Дырэктар полацкага ААТ «Кушлікі»: «Ад бульбы заўсёды можна мець жывы рубель»

Дырэктар полацкага ААТ «Кушлікі» Фёдар Завацкi: «Ад бульбы заўсёды можна мець жывы рубель»

У Віцебскай вобласці ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна — адна з перадавых гаспадарак. Асабліва парадаваў хлебаробаў і жывёлаводаў мінулы год. Тут атрымалі на круг звыш 44 цэнтнераў зерневых і ўпершыню ў гісторыі акцыянернага таварыства засыпалі ў засекі звыш 5 тысяч тон збожжавых. Паказчык папярэдняга года перавышаны амаль у паўтара раза. Надаілі ад каровы 5561 кілаграм малака, плюс 404 кілаграмы. Гаспадарка — палігон для выпрабавання новых сартоў зерневых, кукурузы, для чаго наладжана цеснае супрацоўніцтва з Нацыянальнай акадэміяй навук.

Найбольш вядомыя «Кушлікі» ў краіне і за яе межамі бульбаводствам. Дзякуючы ініцыятыве дырэктара Фёдара Завацкага, насуперак неспрыяльным прагнозам, тут 10 гадоў назад сур’ёзна, на ўзроўні перадавых еўрапейскіх краін, заняліся гэтай культурай і дамагліся добрых вынікаў. Летась з 220 гектараў сабралі 7465 тон бульбы пры ўраджайнасці 336 цэнтнераў на круг, 122 працэнты да папярэдняга года. Адборнымі клубнямі гаспадаркі забяспечаны гарады вобласці — Полацк, Наваполацк і іншыя, звыш 70 працэнтаў ураджаю экспартавана ў суседнюю Украіну.



Сёлета ў сціслыя тэрміны праведзена пасяўная з разлікам атрымаць больш 400 цэнтнераў бульбы з гектара.

Дырэктар ААТ «Кушлікі» Фёдар ЗАВАЦКI адказаў на пытаннi карэспандэнта «СГ».

— Фёдар Фёдаравіч, з чаго ўсё пачыналася, ці памятаеце вы так званы бурт Завацкага?

— Чаму ж не? Ён мне нават калі-нікалі сніцца. У мяне да другога хлеба павага з дзяцінства. У вёсцы Леднікі, што на Глыбоччыне, адкуль я родам, з бульбы і самі жылі, і жывёлу ёю гадавалі. І там, і ў тутэйшай гаспадарцы, як, зрэшты, і ўсюды, захоўвалі яе дзедаўскім спосабам — у буртах. Да трэці яе псавалася. І вось гадоў дзесяць назад выйшаў дакумент, што такое становішча ненармальнае і бульбу трэба захоўваць у спецыяльных сховішчах. Кіраўнікі большасці гаспадарак далей ад бяды адмовіліся займацца клубнямі. Але кушлікоўцы не пабаяліся правяраючых і, наадварот, павялічылі плантацыі. Сабралі добры ўраджай, толькі заховаўваць бульбу давялося ў бурце. Крытыкавалі не раз за гэта. Толькі вясной, калі ў некаторых гаспадарках было пуста ў касе, гаручага няма за што было купіць, у нас рубель завёўся ў кішэні: мы пры «салярцы хадзілі», і тэхнікі тады набылі за «бульбяныя» грошы. Потым, пасля «бурта», мы збудавалі сховішча на тысячу тон, для чаго прыстасавалі памяшканне, дзе раней ляжала сена. Але, каб займацца клубнямі на высокім узроўні, нармальна гандляваць імі, паўстала пытанне аб сучасным бульбасховішчы.

— Якое і маеце цяпер…

— Так, на 4 тысячы тон, універсальнае, з секцыямі для захоўвання навалам і ў кантэйнерах харчовай і насеннай бульбы. Працэсам упраўляе камп’ютар па зададзенай праграме, улічваючы надвор’е на вуліцы: холадна — падаецца цяпло, цёпла — холад. Словам, стварае неабходны мікраклімат. Такім чынам да вясны бульба захоўваецца ў ідэальным стане, нібыта толькі з поля. Праўда, каб збудаваць такое бульбасховішча, давялося абмінуць нямала падводных камянёў. Дзякуючы нашаму Прэзідэнту нас уключылі ў дзяржаўную праграму па развіцці бульбаводства і агародніцтва. Аднак банкі краіны не спяшаліся, а па праўдзе кажучы, адмовілі ў крэдыце на будаўніцтва, бо сродкі патрабаваліся вялікія. І толькі Банк развіцця, які на той час узначальваў цяперашні Прэм’ер-міністр Сяргей Румас, аднёсся да нашай просьбы з разуменнем. Неабходныя грошы нам выдзелілі пад даволі нізкі працэнт. Пачалі ўзводзіць сховішча ў 2013 годзе і закончылі ў 2014-м. Дзяржаўная экспертыза дала яму высокую адзнаку, бо мы ўзялі самае лепшае з тэхналогіі ў суседзяў з Еўрасаюза.

— Каб запоўніць бульба­сховішча, трэба вырасціць адпаведны ўраджай…

— Летась мы накапалі амаль 7,5 тысячы тон клубняў. Сёлета плошчы зменшылі, але па вале разлічваем выйсці на такі ж узровень: плануем узяць з гектара больш 400 цэнтнераў бульбы на круг. Для гэтага па тэхналогіі правялі сёлетнюю пасяўную. Для пасадкі выкарысталі неблагія сарты беларускай селекцыі («маніфест», «уладар», «скарб») і нямецкія ўрадлівыя сарты («гала», «вега», «крона»). Напрыклад, тая ж «гала» дала летась 560 цэнтнераў на круг.

— Пару-тройку гадоў назад вы даволі шырока выкарыстоўвалі галандскія сарты. Той жа «рока» і іншыя.

— З Нідэрландаў сарты добрыя, але сёння патрэбна браць больш эфектыўныя. Прычым якія дыктуе рынак, бо не кожны сорт падыходзіць пад фасоўку, мыйку, для вытворчасці чыпсаў...

— Як з рэалізацыяй бульбы? Пры сустрэчах у мінулыя гады вы адзначалі плённую работу з расіянамі. У прыватнасці, адпраўлялі клубні ў Маскву, Ленінград, Яраслаўль, Мурманск…

— Становішча рэзка памянялася. Расія так «скаканула» са сваімі санкцыямі, што заваліла бульбай не толькі сябе, але і ўсё навокал. Пакуль што клубні туды не адпраўляем. Больш 70 працэнтаў забрала ў нас Украіна, дзе і плацяць больш, чым расіяне. Наш кушлікаўскі прадукт ідзе там на ўра, мае свой брэнд. Запаўняем унутраны рынак, асабліва Полацк і Наваполацк. Бульба — прадукт сацыяльны. Сёння пабываў у крамах «Дыяніс» у названых гарадах і ўбачыў, што яна танней, чым макароны, крупы. Магазіны робяць вялікія заяўкі на нашы клубні, і жыхары ахвотна раскупляюць іх. Плённа супрацоўнічаем з Салігорскім калійным камбінатам, куды збываем да паўтысячы тон — для вытворчасці крухмалу, які па тэхналогіі неабходны для калійных удабрэнняў.

Узамен бяром тыя ж удабрэнні, якіх хапае не толькі для палеткаў бульбы, але і для іншых культур. Магчыма, мы тут працуем на нуль, але ж затое сёння не купляем калійныя ўдабрэнні, абыходзімся без пасрэднікаў, не залазім у крэдыты. Будзем шукаць новыя рынкі збыту, хаця і на расійскі не супраць вярнуцца пры спрыяльным клімаце.

На сартавальным пункце бульбасховішча гаспадаркі

— Фёдар Фёдаравіч, перад тым як заняцца бульбай, вы аб’ездзілі з мэтай набыцця перадавога вопыту многія краіны Еўрасаюза, у тым ліку і Германію. Два гады назад ужо немцы завіталі ў Кушлікі, каб пазнаёміцца з набыткамі тутэйшых бульбаводаў. Якія ўражанні засталіся ў нямецкіх сяброў?

— Дзякуючы Беларускаму сялянскаму савету, мы неаднаразова ездзілі за мяжу. У тым ліку ў Германію на «Зялёны тыдзень» у складзе дэлегацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. А два гады таму прымалі на кушлікаўскай зямлі нямецкіх сяброў. Яны праехаліся па нашых палетках, пабывалі на бульбасховішчы. Пабачылі, што палі дагледжаныя, добрае памяшканне, якое нават не кожнаму нямецкаму фермеру па кішэні, бо яны людзі вельмі руплівыя. Увогуле, немцаў цяжка здзівіць, але і яны былі ўражаны, што на беларускай зямлі ёсць такія бульбасховішчы, укараняюцца ў вытворчасць сучасныя тэхналогіі.

— Бульбяны канвеер у вашай гаспадарцы сапраўды наладжаны адмыслова?

— На першы погляд — так, але ёсць над чым працаваць, што ўдасканальваць. Вузкае месца — уборка. У нас чатыры бульбаўборачныя камбайны, аднак летась з ёй запазніліся. «Гомсельмаш» робіць дабротныя збожжаўборачныя камбайны, за што яму дзякуй. А вось бульбаўборачныя, не ў крыўду хай будзе сказана, пакуль што недасканалыя. З-за іх у нас і немалыя праблемы з уборкай. Таму нам востра неабходна набыць адзін нямецкі бульбаўборачны камбайн, які заменіць чатыры нашы наяўныя. Але ён каштуе дорага, 150 тысяч еўра. Калі ўраджай удасца, па восені пастараемся набыць. Яшчэ адна праблема — засуха. Клімат памяняўся. Сёлетняя вясна нейкая нетыповая. А так вільгаці раслінам не хапала. Асабліва засуха адбівалася на ранніх сартах бульбы. Таму нам пазарэз трэба мець хаця б дзве дажджавальныя ўстаноўкі, дзякуючы якім мы маглі б павысіць ураджайнасць клубняў на 40 працэнтаў. Тым больш што Дзвіна побач. Але ўстаноўкі гэтыя каштуюць нямала. Мяркуем набыць іх пасля таго, як купім камбайн.

— Фёдар Фёдаравіч, як паглядзіш, дзякуючы той жа бульбе мяняецца і сам выгляд Кушлікаў, жыццё іх людзей?

— У нас ёсць школа, дзіцячы сад, добраўпарадкаваны пасёлкі. Будуемся. «Ператрасаем» занядбаныя дамы, робім іх з выгодамі: аўтаномным ацяпленнем, водаправодам, душам. Усяляем у іх спецыялістаў, людзей рабочых прафесій. Нядаўна справіла наваселле сям’я механізатара Аляксандра Цяцеры. Застаецца моладзь. Прыжыліся маладыя спецыялісты: аграномы Аляксей Пласканос і Раман Касецкі, інжынеры Яўген Аржанік і Сяргей Нікіцін, бухгалтары Анжаліка Бумага і Кацярына Кміто. Маем свой сталярны цэх. Будуем племянную ферму для буйной рагатай жывёлы на 150 галоў, цялятнік, дзве сянажныя траншэі.

Два гады таму ў Кушліках на пустэчы заклалі малады сад. Сёлета ён на радасць нашым людзям зацвіў. Здаецца, невялікі факт, але падзея: бо сад — гэта жыццё, якому квітнець у Кушліках!

saulich@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter