Команду единомышленников формирует молодой руководитель лоевского ОАО «Уражайный» Иван Анисовец

Дырэктар лоеўскага ААТ «Ураджайны» Іван Анісавец: «Рабі людзям дабро і не чакай нічога ў адказ»

Іван АНІСАВЕЦ нарадзіўся на Лоеўшчыне праз тры тыдні пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Яго бацька, Васіль Іванавіч, у першы год пасля катастрофы разам з іншымі механізатарамі пераворваў забруджаныя радыяцыяй землі ў Брагінскім раёне. Маці настаўнічала ў вясковай васьмігодцы і ў будучым бачыла сына педагогам. А хлопчыка з малых гадоў вабіла тэхніка: ён не вылазіў з кабіны бацькавага трактара, адчуваў кроўную сувязь з роднай зямлёю.


Пасля атрымання атэстата сталасці падаў дакументы ў Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж, паспяхова скончыў яго. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным агратэхнічным універсітэце і вярнуўся на родную Лоеўшчыну. У ААТ «Калпень-Агра» ўзначаліў інжынерную службу, займеў сям’ю. Гаспадарка маладому спецыялісту выдзеліла жыллё.

З жонкай Вольгай Уладзіміраўнай выхоўваюць сыноў Кірыла, Арсеня і дачку Настассю.

Мінулай вясною Іван Васільевіч узначаліў лоеўскае ААТ «Ураджайны».

Цэнтральная сядзіба сельгаспрадпрыемства — аграгарадок Уборак — патанае ў садах. Па асфальтаванай дарозе, што за аколіцай вядзе да сучаснай жывёлагадоўчай фермы, бесперапынна снуюць трактары з прычэпамі, поўнымі зялёнай масы кукурузы. На кожную з 6 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы назапашана больш як па 20 цэнтнераў кармавых адзінак, што значна перавышае паказчыкі мінулага года. Пасля вераснёўскіх дажджоў узнялася атава на рачной пойме. З яе механізатары нарыхтоўваюць сенаж.

Гаспадарка ўваходзіць у склад унітарнага прадпрыемства «Малочная праўда» і спецыялізуецца на вытворчасці малака. Штодзённа амаль 30 тон прадукту адпраўляецца для перапрацоўкі на Тураўскі малочны камбінат. Івана Анісаўца радуе, што амаль на 20 працэнтаў вырасла прадукцыйнасць дойнага статка:

— Дзякуючы значным фінансавым паступленням з малочнага камбіната разлічваемся з даўгамі, наводзім парадак на зямлі. Раскарчоўваем стары запушчаны сад. У севазварот увялі ўжо 30 гектараў. Дапамагаем Карпаўскаму, Страдубскаму і Уборкаўскаму сельвыканкамам, якія знаходзяцца на нашай тэрыторыі, добраўпарадкоўваць населеныя пункты. На цэнтральнай сядзібе капітальна рамантуем кватэры для жывёлаводаў і механізатараў. Звярнуўся да старшыні Лоеўскага райвыканкама Веранікі Байковай з такой прапановай: запазычанасць гаспадаркі за жыллё вяртаць ЖКГ і гэтыя сродкі выкарыстоўваць на рамонт яго. Так і зрабілі. Адрамантаваныя кватэры выдзелім сем’ям жывёлаводаў і механізатараў. Папоўніцца вучнямі школа, ажыве аграгарадок.

З ростам паступленняў на рахунак павялічваюцца і заробкі працаўнікоў: сярэднямесячны па гаспадарцы вырас да тысячы рублёў.

— Іван Васільевіч, вам дасталася сельгаспрадпрыемства на мяжы банкруцтва. З чаго пачалі кіраўніцтва?

— З дыктату тэхналогіі і навядзення дысцыпліны. У апошнія гады ў гаспадарцы часта мяняліся кіраўнікі. Людзі тут старанныя, але панавала расхлябанасць. Трэба было неяк пераламіць настрой працаўнікоў. Пачаў наводзіць парадак з механізатараў. Калі з мехдвара не выйдзе спраўны трактар з кормараздатчыкам ці пасяўным агрэгатам — доб­рых вынікаў не чакай. У сельскай гаспадарцы ўсё сфакусіравана на тэхніцы. Пазбавіліся гультаёў. Рамонт машын і агрэгатаў пайшоў паспяхова, у полі праца тэхнікі наладзілася. Не склаліся адносіны з былым галоўным вет­урачом і з маім намеснікам, давялося з імі развітацца. Паступова фармірую каманду аднадумцаў.

Гаспадарка вялікая: сельгасугоддзяў звыш 16 тысяч гектараў, з якіх палова — ворыва. Першы экзамен вытрымалі вясной. Своечасова справіліся з азімаю сяўбою і суседзям дапамагаем. Збожжавы клін займае амаль 4 тысячы гектараў. На некаторых палях пшаніца і трыцікале далі па 35—40 цэнтнераў зерня. На гэтых урадлівых землях патэнцыяльна можна атрымліваць большую ўраджайнасць.

— Ды і раўняцца ёсць на каго. Побач вядомыя ў рэспубліцы рэчыцкія агракамбінат «Холмеч» і СВК «50 год Кастрычніка», якія ўзначальваюць вопытныя кіраўнікі Марыя Ламанос і Рыгор Шпакаў.

— Рыгор Купрыянавіч — мой кумір. Калі еду каля яго палёў, прыглядаюся, як там справы. Памятаю, як нас, маладых кіраўнікоў, прывезлі ў гаспадарку, якой паўвека кіруе Рыгор Купрыянавіч. Запомнілася тая сустрэча з аксакалам. Калі раптам узнікне патрэба параіцца з ім, думаю, што не адмовіць. Нашы палі мяжуюць і з агракамбінатам «Холмеч». У дырэктара Марыі Мікалаеўны ёсць таксама чаму павучыцца. Разумею: каб узняцца да эканамічных паказчыкаў гэтых флагманаў Гомельшчыны, неабходна ў першую чаргу тэхналагічная дысцыпліна. Вось зараз сіласуем зялёную масу кукурузы, пільна кантралюем якасць фуражу. Мяне ўсцешвае, што знайшоў паразуменне з калектывам. Старанных працаўнікоў падтрымліваю, каб на іх раўняліся астатнія.

— У Лоеўскім раёне пяць гаспадарак. Чым ваша асаблівая?

— Тым, што ў большасці вёсак затухае жыццё. Важна вярнуць сюды людзей. А зрабіць гэта можна, стварыўшы ў першую чаргу спрыяльныя ўмовы жыцця і вартыя заробкі. Да нас ужо едуць з розных куткоў Беларусі. У мяне шмат сяброў па вучобе ў Буда-Кашалёўскім дзяржагратэхкаледжы і сталічным агратэхуніверсітэце. Ды і бацькі вучылі: лепш май не 100 рублёў, а сто сяброў. З сябрамі падтрымліваю сувязь, і яны на дапамогу адклікаюцца. Дзякуючы ім чакаю прыезду ветурача. У бухгалтэрыю прыйшлі працаваць выпускніцы Рэчыцкага дзяржагракаледжа. Папаўняецца і атрад механізатараў і жывёлаводаў.

Адчуваю адказнасць не толькі за вытворчыя справы, але і за людзей, што жывуць на тэрыторыі гаспадаркі. Бацькі мяне вучылі: рабі дабро людзям і не чакай нічога ў адказ. Да мяне звяртаюцца з просьбай дапамагчы агарод апрацаваць, збажыны выпісаць ці дроў прывезці. Нікому не адмаўляю. Некаторыя нашы вёскі ў 30 кіламетрах ад Лоева, і многім людзям складана дабрацца ў райцэнтр. Вы­дзяляю транспарт, каб даставіць іх.

— Іван Васільевіч, хто паўплываў на ваш выбар прафесіі?

— Бацька настроіў мяне паступаць у аграрна-тэхнічны каледж. З малых гадоў прывучаў да тэхнікі. У старэйшага брата Васіля да машын душа не ляжала. Ён скончыў педуніверсітэт, а потым лесатэхнічны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны і працуе ляснічым. Маё дзяцінства прайшло з бацькам на трактары. З сёмага класа быў у яго памочнікам на збожжаўборачным камбайне. Замяніў бацьку на трактары, калі ён павёз брата паступаць у Мазырскі дзяржпедуніверсітэт.

У студэнцкія гады кожнае лета працаваў у гаспадарцы. На камбайне «Дон-1500» з братам убіралі збожжавыя. Сярод маладзёжных экіпажаў раёна занялі першае месца. Нас узнагароджвалі на раённых і абласных «Дажынках».

Пасля заканчэння каледжа настроіўся завочна атрымліваць вышэйшую тэхнічную адукацыю, але паступіў на стацыянар у Беларускі дзяржагратэхнічны ўніверсітэт. Атрымаў дыплом інжынера і вярнуўся дамоў. Запомніліся першыя крокі самастойнай працы. Трэба было заваёўваць аўтарытэт сярод землякоў, на вачах якіх рос. Імкнуўся з кожным знайсці паразуменне. Нікому ніякіх скідак. Сярод механізатараў былі і сваякі. Да ўсіх адносіўся аднолькава. Мая галоўная задача была, каб тэхніка спраўна працавала і своечасова выконваліся палявыя работы. Пры паломках агрэгатаў аператыўна наладжваў рамонт.

— А калі што не атрымлівалася, як паступалі?

— Звяртаўся да дырэктара Васіля Пятровіча Харко. Гэта быў мудры кіраўнік, у яго і вучыўся як ладзіць з людзьмі. Спачатку не ўсе механізатары мяне ўспрымалі сур’ёзна, некаторыя не слухаліся. Паступова заваёўваў аўтарытэт галоўнага інжынера. Некаторым паставіш задачу, што неабходна зрабіць, — і яны працуюць. Вось як трактарысты бацька і сын Каміль Гарыпавіч і Арцём Камілевіч Юсупавы. Яны прыклад для іншых. А з наравістымі братамі Нікіценкамі даводзілася часта спрачацца, даказваць, як правільна эксплуатаваць тэхніку.

— У час такіх спрэчак не ўзнікала жадання памяняць работу?

— Усяляк бывала, асабліва ў першыя гады працы галоўным інжынерам гаспадаркі «Калпень-Агра». Не хапала вопыту адносін з падначаленымі, але паступова ўсё наладзілася. У раёне мяне, як спецыяліста, сталі паважаць. Сем гадоў кіраваў інжынернай службай, займеў сям’ю. Жонка Вольга Уладзіміраўна па адукацыі медык. У нас падрастаюць два сыны і дачушка.

— Сыны цікавяцца вашымі справамі?

— Адчуваю, што па маіх слядах пойдзе малодшы Арсень. Яму сем гадкоў, а ён ужо гарыць жаданнем бачыць, як я кірую. У выхадныя едзем з ім па палях, фермах. Раней прасіў, каб пакатаў яго, а калі падрос, больш цікавай стала не тэхніка, а мая праца кіраўніка. Прапаную паглядзець, як камбайны косяць кукурузу, а ён загадвае ехаць на дойку кароў. На жаль, сям’і не заўжды ўдаецца ўдзяляць шмат часу. Рана пакідаю дом і позна вяртаюся. Але адчуваю, што сям’я — надзейны тыл.

— Іван Васільевіч, за паўгода дырэктарства адчулі сябе кіраўніком?

— Адчуў, што клопатаў дадалося. А які я кіраўнік — меркаваць людзям. Імкнуся ва ўсе падрабязнасці тэхналогіі ўнікаць, каб прымаць правільныя рашэнні. Нават бывае, што па некалькі разоў на дзень наведваю фермы. Гаспадарка раскінулася на дзясяткі кіламетраў. Ёсць і вытворчы ўчастак за Дняпром, дзейнічае паромная пераправа. А калі пачнуцца маразы, трэба будзе вялікі круг рабіць у аб’езд. Плануем там рэканструяваць жывёлагадоўчую ферму. У перспектыве ёсць задумкі будаўніцтва новых ферм на 2 тысячы галоў дойнага статка.

— Якое ваша галоўнае правіла?

— Арганізую сваю і спецыялістаў працу так, каб быў станоўчы вынік. Маё галоўнае правіла — каб кожны на сваім працоўным месцы меў пэўны занятак і імкнуўся да поспеху.

— Вы рызыкоўны чалавек?

— Люблю разумна рызыкаваць. Вясною аграномы з-за таго, што глеба перасохлая і трымаліся халады, вырашылі спыніць сяўбу кукурузы. Адчуваў душою, што трэба сеяць, хаця надта рызыкаваў. Настаяў, каб пасяўныя агрэгаты выйшлі ў поле. Па ўраджайнасці як зялёнай масы, так і зерня кукурузы нам няма роўных у раёне. Такую рызыку назваў бы аргументаванай.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter