Пятый год успешно руководит одним из лучших хозяйств республики выпускник Белгосагротехуниверситета Александр Дунькович

Дырэктар камянецкага ААТ «Белавежскі» Аляксандр Дуньковіч: «Выручае характар, загартаваны бацькамі»

У розных кутках рэспублікі працуюць выпускнікі вышэйшых аграрных навучальных устаноў. Партрэты выхаванцаў сельгасакадэміі ўпрыгожваюць фае галоўнага корпуса ў Горках. Сваю галерэю славы ствараюць і ў Белдзяржагратэхуніверсітэце. Штогод яна папаўняецца новымі прозвішчамі. Сярод тых, кім ганарыцца сталічная альма-матар, і Аляксандр ДУНЬКОВІЧ. Пасля заканчэння вучобы дыпламаванага інжынера-энергетыка накіравалі на працу ў Клецкае ПМС. Але так сталася, што яго пераразмеркавалі ў камянецкае ААТ «Белавежскі».


Старэйшае пакаленне памятае, як паўвека таму будаўніцтва гэтай гаспадаркі было аб’яўлена камсамольскай будоўляй. Тут узводзіліся самыя буйныя на той час у рэспубліцы жывёлагадоўчыя комплексы. І ў наш час па аб’ёме вытворчасці малака і мяса «Белавежскі» ў ліку рэспубліканскіх лідараў. Малады спецыяліст з першых крокаў самастойнай працы станоўча заявіў пра сябе. Яму даручалі самыя адказныя пасады, і Аляксандр Аляксеевіч паспяхова спраўляўся. Чатыры гады таму ўзначаліў вытворчы калектыў, у якім працуе 1900 чалавек. Пасля далучэння да сельгаспрадпрыемства суседняй гаспадаркі «Усход» агульная плошча сельгасугоддзяў дасягнула 26 тысяч гектараў.

Сёння ААТ «Белавежскі» — гэта магутныя комплексы на 118 тысяч свіней і 19 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 5540 — дойны статак. Штодзённа гаспадарка рэалізуе на перапрацоўку звыш 110 тон малака. Гадавы аб’ём вытворчасці ялавічыны і свініны перавышае 23 тысячы тон.

З вокнаў працоўнага кабінета дырэктара ААТ «Белавежскі» Аляксандра Дуньковіча добра відаць цэнтральную частку аграгарадка. Дагледжаныя арыгінальных архітэктурных форм пабудовы патанаюць у густой зеляніне высокіх дрэў. Шырокая асфальтаваная вуліца ад цэнтра вядзе ўдалячынь. Пярэстыя асеннія кветкі аздабляюць плошчу.

Абсалютны парадак панаваў на шырокім стале гаспадара кабінета. Ледзьве заўважныя іскаркі зіханулі ў вачах шырокаплечага статнага Аляксандра Аляксеевіча, калі ён узгадаў дзяцінства. У памяці яго назаўсёды засталіся касавіца траў, стагаванне сена на лузе. У драгічынскай вёсцы Субаты, дзе жылі матчыны бацькі, з бабуляй Марыяй даіў калгасных кароў. На сваім падворку дапамагаў бацькам упраўляцца па хатняй гаспадарцы. Абавязкам Аляксандра было накарміць свіней. Узгадаў суразмоўца, як па волі лёсу стаў студэнтам Беларускага дзяржтэхуніверсітэта. Пасля заканчэння драгічынскай сярэдняй школы № 2 здаў на выдатна ўступныя экзамены ў Брэсцкі дзяржтэхуніверсітэт. Пры залічэнні перавагу аддавалі выпускнікам вясковых школ. Не губляючы час, юнак падаўся ў сталіцу і стаў студэнтам энергетычнага факультэта. Напэўна, было наканавана лёсам жыццё звязаць з працай на зямлі.

– А ўвогуле што, па-вашаму, ёсць жыццё? — спытаў у Дуньковіча.

Аляксандр Аляксеевіч прыўстаў з-за стала, задумліва зірнуў у акно і спакойна стаў разважаць:

— Жыццё без любімай справы не мае сэнсу. Без гэтага пачуцця цяжка нечага дабіцца. Без сапраўднай любві няма і самога жыцця. Як бы складана ні было, радуюся, што займаюся любімай справай. Яна стала сэнсам жыцця.

Пачынаў у «Белавежскім» інжынерам-электрыкам. Праз чатыры гады нечакана атрымаў прапанову ўзначаліць інжынерную службу гаспадаркі. За пяць гадоў на гэтай пасадзе шмат карыснага спасціг. Удзячны мудраму спецыялісту трактарнай брыгады Мікалаю Феафілавічу Супрунюку. Яго парады неаднойчы выручалі, калі працаваў начальнікам аддзялення «Каралін», а потым намеснікам дырэктара. Самастойна вывучыў асновы раслінаводства, жывёлагадоўлі, эканомікі, тэхнічныя аспекты. Стаў глыбей унікаць у свінагадоўлю, тэхналогію мясаперапрацоўкі.

— А на асабістае жыццё знаходзіўся час?

— Маладое сэрца заўжды прагне пачуццяў. Зацікавіла каралінская дзяўчына Таццяна. Працавала яна дыспетчарам. Хутка згулялі вяселле. Няўжо можна забыць, як дырэктар «Белавежскага» Юрый Дзмітрыевіч Мароз уручаў нам вясельны падарунак — ключы ад катэджа. Уладкавалі падворак, пасадзілі яблынькі і грушы. Пайшлі дзеткі. Дачушку назвалі Настассяй, а сына Ягорам. Іх чакае школа.

— З чаго пачыналі дырэктарства?

— З вывучэння фінансавых спраў гаспадаркі. Спачатку складана было зразумець, што найбольш прыбытковае, якую галіну развіваць. Паступова ўсё спасцігаў.

— Звычайна новы кіраўнік пачынае дзейнасць з замены кадраў. А вы?

— Ніякіх змяненняў не рабіў. Толькі праз два гады, калі адчуў, што калектыў мяне прыняў як кіраўніка, заняўся кадрамі. Нялёгка было гуртаваць касцяк аднадумцаў. Калі адлучаюся з гаспадаркі, мяне замяняе намеснік па механізацыі Алег Сухарукаў. Ён, як і начальнік камбікормавага завода Уладзімір Крэчка, даўно працуе ў калектыве. Цяпер у нас большасць галоўных спецыялістаў моладзь.

— А былі няўдачы?

— Праца кіраўніка сельгаспрадпрыемства такая, што няўдача падсцерагае на кожным кроку. Трэба быць гатовым да ўсяго і ўмець выстаяць. У мяне такая рыса характару, што блізка да сябе падпускаю лю­дзей. Некаторыя гэтым карыстаюцца. Звык давяраць людзям. А ў жыцці не заўжды атрымліваецца так, як хочаш. Давялося зняць ружовыя акуляры і больш пільна глядзець на свет.

— Гаспадарка, якой вы пяты год кіруеце, эканамічна моцная, і яе трэба на адпаведным узроўні весці далей. Усё ўдаецца?

— Многае з задуманага маім папярэднікам заставалася незавершаным. Даводзілі ўсё да лагічнага канца і няспынна крочым далей. Моцным выпрабаваннем стала далучэнне стратнай гаспадаркі «Усход». Спатрэбіўся час, каб аддаць яе даўгі, навесці парадак на тамтэйшых фермах (з сутачных надояў 12 кілаграмаў ад каровы выйшлі на 20). Абнавілі кадры.

Сёння на парадку дня — далучэнне пружанскай гаспадаркі «Айчына», што ў 90 кіламетрах ад нас. Ездзілі туды. Ёсць сэнс развіваць там малочную галіну. Жывёлагадоўчыя памяшканні пустуюць. А мы, каб павялічыць валавую вытворчасць малака, аддалі 25 мільёнаў рублёў на ўзвядзенне сучаснага рабатызаванага комплексу «Мінкавічы» на 1000 кароў. Абсталяванне закупалі ў Швецыі. На комплексе мінімум працаўнікоў. Усталявалі сістэму «Карусель». Апараты спачатку апрацоўваюць вымя, масажуюць і пасля аўтаматычнага даення зноў апрацоўваюць яго. Карова спакойна пакідае «карусель». Ачыстка памяшкання таксама аўтаматызаваная. Больш дзесяці такіх сучасных комплексаў у еўрапейскіх краінах.

Напачатку шведы сумняваліся ў кампетэнтнасці нашых спецыялістаў. Прыязджалі да нас, знаёміліся з гаспадаркай, гутарылі са спецыялістамі. Гэта пілотны праект. Таму атрымалі даільную ўстаноўку па зніжцы. З пачатку мінулагодняга лета комплекс паспяхова дзейнічае. Сутачны надой ад каровы дасягае 27 кілаграмаў. Малако з кожнага саска каровы што­дзённа даследуецца, і камп’ютар вызначае яе стан здароўя.

— У гаспадарцы акрамя малочна-таварных дзейнічаюць комплексы па адкорме буйной рагатай жывёлы і свіней. Як вы паспяваеце кіраваць такім шматпрофільным прадпрыемствам?

— Мой працоўны дзень пачынаецца з неадкладных тэлефонных званкоў, сустрэч з галоўнымі спецыялістамі, намеснікамі па жывёлагадоўлі і раслінаводстве. З галоўным бухгалтарам займаемся фінансавымі дакументамі. Дзве гадзіны адводжу на арганізацыйныя справы. Дапамагае выбудаваная структура кіравання. Кажуць, што адны збожжа вырошчваюць, а другія пірагі пякуць. У «Белавежскім» даводзіцца ўсім займацца.

— Які клопат для вас самы галоўны?

— Забяспечыць грамадскі статак фуражом. Закончылі жніво і зноў узяліся за кармы. Паралельна сеем азімыя. У нас 80-працэнтная забяспечанасць уласным фуражным зернем. Штогод вымушаны купляць 17—20 тысяч тон збожжа. У апошнія гады стаўка на пашырэнне збожжавага кліна, кукурузы і люцэрны. Гэта дасць магчымасць умацаваць кармавую базу.

— Як лічыце, каму больш пашчасціла — калектыву ці вам?

— Чым больш працую, тым больш даражу калектывам. У першы год дырэктарства ўсё больш-менш склалася добра. А наступныя два гады выдаліся засушлівымі. Трэба было нешта прадпрымаць, каб выйсці са складанага становішча. Перажываў, ці справімся. Нездарма кажуць: поспех там, дзе пануе вытворчая і тэхналагічная дысцыпліна. Дадам, што там, дзе ўзаемаразуменне. Калі да людзей будзеш жорсткім, толькі раззлуеш іх, а праявіш слабіну — расслабяцца. Трэба адчуваць залатую сярэдзіну. Сустракаюся з працаўнікамі на палях і фермах, на мясаперапрацоўцы, унікаю ў іх клопаты, імкнуся адчуваць іх клопаты, не адрывацца ад рэальнага жыцця. Да кожнага чалавека падыходжу індывідуальна. Немагчыма кіраваць толькі пугай ці пранікам. Поспех там, дзе асабісты падыход. Неразумна гнуць адну лінію ў адносінах да ўсяго калектыву.

— Як вы лічыце, якімі якасцямі, акрамя прафесіяналізму, павінен валодаць сучасны кіраўнік?

— Аператыўна прымаць неардынарныя рашэнні. Страшна было на першым часе абняславіцца. Давялося перажыць складаныя моманты. Заўжды, перш чым прымаць рашэнні, раюся, аналізую сітуацыю. У кожнага ў жыцці ўсякае бывае, але абавязкова чорная паласа змяняецца светлай. Калі ўвесь час толькі светлая, можна зазвяздзіцца і не адчуваць пад сабою зямлю. Павінна ўсяго быць у меру.

— Што значыць для вас слава?

— Мо для кагосьці гэта ўзнагароды, высокія заробкі, кар’ерны рост. Шчыра скажу: працую не дзеля славы. Так мяне з дзяцінства выхоўвалі. Бацькі ўмелі ўмерана падтрымаць, але калі шкоднічаў, строга каралі. Іх выхаванне гартавала характар, які цяпер мяне выручае. Мая пасада — агромністы груз адказнасці. Найвышэйшай славай лічу дабрабыт людзей, якімі кірую. Мне не сорамна ісці па вуліцы і глядзець землякам у вочы. Сярод іх жывуць мае дзеці. Для мяне вялікі страх — зняславіць сябе перад калектывам. У жыцці ні на каго ніколі не раўняюся. Мой галоўны настаўнік — жыццё.

subbat50@mail.ru

Фота Надзеі ГРЫЦУК
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter