Единственный в Беларуси научно-исследовательский центр инновационных технологий ГГАУ возглавляет Ольга Епишко

Дырэктар Навукова-даследчага цэнтра інавацыйных тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта кандыдат сельгаснавук Вольга Епішка: «У маім лёсе закладзена працягнуць справу маці»

Поспех у раслінаводстве вызначае развіццё жывёлагадоўлі. Гэтай галіне ў нашай дзяржаве надаецца значная ўвага. Сёння павелічэнне вытворчасці ферм становіцца стратэгічнай лініяй. Шмат навінак у АПК краіны можна было ўбачыць на ХХХІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Белагра-2022».

На адной з яе пляцовак дырэктар Навукова-даследчага цэнтра інавацыйных тэхналогій Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта кандыдат сельгаснавук Вольга ЕПІШКА папулярна расказвала пра ўкараненне ў племянной справе сучасных малекулярна-генетычных метадаў на аснове аналізу ДНК жывёлы. Без такіх распрацовак сёння немагчыма забяспечыць эканамічную эфектыўнасць галіны.

Кіраванне калектывам Вольга Аляксандраўна прыняла ад маці — доктара сельгаснавук Таццяны Епішкі. Цяпер тут створаны цэнтр інавацыйных тэхналогій, спецыялісты якога ў сваёй дзейнасці выкарыстоўваюць сучасныя дасягненні малекулярнай біятэхналогіі, вядуць шырокі спектр актуальных даследаванняў. Гродзенскія навукоўцы ўдзельнічаюць у міжнародных параўнальных выпрабаваннях ISAG з абсалютнай выніковасцю.

У маляўнічым кутку старажытнага Гродна размешчаны аграрны ўніверсітэт. Акружаныя векавымі дрэвамі, прыгожа глядзяцца гістарычныя муры і сучасныя карпусы вышэйшай установы. Гэтыя мясціны з малых гадоў памятае Вольга Епішка: маці Таццяна Іванаўна часта брала яе з сабою ў інстытуцкую навуковую лабараторыю. Дзяўчынка з цікавасцю назірала, як мітусіліся ў невялікіх вальерах паддоследныя пацукі, трусы і іншыя жывёлы. Калі пасля атрымання атэстата настаў час вызначыцца са сваёй будучыняй, Вольга без ваганняў вырашыла працягваць сямейную справу.


— У нашай сям'і склалася дынастыя аграномаў і заатэхнікаў, — ганарыцца Вольга Епішка. — Кончыла адзіную ў Беларусі Жодзінскую жаночую гімназію. Акрамя агульна­адукацыйнай праграмы, нам выкладалі этыкет, культуралогію, нас вучылі бальным танцам, паводзінам. Паспявала і на заняткі ў музычную школу, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці.

— Напэўна, у час вучобы ў гімназіі вас агортвалі рамантычныя фантазіі аб будучыні. Кім марылі стаць?

— Пры такім эстэтычным выхаванні мае мары былі самыя зямныя. Хацелася стаць урачом-хірургам. Ра­зумела, што для здзяйснення задуманага патрэбны веды. Школьныя прадметы даваліся лёгка. А калі настаў час вызначыцца, перамагло жаданне працягваць справу продкаў. На гэта значна паўплывалі родныя. Бабуля Ванда Фёдараўна і дзядуля Іван Іванавіч атрымалі дыпломы ў Гродзенскім сельгасінстытуце. Студэнтамі яны пажаніліся. Пасля вучобы размеркаваліся ў гродзенскую гаспадарку «Новадзявяткавічы». Бабуля потым працавала на кафедры арганізацыі сельгасвытворчасці Гродзенскага сельгасінстытута. Дзядуля да выхаду на заслужаны адпачынак узначальваў агранамічную службу ў Новадзявяткавічах.

Іх лёс паўтарылі мае бацькі. Яны таксама кончылі гэты факультэт і ў студэнцтве пажаніліся. Маці, як выдатніцу, накіравалі ў аспірантуру РНПЦ па жывёлагадоўлі. Бацька працаваў спецыялістам на племстанцыі. Жылі мы ў маляўнічым куточку Жодзіна. Маці абараніла кандыдацкую дысертацыю, і яе запрасілі займацца навуковай дзейнасцю ў Гродзенскі дзяржаграўніверсітэт.

Бацька вырас у пінскай вёсцы Табулкі. Бабуля Елізавета Іванаўна выкладала беларускую і рускую мову і літаратуру ў вясковай сярэдняй школе, а потым і ўзначальвала яе. Цудоўна чытала на памяць вершы, паэмы. Лёс ёй адмераў 90 гадоў. Да апошняга дня захавала светлы розум і памяць. Дзядуля Мікалай Міхайлавіч — франтавік.

— Пра вайну вам расказваў?

— Калі ўспамінаў пра ваеннае мінулае, заўжды хваляваўся, у яго дрыжэлі рукі. На нейкі момант ён замаўкаў, а потым узгадваў, як у акопах перад наступленнем з баявымі сябрамі выпівалі па сто грамаў. У баі на тэрыторыі Польшчы яго кантузіла. Пасля лячэння ў ваенным шпіталі вярнуўся ў вайсковую часць і дайшоў да Берліна. На сцяне зрынутага Рэйхстага напісаў сваё прозвішча. Мой брат Ігар у Берліне адшукаў яго надпіс: «Рядовой Епишко».

У Год гістарычнай памяці нашай сям'і ёсць кім ганарыцца. За баявыя заслугі дзядуля ўзнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі «За вызваленне Варшавы» і «За ўзяцце Берліна». Ён беражліва захоўваў іх. Дакументы заламініравала і зберагаю. У пасляваенныя гады дзядуля працаваў трактарыстам. Кожная паездка да іх у вёску Табулкі была мне ў радасць. Сваім дочкам расказваю пра сямейны радавод. Важна ведаць яго гісторыю і перадаваць нашчадкам.

— Ці паспелі дзядулі і бабулі пацешыцца вашым навуковым поспехам?

— Яны вельмі радаваліся, калі я паступіла ў Гродзенскі дзяржаграўніверсітэт. Уступныя экзамены здавала на роднай мове. Мяне прызначылі старастам курса, на якім было амаль паўтары сотні студэнтаў, у асноўным юнакі. З першага года вучобы захапілася навуковай і грамадскай работай. Стала лаўрэатам прэміі Прэзідэнта першай ступені. Двойчы атрымлівала прэзідэнцкую стыпендыю. Усюды паспявала, і ўсё ладзілася.

— А на каханне заставаўся час?

— Яно незаўважна прабудзілася. Сустракалася з элегантным аднакурснікам Муратам Шаўчэнкам. Вечарамі ён браў у рукі гітару і зачароўваў спевамі. Цікава расказваў пра свае карані. Адзін дзядуля ў яго рускі, другі — туркмен, бабуля — карэнная немка. А прозвішча ад бацькі-ўкраінца. Мурат прыгожа заляцаўся і пакарыў маё сэрца. На другім курсе згулялі студэнцкае вяселле. Пасля нараджэння дачкі нам выдзелілі пакой у інтэрнаце. Назвалі дачушку Алісай. Мы з мужам 20 гадоў у шлюбе, у нас тры дачкі. І мы па-ранейшаму «зайчыкі» і «коцікі» адзін для аднаго.

— Кончылі вучобу і куды атрымалі размеркаванне на працу?

— Мне ўручылі дыплом з адзнакаю і накіраванне ў аспірантуру. Да заканчэння аспіранцкага тэрміну абараніла кандыдацкую дысертацыю. У той жа час маці Таццяна Іванаўна стала доктарам сельгаснавук. Дыплом ёй у сталіцы ўручаў Прэзідэнт. У сямейным альбоме захаваліся здымкі з гэтай урачыстасці. Доктарская дысертацыя маці, якая прысвечана павышэнню прадукцыйнасці беларускіх парод жывёлы, прызнана лепшай у 2008 годзе. Маці адна з першых у краіне занялася распрацоўкай ДНК-тэхналогій. Ёй прапанавалі стварыць у Палескім дзяржуніверсітэце спецыяльную лабараторыю па праграме «Здароўе», якую фінансаваў Нацыянальны банк. Разам з бацькамі ў Пінск пераехала і мая сям'я. Нас забяспечылі камфартабельным жыллём. Тры гады адпрацавалі ў Пінску і вярнуліся ў Гродна.

Навуковыя ідэі маці горача падтрымліваў рэктар Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Вітольд Казіміравіч Песціс. З яго дапамогай створана галіновая навукова-даследчая лабараторыя «ДНК-тэхналогій», якую ўзначаліла маці. На працы яна была аднолькава строгая да ўсіх. Памятаю, як маці прачытала першы варыянт маёй кандыдацкай дысертацыі і, незадаволеная, парвала яе. У мяне ледзьве не адпала жаданне займацца навукай. Каб даказаць сваю значнасць, скарочаны варыянт даследавання пераклала на англійскую мову і адправіла на навуковы конкурс. Праз нейкі час атрымала грант на стажыроўку ў Італію. Маці стрымана аднеслася да гэтага. Усёй грамадой збіралі грошы на білет. Два тыдні стажыравалася ва ўніверсітэце Святога Сэрца, што непадалёку ад Вероны. Замежныя навукоўцы называлі мяне доктарам.

Дзесяць гадоў таму пасля цяжкай хваробы маці не стала. Справа яе атрымала развіццё: лабараторыя рэарганізавана ў Навукова-даследчы цэнтр інавацыйных тэхналогій, які ўзначальваю. У калектыве звыш 40 спецыялістаў. Яны распрацоўваюць і ўкараняюць малекулярна-генетычныя метады ў племянной жывёлагадоўлі. Самай сучаснай навукова-даследчай апаратурай аснашчаны ўсе тры лабараторыі і ветэрынарная клініка. Не толькі даследаванні на жывёлах праводзім, але і зай­маемся фізіялогіяй чалавека.

— У чым навізна даследаванняў?

— У тым, што з дапамогай генетычнага тэсціравання і маніторынгу паскораны ў разы селекцыйныя працэсы. Племпрадпрыемствы рэспублікі зацікаўлены ў нашых даследаваннях. Супрацоўнічаем з ААТ «Лунінецкі малочны завод» і ТАА «Беларуськалій-Агра». Іх малочная прадукцыя падыходзіць для вытворчасці дзіцячага харчавання: лепш засвойваецца арганізмам.

Навуковыя даследаванні цэнтра адпавядаюць сусветным стандартам. У Беларусі ён унікальны. Прыязджалі навукоўцы з Ціміразеўскай сельгасакадэміі, Вавілаўскага ўніверсітэта і былі ўражаны нашым узроўнем.

— Для закупкі абсталявання неабходны сродкі. Хто вас падтрымлівае фінансава?

— Чацвёрты раз удзельнічаем у інавацыйных праектах і штогод атрымліваем па мільёну долараў з рэгіянальнага бюджэту. Дзякуючы такім паступленням ствараем запатрабаваную лабараторыю па трансплантацыі эмбрыёнаў. Каб працаваць у ёй, тры спецыялісты прайшлі замежную стажыроўку.

— Вольга Аляксандраўна, ці верыце вы ў лёс?

— У маім лёсе, напэўна, закла­дзена працягнуць справу маці. Калі яе не стала, на нейкі час разгубілася: не ведала, як быць. Не хапала вопыту кіравання. Безвыходнасць прымусіла крочыць далей. Гэта і ёсць лёс. Пэўна, не проста так памяняла мару дзяцінства стаць урачом і атрымала аграрную адукацыю. У планах — падрыхтоўка доктарскай дысертацыі. У выхадныя чакаю панядзелка, каб хутчэй заняцца даследаваннямі. Без справы не ўяўляю жыцця. Часта ў сне чую: маці падказвае, што зрабіць у складанай сітуацыі.

— Якім сваім учынкам больш усяго ганарыцеся?

— Грандыёзных учынкаў не памятаю, а па дробязях заўжды некаму дапамагаю. Раблю гэта ад душы. Калі атрымліваю крыху большы заробак, магу купіць штосьці для выхаванцаў дзіцячага дома. Убачыла ў садзіку, які наведвае малодшая дачка, што там гатуюць ежу на канструктары, і купіла цацачную кухню. Так, пэўна, паступаюць многія.

— Для вучонага важна быць здаровым. Ці ўдаецца гэта вам?

— Маці наказвала берагчы сябе, бо амартызацыя чалавека не бязмежная. Як і большасць людзей, трымаюся, пакуль не прыспічыць. Тройчы на нагах перанесла кавід. Старшыня аблвыканкама ў пандэмію папрасіў дапамагчы весці лабараторныя даследаванні. Тры работнікі пагадзіліся. Як кіраўнік, павінна была быць першай. Дома мяне чакалі муж і дочкі. Рызыкавала, але інакш паступіць не магла: хворыя на вачах паміралі. Плазма для лячэння была на вагу золата. Нам раз у суткі выдавалі камбінезоны. У туалет не выйсці. З васьмі раніцы да поўначы не пакідалі працоўныя месцы. Разумелі, што ад вынікаў нашых даследаванняў залежалі шляхі лячэння. На прамаруджванне і памылку не мелі права. Вытрымалі.

— Што параіце маладым вучоным?

— Не ўпускаць магчымасці вучыцца. У нашай краіне ёсць у каго спасцігаць навуку. Не варта адмаўляцца ад гэтай дзейнасці. Навука руплівым заўжды шчодра аддзячвае.

— Хто ў вас галоўны настаўнік?

— Маці. Калі ўзнікае складаная сітуацыя, еду на яе магілу. Пасяджу там, і прыходзіць рашэнне. Крыжык маці стаў для мяне анёлам-ахоўнікам.

— Што значыць для вас прыгажосць?

— Чысціня ў адносінах паміж людзьмі, чысціня на вуліцах. Люблю нашу прыгожую Беларусь, асабліва калі ўсё навокал красуе. На палях, паміж зялёных хлебных ніў, пад сонечнымі промнямі жоўты разліў квітнеючага рапсу. На прыгажосці трымаецца свет.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter