Дырэктар пінскага ААТ «Лапаціна» Сяргей Крыльчук: «Словы дзеда і зараз вядуць мяне па жыцці»

НАТУРАЛЬНАЯ ўрадлівасць ворыва ў пінскім ААТ «Лапаціна» не перавышае 25 балаў. У асноўным гэта меліяраваныя землі ў міжрэччы Прыпяці і Стыра. Дзякуючы ўмеламу гаспадаранню і сучасным тэхналогіям нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці збожжа, малака і ялавічыны. Асноўную частку грашовых паступленняў сельгаспрадпрыемству дае рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі. Дзякуючы ім умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база, развіваецца сацыяльная сфера. Ёсць сродкі на неабходныя расходы, далейшае развіццё, добрыя заробкі. На палях і фермах гаспадаркі, да якой далучаны дзве суседнія, занята амаль 250 працаўнікоў.

Сем гадоў таму эканамічна моцнае сельгаспрадпрыемства ўзначаліў Сяргей КРЫЛЬЧУК і ўпэўнена кіруе ім. У зладжаным калектыве кожны працаўнік адчувае залежнасць заробка ад свайго старання. Няма вакантных пасад галоўных спецыялістаў, жывёлаводаў, механізатараў.

Цэнтральная сядзіба, аграгарадок Лапаціна, вядома і ўнікальным літаратурным музеем рускага паэта Аляксандра Блока.


ДЗЕСЯЦЬ вёсак і вёсачак, якія раскінуліся сярод палескіх балот на правабярэжжы паўнаводнай Прыпяці, аб’ядноўвае ўзбуйненая гаспадарка «Лапаціна». Шмат гадоў узначальваў яе вопытны Аляксандр Паляйчук. Пасля выбрання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Іванавіч на роль кіраўніка прапанаваў галоўнага агранома Сяргея Крыльчука. Працаўнікі гаспадаркі і кіраўніцтва раёна кандыдатуру падтрымалі. Сяргей Уладзіміравіч з тутэйшых. Бацька яго Уладзімір Іванавіч працаваў механізатарам. Адзінага сына з малых гадоў прывучаў да тэхнікі. Падлетак хутка засвоіў трактар Т-40. Дапамагаў бацьку развозіць кармы на жывёлагадоўчай ферме калгаса «Звязда», частку зямель якога сёлета далучылі да лапацінскай гаспадаркі.

Пасля заканчэння Лемяшэвіцкай сярэдняй школы разам з атэстатам юнак атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста. З аднакласнікамі Віктарам Букатам і Сяргеем Пашкаўцом застаўся працаваць у калгаснай майстэрні. З механізатарамі рамантаваў тэхніку перад выхадам у поле, а вечарамі рыхтаваўся да паступлення. Паспяхова здаў уступныя экзамены і быў залічаны на агранамічны факультэт Вялікалукскага сельгасінстытута, што ў Расіі. Вучобу давялося перарваць на два гады армейскай службы ў Германіі. Вайсковая дысцыпліна ўзмацніла характар юнака. Адслужыў, скончыў інстытут і з дыпломам агранома вярнуўся дамоў. На практыцы мацаваў атрыманыя ў ВНУ веды. Пешшу штодзённа адмерваў кіламетры палявых дарог пінскага калгаса «Звязда». Дасканала вывучыў асаблівасці кожнага зямельнага ўчастка. Так захапіўся аграноміяй, што і пра жаніцьбу не было калі падумаць. Выпрабоўваў новыя сарты сельгаскультур, вывучаў і ўкараняў сучасныя тэхналогіі.

Сваю палавінку Сяргей Уладзіміравіч сустрэў у суседняй гаспадарцы, дзе па волі лёсу стаў працаваць. Выпускніца аграфака Гродзенскага сельгасінстытута Таццяна Бохан прыехала ў Лапаціна па размеркаванні. Маладая сям’я атрымала ад гаспадаркі новы катэдж. Больш як два дзясяткі такіх прывабных дамоў упрыгожваюць вуліцы аграгарадка, які выцягнуўся ўздоўж звілістай рэчкі Стыр. Аблюбавалі гэты ціхі палескі куток буслы. Больш за дваццаць іх гнёздаў узвышаюцца на электрычных слупах.

— Мо таму і дзетак у нас штогод прыбаўляецца, — жартуе дырэктар ААТ «Лапаціна» Сяргей Крыльчук. — Выхаванцамі запоўнены дзіцячы сад, амаль 90 вучняў у сярэдняй школе. Праз акно кабінета бачу, як з вясны да восені настаўнікі з навучэнцамі корпаюцца ў градах. Вырашчаная гародніна папаўняе вітамінны рацыён вучняў у школьнай сталоўцы. Старшакласнікаў запрашаем на сустрэчы з галоўнымі спецыялістамі. Жадаючым гаспадарка дае накіраванні на вучобу ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы.

Выпускніца школы Наталля Дзехцярук пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржуніверсітэта ўзначаліла бухгалтарскую службу. Яе муж Дзмітрый Эдуардавіч працуе ветэрынарам, вышэйшую адукацыю ён атрымаў у Беларускай дзяржсельгасакадэміі. Завяршае вучобу ў Пінскім дзяржагракаледжы выпускнік школы Расціслаў Жакун. Пасля службы ў арміі мае намер вярнуцца ў гаспадарку і яго старэйшы брат Максім. Малодшыя Вераніка і Мацвей — школьнікі. Бацька Сяргей Іванавіч працуе вадзіцелем, а маці Наталля Анатольеўна доіць кароў на малочна-таварным комплексе «Калбы». Ад дзяржавы шматдзетная сям’я Жакуноў атрымала бясплатна двухпавярховы катэдж. Беларусь стала другой радзімай для гаспадара. У маладыя гады ён з суседняй Ровенскай вобласці Украіны прыязджаў сюды на заробкі. Закахаўся ў паляшучку Наталлю. Ажаніўся і застаўся на Беларускім Палессі.

— Летась на наваселле прыязджалі мае сёстры з Украіны, — дзеліцца Сяргей Жакун. — Адна з іх настаўнічае ў вясковай школе і з сям’ёю жыве ў бацькоўскай хаце. Сясцёр уразіў наш прасторны дом, падораны дзяржавай. Пра такое ў сённяшняй Украіне і марыць не даводзіцца. У савецкія часы была і ў маёй роднай вёсцы гаспадарка. Зямлю і агульную маёмасць раздалі па паях. Цяпер няма чым абрабляць зямлю. Мае ўкраінскія аднавяскоўцы засталіся сам-насам з жыццёвымі праблемамі. Моладзь кінулася хто за мяжу, хто ў гарады, каб выжыць. Вёска апусцела. Тыя, хто засталіся, не жывуць, а бядуюць. Сёстры ўбачылі дастатак у маёй сям’і, што мы з жонкай маем стабільны занятак. Сярэднямесячны заробак у нашай гаспадарцы перавышае тысячу рублёў. У дзяцей ёсць будучае. Беларусь стала мне роднай.

Такія катэджы плануецца і надалей узводзіць у Лапаціне для маладых сем’яў. Працаўнікі са стажам звыш дзесяці гадоў маюць права прыватызаваць іх.

— Пастаянныя фінансавыя паступленні ад рэалізацыі прадукцыі садзейнічаюць далейшаму развіццю гаспадаркі, — канстатуе дырэктар Сяргей Крыльчук. — У перспектыве стаўка на развіццё вытворчасці малака. Сёлета сваімі сіламі пабудавалі кароўнік. Выгадавалі чатыры сотні цялушак для папаўнення дойнага статка. Запланавана ўзвядзенне памяшканняў для маладняка. Большасць жывёлагадоўчых ферм, а іх у нас шэсць, патрабуюць рэканструкцыі. Паступова пераабсталёўваем памяшканні. На чарзе абнаўленне ферм «Чорнава» і «Калбы». Асноўную частку з агульнага аб’ёма малака атрымліваем з абодвух жывёлагадоўчых комплексаў. Сярэднегадавы надой ад кожнай з 1500 кароў перавысіў 6000 кілаграмаў. Штодзённа на ААТ «Савушкін прадукт» пастаўляем 27 тон малака.

— Сяргей Уладзіміравіч, у вас агранамічная адукацыя, а кіруеце гаспадаркай, дзе асноўны прыбатак дае жывёлагадоўля. Калі прапанавалі ўзначаліць яе, не ўзнікла думка, што не ў тыя сані садзіцеся?

— З дзяцінства, калі дапамагаў бацьку карміць жывёлу на калгаснай ферме, знаёма жывёлагадоўля. Навуковыя азы прафесіі выкладалі ў сельгасінстытуце. Працуючы галоўным аграномам пад крылом вопытнага кіраўніка Аляксандра Іванавіча Паляйчука, штодня абмяркоўвалі справы на фермах. Распрацоўвалі севазвароты, каб забяспечыць статак кармамі ўласнай вытворчасці. У нас склалася каманда прафесіяналаў. Тэхналогіяй вытворчасці на фермах зай­маюцца галоўны заатэхнік Пётр Кулажанка і галоўны ветурач Віталь Клімавец. Летась выпускнік сталічнага агратэхнічнага ўніверсітэта, мой аднафамілец і цёзка 

Сяргей Крыльчук, замяніў вопытнага галоўнага інжынера Аляксандра Шастаковіча. Эканамічную службу ўзначальвае Лілія Созанчук. Вытворчую дзейнасць яна дасціпна аналізуе, заўжды выказвае слушныя прапановы. У Ліліі Францаўны кожная капейка ўлічана. Агранамічнай службай кіравала мая жонка Таццяна Мікалаеўна. Зараз яна ў дэкрэтным водпуску, чакаем першынца. На пасадзе галоўнага агранома яе замяніў Васіль Гарадзілаў. Ён з сям’ёю ў час ваенных дзеянняў ва Усходняй Украіне пераехаў да нас з Данеччыны. У аграгарадку сям’я атрымала камфортнае жыллё. Абуладзіліся, завялі хатнюю гаспадарку.

— У калектыве вас як кіраўніка адразу прынялі?

— Мы ўсе адзін аднаго ведаем. Калектыў дружны, працавіты. Пасля далучэння суседніх гаспадарак клопатаў дадалося. За дзень цяжка аб’ехаць усе дзесяць параскіданых па тэрыторыі вёсак. Уменне кіраваць пераймаю ў былога дырэктара Аляксандра Паляйчука. Рады кожнай сустрэчы з ім. Аляксандр Іванавіч цікавіцца справамі гаспадаркі, якой аддаў шмат гадоў жыцця. Цаню яго мудрыя парады. Пасля дэпутацтва ён на заслужаным адпачынку. З сям’ёю жыве ў аграгарадку. Сяляне яго паважаюць. Шмат чаму ў яго навучыўся, напрыклад, як працаваць з людзьмі. У кожнага чалавека непаўторны характар. Да аднаго патрэбны мяккі падыход, да іншага неабходна быць больш патрабавальным. Усіх працаўнікоў гаспадаркі адчуваю.

— Адкуль такое пачуццё?

— Перадалося ад продкаў. З людзьмі не канфліктую і па характары не жорсткі. Імкнуся да кожнага падыходзіць дыпламатычна. Так мяне вучыў дзядуля Іван Васільевіч. Ён ужо ў вечнасці, а наказ яго не крыўдзіць чалавека імкнуся выконваць. Працай дзед мяне выхоўваў. Дванаццацігадовым не адставаў ад яго ў пракосе. З гадамі разумею, колькі мудрасці і глыбіні ў такім простым сялянскім выхаванні. Зараз асабліва важна надаваць увагу развіццю новага пакалення. Каб марна не гублялі час на шуканне лёгкага жыцця.

— Што і казаць, глабалізацыя перавярнула свет. Нашы гарады перапоўнены, а хто працягне справу хлебаробаў? Як, на вашу думку, стрымаць масавы зыход моладзі з вёскі?

— На дзяржаўным узроўні неабходна ствараць спрыяльныя ўмовы працы, адпачынку хлебаробаў. Адпаведна плаціць. Маладым патрэбны нарміраваны васьмігадзінны працоўны дзень і гарантаваныя выхадныя. Там, дзе створаны такія ўмовы, няма кадравай праблемы. Рэканструюем фермы, каб аблегчыць працу жывёлаводаў. Намагаемся мацаваць славу ўнікальнага куточка Палесся, якім век таму захапляўся рускі паэт Аляксандр Блок.

Над падворкамі вёскі Калбы, што ў двух кіламетрах ад цэнтральнай сядзібы ААТ «Лапаціна», узвышаецца разгалісты дуб, якім любаваўся геніяльны творца. З тых далёкіх часоў захавалася і белакаменная каплічка. У аграгарадку Лапаціна ўсталявана мемарыяльная дошка, прысвечаная знаходжанню тут у 1916 годзе Аляксандра Блока. У мясцовым літаратурным музеі захаваліся ўспаміны аб тым, як здзівіўся паэт, калі даведаўся, што большасць жыхароў вёскі Калбы носяць яго прозвішча, калі чытаць наадварот: Колб. Руплівай працай мацуюць спадчыну ўнікальнага куточка Палесся хлебаробы адной з лепшых гаспадарак Піншчыны.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter