Смело внедряет современные методы руководства молодой директор любанского КСУП «Талица-агро»

Дырэктар любанскага КСУП «Таліца-агра» Максім Мацяс: «Душа прагне працы на зямлі»

Самы меншы ў сям'і Дзмітрыя і Марыі Мацяс Максім вучыўся лепш за старэйшых братоў і сястру. Яму лёгка даваліся ўсе школьныя прадметы. Маці бачыла сына інжынерам. Вольны ад заняткаў час ён любіў бавіць на падворку маміных бацькоў, якія жылі на супрацьлеглым ускрайку Ваўкавыска. Дапамагаў састарэлым бабулі і дзядулі ўпраўляцца на агародзе. Дзядуля Мікалай Мікалаевіч працаваў у цяпліцы Ваўкавыскага мясакамбіната. Максіма вабіла праца на зямлі.

У старэйшых класах захапіўся спецыялізаванымі часопісамі па аграноміі. Зацікавіўся артыкулам амерыканскага вучонага Мітлайдзера пра метад вырошчвання бульбы і вырашыў самастойна паэксперыментаваць. Разбіў на агародзе невялікую дзялянку на некалькі метровых квадратаў. Сярэдзіну кожнага запоўніў перагноем і попелам, у цэнтры глыбока пасадзіў па аднаму адборнаму клубню і агарнуў зямлёю. Пры доглядзе плантацыі імкнуўся выконваць парады вучонага. Дзядуля і бабуля здзівіліся ўраджаю, вырашчанаму ўнукам. Пад кожным калівам — звыш сотні вялікіх і маленькіх клубняў.

Як маці ні ўгаворвала сына пасля заканчэння сярэдняй школы паступаць вучыцца на інжынера-чыгуначніка, Максім цвёрда вырашыў падаць дакументы на аграфак Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта.


— Вучыцца ва ўніверсітэце пасля матэматычнага класа было лёгка і цікава, — узгадвае Максім Мацяс. — Дванаццаць маіх аднакласнікаў скончылі школу з залатымі медалямі. Мой атэстат таксама ўпрыгожвалі ў асноўным самыя высокія ацэнкі. З першага курса займаўся ў студэнцкіх навуковых гуртках, праводзіў доследы на акадэмічных дзялянках. Вытворчую практыку праходзілі на палях перадавых гродзенскіх гаспадарак «Верцялішкі» і «Прагрэс». У хлебаробаў-лідараў нам было чаму павучыцца.

Перад заканчэннем універсітэта мне выпала паўгода практыкавацца ў англійскага фермера. Ад’язджалі з Гродна ў сярэдзіне красавіка: на палях яшчэ ляжаў снег, а ў Англіі ўжо бушавала вясна. У першы дзень агледзеў мясцовасць. Здзівіла дробнаконтурнасць фермерскіх надзелаў. Гаспадар, да якога прыехаў на практыку, займаўся вырошчваннем клубніц і садоўніцтвам. Упраўляцца яму дапамагала ўся сям’я. На масавую ўборку ўраджаю ён нанімаў жанчын з Усходняй Еўропы. 

Фермерскія палі акрэслены межамі. Зямля падзелена на ўчасткі па 40—50 гектараў. Паміж кожным надзелам высаджаны лесапалосы. Да палеткаў падведзены гідранты. У засушлівы перыяд падключаецца спецыяльная палівачная тэхніка. Дажджавая вада збягае па трубах у падземныя рэзервуары і потым выкарыстоўваецца для паліву.

Усё гэта актуальна і для нашай мясцовасці. Апошнія тры гады летам адчувальны недахоп вільгаці. З-за чаго губляецца частка ўраджаю.

— Пасля практыкі ў Англіі не ўзнікла жаданне заняцца фермерствам?

— Імкнуўся паспрабаваць свае здольнасці ў аграноміі. Аграфак скончыў з адзнакаю.

— Была магчымасць, як выдатніку, застацца ў аспірантуры?

— Кіраўнік дыпломнай работы Генрых Мар’янавіч Мілоста прапанаваў заняцца навукай. А мая душа прагла працы на зямлі. На размеркаванні па выніках вучобы быў першым. Размяркоўвалі ўсіх па алфавіце. Мне выпалі любанскія «Баянічы». Да абароны дыпломнай работы і дзяржэкзаменаў адправіўся паглядзець на гаспадарку. Дырэктар Міхаіл Віктаравіч Вечар прыветліва сустрэў мяне, пагутарылі. Агледзелі парк тэхнікі: шэсць старэнькіх трактароў, заржавелыя глебаапрацоўчыя, пасяўныя агрэгаты. Жывёлагадоўчыя памяшканні ў большасці пасляваенных гадоў. Поўная супрацьлегласць таму, што бачыў у перадавых гаспадарках Гродзеншчыны.

Дыпломы аграномаў нам уручылі на пачатку вясны. Разумеў, калі прапушчу сяўбу, страчу сельскагаспадарчы год. Прыехаў у Баянічы, мне выдзелілі дыхтоўны драўляны дом, у якім раней жыў былы галоўны аграном. У тую вясну кіраўніцтва раёна за гаспадаркай замацавала ПМС. Дзякуючы тэхнічнай дапамозе меліяратараў аператыўна справіліся з сяўбой.

Чатыры з паловай гады адпрацаваў галоўным аграномам у Баянічах. У суседняй вёсцы Сосны на дыскатэцы пазнаёміўся з Таццянай. Дачакаўся, калі яна скончыць сталічны гандлёвы каледж, і мы згулялі вяселле. Першынца назвалі Аляксеем. Сям’ю папоўніла і дачка Мілана. У Любані пабудавалі ўласны дом. Потым кіраваў суседнім сельгаспрадпрыемствам «Асавец», працаваў у іншых гаспадарках раёна. Паспрабаваў сябе і ў прадпрымальніцтве. Тры гады таму вярнуўся да працы на зямлі і ўзначальваю КСУП «Таліца-агра».

— З чаго пачалі кіраванне гаспадаркай?

— З навядзення парадку. Большасць тэхнікі выпрацаваная. Часткова за сродкі гаспадаркі і ў лізінг абнавілі машынна-трактарны парк. Другі год на жніве задзейнічаны гомельскі зернеўборачны камбайн. Упарадкоўваем жывёлагадоўчыя фермы. Зносім старыя вытворчыя будынкі. Мураваныя сцены перапрацоўваем у шчэбень, а драўляныя выкарыстоўваем на паліва. Гаспадарка ўвайшла ў абласную праграму развіцця жывёлагадоўлі. Штогод малочны статак павялічваецца амаль на сотню кароў, павышаецца іх прадукцыйнасць. Штодзённа рэалізуем на Любанскі фііял Слуцкага сырзавода звыш 16 тон малака.

Адзіныя ў раёне аднавілі вырошчванне цукровых буракоў. Плантацыя іх перавышае 200 гектараў. Паступова расце аб’ём вытворчасці прадукцыі, адпаведна, і людзі за працу сталі больш атрымліваць. На палях і фермах занята паўтары сотні чалавек. Сярэднямесячны заробак у калектыве перавышае 1000 рублёў.

— Пэўна, вас хвалюе, што побач узводзіцца горнарудны камбінат «Слаўкалій», якому патрэбны працоўныя рэсурсы?

— З першых дзён дырэктарства турбаваў недахоп механізатараў і жывёлаводаў. Усіх, хто ў нас працуе, забяспечваем жыллём. І далей плануем будаваць дамы. Ствараем належныя ўмовы працы, каб затрымаць людзей. Канечне, складана будзе канкурыраваць з такім прамысловым гігантам.

— А спецыялістаў хапае?

— Калектыў папаўняецца маладымі спецыялістамі. Па размеркаванні працуюць выпускнікі сталічнага агратэхуніверсітэта Яўген Мігун і Уладзіслаў Майсеня. Два старшакурснікі ўніверсітэта праходзяць вытворчую практыку і пасля заканчэння настроены вярнуцца сюды. Трое стыпендыятаў вучацца ў вышэйшых аграрных навучальных установах. Выпускніку сярэдняй школы выдалі накіраванне для паступлення ў Белдзяржветакадэмію. На бліжэйшае дзесяцігоддзе ўкамплектаваны спецыялістамі.

— Што самае значнае ў працы сучаснага кіраўніка гаспадаркі?

— Выбудаваць кадравую вертыкаль, тады кіраваць лягчэй. Імкнуся падбіраць людзей, якіх не трэба падштурхоўваць у дзейнасці. Стаўку раблю на моладзь. У ХХІ стагоддзі яна смела выкарыстоўвае сучасныя тэхнічныя сродкі. Не за гарамі той час, калі ўся сельгастэхніка будзе працаваць на адкарціраваных палях па навігатарах. Новую сеялку прычапілі да МТЗ-3522. У лізінг набылі навігацыйныя прылады. Усталявалі іх на трактары. Механізатар Іван Лазоўскі засвоіў навінку. Уключае кнопку — і тэхніка па спадарожніку працуе на полі. На ўскрайку трактар самастойна разварочваецца. Здзіўляе, чаму нашы трактарабудаўнікі не выкарыстоўваюць гэта. Тэхніку з навігацыйным абсталяваннем задзейнічаем і на нарыхтоўцы кармоў.

Каб стаць паспяховым кіраўніком, трэба быць адукаваным, максімальна чэсным. Цаню ў людзях праўдзівасць. Назаўсёды губляю давер да тых, хто хлусіць. Калі вырашылі набыць у лізінг навігацыйную сістэму, якая каштуе 10 тысяч еўра, пастаўшчыкі пацікавіліся не толькі фінансавым станам гаспадаркі, але і маёй біяграфіяй. У дамове ўказалі, што кантракт заключаны з дырэктарам. Заваяваць аўтарытэт складана.

— У будзённых справах усякае здараецца: не абыходзіцца без выхаваўчых мер. Як уздзейнічаеце на парушальнікаў працоўнай дысцыпліны?

— У кожнага ўласны нораў. У любой сітуацыі намагаюся заставацца чалавекам. Жорстка паступаю з асацыяльнымі асобамі. Як ні імкнёмся іх выхоўваць, толькі атрымаюць грошы і зрываюцца. Працавітых паважаю і шаную. Магу падначаленаму, калі ён выпадкова нешта не так зрабіў, даць заўвагу і не болей. Калектыў наш самы малады ў раёне. Сярэдні ўзрост не дасягае сарака гадоў.

— А ў сям’і які вы?

— Імкнуся жыць па асноўных біблейскіх запаветах. У святы з жонкай і дзецьмі наведваем праваслаўны храм. Часта разважаю з сынам Аляксеем пра яго будучае. Не навязваю сваю думку ў выбары прафесіі. Ён штодзённа бачыць псіхалагічную складанасць маёй працы. Ганаруся, што застаўся на зямлі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter