Віталь Юхо год таму ўзначаліў капыльскае ЗАТ «Жыліхава» і паспяхова кіруе калектывам. Перспектыву гаспадаркі малады дырэктар бачыць у далейшым развіцці малочнай вытворчасці і павышэнні эфектыўнасці выкарыстання зямлі

Дырэктар капыльскага ЗАТ «Жыліхава» Віталь Юхо: «Вялікае шчасце – адчуваць сябе багатым духоўна»

ГОД таму капыльскае ЗАТ «Жыліхава» ўзначаліў выпускнік аграфака Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Віталь ЮХО. Землі ў гаспадарцы па натуральнай урадлівасці перавышаюць 45 балаў. Дзякуючы гэтаму і пры актыўным удзеле земляробаў кожны гектар хлебнай нівы летась даў звыш 43 цэнтнераў зерня і амаль 640 цэнтнераў цукровых буракоў. Парадаваў добрым ураджаем насення азімы рапс. Добра ўрадзілі бульба, кукуруза на сілас.


Плённым выдаўся мінулы год і ў жывёлагадоўлі. Ад кожнай з 900 дойных кароў атрымана па 5400 кілаграмаў малака. Прырост пераважыў 700 кілаграмаў, рэнтабельнасць вытворчасці — амаль 60 працэнтаў. Сортам экстра рэалізуецца яно ў Капыльскі філіял ААТ «Слуцкі сыраробчы камбінат».

Заўважны рост эканамічных паказчыкаў атрыманы дзякуючы эфектыўнай рабоце калектыву, прымяненню сучасных тэхналогій, якасці, працоўнай дысцыпліне і парадку. Людзі ў гаспадарцы працалюбівыя, граматныя, адказныя. Настроены пераадолець 6-тысячны рубеж па надоях малака, а з кожнага гектара хлебнай нівы атрымаць звыш 60 цэнтнераў збожжа. Дасягненне гэтых паказчыкаў патрабуе значных намаганняў.

Гаспадарка ўключана ў абласную праграму развіцця жывёлагадоўлі. Распрацавана і зацверджана тэхнічная дакументацыя на ўзвядзенне малочна-таварнага комплексу на 600 дойных кароў. Да будаўнічай пляцоўкі сваімі сіламі падведзены камунікацыі.

На рахунку сельгаспрадпрыемства ўдосталь сродкаў на набыццё ўсяго неабходнага для вытворчасці прадукцыі, росту заробкаў, далейшага развіцця сацыяльнай сферы.

Аддаленае амаль на тры дзясяткі кіламетраў ад Капыля ЗАТ «Жыліхава» мяжуе з землямі Слуцкага і Салігорскага раёнаў. Угоддзі гаспадаркі перасякае ажыўлены шлях, які некалі меў назву Кацярынінскі. На легкавіку, якім кіраваў вадзіцель гаспадаркі Аляксей Сняжко, імчалі па ім у аграгарадок Жыліхава. За вокнамі віхурыла студзеньская завея. Ледзьве праглядаліся заснежаныя палі. Ад Аляксея даведаўся, што ён тутэйшы. Старэйшы яго брат Васіль атрымаў у Капыльскім прафтэхвучылішчы прафесію механізатара і цяпер адзін з лепшых трактарыстаў гаспадаркі. Жонка яго Галіна кухарыць у сталоўцы аграгарадка. У іх падрастаюць дзве дачкі. Маладая сям’я атрымала дом у Жыліхаве. Малодшаму брату Аляксею дасталася ў спадчыну сядзіба дзядулі ў суседняй з аграгарадком вёсцы Гулевічы. Бухгалтарам у сельгаспрадпрыемстве працуе яго жонка Кацярына. Іх сыну Іванку трэці гадок. Пры сярэдняй школе дзейнічае дзіцячы сад. Гаспадарка забяспечвае працаўнікоў жыллём. Будаўнічая брыгада завяршае рамонт чарговага дома. На вытворчасці ў сельгаспрадпрыемстве занята паўтары сотні працаўнікоў. Калектыў пастаянна папаўняецца механізатарамі і жывёлаводамі. Трактарыстамі сталі выпускнікі мясцовай сярэдняй школы Аляксандр Яцына, Яўген Гаргун, Яўген Каваленка.

У прасторным кабінеце Віталя Юхо шмат грамат, дыпломаў. Ёсць чым ганарыцца і маладому дырэктару. За год кіраўніцтва заўважна вырасла вытворчасць малака. Штодзённа з ферм на перапрацоўку адпраўляецца звыш 13 тон. Кіраўніка радуе, што ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года сутачны надой ад кожнай каровы павялічыўся на 3 кілаграмы.

— Збалансавалі кармы, дапоўнілі іх дабаўкамі і атрымалі вынік, — адзначыў Віталь Юхо. — Важна і тое, што летась набылі аўтаматызаваны кормараздатчык з вертыкальным перамешваннем фуражу. За мінулы год грамадскі статак павялічыўся амаль на 400 галоў маладняка. Раней цялят перадавалі суседзям на дарошчванне. Падлічылі, колькі дадаткова ад гэтага можам атрымаць прыбытку. Абсталявалі памяшканне і ўтрымліваем кормнікаў да неабходнай кандыцыі. За ялавічыну папаўняем казну гаспадаркі.

Перспектыву бачым у далейшым развіцці жывёлагадоўлі, асабліва вытворчасці малака. За свае сродкі абнаўляем старыя памяшканні. Гадуем маладняк для дойнага статка будучага МТК.

— Віталь Уладзіміравіч, развіццё жывёлагадоўлі моцна залежыць ад раслінаводства. Як абстаяць справы ў гэтай галіне?

— Па натуральнай урадлівасці нашым землям няма роўных у раёне. У гаспадарцы 3519 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 3045 — ворыва. Трэцяя частка севазвароту адведзена пад азімы клін. Амаль паўтысячы гектараў засеяны азімым рапсам. З восені падгатавалі плошчы пад веснавую сяўбу. Набылі неабходную колькасць мінеральных удабрэнняў, падрыхтавалі насенне сельгаскультур. Механізатары вывозяць на палі арганіку, даводзяць да ладу тэхніку. Абнавілі машынна-трактарны парк трыма мінскімі трактарамі. Купілі два прычэпы, глебаапрацоўчыя і іншыя агрэгаты і механізмы.

— Вы год кіруеце гаспадаркай. Ці плануеце загадзя працоўны дзень?

— Са студэнцтва прызвычаіўся нічога не адкладваць на заўтра. Так імкнуся дзейнічаць. Адчуваю асабістую адказнасць за калектыў. Працоўны дзень звычайна пачынаю з аб’езду гаспадаркі і завяршаю яго позна вечарам. Каб правільна прымаць рашэнні, трэба быць у курсе усіх спраў. Традыцыі ў гаспадарцы шліфаваліся дзесяцігоддзямі. Залатымі літарамі ў гісторыю ўпісаны імёны лепшых працаўнікоў. Летась на раённых «Дажынках» у аграгарадку Старыца ўзнагароды прымалі камбайнер Аляксандр Максіменя і яго памочнік Сяргей Сянюк. На гомельскім зернеўборачным агрэгаце яны намалацілі звыш тысячы тон збажыны.

Па выніках мінулага года сярод жывёлаводаў лепшымі прызнаны ў гаспадарцы аператары машыннага даення Валянціна Шпілеўская і Таццяна Сакалоўская з МТФ «Жыліхава». Ад кожнай з паўтары соцень замацаваных за імі кароў надаілі па 6000 кілаграмаў. Рэалізуем малако толькі сортам экстра. У рэспубліцы патрабаванні да яго якасці даволі высокія, але яны яшчэ максімальна не набліжаны да еўрапейскіх стандартаў.

У студэнцтва выпала стажыравацца ў Вялікабрытаніі. З англійскай мовай праблем не было. Сярэднюю школу скончыў з сярэбраным медалём. З аднакурснікам Іванам Канановічам трапілі ў фермерскую гаспадарку. Першыя два месяцы збіралі клубніцы ў парніку. Там ягады круглы год вырошчваюць пад плёнкай. Убіраюць іх так, каб на сантыметр заставаўся зялёны хвосцік, і акуратна ўпакоўваюць. Гаспадар пільна кантраляваў, каб тавар адпавядаў стандарту. Першыя сабраныя намі ягады выкінулі на сметнік. Гэта для нас было добрым урокам. Надта высокая канкурэнтная барацьба на спажывецкім рынку. Налаўчыліся спрытна збіраць ураджай. Потым гаспадар даручыў мне працаваць на трактары і іншых сельгасмашынах.

Праз год вярнуўся да вучобы. Абараніў дыпломную работу. Разам з дыпломам вучонага агранома за выдатную вучобу атрымаў ганаровую грамату. Узначаліў агранамічную службу капыльскай гаспадаркі «Бабоўня». Там пазнаёміўся з дзяўчынай. Наталля скончыла Полацкі дзяржагракаледж і загадвала аддзелам кадраў. За месяц да вяселля нявеста трапіла ў жудасную аварыю. Дзякуючы тагачаснаму кіраўніку гаспадаркі Сяргею Сераму яе аператыўна даставілі ў сталічную клініку. Лепшыя прафесіяналы сабралі і акуратна зшылі раздроблены твар. Вока ўратаваць не атрымалася. Наталля мужна перанесла выпрабаванні. Вяселле гулялі праз год. Дзве дачушкі і два сыны падарыла мне жонка. Старэйшыя дзеці Настасся і Сяргей — школьнікі, Іванку паўтара гады, а самай малодшай Алесе шосты месяц. Прыеду стомлены дамоў, а насустрач топае Іванка і абдымае. Адразу забываю пра стому. Ці можна гэта з чым іншым параўнаць. Са старэйшым сынам у вольны час ходзім на паляванне, рыбачым. У нядзелю сям’ёю едзем на богаслужэнне ў нясвіжскі касцёл. Дзяцей імкнёмся выхоўваць у працы — так, як мы раслі. Мая бабуля Ніна даіла кароў у калгасе, а другая бабуля Надзея настаўнічала ў вясковай школе. Яны настройвалі мяне на вучобу. Дзядуля Яраслаў вучыў араць, касіць, з сякерай увіхацца. Ён наказваў: мо ў жыцці і не давядзецца займацца сялянскімі справамі, але ўмець усё павінен.

— Віталь Уладзіміравіч, вы кіраўнік, да вас звяртаюцца людзі па дапамогу. Як паступаеце?

— У гаспадарцы ведаюць, што дзверы ў мой кабінет не на замку. Кожнага выслухоўваю, калі неабходна дапамагаю. Па самых розных пытаннях звяртаюцца працаўнікі, пенсіянеры. Не шкадую добрых слоў, але адчуваю, што патрэбна і строгасць. Бывае, ноччу сон не бярэ, абдумваю, як паступіць з парушальнікамі працоўнай дысцыпліны. Пакараеш рублём, а потым перажываеш, што на бюджэце сям’і адаб’ецца. Кіраваць людзьмі — справа адказная. На кожны выпадак рэцэптаў няма.

— Якія рысы найбольш цэніце ў сябрах. Увогуле, ці многа іх у вас?

— Сапраўдных шмат не бывае. Самае важнае ў сяброўстве — вернасць. Адданы сябар ніколі не пакіне ў бядзе. Дружу з тымі, з кім вырас, вучыўся ў школе, універсітэце, з кім працую. Радуюся сустрэчам з імі. Штогод імкнуся бываць на традыцыйных школьных вечарынах выпускнікоў.

— Што, на вашу думку, значыць быць багатым?

— Перш за ўсё важна быць духоўна багатым. Маё бясцэннае багацце — чацвёра дзетак, жонка і людзі, што акружаюць. Імкнуся зрабіць як мага больш добрага, прыемнага для іншых. У Жыліхаве замест храма стаяла невялікая каплічка. Там узвядзём новую, каб было дзе памаліцца. Для моладзі абсталюем спартыўную пляцоўку. Марым стварыць каманду па міні-футболе. Плануем акультурыць вадаёмы, абуладзіць іпадром. Навядзем парадак у стайні і завядзем коней.

Раніцай па дарозе ў гаспадарку ёсць магчымасць паразважаць. Звычайна ў такі час з фермы выязджае гружаны малакавоз. Сустракаю яго і радуюся: вось вынік нашай працы. Вялікае шчасце — адчуваць сябе духоўна багатым.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter