Дырэктар сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Каралі» Глыбоцкага раёна Аляксей Абрамчык: «Сэрцам адчуваю ў калектыве патрэбы кожнага»

У аграпрамысловым комплексе Віцебшчыны створаны магутныя інтэграцыйныя структуры. У адну з іх, Глыбоцкае аграпрамысловае аб’яднанне, уваходзіць шэсць гаспадарак, у тым ліку і сельскагаспадарчага ўнітарнае прадпрыемства «Каралі». Другі год яго ўзначальвае выпускнік Беларускай дзяржветакадэміі Аляксей Абрамчык. 

Пасля далучэння ў мінулым годзе суседняй гаспадаркі «Стрынадкі» плошча сельгасугоддзяў каля 5000 гектараў, з якіх палова — ворыўныя землі. Збожжавы клін у аб’яднаным сельгаспрадпрыемстве павялічыўся ў 2,5 разы і перавысіў 1500 гектараў. Значнае месца ў севазвароце адведзена і кармавым культурам. Гэта гарантуе забеспячэнне грамадскага статка ўласнымі кармамі. Амаль на тысячу кілаграмаў павялічыўся сёлета надой малака ад каровы. Жывёлаводы настроены перасягнуць пяцітысячны рубеж. Штодзённа на Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат рэалізуецца звыш 10 тон малака і амаль усё сортам экстра. Малочная галіна стала прарыўной для эканомікі, а прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі — самым важкім артыкулам у бюджэце гаспадаркі. 

Цэнтральную частку аграгарадка ўпрыгожвае дзясятак новых катэджаў. Праз вуліцу ад іх за высокімі дрэвамі мільгануў школьны будынак. Аляксей Гардзеевіч шкадуе, што за год да яго дырэктарства сярэднюю школу закрылі. Яна была адзіная на ўсю гаспадарку. Паўсотні вучняў займалася тут. Зручна было ўсім: школьнікам, настаўнікам, бацькам. Зараз аўтобус штораніцы двума рэйсамі дастаўляе навучэнцаў на заняткі за 10 кіламетраў у райцэнтр. 

Маладому кіраўніку Аляксею Абрамчыку ўпэўненасці надае працавітасць калектыву. Маштабы вытворчасці пашырыліся пасля далучэння суседняга сельгаспрадпрыемства «Стрынадкі». Па асноўных эканамічных паказчыках унітарнае прадпрыемства ўступае ў раёне толькі гаспадарцы «Мнюта». Пра гэта сведчаць шматлікія граматы, якімі адзначаны працоўныя поспехі калектыву. 

— Аляксей Гардзеевіч, якой прынялі гаспадарку?

— Сярод 16 сельгаспрадпрыемстваў раёна УП «Каралі» стабільна трымалася ў сярэдзіне. Практычнага вопыту кіраўніка ў мяне не было. Пасля заканчэння ветэрынарнага факультэта Беларускай дзяржветакадэміі вярнуўся дамоў у Шаркаўшчынскі раён з нявестай Кацярынай. Ёй заставалася яшчэ год вучыцца ў Лужаснянскім дзяржсельгаскаледжы. Пасля вяселля Кацярына паехала заканчваць вучобу, а я прыступіў да абавязкаў ветурача ў шаркаўшчынскай гаспадарцы «Гарадзец». За тры гады шмат карыснага пераняў у мудрага кіраўніка Аляксандра Квяткоўскага. 

Амаль дзевяць гадоў працаваў інспектарам у Глыбоцкай раённай службе па ахове жывёльнага і расліннага свету. Атрымаў прапанову паспрабаваць сябе ў ролі дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Каралі». Амаль год выконваў абавязкі: прыглядаўся да людзей, знаёміўся з вытворчасцю. У той час гадавы надой малака ад каровы ў гаспадарцы перавышаў 4000 кілаграмаў. Ура­джайнасць збожжавых трымалася на ўзроўні 25 цэнтнераў з гектара. 

Дырэктарам мяне прызначылі на пачатку мінулага года. Набліжалася вясна. Трэба было рыхтавацца да выхаду ў поле. Асноўная дзейнасць гаспадаркі — вытворчасць малака і ялавічыны. Разумеў, што для поспеху неабходна ствараць трывалую кармавую базу. Закупілі два новыя прычэпы для транспарціроўкі зялёнай масы. Ад Глыбоцкага аграпрамысловага аб’яднання атрымалі новы збожжаўборачны камбайн лідскай вытворчасці. Знізілася нагрузка на ўборачныя агрэгаты. На мясцовых глеістых землях добра родзіць жыта беларускай селекцыі. На круг выходзіць звыш 30 цэнтнераў.

Палі ў нас у асноўным дробнаконтурныя. За дзяржаўныя сродкі ў будучым годзе зоймемся землеўпарадкаваннем. Плануем дадаткова атрымаць да 500 гектараў ворыва.

З першых дзён майго кіраўніцтва з галоўнымі спецыялістамі агледзелі жывёлагадоўчыя фермы, прааналізавалі вытворчую дзейнасць іх, выявілі невыкарыстаныя рэзервы. Распрацавалі план павышэнння прадукцыйнасці жывёлы. За мінулыя два гады грамадскі статак павялічылі амаль на тысячу галоў, з іх дзвесце — дойныя каровы. Падрыхтавалі памяшканні і паставілі там на адкорм некалькі соцен маладняку. Кормнікаў рэалізуем на Глыбоцкі мясакамбінат. За атрыманыя за малако і ялавічыну сродкі набываем паліва, запасныя часткі для сельгасмашын і агрэгатаў, без затрымак разлічваемся з працаўнікамі. Сярэднемесячны заробак набліжаецца да 800 рублёў. 

— А як пабудаваны ваш працоўны дзень?

— Зараз звычайна а палове шостай гадзіны новы дзень сустракаю на адной з жывёлагадоўчых ферм. У восем гадзін у дыспетчарскай пачынаем планёрку. А пасля заканчэння яе вырашаю неадкладныя справы: набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак, мінеральных удабрэнняў і іншых сродкаў для вытворчай дзейнасці. Перад заканчэннем працоўнага дня аб’язджаю вытворчыя ўчасткі гаспадаркі, каб пераканацца, што зроблена. Дамоў вяртаюся позна, калі дочкі Таццяна і Вікторыя салодка спяць. Бачуся з імі рэдка. У асноўным хатнія клопаты на жонцы. 

— Пэўна, зімовы перыяд менш напружаны ў вас?

— Спраў круглы год хапае. Зараз важна не знізіць надоі на фермах, не спыняць тэмпаў на рамонце сельгастэхнікі. Дзякуючы падтрымцы Глыбоцкага аграпрамысловага аб’яднання, у якое ўваходзім, жывёлагадоўчыя фермы па-сучаснаму абсталяваны. На малочна-таварным комплексе «Абруб» кароў доіць робат. На ўсталяванне яго пяць гадоў таму бралі пазыку ў банку. Пагашэнне адкладзена на 10 гадоў. За такой сучаснай тэхнікай будучае жывёлагадоўлі. У нас, як і ў іншых гаспадарках раёна, адчувальны недахоп кадраў жывёлаводаў і механізатараў. Спецыялісты падлічылі, што выкарыстанне робата пры нізкай загрузцы, а ў нас ён доіць 120 кароў, неэфектыўнае. Плануем павялічваць дойны статак на гэтай ферме.

Імкнемся больш эфектыўна выкарыстоўваць кожны кілаграм фуражу. У нас створаны паўтарагадовы запас кармоў. Запрашаем вучоных з Беларускай дзяржветакадэміі для распрацоўкі збалансаваных рацыёнаў. Канцэнтраты для жывёлы закупляем на Глыбоцкім камбікормавым заводзе.

— Зараз у многіх гаспадарках наладжана ўласная вытворчасць камбікармоў. А вы не плануеце гэтым заняцца?

— Пасля будаўніцтва збожжасховішча настроены самастойна вырабляць камбікармы. З гэтай мэтай пашырылі плошчы пад азімы рапс, каб выкарыстоўваць жмых у рацыёне як бялковую дабаўку. Раімся з генеральным дырэктарам Глыбоцкага аграпрамысловага аб’яднання Васілём Чарэднікам і старшынёю райвыканкама Аляксандрам Шубскім. 

— Вам штодня даводзіцца як дырэктару прымаць розныя рашэнні. Для вас гэта складана?

— Пры вырашэнні неадкладных пытанняў імкнуся адначасова ўключаць сэрца і мозг. Ра­зумею: ад майго рашэння залежаць лёсы людзей, іх сем’яў. Стрымліваю сябе, каб не падмануцца. Настройваюся больш дыпламатычна паводзіць з калектывам. А калі трэба каго пакараць, рашэнне не адразу прымаю. Выклікаю чалавека, гутару з ім. Гэта апраўдвае сябе. Вось такі прыклад: у бацькоў, якія захапляліся выпіўкай, органы апекі збіраліся дзяцей забраць у інтэрнат. З бацькамі пагутарыў і ўзяў іх на парукі. Двое дзяцей засталіся ў сваёй сям’і. Не пакідаю іх без увагі. Спадзяюся, што ўсё ў гэтай сям’і наладзіцца.

— Ваша галоўнае правіла як кіраўніка?

— Трымаць парадак і дысцыпліну. Калі пастаўлена задача, яна павінна быць выканана. Падначаленыя ведаюць, што двойчы не загадваю. Больш атрымліваецца карыстацца добрым словам, чым караць людзей. Лічу, што ў самай складанай сітуацыі не варта апускаць рукі.

— Кажуць, што матэрыяльнае даецца чалавеку, каб выжыць, а духоўнае — каб жыць. А як вы лічыце?

— Без матэрыяльнага ніяк. Але для мяне духоўнае на першым плане. Важна ў цяжкі момант падтрымаць чалавека, сказаць яму патрэбныя словы. Знайсці сябе ў жыцці — вялікае шчасце. Калі здараецца бяда, то нішто так не дапаможа, як добрае слова, сардэчная падтрымка. Суцяшальнае скажаш — і чалавеку лягчэй. У калектыве ведаю кожнага з 140 працуючых. Адчуваю сэрцам, хто чаго варты. Кожны патрабуе ўвагі да сябе. Да аднаго звяртаюся па імені і імені па бацьку, а іншага дастаткова імем назваць. Імкнуся душою ўвайсці ў стан таго, каму неабходна падтрымка. У мой кабінет дзверы заўжды адчынены. Лічу: калі дапаможаш чалавеку, ён адгукнецца. Да мяне вяскоўцы звяртаюцца з рознымі пытаннямі: завезці хворага ў бальніцу, кагосьці забраць з радзімага дома, каму ўзараць агарод. На тое я і кіраўнік, каб адчуваць людскія патрэбы. Часта гутару з вяскоўцамі і радуюся, што для іх духоўнае вышэй за ўсё. 

— Аляксей Гардзеевіч, вы малады дырэктар. Якой бачыцца будучае гаспадаркі?

— Задумкі маштабныя. Настроены завяршыць рэканструкцыю малочна-таварнай фермы «Абруб» на 600 галоў буйной рагатай жывёлы. У раслінаводстве плануем давесці ўраджайнасць збожжавых да 50 цэнтнераў з гектара. Дзеля гэтага палі павінны атрымаць адпаведную запраўку арганічнымі і мінеральнымі ўдабрэннямі. Спадзяюся, што пасля правядзення культурна-тэхнічных работ нашы землі будзе апрацоўваць энерганасычаная тэхніка. Плануем далей развіваць вытворчую і сацыяльную сферы, каб працаўнікам жылося прыгожа і заможна.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter