На развитие животноводства и садоводства делает ставку молодой директор ивьевского КСУП «Баума» Дмитрий Буйко

Дырэктар іўеўскага КСУП «Баўма» Дзмітрый Буйко: «Вельмі важна падняць прэстыж хлебаробскіх прафесій»

Праца на зямлі падпарадкоўваецца спрадвечным законам прыроды, паслядоўным і непарушным, як само жыццё: узараць поле, правесці сяўбу і ўбраць ураджай. Кожны год аграрыя напоўнены гэтымі клопатамі. Зімой, калі пад снежным покрывам да вясны адпачывае зямля, ёсць магчымасць перадыхнуць, прааналізаваць вынікі дзейнасці, падрыхтавацца да новага вітка хлебаробскай справы. Такі працоўны рытм звыклы для выпускніка аграфака Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Дзмітрыя БУЙКО. Пасля атрымання дыплома вярнуўся ў родны Іўеўскі раён. Кіраваў вытворчым участкам СВК «Трабы». Служыў у арміі. Працаваў намеснікам старшыні СВК «Дайліды». Два гады ўзначальваў агранамічную службу КСУП «Баўма» і пяты год кіруе калектывам.


Пасля далучэння суседняга ААТ «Ліпнішкі» плошча сельгасугоддзяў гаспадаркі павялічылася амаль да 14 000 гектараў. Дзве трэці зямель — пад ворывам. На палях і жывёлагадоўчых фермах аб’яднанага калектыву занята 365 працаўнікоў. Спецыялізуецца сельгаспрадпрыемства на вырошчванні збожжавых, кармавых культур, насення рапсу, садоўніцтве, вытворчасці малака і ялавічыны.

У севазвароце пераважаюць азімыя збожжавыя (2600 гектараў). Летась падвоена плошча азімага рапсу, увосень ім засеяна 600 гектараў. Раслінаводства поўнасцю забяспечвае грамадскі статак (амаль 5200 галоў буйной рагатай жывёлы) уласнымі кармамі. Валавы намалот збожжа перавысіў 10 000 тон. На ўмоўную галаву жывёлы назапашана амаль па 30 цэнтнераў кармавых адзінак.

Залог паспяховай дзейнасці сельгаспрадпрыемства малады дырэктар Дзмітрый Буйко бачыць у добрасумленнасці кожнага працаўніка, дысцыпліне і дакладным выкананні тэхналогіі. Дзякуючы гэтаму па асноўных эканамічных паказчыках стабільна трымаецца дасягнуты ўзровень. На тэрыторыі гаспадаркі размешчаны два аграгарадкі і некалькі дзясяткаў вёсак, вёсачак і хутароў Геранёнскага і Ліпнішскага сельсаветаў. Пераважная частка тутэйшых — людзі сталага ўзросту. Многія, хто атрымаў пенсію, па-ранейшаму працуюць на палях і фермах. Адзін са старэйшых у калектыве — кіраўнік Геранёнскага вытворчага ўчастка Віктар Шловянец. Па адукацыі ён аграном, добра ведае асаблівасці кожнага поля. Геранёнскія землі пераважна пясчаныя, патрабуюць запраўкі арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Натуральная ўрадлівасць двух іншых вытворчых участкаў таксама невысокая.

– І пры сучасных тэхналогіях у сельгасвытворчасці рашаючым застаецца чалавечы фактар, — перакананы Дзмітрый Буйко. — За кожным вынікам стаяць дакладныя людзі, іх веды, вопыт і штодзённая праца. Большасць працаўнікоў у калектыве старанныя, адказныя за даручаную справу. На іх усё трымаецца. Мяне ўсё больш хвалюе праблема дзяржаўнай значнасці: як заахвоціць моладзь да працы на зямлі? Чым зацікавіць выпускнікоў сельскіх школ, каб абіралі хлебаробскія прафесіі? Яшчэ зусім нядаўна ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах трымаўся конкурс сярод абітурыентаў. Цяпер адтуль нам тэлефануюць, каб накіроўвалі жадаючых атрымаць аграрныя спецыяльнасці, прэстыж якіх рэзка ўпаў. Хто заменіць сённяшніх хлебаробаў, жывёлаводаў? Выпускнікі вясковых школ ірвуцца ў горад.

Праблему кадраў у нашай гаспадарцы абвастрыла пандэмія: з-за наступстваў хваробы не ўсе вярнуліся да працы. Вясною, калі пачнуцца палявыя работы, павысіцца нагрузка на механізатараў. З-за каронавіруса на жывёлагадоўчых фермах таксама адчувальны недахоп працоўных рук. Шукаем варыянты выхаду з такога няпростага становішча. І мяне не абмінула каварная інфекцыя, але дзякуючы ўрачам хутка выздаравеў і адчуваю сябе някепска.

— Дзмітрый Мечы­слававіч, якім вы­даўся мінулы год у вытворчай дзейнасці калектыву?

— Ён як надвор’е: усялякае было. З вясны марозіла, летам сушыла, восень паспрыяла працы на палях. У сярэдзіне лета пасля далучэння ліпнішскай гаспадаркі значна дадалося клопатаў. Пачыналася жніво. Збожжаўборачныя камбайны не новыя, з-за паломак часта спыняліся ў полі. Трэба было аператыўна іх рамантаваць. Шаснаццаць экіпажаў працавала на хлебнай ніве. Нагрузка на кожны агрэгат перавышала 200 гектараў. Па выніках жніва пераможцамі выйшлі камбайнер Уладзіслаў Кульніс і яго памочнік Віктар Садоўскі: яны намалацілі звыш 1000 тон збожжа. Сярод вадзіцеляў вызначыўся Аляксей Марцынкевіч: перавёз з поля звыш 2000 тон зерня.

Адразу за камбайнамі ў поле вый­шла глебаапрацоўчая тэхніка. Своечасова пасеялі азімыя збожжавыя і рапс, узнялі зябліва, падрыхтавалі глебу да веснавых палявых работ. Да першых маразоў нарыхтоўвалі кармы. Зараз з ферм вывозім арганіку. У рамонтных майстэрнях механізатары даводзяць да ладу тэхніку. У большасці машын і агрэгатаў выпрацаваны рэсурс. Адчувальна абнаўленне тэхнічнага арсенала. У лізінг набылі корманарыхтоўчы камбайн гомельскай вытворчасці КВК-800, энерганасычаныя МТЗ-3522, МТЗ-1221, два трактары МТЗ-82, а таксама прычапны глебаапрацоўчы інвентар і прыстасаванні для апрацоўкі пасеваў.

— У Іўеўскім раёне ў выніку аптымізацыі дзейнічаюць чатыры сельгаспрадпрыемствы. Кіраваць такімі вялікімі калектывамі — справа нялёгкая. Як у вас гэта атрымліваецца?

— Напэўна, з боку лепш відаць. Тут дарэчная прымаўка «Адзін у полі не воін». Мае паплечнікі і аднадумцы — атрад галоўных спецыялістаў. Калі ўзначаліў гаспадарку, вакантнымі заставаліся некаторыя пасады. Патрэбен быў час, каб падабраць людзей. Да нас па накіраванні прыехаў на аўто выпускнік ВНУ. У час знаёмства пацікавіўся ў яго, на якую тэму рыхтаваў дыпломны праект, але малады спецыяліст так і не ўзгадаў. Праз некалькі дзён ён стаў пешшу прыходзіць на працу. Сказаў, што зламалася машына, хутка прыедзе бацька і адрамантуе. Як высветлілася, было прабіта кола. Не прыжыўся ён у нас.

Касцяк галоўных спецыялістаў фарміраваўся паступова. Інжынернай службай кіруе выхаванец Жыровіцкага дзяржагра­тэхкаледжа Віктар Кульніс. Другі год пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта працуе галоўным аграномам Сяргей Клябека, а выпускнік заафака гэтага ўніверсітэта Павел Воўк-Карачэўскі стаў галоўным заатэхнікам. З раённай ветлячэбніцы перайшла да нас працаваць галоўным ветурачом Лілія Пільжыс. Знайшла сваё прызванне садавод Алена Кудло. Вышэйшую адукацыю яна атрымала ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаграўніверсітэце. За гады працы паспяхова зарэкамендавала сябе як спецыяліст па садоўніцтве.

— Вялікі сад у гаспадарцы?

— Наш яблыневы сад займае 113 гектараў, за мінулы год ён павялічыўся на 3 гектары. У нас сарты беларускай селекцыі рознага тэрміну паспявання пладоў, з вялікім спектрам смаку, выведзеныя вучонымі РУП «Інстытут пладаводства»: «алеся», «чэмпіён», «імант», «памяць убарава», «спартан», «антэй», «айдарэд» і іншыя. Вырасціць садовае дрэўца — палова справы. Пры падборы сартоў Алена Вітольдаўна ўлічвае мясцовыя кліматычныя ўмовы.

Мінулы год быў не надта спрыяльны на ўраджай садавіны. У сховішча, якое разлічана на 1200 тон ураджаю, заклалі звыш 800 тон яблык. Паступова рэалізуем іх спажыўцам і папаўняем бюджэт гаспадаркі.

— Якая галіна вытворчай дзейнасці дае найбольшы прыбытак?

— Малочная. Штодзённа рэалізуем для перапрацоўкі ў ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» звыш 20 тон малака. Амаль палова яго — гатунку экстра. Не ўсе рэзервы выкарыстаны, каб атрымліваць найбольшы прыбытак у малочнай галіне. Лепшыя вынікі па надоях у жывёлаводаў МТФ «Ліпнішкі», дзе прырост прадукцыйнасці кароў у параўнанні з мінулым годам перавысіў 110 працэнтаў. А на адкорме буйной рагатай жывёлы лідзіруе МТФ «Князікаўцы», дзе сутачнае прыбаўленне ў вазе кормнікаў дасягае амаль 700 грамаў.

— На ваш погляд, якая перспектыва развіцця гаспадаркі?

— Далей развіваць малочную галіну. Дзеля гэтага ў севазвароце пашыраем плошчы пад кармавыя культуры, асабліва кукурузу. І надалей будзем абнаўляць дойны статак прадукцыйным маладняком. Настроены пашыраць і яблыневы сад. Тэрыторыя гаспадаркі займае значную частку раёна. Варта навукова збалансаваць севазварот, каб атрымліваць найбольшую аддачу на кожным полі і ў садзе. З галоўнымі спецыялістамі абмяркоўваем далейшыя шляхі вытворчай дзейнасці.

— У гэтыя навагоднія дні ў вашым доме ззяе агеньчыкамі елка?

— Яна заззяла ў снежні напярэдадні нашага свята Нараджэння Хрыстова. Мы з жонкай каталікі. Ганна Аляксандраўна выкладае англійскую мову ў Іўеўскай сярэдняй школе. У нас падрастаюць васьмігадовы Іларыён і двухгадовая Стэфанія. Дзеці чакалі калядных падарункаў. Здзейснілася мара сына. Ён добра вучыцца і варты атрымаць новы айфон. І дачушка парадавалася свайму падарунку. Павіншавалі са святам маю аўдавелую маці Тамару Анатольеўну. Яна жыве ў Іўі недалёка ад нас. Адведалі і жонкіну радню.

— У вашым жыцці шмат шчаслівых дзён?

— Як у кожнага чалавека, яны ёсць і добра помняцца. Няўжо можна забыць той памятны асенні дзень, калі з жонкай пабраліся шлюбам! А як радаваўся і тры дні з сябрамі адзначаў нараджэнне першынца! Усявышні падараваў нам і дачушку. Шчасце ў кожнага сваё, асабістае. Ім трэба даражыць і шаноўна берагчы яго ў сэрцы. Так мяне вучылі з дзяцінства.

— Хто больш паўплываў на ваша станаўленне?

— Выхоўвалі бацькі і школа. Любіў бываць у дзядулі і бабулі. Дзядуля Яўген працаваў у калгасе на трактары. Ад гаспадаркі яны атрымалі дом каля татарскіх агародаў у Іўі. На веласіпедзе лётаў да іх. З дзедам пасвілі кароў. Маці мая рана асірацела. Родам яна з Навагрудчыны — з вёсачцы Жадонь, што побач з цудоўным возерам Свіцязь. Летам наведваліся на яе радзіму. З гэтых мясцін і наш вядомы літаратар Адам Міцкевіч. У час школьных канікул з сябрамі грузілі ў нарыхтоўчым пункце скрыні з лісічкамі, працаваў на пілараме. Працы ніколі не цураюся.

Ад падначаленых патрабую парадку і дысцыпліны. Часам даводзіцца павышаць голас, але хутка адыходжу. Папракаю сябе, што не магу быць жорсткім. Вытворчымі справамі імкнуся ні з кім не дзяліцца. Нават у моманты, калі нешта атрымліваецца не так, як хочацца, налятае жаданне атрэсці рукі, але хутка яно знікае. Разумею, што ў адказе за калектыў, за сям’ю. Летам бяру сына з сабой, і на машыне мы ездзім па палях і фермах. Яго цікавіць праца на зямлі.

— Мо заменіць бацьку ў будучым?

— Хто ведае, як складзецца яго жыццёвы шлях. Галоўнае, каб дзеці нас радавалі сваімі ўчынкамі. Ім ствараць будучую Беларусь і жыць у ёй.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter