Свае погляды на фарміраванне старшынёўскага корпуса выказвае малады кіраўнік капыльскага філіяла «Вялікая Раёўка» ААТ «Крыніца» Іван Дамашэвіч

Дырэктар капыльскага філіяла «Вялікая Раёўка» ААТ «Крыніца» Іван Дамашэвіч: «Наша Раёўка зноў стала Вялікай»

У юнацтве ехаў з дзядзькам па дровы. Конік, уздымаючы пыл, няспешна цягнуў вазок. Шлях да бору ляжаў праз поле. Па дарозе гутарылі. Ад дзядзькі пачуў: «Найбольшае шчасце — жыць там, дзе нарадзіўся і вырас». Словы аселі ў памяці. Часта чую гэта і ад людзей, па-сапраўднаму адданых сваёй справе. Так атрымалася і ў час размовы з дырэктарам капыльскага філіяла «Вялікая Раёўка» ААТ «Крыніца» Іванам ДАМАШЭВІЧАМ. Вырас ён у звычайнай вясковай сям’і. Бацька Віктар Вячаслававіч працаваў у калгасе на трактары, летам браў сына з сабой у поле. Хлопчыка цікавіла праца на зямлі.


Узгадваючы дзяцінства, Іван Віктаравіч падзяліўся запаветным: тады ўжо марыў стаць старшынёй калгаса. Уяўляў і ўласны дом на ўскрайку лесу. У старэйшых класах юнака захапіла прыродазнаўства. Паспяхова здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам факультэта прыродазнаўства сталічнага педуніверсітэта. У час летніх канікул практыкаваўся ў розных кутках Беларусі. Пасля атрымання дыплома прадоўжыў вучобу ў магістратуры.

— Навукова даследаваў ветравую эрозію палескіх тарфянікаў, — удакладняе Іван Дамашэвіч. — Мяне здзівіў іх стан у пінскай гаспадарцы «Парахонскае». За дзесяцігоддзі выкарыстання тарфяныя масівы заўважна дэградавалі. Замест прапануемых вучонымі травяных севазваротаў на іх вырошчваюць кукурузу. Гаспадарка — адна з найбольш эфектыўных у рэспубліцы па вытворчасці малака і ялавічыны. Кукурузныя плантацыі даюць высокія ўраджаі зялёнай масы, што гарантуе забеспячэнне грамадскага статка ўласным фуражом. Але вырошчванне гэтай кармавой культуры на тарфяніках адмоўна ўплывае на стан глебы. Гэта праблема дзяржаўнага ўзроўню. Каб пазбегнуць пылавых бур, якія часта ўздымаюцца на Палессі, варта прыслухацца да навукоўцаў. Спадзяюся, што мая магістэрская дысертацыя знойдзе практычнае прымяненне.

Пасля заканчэння магістратуры ажаніўся з аднакурсніцай Веранікай. Настаўнічаў у Доктаравіцкай сярэдняй школе. Душа рвалася да працы на зямлі. У школе застаўся на палову стаўкі і пайшоў аграномам у суседнюю капыльскую гаспадарку «Племзавод «Дусаеўшчына». Не згасала і прага да навукі. Двойчы вучыўся ў аспірантуры (так склалася). Заняўся даследаваннем эканамічных асноў станаўлення вінаградарства ў аграпрамысловым комплексе Беларусі. У нашай рэспубліцы няма гэтай галіны раслінаводства. Нязначныя плошчы займаюць вінаграднікі ў гомельскім агракамбінаце «Усход» і на Піншчыне. За гады завочнай вучобы ў аспірантуры падрыхтаваў тэарэтычную частку дысертацыі, засталося дапоўніць яе фактычным матэрыялам. У гаспадарцы «Вялікая Раёўка», якой кірую шосты год, мінулай восенню на паўтара гектарах высадзілі вінаград.

— Дзе набывалі саджанцы?

— Нам дасталася частка з партыі, што паступіла з Таджыкістана пасля візіту ў гэту рэспубліку Кіраўніка дзяржавы. Закупілі і раяніраваныя сарты. Закладку вінаградніку эканамічна абгрунтавалі. Прадумалі варыянты рэалізацыі будучага ўраджаю. Даглядае плантацыю былы дырэктар школы Галіна Іосіфаўна Кедрык. Яна на заслужаным адпачынку. У Ляхавіцкім дзярж­агракаледжы, адзіным у рэспубліцы, дзе рыхтуюць спецыялістаў па вінаградарстве, паабяцалі прыслаць у гаспадарку выпускніка.

Побач з вінаграднікам пад трохсотгадовым дубам усталявалі альтанкі. Пляцоўку перад імі выклалі дубовымі круглякамі, засеялі газоны, абсталявалі дэгустацыйны павільён і аграсядзібу. Плануем у вёсцы Вялікая Раёўка адкрыць гасцініцу, сталовую-кафэ, хлебапякарню. Знойдзем прымяненне і векавому мураванаму будынку былой панскай млячарні.

— Каб здзейсніць задуманае, неабходны сродкі, а таксама падтрымка кіраўніцтва сталічнага ААТ «Крыніца», філіялам якога больш як паўтара дзесяцігоддзі таму стала гаспадарка.

— Сродкі ёсць. Некалькі гадоў гаспадарка атрымлівае чысты прыбытак, чаго не было раней. З першых дзён кіраўніцтва разумеў, што трэба зарэкамендаваць сябе ў калектыве. Пачынаў з навядзення парадку. Паступова замацаваліся па вытворчых паказчыках, чацвёрты год запар атрымліваем чысты прыбытак. У першы год дырэктарства гадавая выручка ад рэалізацыі прадукцыі крыху перавышала 2 мільёны рублёў. У калектыве працавала 110 чалавек, зараз — 90. Вытворчасць вырасла на 65 працэнтаў. У тры разы павысілася выручка ад рэалізацыі прадукцыі. Прадукцыйнасць працы ўзнялася да 250 працэнтаў. У два разы пабольшалі заробкі. Кіраўніцтва ААТ «Крыніца» дапамагло абнавіць машынна-трактарны парк. Цяпер ужо за ўласныя сродкі набываем тэхніку. З-за нізкіх заробкаў людзі звальняліся і выязджалі. З разбітымі вокнамі і дзвярыма стаялі апусцелыя катэджы на цэнтральнай сядзібе ў вёсцы Вялікая Раёўка. Закрыліся сярэдняя школа і дзіцячы сад. Вучняў возяць на заняткі за 10 кіламетраў у аграгарадок Цімкавічы.

Аднаўляць вёску пачалі з рамонту дамоў. Затраты на кожны — у сярэднім 30 тысяч рублёў. Але пайшлі на гэта, бо патрэбны механізатары і жывёлаводы. Рамантуем іншыя пустуючыя сядзібы і засяляем у іх сем’і. Прырастае насельніцтва ў Вялікай Раёўцы. Пяць гадоў таму было 12 дзяцей, а цяпер у два разы больш. Уладкоўваем вёскі.

— Вяскоўцы дапамагаюць?

— Падтрымліваюць нашы намаганні па добраўпарадкаванні грамадскіх тэрыторый. Наводзяць парадак на сваіх сядзібах. Мне давялося азнаёміцца з цікавай тэорыяй «Сіла месца». Згодна з ёй кожны населены пункт мае гістарычнае, культурнае, краязнаўчае прызначэнне. Многае залежыць ад мясцовай ініцыятывы. Пачалі з акультурвання парку. Усталявалі два дзясяткі лавак. Гэта значных затрат не патрабавала. Прывялі ў парадак футбольнае поле, валейбольную пляцоўку. Пабудавалі сцэну амфітэатра. Там можна і ў час пандэміі ладзіць мерапрыемствы. Адкрылі дзіцячую пляцоўку. З ахвотай дапамагаюць спонсары. Напрыклад, нам падарылі дарагую дзіцячую горку. На ўскрайку Вялікай Раёўкі, дзе ў даваенны час пралягала мяжа з Польшчай, застаўся абарончы бункер. Побач з ім на месцы былой звалкі зладзілі мемарыял, прысвечаны спаленым вёскам Капыльскага раёна, — каб людзі памяталі гісторыю свайго краю. Сюды едуць вучні з навакольных школ, аматары турызму. Летам у Вялікай Раёўцы правялі Свята вёскі. Сабралася шмат народу. Уздоўж дарогі стаяла сотня легкавікоў. На мітынгу ля мемарыяла многія не стрымлівалі слёз. Людзі дзякавалі за мерапрыемства. У цэнтры Вялікай Раёўкі плануем узвесці праваслаўную каплічку.

— Іван Віктаравіч, гаспадарка, якую ўзначальваеце, падпарад-коўваецца раённаму кіраўніцтву і сталічнаму ААТ «Крыніца». Як гэта ўплывае на дзейнасць калектыву?

— На першым этапе, калі была вострая неабходнасць у фінансавай падтрымцы, такое падпарадкаванне апраўдвала сябе. Вытворчы працэс у гаспадарцы адладжаны. Часам атрымліваецца, што выгадна для раёна, не прымальна для кіраўніцтва ААТ «Крыніца». Узнікаюць складанасці. У параўнанні з іншымі гаспадаркамі раёна ў нашым калектыве больш высокія заробкі. Хапае ўласных сродкаў на забеспячэнне неабходным вытворчага працэсу, абнаўленне тэхнічнага парка. За апошнія гады пабудавалі сянажныя траншэі, заасфальтавалі малочна-таварную ферму і збожжаток.

— Дык мо далей можна крочыць самастойна, без падтрымкі інвестара?

— Гэта становіцца актуальным. Але неабходна разлічыцца з інвестарам за ўкладзеныя ў развіццё гаспадаркі сродкі. Такая магчымасць ёсць. Перспектыву гаспадаркі бачым у далейшым нарошчванні вытворчасці малака. Для развіцця гэтай галіны, якая дае звыш 60 працэнтаў фінансавых паступленняў, зацверджаны раённым кіраўніцтвам праект будаўніцтва малочна-таварнага комплексу на 800 галоў. Аплачаны каштарыс, падрыхтавана будаўнічая пляцоўка. Рэнтабельнасць вытворчасці малочнай прадукцыі амаль 50 працэнтаў, што значна больш, чым у сярэднім па рэспубліцы. Гэта залатая жыла для гаспадаркі. Нашу ідэю будаўніцтва малочнага комплексу былое кіраўніцтва ААТ «Крыніца» падтрымала. Але пакуль распрацоўвалася дакументацыя, праводзіліся розныя ўзгадненні, сталічнае прадпрыемства ўзначалілі новыя людзі. Наш стратэгічны вектар развіцця змяніўся.

— Якой бачыце перспектыву гаспадаркі?

— Сучасным агракамбінатам з наладжанай перапрацоўкай сельгас-прадукцыі. Асаблівую ўвагу будзем і надалей надаваць малочнай галіне. Будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу дазволіць выйсці на атрыманне 30 тон малака штодзённа. Падлічылі, што гадавая выручка ад рэалізацыі яго дасягне 10 мільёнаў рублёў. На нашых палях можна атрымліваць па 70—80 цэнтнераў збожжа з гектара. На стабільнасць выйшлі  дзякуючы правільна выбранаму стратэгічнаму шляху і працоўнай дысцыпліне. 

— Іван Віктаравіч, ці шчаслівы вы чалавек?

— Само дырэктарства ў Вялікай Раёўцы — шчасце. Тут сапраўдны райскі куточак. У нас згуртаваўся касцяк аднадумцаў. Калі ад’язджаю на сесію ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце, ёсць каму даверыць гаспадарку. Мне пашчасціла на бацькоў, школу, універсітэт і на сям’ю. З жонкай намагаемся годным выхаваць сына. Мару, каб ён пайшоў па маім шляху. Імкнёмся, каб ён адчуваў прыродную прыгажосць, паважаў старэйшых. 

— Пачаўся чарговы віток хлебаробскіх клопатаў. Які настрой пануе ў калектыве?

— На сяўбе працуе энерганасычаная тэхніка. Тэмпы работ высокія. Кожнае поле атрымае неабходную запраўку мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі. Летась сабралі звыш 40 цэнтнераў зерня з гектара. Сёлета маем намер выйсці на паўсотні. 

Капыльскі раён
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter