гады ўзначальваў РСУП «Пятровічы». Інжынернай службай кіруе Мікалай Сіманенка. Год таму прыступіла да абавязкаў галоўнага заатэхніка Алена Дуброўская.

— Калі нешта з задуманага не атрымліваецца, з кім крыўдай дзеліцеся?

— З самымі блізкімі людзьмі: бацькамі і жонкай. Па вытворчых справах раюся з галоўнымі спецыялістамі. Люблю пагутарыць з людзьмі на ферме, машынным двары. Выслухваю іх, калі неабходна, асобна гутару з тымі, хто ў чым-небудзь правініўся. З-за вуха караць людзей не спяшаюся. На першым часе, калі не хапала вопыту, пакараю чалавека, а потым перажываю, мо надта сурова абышоўся.

— А што значаць для вас прыгажосць і любоў?

— Калі на душы светла, навокал бачыш больш прыгожага. Наша жыццё напоўнена рознымі момантамі. Важна ўмець адчуць тое, што сэрца грэе. Якое шчасце пасля працоўнага дня вяртацца дамоў, дзе цябе чакаюць! Сямейны тыл падтрымлівае маральна, і хочацца яшчэ лепш працаваць. Летам у вёсцы клопатаў хапае, але ў такі час і энергіі больш для працы. Восень прынесла часцінку суму: глядзіш на прыбраныя нівы, і шчымліва на душы. Больш люблю пачатак вясны, калі ўсё абуджаецца ў прыродзе.

— Ад якой рысы характару вы хацелі б пазбавіцца?

— Мо не пазбавіцца, а паменшыць дабрыню. Надта веру людзям. Зараз рыхтуемся да раённых «Дажынак», якія запланаваны на 10 верасня ў пасёлку Усяж. Вызначалі дэлегатаў ад калектыву. З галоўнымі спецыялістамі абмяркоўвалі кожную кандыдатуру. Спыніліся на адным механізатары. Ён летам у выхадны дзень, які быў аб’яўлены працоўным, не сеў за руль трактара. Як тут быць? Чалавек ён старанны, і я прапанаваў яго ўключыць у склад дэлегацыі. Мяне папракнулі за мяккасць.

— І што вырашылі?

— Спрачаліся, і мяне пераканалі, што парадак для ўсіх павінен быць аднолькавы. На жніве ў нас працавала шэсць уборачных экіпажаў. На рахунку кожнага больш тысячы тон збожжа. Лепшы вынік у камбайнера Франака Сяліцкага. На КЗС-1218 ён намалаціў звыш 1300 тон зерня.

— Дзмітрый Мікалаевіч, што вы больш за ўсё цэніце ў чалавеку?

— Шчырасць. Люблю, калі ў вочы гавораць хаця і горкую, але праўду. Я не злапамятны, аднак не дарую падман. І свайго сына з маленства вучу жыць сумленна.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter