Директор молодечненского СУП «ЯхимовщинаАгро»: «Мое небо солнечное – и дома, и на работе»

Дырэктар маладзечанскага СУП «ЯхімоўшчынаАгра» Уладзімір Лазар: «Маё неба сонечнае – і дома, і на працы»

На ўзгорку маладзечанскага аграгарадка Яхімоўшчына пад па-асенняму аголенымі шатамі высокіх дрэў прытуліўся белакаменны будынак класічнага тыпу з калонамі. Перад парадным уваходам на сцяне ўсталяваны дзве мемарыяльныя пліты. Адна з іх сведчыць, што на пачатку мінулага стагоддзя на мясцовым бровары працаваў будучы класік беларускай літаратуры Янка Купала. На другой выбіта, што з 1957 па 1986 год саўгас «Яхімоўшчына» ўзначальваў Герой Сацыялістычнай Працы Іван Ігнатавіч Дзяржынскі…

А тры гады таму невялікае па плошчы СУП «ЯхімоўшчынаАгра» ўзначаліў выпускнік Беларускага дзяржагратэхуніверсітэта Уладзімір ЛАЗАР. Гаспадарка развіваецца стабільна. Малады кіраўнік стаўку робіць на малако. Яго вытворчасць стала вызначальнай для эканомікі, а прыбытак — самым значным у папаўненні бюджэту.

Ад цэнтральнай сядзібы СУП «ЯхімоўшчынаАгра» некалькі дарог вядуць у розныя бакі. З высокага пагорка як на далоні — Заходняя Бярэзіна, рунеючыя палі азімых, скошаныя сенажаці. 

З дырэктарам гаспадаркі Уладзімірам Лазарам калясім на легкавіку па акуратных вуліцах і завулках аграгарадка. Сярод пажаўцелых вербалозаў зіхаціць люстэрка былой панскай сажалкі. На яе ўзбярэжжы захаваліся карпусы бровара, дзе ў 1906 годзе працаваў памочнікам вінакура малады паэт Янка Купала.

У пасляваенныя гады на месцы панскай сядзібы створаны саўгас. Захаваліся змураваныя з камянёў гаспадарчыя склепы, некалькі свірнаў, складзеных з цёсаных бярвенняў. У драўляным будынку два дзесяцігоддзі таму адкрыўся філіял «Яхімоўшчына» Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

— Нам дасталася багатая спадчына, — акідае позіркам наваколле дырэктар СУП «ЯхімоўшчынаАгра» Уладзімір Лазар. — Старажытныя будынкі, цудоўны парк, валуны памятаюць класіка беларускай літаратуры. На Купалле ля возера палае вогнішча, ладзіцца святочны канцэрт. Прыязджае шмат гасцей. Гэта стымулюе падтрымліваць належны парадак.

Новыя вуліцы Яхімоўшчыны ўпрыгожылі катэджы. На ўскрайку аграгарадка ўзводзіцца МТК з даільна-малочным блокам. Частка яго ўжо дзейнічае. Побач з жывёлагадоўчымі памяшканнямі гаспадарчым спосабам сёлета пабудаваны дзве траншэі і запоўнены фуражом па 800 тон. На кожную з 1700 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх амаль палова дойныя каровы, назапашана звыш 35 цэнтнераў кармавых адзінак. Новы прафілакторый прыняў цялятак на малочна-таварнай ферме «Рачкава». Шмат сродкаў укладзена ў будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм.

Галоўны эканаміст Наталля Антоненка занепакоілася, што значныя затраты адмоўна паўплывалі на рэнтабельнасць малака і ялавічыны. А тут яшчэ з-за незбалансаванага рацыё­ну не ўдалося ўтрымаць дасягнутую планку ў 6000 кілаграмаў малака за год ад кожнай каровы. Для грамадскага статка не хапала ўласных кармоў. Дзеля інтэнсіўнага нарошчвання прадукцыі жывёлагадоўлі закуплялі камбікармы. Ад перанасычэння імі каровы сталі хварэць. Сярод гаспадарак раёна ў Яхімоўшчыне самая высокая шчыльнасць буйной рагатай жывёлы на сто гектараў сельгасугоддзяў. Кіраўнік з галоўнымі спецыялістамі абмеркавалі сітуацыю і прынялі рашэнне пашырыць плошчы пад кармавыя культуры. Тэхналогія патрабуе на адным і тым жа полі буракі сеяць праз чатыры гады. З-за таго, што гаспадарка невялікая, так не атрымлівалася. Давялося пераконваць раённае кіраўніцтва адмяніць план вырошчвання тэхнічнай культуры. Вызваленыя 200 гектараў засеялі люцэрнай і шматгадовымі травамі. І не прагадалі. Дзякуючы цёплай восені атрымалі чацвёрты ўкос люцэрны.

— Пастаянна аналізуем вынікі гаспадарчай дзейнасці, абмяркоўваем перспектыву развіцця, — дзеліцца стылем работы Уладзімір Лазар. — Востра паўстала праблема абнаўлення машынна-трактарнага парку. Да дырэктарства ўзначальваў інжынерную службу. Тады працавалі 24 трактары. Цяпер іх напалову менш. Пры гэтым аб’ём работ не змяніўся. Сёлета купілі трактар МТЗ. Па лізінгу набылі зерневую і кукурузную сеялкі. На наступны год плануем зай­мець зернеўборачны камбайн. У севазвароце пераважае збожжавы клін. На працягу некалькіх гадоў стабільна атрымліваем звыш 50 цэнтнераў зерня з гектара.

— Ад некаторых кіраўнікоў даводзіцца чуць, што да яго ў гаспадарцы ўсё было ў заняпадзе, а потым як па масле пайшло. А ў вас як?

— На пачатку дырэктарства не хапала кіраўнічага вопыту, але было жаданне працаваць. Бабуля Соф’я Іванаўна, якой 85 гадоў, калі адчувае маё хваляванне, падтрымлівае: «Мацуйся, унучак, усё будзе добра». Інакш і не павінна быць. У нас моцная каманда галоўных спецыялістаў. Брыгадзірам трактарнай брыгады пачынаў галоўны інжынер Сяргей Макееў. Завочна скончыў Беларускую дзяржсельгасакадэмію. Дыплом юрыста ў Белдзяржуніверсітэце атрымала яго жонка Вольга. Сваю справу яна добра ведае. У творчым тандэме працуюць галоўны заатэхнік Віталь Тарноўскі і галоўны ветурач Анатоль Грыб. Агранамічнай службай 37 гадоў кіруе Алена Шаломская. Прымаючы важныя рашэнні, заўжды абапіраюся на галоўных спецыялістаў. Наша гаспадарка асаблівая — землі глеістыя, цяжкія. Па ўрадлівасці ацэньваюцца амаль у 40 балаў. Вясною нас падганяюць хутчэй выходзіць у поле. Вымушаны чакаць, пакуль ралля падсохне. Бывае, атрымліваем заўвагі за гэта. Але важны вынік. Зямля аддзячвае за клопат. У тым, што наш раён сёлета па ўраджайнасці збожжавых прызнаны лепшым у Мінскай вобласці, ёсць і доля старання нашых хлебаробаў.

— Вытворчыя поспехі мацуюць і аўтарытэт кіраўніка. Увогуле ён заваёўваецца па-рознаму. Адзін дамагаецца павагі сілай, а іншы — душой. Гэта майстэрства сэрца. А як у вас атрымліваецца?

— Грубыя метады кіравання не па мне. Але здараюцца эмацыянальныя выбухі. Паходзіш нейкі час, падумаеш і супакоішся. Быць добрым чалавекам — талент. Тутэйшыя ведаюць мой характар: на іх вачах рос. Старэйшыя называюць Валодзевым унукам. Бацькі мяне назвалі ў гонар дзеда. Мая сястра таксама сына Уладзімірам назвала. У яе дзве дачкі і хлопчык.

— А ў вас колькі дзяцей?

— Тры сыны. Старэйшы Аляксандр з маленства любіць тэхніку. Яму 12 гадоў. Калі быў меншы і трактар ехаў па вуліцы, зачынялі вароты, каб не выскачыў на дарогу. Мой бацька працуе трактарыстам на жывёлагадоўчай ферме. Аляксандр часта з ім ездзіць карміць жывёлу. І да вучобы ён здатны. Пасля школы мые рукі і адразу садзіцца за ўрокі. Пакуль не выканае іх, ні за што не бярэцца. А сярэдняга сына Дзмітрыя трэба прымушаць рыхтаваць урокі. Ён цудоўна валодае камп’ютарам. Меншаму Аляксею тры гадкі. Памятаю, як у мінулагоднюю восень швагер, які працуе на Брэстчыне, прыслаў на дапамогу ў гаспадарку буракаўборачны камбайн. Магутная машына працавала амаль да апоўначы. Сынам было цікава паглядзець, як агрэгат ссякае бацвінне, ачышчае буракі. Мы ноччу стаялі на полі і назіралі. А як радаваліся хлопчыкі, калі пракаціліся ў кабіне камбайна!

— Уладзімір Вячаслававіч, кажуць, матэрыяльнае — каб выжыць, а духоўнае — каб жыць. А як вы лічыце?

— Духоўнае дапаўняе матэрыяльнае. Мае бацькі жывуць на суседняй вуліцы ў Яхімоўшчыне. У святы збіраемся ў іх. Прыязджае сястра са сваёй сям’ёй. Узгадваем мінулае. Мы з ёй калісьці хадзілі ў клуб на танцы. Там будучую жонку сустрэў. Мая з суседняга Вялікага Сяла. Працуе ў дзіцячым садзе.

— Кожны чалавек носіць над сабою неба. У аднаго яно хмурнае, у іншага — яснае. У вас яно якое?

— Маё неба сонечнае. Асабліва калі вяртаюся дахаты, дзе мяне чакаюць жонка і сыны. Даражу гэтым шчасцем і імкнуся, каб нас абміналі хмары. Сыноў прывучаем да працы. Так і мы выхоўваліся. Калі вучыўся ў Маладзечанскім палітэхнікуме, мог жыць у інтэрнаце, але кожную раніцу цягніком ездзіў на заняткі. Пасля вучобы вяртаўся дамоў, каб дапамагаць бацькам па гаспадарцы.

— У чалавека розум — рацыянальнае, а сэрца — эмацыянальнае. Што ў вас пераважае?

— Пэўна, эмацыянальнае. Усё бяру блізка да сэрца. Калі вырашаецца важная справа, імкнуся ўсё прапусціць праз сябе і потым прыняць рашэнне. Дзейнасць кіраўніка звязана з людзьмі. У гаспадарцы звыш 120 працуючых. У кожнага свой характар.

Некалькі гадоў узначальваў Палачанскі сельвыканкам. Але душа была з роднай гаспадаркай. Наш падворак на ўскрайку Яхімоўшчыны. Шчымела ў сэрцы, калі бачыў, як з поля вяртаюцца камбайны. Не вытрымаў і вярнуўся на вытворчасць. Сэрцам адчуў, што гэта мая стыхія. Ведаю кожную гайку ў любым агрэгаце. Як стаў дырэктарам, адчуў, што трэба пашыраць веды. Спасцігаю асаблівасці жывёлагадоўлі, агранаміі. А што тычыцца тэхнікі — інжынерам, рамонтнікам даю парады.

— Што больш за ўсё цэніце ў хлебаробе?

— Адданасць справе. Так працуе наш механізатар Мікалай Жардзецкі: вясною рыхтуе глебу да сяўбы, дыскуе поле. У жніво садзіцца за штурвал камбайна. Мы ў адной вёсцы раслі, у адной школе вучыліся. У яго з маленства цяга да тэхнікі. Скончыў Бярэзінскае прафтэхвучылішча і вярнуўся ў родныя мясціны.

Аддана працуе на пагрузчыку другі мой равеснік Мікалай Баран. Механізатары ў нас добра зарабляюць.

У Літвянскай базавай школе, дзе вучыўся, старшакласнікі займаліся на факультатывах па ветэрынарыі, заатэхніі і агранаміі. Заняткі праводзілі галоўныя спецыялісты. Мяне цікавілі тры факультатывы. Галоўны заатэхнік нас вазіў па жывёлагадоўчых фермах, на конеферму ў Палачаны. Вучыліся правільна даглядаць, калі неабходна — лячыць жывёлу. Шмат цікавага пра раслінаводства даведаліся ад галоўнага агранома. Пасля заканчэння базавай школы жадаючых па выніках выпускных экзаменаў залічвалі ў Ільянскі сельгастэхнікум.

Маці мяне бачыла настаўнікам. Але тыя школьныя факультатывы больш паўплывалі на мой выбар прафесіі. Не шкадую, што абраў такі шлях. Вышэйшую адукацыю атрымліваў завочна на інжынерным факультэце Белдзяржагратэхуніверсітэта. На экзаменацыйную сесію прыехаў пасля завяршэння сяўбы. На экзамене па сельгасмашынах атрымаў дзявятку. Выкладчык сказаў, што на дзесяць ён сам не ведае. Для мяне гэта высокая адзнака. Жадаю, каб і сыны знайшлі свой шлях у жыцці.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter