Дырэктар пухавіцкага ААТ «Агра-Абярог» Пётр Казак: як з крыніцы рака, са старання кожнага пачынаецца поспех

Пасля заканчэння з адзнакай інжынернага факультэта сталічнага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі нашчадку сялянскага роду Пятру КАЗАКУ прапанавалі паступіць у аспірантуру. Маладому спецыялісту не цярпелася рэалізаваць на справе веды. Працоўную дзейнасць пачынаў загадчыкам гаража ў кіраўскім калгасе «Радзіма». Праз год кіраваў інжынернай службай у пухавіцкім «Рассвете». Пасля рэфармавання гаспадаркі ўзначаліў яе.  Больш як чвэрць стагоддзя кіруе ААТ «Агра-Абярог». З года ў год нарошчваюцца аб'ёмы выпуску сельгаспрадукцыі. За мінулы ад кожнай з 1400 кароў атрымана 7600 кілаграмаў малака. Штодзённа адпраўляецца на перапрацоўку 26 тон прадукту. Звыш 80 працэнтаў яго рэалізуецца гатункам экстра. Паспяхова развіваецца і раслінаводства. З кожнага з 2500 гектараў збожжавага кліна сабрана амаль па 45 цэнтнераў зерня. У засекі засыпана звыш 10 тысяч тон збажыны.

Новы імпульс развіццю сельгаспрадпрыемства надало далучэнне да вытворчай структуры Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.

За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Пётр Васільевіч адзначаны ганаровым званнем «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». Неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі і дыпломамі Мінсельгасхарча, Мінскага аблвыканкама, заносіўся на Дошку гонару Пухавіцкага раёна.


Імклівую Пціч нават студзеньскія маразы не скавалі льдамі. Рака перасякае сельгасугоддзі пухавіцкага ААТ «Агра-Абярог», несучы свае крынічныя воды да палескай Прыпяці. Цэнтральную сядзібу — аграгарадок Дудзічы з былымі цэнтрамі далучаных гас­падарак Наваполлем і Азярычына злучае асфальтаваная дарога. Кожную гадзіну па ёй курсіруюць сталічныя маршруткі. Вуліцы аграгарадка і іншых вёсак гаспадаркі забудаваны тыпавымі катэджамі ўперамежку з ладнымі дамамі. Жывуць у іх сем'і механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў. Пастаянна развіваецца і вытворчая сфера. Абнаўляюцца і будуюцца жывёлагадоўчыя памяшканні, добраўпарадкоўваюцца машынна-трактарныя двары, папаўняец­ца тэхнічны парк. У цэнтры Дудзіч за ўласныя сродкі акцыянернага таварыства і ахвяраванні прыхаджан узведзены праваслаўны храм Святой і Праведнай Ганны. Асвячалі яго з удзелам мітрапаліта Філарэта.

— Так сталася, што гаспадарка атрымала незвычайную назву «Агра-Абярог», — з гонарам падкрэсліў дырэктар Пётр Казак. — Падчас рэфармавання былога калгаса «Рассвет» у сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў складана было прыдумаць нешта новае. Абвясцілі конкурс на перайменаванне. Сярод розных варыянтаў спыніліся на «Абярогу». Адправілі дакументы на рэгістрацыю ў Мінсельгасхарч і атрымалі адказ, што гаспадарка з такой назвай ужо зарэгістравана. Прапанавалі нам назваць прадпрыемства «Агра-Абярог». Так і крочым па жыцці з абярогам у назве.

За гады дзейнасці да нас далучылі два суседнія калектывы і частку зямель яшчэ аднаго. Агульная плошча сельгасугоддзяў дасягнула 7200 гектараў. З іх амаль тысяча ў пойме Пцічы — параслі хмызамі і непрыгодныя для сельгаскарыстання. Тэхнікай туды не дабрацца, толькі ўручную можна касіць травы і коньмі вывозіць сена.

Кожная далучаная гаспадарка перадала і свае даўгі. Спатрэбіўся час на пагашэнне іх. Неадкладнай рэканструкцыі патрабавалі старыя жывёлагадоўчыя памяшканні. У той час на Міншчыне пачалася рэалізацыя праграмы па будаўніцтве на малочна-таварных фермах даільных блокаў. Многія нас крытыкавалі за тое, што захавалі прывязнае ўтрыманне жывёлы і лінейныя дойкі. Карыснае ў гэтым — кожная даярка адказвае за сваю групу кароў, ёсць з каго спытаць. Вера Іванаўна Хілько і Марына Пятроўна Воранава дояць па 100 нецеляў. Надойваюць столькі малака, як і ў суседнім кароўніку, дзе занята чатыры даяркі. Гэтыя працаўніцы вартыя асобнай павагі. У даільным памяшканні суха, чыста, парадак. Плануем перайсці на даільныя залы, магчыма, частку статка будуць абслугоўваць робаты. Як адзначаў Прэзідэнт: любая вытворчая мадэль мае права на жыццё, пакуль эфектыўна працуе. Лінейная дойка ў нас дзейнічала эфектыўна, навошта спешна яе мяняць? Калі паўстала праблема з кадрамі жывёлаводаў, сталі пераходзіць на больш дасканалыя метады даення. Увесь статак перавялі на беспрывязнае ўтрыманне. За мінулы год надой ад кожнай з 1400 кароў павялічыўся на 300 кілаграмаў. Утрымліваем на адкорме тысячу галоў маладняку. Сярэднясутачныя прывагі кормнікаў перавышаюць 700 грамаў.

— Як плануеце развіваць жывёла­гадоўлю?

— Будучае за канцэнтрацыяй вытворчасці. Захоўваем інфраструктуру ўсіх трох далучаных гаспадарак, каб людзі мелі працу. На малочна-таварным комплексе «Дудзічы», дзе ўтрымліваецца 2200 галоў жывёлы, плануем пабудаваць даільна-малочны блок. Там сканцэнтруем пераважную большасць пагалоўя, у тым ліку дойнага статка. Так спецыялістам лягчэй кіраваць вытворчым працэсам. Новы імпульс для дзейнасці надаў уваход у структуру Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Магутны сучасны тэхналагічны комплекс пабудаваны за тры гады.

— Пётр Васільевіч, вы амаль тры дзесяцігоддзі кіруеце калектывам. Які перыяд быў больш складаным?

— Калі пачынаў дырэктарства. Не ставала практычнага вопыту. Калектыў перыядычна павялічваўся. Гэта патрабавала ўвагі да навічкоў, перагляду штатнага раскладу. Кіраваць людзьмі дапамагае набыты гадамі вопыт. Лічу, што выпускнікі аграрных навучальных устаноў перад працай павінны адслужыць у арміі, загартавацца там, пасталець — потым лягчэй адаптавацца. У студэнцкія гады выпала жыць у інтэрнацкім пакоі з былымі армейцамі. Нас, учарашніх школьнікаў, строга прывучалі да парадку і адказнасці. Шмат карыснага пераняў ад іх.

— Безумоўна, на фарміра­ванне характару паўплывалі і родныя...

— На генетычным узроўні многае ад іх перадалося. Вырас у звычайнай палескай сям'і. Бацька Васіль Адамавіч у маладосці працаваў трактарыстам, а потым у лясгасе. Маці Марыя Пятроўна — паляводам. Родную вёску Хатынічы, што сямікіламетровай дугой выцягнулася на шляху з Ганцавіч да Лагішына, з усіх бакоў акружаюць лясы і балоты. Усёй сям'ёй збіралі журавіны, чарніцы, грыбы і здавалі нарыхтоўшчыкам. На падворку трымалі некалькі кароў, каня, свіней. Важнай справай было назапасіць для іх корму. Бацька з дзедам і старэйшым братам Мікалаем на балотных купінах касілі траву. Па калена, а то і па пояс тупалі з косамі па балоце. Сушылі на грудку. Кішэлі вужы, гадзюкі. Канём сцягвалі копы сена і драўлянымі шастамі стагавалі. Ад нашага падворка да сенажаці дзясятак кіламетраў. Нарыхтаванае сена вывозілі зімою. Мужчыны выходзілі «таптаць па снегу дарогу», каб коньмі можна было дабрацца ў балота. Дзед з маім бацькам тапталі шлях для палоззя, а старэйшы брат Мікалай — пасярэдзіне каню. Выступаючая з дрыгвы вада замярзала. Па такім панцыры вывозілі сена. Калі зіма выдавалася не вельмі марознай, выносілі яго ношамі. Нарыхтоўвалі корм і на лясных вырубках. Не толькі сваю жывёлу забяспечвалі, але і прадавалі частку сена. Здавалі малако ў калгас. Папаўнялі сямейны бюджэт. Купілі мінскі матацыкл, а потым бензапілу.

У вольны час бацька запрагаў коніка і сям'ёю адпраўляліся на хутар дзеда Пятра Шапялевіча, аддалены на 25 кіламетраў. Сядзібу акружалі высокія дубы, за імі рэчка Бобрык. Тут жыў і прадзед. У яго было пяць сыноў. Прадзед і яго сыны слылі адмысловымі цеслярамі. У іх былі залатыя рукі. Усё, за што браліся, выдатна атрымлівалася. У даваенны час нарыхтоўвалі лес і майстравалі зрубы. Па Бобрыку і Прыпяці сплаўлялі іх у Пінск на продаж. На старых вулачках старажытнага горада захаваліся іх дамы.

Дзед Пятро з болем у сэрцы ўзгадваў ваеннае ліхалецце. Да яго на хутар наведваліся партызаны за харчамі і адзеннем. Пра гэта даведаліся гітлераўцы. Наляцеў карны атрад. Дзядуля з сям'ёю кінуўся праз лес у глыбіню балота. Карнікі дашчэнту спалілі пабудовы. Абгарэлай засталася невялікая высцёбка. Пасля вызвалення мясцовасці ад акупантаў там тулілася сям'я. Дзед збудаваў прасторную хату ў вёсцы Хатынічы. Зараз у ёй жыве мая дзевяностагадовая маці. Зімою з жонкай Святланай Аляксандраўнай забіраем яе да сябе ў Дудзічы. На хутары засталіся толькі старыя здзічэлыя яблыні. Другі дзед, Адам Казак, у ваенны час змагаўся з ворагам у радах Чырвонай арміі. Пасля перамогі дамоў вярнуўся пакалечаным. Баявыя раны не далі яму доўга пажыць. Слаба памятаю яго. Аўдавелая бабуля Вулляна адна дажывала свой век…

Бывае, зашчыміць у сэрцы і лячу ў родныя Хатынічы, каб сустрэцца са сваякамі, сябрамі дзяцінства, пахадзіць па знаёмых сцежках-дарожках, пакланіцца магілам продкаў. Запомнілася сустрэча аднакласнікаў. Запрасілі і першую настаўніцу Таццяну Іванаўну. У свае 80 яна танчыла з намі. З цікавасцю слухала нашы расповеды, як у каго склалася жыццё.

— Канечне, вам было чым здзівіць сяброў і настаўнікаў.

— Са школьнага выпуску я адзіны стаў кіраўніком сельгас­прадпрыемства. Некаторыя за­ста­ліся працаваць на зямлі, а большасць знайшлі сябе ў іншых прафесіях. Ні разу не пашка­даваў, што выбраў такі жыццёвы шлях. Ганаруся калектывам, які стаў для мяне родным.
Летась усё, што планавалі ў гас­падарцы, выканалі: пабудавалі жывёлагадоўчыя памяшканні ў Дудзічах і Бахаровічах, абнавілі машынна-трактарны парк, узвялі васьмікватэрны жылы дом. Высокай ацэнкай дзейнасці ўсяго калектыву стала прысваенне мне ганаровага звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». Пры атрыманні нагруднага знака і пасведчання ў Палацы Незалежнасці запомніўся моцны поціск рукі Прэзідэнта і яго пажаданне новых працоўных здзяйсненняў.
Вялікія задумы на гэты год, які на дзяржаўным узроўні абвешчаны Годам міру і стварэння. Як з крыніцы пачынаецца рака, так і ад старання кожнага залежыць спакой у грамадстве і поспех развіцця краіны. За гады незалежнасці кардынальна палепшыліся ўмовы працы і жыцця вяскоўцаў. Ганаровай і запатрабаванай засталася праца на зямлі.

— Каб яна была эфектыўнай, неабходны прафесіяналы. Дзе іх бераце?

— Руплівыя гаспадары заўжды запатрабаваныя. Адчуваем недахоп вопытных механізатараў для працы на сучасных сельгасмашынах. Маладыя прыходзяць, але не ўсе затрымлі­ваюцца. Скар­дзяцца, што заробку не хапае. Пытаю: «А што дакладна ўмееце?» У адказ — маўчанне. Для мола­дзі аднаўляем і будуем жыллё. Летась адрамантавалі 15 кватэр. Ключы ад новых кватэр у вёсцы Наваполле хутка атрымаюць восем сем'яў. У Дудзічах, Наваполлі і Азярычына падтрымліваем інфраструктуру, каб людзям зручна было дабірацца на працу.

— З чаго пачынаеце ваш працоўны дзень?

— Як жаўрук, рана падымаюся. Раней пачынаў яго з наведвання дойкі. Цяпер такой неабходнасці няма. Галоўныя спецыялісты кантралююць вытворчы працэс. Імкнуся не замінаць ім, але руку трымаю на пульсе. На адной з ферм у пачатку студзеня знізіліся надоі малака, а на іншых усё ў парадку. Са спецыялістамі прааналізавалі сітуацыю, прынялі меры, і ўсё наладзілася.

— Падначаленыя вас паважаюць ці баяцца?

— Адчуваю іх павагу. Сам так да людзей адношуся. Імкнуся сябе стрымліваць у складаных сітуацыях, не павышаць голас. Наўздагад нічога не раблю. Загадзя спакойна прадумаю, паразважаю, калі неабходна, параюся з галоўнымі спецыялістамі. Прашу іх больш значныя моманты дэталёва патлумачыць. Толькі потым прымаю канчатковае рашэнне. Сваю думку магу і памяняць, калі пераканаюць мяне. Пры спрэчцы, бывае, уступаю.

— Гэта як у ваенных стратэгаў: бой можна прайграць дзеля таго, каб выйграць вайну.

— Кіраўнік, як прафесійны шахматыст, павінен прадбачыць некалькі хадоў наперад. Ад нашай гаспадаркі да сталіцы рукой падаць. Горад зманьвае сацыяльнымі спакусамі. Каб утрымаць людзей, дбаем пра ўмовы іх працы і жыцця. У нашым калектыве дзве сотні чалавек. У зімовы перыяд, калі менш напружання, можна штосьці зверх заплаціць людзям — у сезон яны адпрацуюць. Затое застануцца ў гаспадарцы. У час асноўных сельгаскампаній выручаюць наёмныя працаўнікі. Але ўсё ж асноўная стаўка на тутэйшых. Сярэднямесячны заробак перавышае 1600 рублёў. Каб трымаць такую планку, трэба выпускаць высакаякасную прадукцыю. Штомесячна ад продажу ялавічыны атрымліваем да 130 тысяч рублёў. Увогуле, асноўныя фінансавыя паступленні дае жывёлагадоўчая прадукцыя.

— Што найбольш балюча ўспры­маеце як кіраўнік калектыву?

— Калі несправядліва зневажаюць. Хаця крытыку ўспрымаю станоўча.

— Якой бачыце перспектыву гаспадаркі?
— Важна, што калектыў увайшоў у вытворчую структуру Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Сёлета пачнём у Дудзічах будаў­ніцтва МТК на 700 кароў. Гэта задзел на пяць гадоў. Загадзя дбаем аб забеспячэнні павялічанага па­галоўя жывёлы ўласнымі кар­мамі. Закупілі камплект касілак і іншай корманарыхтоўчай тэхні­кі. Агранамічная служба на чале з выпускніком Белдзярж­сельгасакадэміі Максімам Шабаном займаецца травамі, каб збалансаваць рацыён па бялку. Ставім задачу пасевы шматгадовых траў выкарыстоўваць не больш 2—3 гадоў.
Пасля гэтага тэрміну губляецца іх эфектыўнасць. Натуральная ўрадлівасць нашых зямель не перавышае 32 балы. Пасля нарошчвання пагалоўя буйной рагатай жывёлы і ўнясення арганікі на палі прыметна павысілася ўраджайнасць сельгаскультур. Летась у засекі засыпалі звыш 10 тысяч тон зерня.

— Амаль тры дзесяцігоддзі кіруеце калектывам. Калі адлучаецеся з гаспадаркі, ёсць каму вас замяніць?

— У нас склаўся моцны касцяк спецыялістаў. Траіх рыхтаваў на замену сабе. Маладыя баяцца гэтай пасады. Не вытрымліваюць напалу. Праца сучаснага кіраўніка сельгас­прадпрыемства адказная і складаная. Не кожнаму па сіле. Але яна ганаровая і важная.

— Пётр Васільевіч, што самае складанае ў вашай працы?

— Хуткацечнасць часу. Не паспяваеш азірнуцца, як пралятаюць дзень за днём. Столькі розных задум, і хочацца паспець іх здзейсніць. Як ніколі раней, хвалююся за мір на зямлі. З гэтай думкай пачынаю і заканчваю кожны свой працоўны дзень.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter