С первых дней руководства директор Каменецкого ОАО «АгроТурна» делает ставку в сельхозпроизводстве на то, что будет востребовано завтра

Дырэктар камянецкага ААТ «АграТурна» Максім Гульковіч: «Проста так нічога не даецца»

Густанаселеная камянецкая вёска Турна, што выцягнулася ўздоўж ажыўленай аўтатрасы з абласнога цэнтра да Белавежжа, у 2008 годзе атрымала статус аграгарадка. Тыпавыя катэджы, дыхтоўныя сялянскія дамы патанаюць у зеляніне садоў. Перад Домам культуры, які пад адным дахам з адміністрацыйным будынкам ААТ «АграТурна», раскінулі густыя шаты высокія дрэвы дагледжанага сквера. З усіх бакоў да аграгарадка падступаюць палі і сенажаці.

Трэці год сельгаспрадпрыемства ўзначальвае выпускнік Віцебскай дзяржветакадэміі і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Максім ГУЛЬКОВІЧ. Першым чынам малады кіраўнік разам з галоўнымі спецыялістамі дэталёва прааналізавалі эканамічную дзейнасць і вызначылі асноўныя накірункі далейшага развіцця калектыву. Стаўку зрабілі на развіццё жывёлагадоўлі: рэалізацыя прадукцыі гэтай галіны складае амаль 80 працэнтаў ад агульных фінансавых паступленняў.

З трох тысяч галоў буйной рагатай жывёлы каровы складаюць амаль палову. Раней уласнага зернефуражу хапала толькі да сярэдзіны стойлавага перыяду, таму і пашырылі плошчы кармавых, збожжавых культур, увялі ў севазварот няўдобіцы ў пойме ракі Лясной. Вясною яны стануць кукурузнымі плантацыямі. За два гады ўтроілі аб’ёмы закладкі сенажу і сіласу, заняліся мадэрнізацыяй жывёлагадоўчых ферм.

У аграгарадку Турна ад аўтобуснага прыпынку да адміністрацыйнага корпуса сельгаспрадпрыемства сцяжына вядзе ўздоўж сялянскіх падворкаў. З-за пафарбаваных агароджаў кветнікаў выглядаюць на вуліцу пярэстыя вяргіні, а над імі звісаюць пруткія галіны з сакавітымі яблыкамі. Пад асеннім сонцам даспяваюць гарбузы, там-сям віднеюцца радкі морквы, буракоў, капусты. Навокал уладарыць багатая восень. На шырокім полі, што пачынаецца за агародамі, магутны трактар пераворваў іржышча. Па асфальтаванай дарозе імчалі гружаныя зялёнай масай трактары і грузавікі. 

З першых хвілін сустрэчы шыракаплечы статны малады кіраўнік уразіў глыбінёю ведаў і грунтоўнымі развагамі. У трэцім пакаленні Максім Гульковіч працягвае сямейную дынастыю ветурачоў. Бабуля па бацькавай лініі Марыя Іосіфаўна да выхаду на заслужаны адпачынак выкладала ветэрынарную дысцыпліну ў Ляхавіцкім дзяржагракаледжы. Бацька Уладзімір Іванавіч скончыў ветакадэмію ў Віцебску і працуе спецыялістам у суседнім ААТ «Белавежскі». Маці Ядзвіга Тадэвушаўна — аператар на белавежскім свінакомплексе. Сястра Вольга таксама стала спецыялістам па жывёлагадоўлі і выкладае ў Ляхавіцкім дзяржагракаледжы. З адзнакаю закончыў яго Максім і атрымаў накіраванне на працу ў ААТ «Белавежскі». Пачынаў ветфельчарам, потым быў загадчыкам фермы і завочна вучыўся на ветфакультэце Віцебскай дзяржветакадэміі. Працаваў галоўным ветурачом у камянецкім ААТ «Макарава-Агра», паспрабаваў сябе і ў ролі выкладчыка ў родным агракаледжы. Затым кіраваў вучгасам, займаў кіруючыя пасады ва ўпраўленнях сельскай гаспадаркі некалькіх раёнаў Брэстчыны. Паспяхова абараніў дыплом эканаміста ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце і вось ужо трэці год узначальвае ААТ «АграТурна».

За справу адразу ўзяўся заўзята. Не ўсе ў калектыве вытрымалі яго высокую планку патрабаванняў. З размовы пра дысцыпліну пачалася наша сустрэча з Максімам Гульковічам:


— Да парадку мяне і сястру Вольгу прывучалі з дзяцінства. Наша сям’я жыла ў прыгожым пасёлку Белавежскі, трымала ўласную гаспадарку. Раненька я падымаўся, карміў свіней, дапамагаў упраўляцца па агароду. Памятаю, як выгадавалі пару кабанчыкаў і з бацькамі паехалі на базар прадаваць свініну. За выручаныя грошы мне купілі камп’ютарную прыстаўку (яна дорага каштавала) — так бацькі аддзячылі за старанную працу. Цяпер разумею, які гэта мудры ўрок выхавання. Пасля заканчэння дзяржагракаледжа ў Ляхавічах застаўся працаваць там, трымаў карову, агарод садзіў. І зараз ніякага сялянскага занятку не цураюся.

Прапанавалі ўзначаліць ААТ «АграТурна». Нягледзячы на тое што ў гаспадаркі мелася шмат даўгоў, не спужаўся. Каб было за што аддаць іх, адразу звярнуў увагу на вытворчасць прыбытковай прадукцыі. Сваімі задумамі падзяліўся з галоўнымі спецыялістамі, нязгодных не ўтрымліваў. За два гады ўдалося згуртаваць вакол сябе сапраўдных прафесіяналаў. Гэта галоўны інжынер Сяргей Ліцвіновіч, кіраўнік энергетычнай службы Аляксандр Фядун, намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Павел Кажаноўскі, галоўны аграном Пётр Кузьміцкі, галоўны заатэхнік Юлія Дземідзюк. Збіраемся разам, абмяркоўваем важныя справы, спрачаемся, прымаем рашэнні.

Увялі ў штат пасаду памочніка загадчыка малочна-таварнай фермы «Турна», якую ўзначальвае Аксана Васіна, кадравы састаў умацавалі згодна з патрабаваннямі новага рэгламенту. Запрашаем да сябе на працу выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх аграрных навучальных устаноў.

— З вучонымі падтрымліваеце кантакты?

— У асноўным у раслінаводстве. Нашы спецыялісты часта бываюць за мяжою на сельскагаспадарчых выставах і мерапрыемствах, знаёмяцца з сучасным вядзеннем вытворчасці. Імкнёмся ўсё лепшае, што ёсць у свеце, укараняць у сябе. Супрацоўнічаем з многімі фірмамі еўрапейскага стандарту, выкарыстоўваем іх парады ў практычнай дзейнасці. Пшанічнае поле засеялі сартамі нямецкай селекцыі і атрымалі па 60 цэнтнераў зерня на круг. На жніве было задзейнічана сем экіпажаў, пераможцам сярод якіх выйшаў камбайнер Вадзім Ахрэмчук. На агрэгаце КЗС-12 ён намалаціў звыш 1000 тон зерня, а дапамагала яму дачка Ганна. Дзяўчына працуе ў аддзяленні паштовай сувязі і на жніво ўзяла водпуск. Гэты экіпаж, як і іншых перадавікоў уборкі, адзначылі грашовай прэміяй.

— Максім Уладзіміравіч, у кіраванні гаспадаркай вам даводзіцца не толькі адзначаць лепшых, але і кагосьці караць за правіннасць. Для ўсіх добрым не будзеш. Ці адчуваеце, што ўдалося заваяваць аўтарытэт у падначаленых?

— Ёсць тры спосабы кіравання: дэмакратыя, дыктатура і нешта агульнае. Больш трымаюся ліберальнай лініі, але такая тактыка можа прывесці да анархіі. Не заўжды людзі дабром адгукаюцца на тваю шчырасць. Парадак і дысцыпліна павінны быць асноўным стрыжнем у любой справе.

У нашым калектыве так павялося, што паслугамі машынна-трактарнага парка працаўнікі карысталіся бясплатна. Калі адмяніў гэта, яны абурыліся, але я не адступіў. Цяпер апрацаваць агарод ці выканаць іншую работу тэхнікай можна толькі пасля аплаты паслугі. Паступова з гэтым звыкліся, і дысцыпліна стала нормай. Людзі ў нас атрымліваць не палучку, а заробак. Ён вырас да 1000 рублёў, і далей павялічваць яго даволі складана. Такіх момантаў можна пазбегнуць, калі наладзіць свабодны рынак сельгаспрадукцыі. 

Зараз перапрацоўчыя прадпрыемствы прымаюць у нас амаль усё малако сортам экстра, а два гады таму толькі пятая частка прадукту адпавядала гэтай катэгорыі. Узяліся за тэхнічнае пераабсталяванне даільнай залы, памянялі месцамі аператараў машыннага даення кароў, замянілі на малочна-таварным комплексе слесараў, надалі больш увагі дэзінфекцыі абсталявання. І станоўчы вынік стаў відавочны.

Мой жыццёвы дэвіз такі: жыць па сродках. Умець планаваць бюджэт — вялікая мудрасць. У бацькоў гэтаму вучыўся. Наша сям’я ніколі не карысталася крэдытамі, вось і гаспадаркай намераны кіраваць без банкаўскіх пазык. 

— Якой бачыце перспектыву развіцця сельгаспрадпрыемства?

— У вытворчым працэсе ставім на тое, што будзе запатрабавана заўтра, настроены далей павялічваць у севазвароце долю найбольш рэнтабельных культур. Нашы землі ў асноўным сугліністыя з тарфяна-балотным чаргаваннем. Настроены стабільна атрымліваць 6000 тон збожжа. Пашырым плошчы пад азімымі, бо яны даюць у паўтары разы большы ўраджай, чым яравыя. Стаўку робім і на вырошчванне кукурузы на зерне. Раней намалочвалі па 100 тон, а летась атрымалі ў дзесяць разоў больш і абагацілі фуражны запас. У гэтым годзе кукуруза добра ўрадзіла, спадзяёмся намалаціць 1500 тонн зерня.

Раслінаводства забяспечвае жывёла­гадоўлю кармамі. З мэтай паляпшэння ўмоў утрымання буйной рагатай жывёлы завяршаем рэканструкцыю кароўніка на ферме «Восава», на мадэрнізацыю патрацілі амаль паўмільёна рублёў. Будзем развіваць і сацыяльную сферу, каб людзям камфортна жылося.

— Хто ваш галоўны настаўнік па жыцці?

— Калі пасля заканчэння агракаледжа стаў працаваць у Ляхавіцкім раёне, шмат карыснага пераняў ад былога старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча. Ён мудры кіраўнік, яго многія добрым словам узгадваюць. Зараз ён займаецца перападрыхтоўкай аграрных кадраў у Белдзяржагратэхуніверсітэце. Вячаслаў Лукіч адчуў маё жаданне працаваць на зямлі і заўжды падтрымліваў. У кіраванні калектывам выкарыстоўваю яго каштоўныя парады, а ў сваіх дзядуль і бабуль, бацькоў вучыўся годна крочыць па жыцці. Ганаруся імі, бо яны ніколі не шукалі лёгкага хлеба. Так і мяне выхоўвалі. Маці павучала, што проста так нічога не даецца. Каб нечага дабіцца, трэба прыкласці намаганні. Школьным сябрам, аднакурснікам па вучобе ў каледжы і акадэміі ніколі не зайздросціў. Так і пятнаццацігадовага сына Арцёма імкнуся выхоўваць. Для тых, хто хоча добра жыць, зараз усе ўмовы — толькі не лянуйся.

— Ваша парада маладым спецыялістам, што папаўняюць вытворчыя калектывы?

— Умець слухаць старэйшых, ніколі на гарачую галаву не прымаць рашэнняў. І сябе імкнуся стрымліваць. Перажываю, калі часам ад паспешлівасці вынік атрымліваецца не такі, які хочацца.

— Ці былі ў вашым жыцці моманты, за якія сорамна?

— У кожнага чалавека ўсялякае бывае. Як кажуць, не святыя гаршкі лепяць. Сорам — водгук душы на зробленыя ўчынкі. Глыбокая вера, моцнае сумленне ўберагуць ад дрэнных учынкаў. Імкнуся жыць па-боску. З далёкага дзяцінства застаўся ўспамін, як у сямігадовым узросце мяне хрысцілі. Вера дае моц душы.

— Ваша запаветная мара?

— Стаць сапраўдным гаспадаром на зямлі. Разумею, што аднаго жадання мала, таму і імкнуся так жыць і працаваць, каб атрымліваць асалоду ад кожнага дня. Вось завяршылі жніво, а клопатаў не стала менш. Трэба свое­часова пасеяць азімыя, заправіць арганікай глебу і падрыхтаваць яе пад яравую сяўбу. Так і год пройдзе. У нашай сям’і ён асаблівы: чакаем папаўнення. Ведаем ужо, што народзіцца дзяўчынка. Жыццё напоўнена самымі рознымі падзеямі і марамі. Верыць у здзяйсненне іх — гэта цудоўна!

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter