Жыццёвы прынцып Яўгена Бажко — крочыць толькі наперад

Дырэктар сельгаспрадпрыемства «Свіцязь» УП «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі» Яўген Бажко: «Людзі адчулі, што на зямлі можна добра зарабляць»

Вопыт — своеасаблівы ўнутраны навігатар, які дае дакладныя загады: рабі так, і не памылішся. Першы вопыт кіравання калектывам выпускнік Баранавіцкага дзяржуніверсітэта Яўген БАЖКО атрымаў у навагрудскай гаспадарцы «Уселюб». У час сяўбы азімых малады спецыяліст узначаліў інжынерную службу гаспадаркі. Пачатак працоўнай дзейнасці стаў карыснай жыццёвай школай для Яўгена Сяргеевіча. Раённае кіраўніцтва прыкмеціла яго руплівасць і старанне. Паступіла прапанова ўзначаліць гаспадарку. У 27 гадоў Яўген Сяргеевіч стаў дырэктарам сельгаспрадпрыемства «Свіцязь» УП «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі». Асаблівымі поспехамі калектыў не славіўся. Машынна-трактарны двор больш нагадваў звалку жалеза. І на жывёлагадоўчых фермах панаваў беспарадак. Не хапала кармоў для грамадскага статка. Сутачны надой ад каровы не перавышаў 11 кілаграмаў. Вакантнымі заставаліся пасады амаль усіх галоўных спецыялістаў.

З першых дзён лета ў гаспадарцы актывізавалі корманарыхтоўку для грамадскага статка. З 2800 галоў буйной рагатай жывёлы звыш 1130 — каровы. Летась на ўмоўную галаву назапашана па 37 цэнтнераў кормаадзінак. Дойныя гурты выпасаюцца на акультураных пашах побач з фермамі. Валавая вытворчасць малака за тры гады вырасла на паўтары тысячы тон. Гадавы надой ад каровы наблізіўся да 5400 кілаграмаў. Амаль 80 працэнтаў прадукту рэалізуецца класам экстра для перапрацоўкі на Навагрудскі масларобны завод. Значна ўзнялася рэнтабельнасць вытворчасці малака. Звыш 70 працэнтаў фінансавых паступленняў на баланс гаспадаркі дае рэалізацыя яго.


— З першых дзён дырэктарства ўзяўся за аналіз спраў на фермах гаспадаркі, — адзначыў Яўген Бажко. — Настольнай кнігай для мяне стаў падручнік па вядзенні жывёлагадоўлі. З паглыбленнем у вывучэнне матэрыялу ўзмацняецца жаданне больш ведаць. Вядома, што малако ў каровы на языку. У гаспадарцы не было грошай на набыццё камбікорма для жывёлы. Як толькі ўвялі яго ў рацыён, адразу павысіліся надоі. Углублёна пачалі займацца селекцыяй. Нізкапрадукцыйных кароў выбракоўваем. Дойны статак абнаўляем маладняком. Аб’ёмы вытворчасці малака атрымліваем дзякуючы росту прадукцыйнасці жывёлы. Ад рэалізацыі прадукту павялічылася грашовая выручка.

І ў раслінаводстве за мінулыя тры гады заўважны станоўчыя зрухі. У сціслыя тэрміны праводзім пасяўныя і ўборачныя кампаніі. Збожжавы клін перавышае 2200 гектараў. Вясною з-за пашкоджання гніллю давялося перасяваць амаль паўтары сотні гектараў азімых. 700 гектараў займае кукуруза. Вырошчваем рапс, цукровыя буракі. Пачалася масавая касавіца траў. Нарыхтоўваем сена і закладваем сенаж. Уласнымі сіламі пабудавалі дзве траншэі ёмістасцю па 2500 тон зялёнай масы на жывёлагадоўчых фермах «Радагошча» і «Чаромушкі». Летась за свае сродкі пабудавалі памяшканне для сухастойных кароў з беспрывязным выгульным утрыманнем і прафілакторый для цялят.

Падмуркі кароўніка і прафілакторыя закладзены на пагорку за вёскай Радагошча, куды пад’ехалі на легкавіку з дырэктарам Яўгенам Бажко. Побач з будоўляй стаялі два магутныя трактары. Рабочыя падсілкоўваліся абедам. Гатуюць яго ў сталоўцы санаторыя Беларускай чыгункі. І механізатары, занятыя на палявых работах і нарыхтоўцы кармоў, таксама забяспечваюцца два разы на дзень гарачым харчаваннем. З пагорка далёка праглядаліся жывапісныя пейзажы наваколля. Яўген Сяргеевіч падзяліўся ідэяй — стварыць зону адпачынку і арэндаваць для гасцей. Угоддзі гаспадаркі раскінуліся паміж Баранавічамі і Навагрудкам. Рукой падаць ад цэнтральнай сядзібы аграгарадка Валёўка да легендарнага возера Свіцязь. У навакольных вёсках гараджане выкупілі многія сялянскія сядзібы пад лецішчы. І зона адпачынку, пэўна, будзе запатрабаванай.

З крутабокага пагорка з’ехалі на палявую дарогу. Паабапал пышнай зелянінай красавалі палі і сенажаці. Праз нізіну нясе да бацькі-Нёмана крынічныя воды рачулка Неўда. Немаладых гадоў селянін, што пасвіў каля дарогі кароў, заўважыў дырэктарскі легкавік і з прывітальным паклонам прыўзняў з галавы кепку. У наш час рэдка такое ўбачыш.

Праз густы тунэль прыдарожных разгалістых дрэў выехалі на залітае жоўтым колерам рапсавае поле. Цішыню парушала гудзенне пчол. Падумалася, колькі мёду прынясуць яны з гэтай красуючай квеценню плантацыі. 200 гектараў займае рапс.

— Чакаем добрага ўраджаю рапсу, — выказаў спадзяванне дырэктар гаспадаркі. — Усё поле засеялі гібрыдным імпартным насеннем. Глебу заправілі па тэхналогіі. Вясною падкармілі пасевы, і цяпер люба глянуць на рапсавае поле. Будзе ўраджай — папоўніцца казна фінансамі. За свае сродкі абнаўляем машынна-трактарны парк, набываем усё неабходнае для вытворчага працэсу. Стабільна выходзім на фінансавую незалежнасць.

— Гаспадарка, якую ўзначальваеце, у двайным падпарадкаванні: інвестару і раённаму кіраўніцтву. Як гэта адбіваецца на дзейнасці калектыву?

— Двайная апека толькі на карысць. У складаны для гаспадаркі перыяд выручальнай была фінансавая падтрымка інвестара. Два дзесяцігоддзі сельгаспрадпрыемства ўваходзіць у структуру ўнітарнага прадпрыемства «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі». Каб далей упэўнена крочыць, неабходна згуртаваная каманда аднадумцаў. Некаторыя спецыялісты не вытрымалі маіх патрабаванняў і звольніліся. Іх замянілі новыя людзі.

— Дзе падбіралі замену кадраў?

— У навучальных установах. Апрануў парадны касцюм і адправіўся на размеркаванне выпускнікоў у Гродзенскі і Баранавіцкі дзяржуніверсітэты і ў Ваўкавыскі дзярж­агракаледж. Сустракаўся з выпускнікамі. Тых, хто прыехаў у нашу гаспадарку, забяспечылі жыллём, фінансава падтрымалі.

— А як з механізатарамі і жывё­лаводамі?

— На фермах ёсць каму працаваць. А з механізатарамі праблематычна. Машынна-трактарны парк абнавіўся, і ў асноўным энерганасычанай тэхнікай. Паўстала неабходнасць у высокапрафесійных спецыялістах. На пачатку дырэктарства некаторыя механізатары не вытрымалі маіх патрабаванняў і кінуліся ў суседнія гаспадаркі. Але там доўга не затрымаліся. Паступова вяртаюцца. Варта ўлічыць, што ад нашых вёсак недалёка да прамысловых прадпрыемстваў Баранавічаў і Навагрудка. Многія вяскоўцы там працуюць.

— Яўген Сяргеевіч, вам часцей даводзіцца хваліць падначаленых ці даваць заўвагі?

— На жаль, хваліць не часта даводзіцца. Большасць працаўнікоў у калектыве па ўзросту старэйшыя за мяне. Калі што не так, вымушаны настаўляць іх.

— Людзі вам душу адкрываюць?

— Пакуль не адчуваю гэтага. У асноўным да мяне звяртаюцца з просьбамі. Імкнуся ўважліва кожнага выслухаць. Чалавека варта ацэньваць як па справах, так і па імкненнях. Пры неабходнасці дапамагаю. Але калі чалавек падводзіць, то магу і адмовіць у дапамозе. З людзьмі працаваць складана і адказна. Вінаватага пакараеш, а потым думаеш: можа, дарма так зрабіў. Пасля кожнага такога выпадку мучаюся.

— Чацвёрты год кіруеце калектывам. Што зараз вас найбольш хвалюе?

— У гэтыя летнія дні турбуюся, каб на лузе спраўна працавала тэхніка. Кожны летні дзень непаўторны. А столькі трэба паспець зрабіць. Перажываю, што многія агрэгаты з выпрацаваным рэсурсам. Часта даводзіцца іх рамантаваць. Інжынернай службай кіруе малады выпускнік Белдзяржагратэхуніверсітэта Максім Зяневіч. Падключаю свае сувязі, каб хутка знайсці і даставіць неабходную запчастку.

— Якія рысы свайго характару лічыце галоўнымі?

— Кіраўнік павінен быць валявым, харызматычным. Гэтыя рысы ў сабе выхоўваю і гартую. Важна заслужыць павагу і гонар ад людзей. Гэта асноўнае багацце.

— Ад чаго хацелі б пазбавіцца?

— Не пазбавіцца, а дадаць. Хацеў бы знізіць градус сваіх эмоцый. Імкнуся быць больш стрыманым. У адносінах з людзьмі адчуваю недахоп жыццёвага вопыту. На пачатку дырэктарства часцей здараліся памылкі. Але як навучышся, калі не будзеш памыляцца? Толькі калі ўпадзеш, то зведаеш, як падняцца. Дадаць хацеў бы сабе ўпэўненасці і рашучасці.

— Вы адчулі сябе сапраўдным кіраўніком?

— Пакуль не магу станоўча адказаць. Кіраўнік павінен пасля сябе пакінуць грунтоўны задзел, які дазволіць аўтаномна далей развівацца. Гаспадарку прыняў без гэтага багажу. Хаця не такія дрэнныя былі справы. За тры гады дырэктарства ў калектыве ўдалося адчувальна змяніць адносіны да працы. Прыемна адзначыць: людзі адчулі, што на зямлі можна добра зарабляць. Гэта яшчэ раз пераконвае: вёска будзе жыць!

Навагрудскі раён

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter