Третий год успешно руководит филиалом “Невель” ОАО “Пинский мясокомбинат” выпускник агрофака Белгоссельхозакадемии Сергей Шоломицкий

Дырэктар філіяла «Невель» ААТ «Пінскі мясакамбінат» Сяргей Шаламіцкі: «Люблю слухаць, як шапочуць каласы»

Сапраўдны гаспадар… Такога пра выпадковага чалавека не скажуць. Патрэбны час, абставіны, імкненне і шмат іншых фактараў, каб атрымаць такое прызнанне. Малады дырэктар філіяла «Невель» ААТ «Пінскі мясакамбінат» Сяргей ШАЛАМІЦКІ за тры гады зарэкамендаваў сябе менавіта так. У палескую глыбінку прыехаў па накіраванні пасля заканчэння Белдзяржсельгасакадэміі. Пачынаў з галоўнага агранома, потым працаваў намеснікам дырэктара. Калі кіраўнік філіяла Ігар Максімавіч Брылевіч узначаліў Пінскі райвыканкам, Сяргей Аляксандравіч замяніў яго ў гаспадарцы.

Асноўная спецыялізацыя філіяла — малочная жывёлагадоўля. Па прадукцыйнасці ферм невельцы ў раёне ўступаюць толькі сельгаспрадпрыемствам «Парахонскае» і «Лапаціна». Штодзённа на перапрацоўку рэалізуецца звыш 24 тон малака. Рэнтабельнасць яго вытворчасці перавышае 35 працэнтаў. Сярэднегадавы надой ад каровы набліжаецца да 7500 кілаграмаў. Штогод на кожную з 2000 кароў надой прырастае на чвэрць тоны. Садзейнічае гэтаму трывалая кармавая база. Летась па нарыхтоўцы фуражу філіял выйшаў на Брэстчыне ў тройку лідараў. На кожную ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы назапашана па 31 цэнтнеры кормаадзінак. Актыўна вядзецца корманарыхтоўка і сёлета. Зялёнай масай запаўняюцца сянажныя траншэі. Асноўную частку фуражу плануецца закласці з кукурузных плантацый. Плошчы пад гэту культуру сёлета значна пашырыліся і дасягнулі 2000 гектараў. Трывалая кармавая база садзейнічае росту пагалоўя. На трох малочна-таварных фермах звыш 6500 галоў буйной рагатай жывёлы. У арэнду ўзялі жывёлагадоўчую ферму ў суседняй гаспадарцы «Месткавічы». Памяшканні адрамантавалі і запоўнілі дойным статкам. Уласнымі сіламі пераабсталявалі некалькі кароўнікаў на сваіх фермах.

Новай вуліцай, забудаванай катэджамі, прырасла цэнтральная сядзіба філіяла — аграгарадок Жыдча. На легкавіку праехалі з маладым дырэктарам па патанаючых у зеляніне дрэў вуліцах. Старажылы памятаюць, як да агародаў падступалі балоты. Акультурылі іх у хлебныя нівы. Не здрадзілі гэтаму ціхаму куточку буслы. Больш дзясятка гнёздаў узвышаецца на электрычных слупах.

На базе пабудаванага паўвека назад саўгаса «24 з’езд КПСС» утвораны філіял «Невель» ААТ «Пінскі мясакамбінат». Гаспадарка ўваходзіць у аграпрамысловы холдынг Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта.


— Як уплывае трайное падпарадкаванне на ролю кіраўніка? — цікаўлюся ў Сяргея Шаламіцкага.

— Вельмі станоўча. Да мінімуму зніжаецца памылковасць у прыняцці вытворчых рашэнняў. Кожнае ўзгадняем з вышэйстаячымі структурамі. Гэта толькі спрыяе паспяховай дзейнасці калектыву.

— Па характары вы чалавек рызыкоўны?

— Напэўна, больш асцярожны. Мяне з малых гадоў вучылі на гарачую галаву не прымаць рашэнняў. Улічваю думкі спецыялістаў, глыбока аналізую сітуацыю, узважваю ўсе прапановы і толькі потым прымаю рашэнне. Імкнуся стрымліваць сваю ўнутраную запальчывасць.

— Кажуць, поспех там, дзе дысцыпліна і новыя тэхналогіі. А ў вас як?

— Парадак і абсалютнае выкананне тэхналогіі на вытворчасці ў нас стала правілам. Зямля не даруе раўнадушша. Нашы палі пераважна пясчаныя. Засуха ў апошнія гады паўплывала на ўраджайнасць. Аднак на палетках з натуральнай урадлівасцю 26 балаў стабільна атрымліваем звыш 30 цэнтнераў збожжа на круг. Найбольшы эфект у раслінаводстве маем ад вырошчвання рапсу. Гэта культура ў севазвароце займае 330 гектараў. Набылі лінію па перапрацоўцы насення і вырабе алею. Макухай кормім жывёлу. Рэнтабельнасць вытворчасці перавысіла 120 працэнтаў.

Плануецца да нас далучыць суседнюю гаспадарку «Стытычава» з 5000 гектараў сельгасугоддзяў. Пасля аб’яднання рапсавае поле падвоім. Тысячу гектараў сельгасугоддзяў атрымалі летась. Хлебная ніва пашырылася да 1600 гектараў. Асноўная збожжавая культура на пясчаніках — жыта. Спрадвеку яго тут сеялі. Мо таму і называецца паселішча Жыдча. На ўборку збожжавых выйшлі камбайны. Нагрузка на кожны з шасці агрэгатаў — 270 гектараў. На жніве задзейнічаны згуртаваны касцяк механізатараў. Кожнага добра ведаю.

— Сяргей Аляксандравіч, адкуль у вас такая зацятасць у працы?

— Пэўна, ад дзеда Флора і бабулі Надзеі Шаламіцкіх. Наш палескі род шляхецкі. Спрадвеку продкі мелі надзелы зямлі каля вёскі Рухча-2. Апрацоўвалі яе, жывёлу гадавалі. Нават збяднеламу шляхціцу ганьбай было браць у жонкі сялянку з заможнай сям’і. Бабуля расказвала, як у рухчанскай царкве, якая і зараз дзейнічае, на набажэнстве шляхта стаяла асобна ад мужыкоў.

Памятаю свайго стагадовага прадзеда Івана. Працавіты быў і ганарыўся шляхетнасцю. Мой дзядуля Флор быў адным з пяці сыноў пра­дзеда Івана. Двое не вярнуліся з вайны. Адзін быў выбітным на ўсю акругу кавалём. Дзядуля працаваў лесніком у Пінскім лясгасе. Меў уласны пчальнік. І мяне прызвычаіў да пчалярства, па сённяшні дзень займаюся гэтай справай. Сына Цімура вучу даглядаць пчол.

Дзядуля Флор, як старэйшага ўнука, браў мяне з сабою ў лес, на рыбалку. Навучыў упраўляцца з касою. З 12 гадоў я стаяў з мужыкамі ў пакосе. Старэйшы дзедаў сын быў кадравым афіцэрам і настройваў мяне пасля заканчэння сярэдняй школы паступаць у ваеннае вучылішча. Ваенным стаў мой малодшы брат Станіслаў. Служыць у Мар’інай Горцы. На агранома вывучылася сястра Наталля. Пэўна, лёсам мне наканавана працаваць на зямлі. З адзнакай скончыў Мінскі дзяржаўны аграрна-камерцыйны каледж. Вышэйшую адукацыю атрымаў на агранамічным факультэце Белдзяржсельгасакадэміі. У Жыдчы сустрэў будучую жонку Алену. У гаспадарку яна прыехала пасля заканчэння Столінскага дзярж­агракаледжа. Працуе ў бухгалтэрыі. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Палескім дзяржуніверсітэце. Пасля вяселля нам у аграгарадку выдзелілі катэдж. Падрастаюць сын Цімур і дачка Маргарыта. Калі не стала дзеда і бабулі, іх драўляны дом, дарагі майму сэрцу, перавёз бліжэй да Пінска.

— Па спецыяльнасці вы аграном. Асноўная спецыялізацыя сельгаспрадпрыемства — жывёлагадоўля. Як спасцігаеце азы гэтай галіны?

— Няма неабходнасці ўглыбляцца ў тэхналагічныя тонкасці. У нас даволі эрудзі­раваныя і вопытныя галоўныя спецыялісты. Заатэхнічную службу ўзначальвае выпускніца Пінскага дзяржагракаледжа Наталля Дайнека. З вялікім практычным стажам галоўны ветурач Надзея Паплаўская. Дзякуючы іх вопыту, ведам і старанню жывёлаводаў на фермах усё добра.

У поспеху на палях значная заслуга галоўнага агранома Аляксея Балбуцкага. Веды, атрыманыя ў час вучобы ў Белдзяржсельгасакадэміі, ён эфектыўна прымяняе на практыцы. Інжынернай службай кіруе апантаны справай Віктар Снапок. Тэхнічны арсенал у нас трывалы. Большасць машын і агрэгатаў энерганасычаныя.

Увогуле асноўны касцяк галоўных спецыялістаў — людзі сталага ўзросту. Калектыў папаўняецца моладдзю. Пасля заканчэння агракаледжаў атрымалі размеркаванне ў наш філіял Вольга Дзіканчук і Улад Дзямчук. Юнак завочна вучыцца ў Гродзенскім дзяржуніверсітэце. Чакаем пяць выпускнікоў з Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

— Што жадаеце маладым спецыялістам, якія пачынаюць працоўную дзейнасць?

— Каб смялей унікалі ў сваю справу. Не саромеліся спытаць, калі нешта не ведаюць. Да нас прыехала дзяўчына — малады спецыяліст і заявіла, каб далі адмацаванне. Атрымала яго і кінулася шукаць «цёплае мястэчка». Праз нейкі час вярнулася з апушчанай галавою: яе нідзе не прымалі, а належны тэрмін трэба адпрацаваць. Пашкадавалі яе і ўзялі ў калектыў. Што атрымаецца, час пакажа.

— Ваша самае галоўнае правіла кіраўніка?

— Прымножыць поспех гаспадаркі. Тры гады майго кіраўніцтва калектывам дадаем па 10 працэнтаў аб’ёму валавой вытворчасці сельгаспрадукцыі. Паляпшаецца дабрабыт людзей. Сярэднямесячны заробак па філіяле падыходзіць да 1000 рублёў.

— Чаго граха таіць, пусцеюць нашы вёскі. Выпускнікі школ ірвуцца ў горад, дзе, як ім падаецца, усё мёдам намазана. Як зацікавіць моладзь працаваць на зямлі?

— У нашай палескай мясцовасці, ды, напэўна, і ўсюды, у першую чаргу заробкамі. Гэта галоўны стымул. Важна будаваць камфартабельныя дамы. Мы ўсіх, хто прыходзіць у калектыў, забяспечваем добраўпарадкаваным жыллём. У аграгарадку няма ні адзінага дома, які пустуе. Выкупаем пакінутыя сядзібы і прыводзім у добры стан. Маладых механізатараў, спецыялістаў розных профіляў у нас хапае, а вось з нявестамі напруга.

— Ці патрэбны нейкія асаблівыя якасці для кіраўніка такой аддаленай гаспадаркі?

— Кіраваць людзьмі, дзе б гэта ні было, складана і адказна. Кожны твой крок навідавоку. Мае дзеці вучацца, гуляюць разам з іншымі равеснікамі. Ніякіх прывілей сям’я не мае. Як і ўсе, апрацоўваем уласны агарод. Каля дома пасадзілі больш паўсотні садовых дрэўцаў. Штовечар паліваем іх, каб не засохлі.

З дзяцінства звык жыць у згодзе з прыродай. Палескія абшары прывабны па-свойму. Побач з нашым аграгарадком, што ў 40 кіламетрах ад Пінска, меліяратары пабудавалі цудоўнае вадасховішча. Тут адпачываюць не толькі мясцовыя.

Люблю на пачатку вясны назіраць, як усё навокал ажывае. Захапляюся паляваннем. Цудоўна прайсціся з ружжом па першай парошы. У любы час года вандроўкі па наваколлі прыдаюць настрою і здароўя.

Летнім вечарам на палявой дарозе прыпыню легкавік сярод жытоў і слухаю, як шапочуць каласы. Калі апошні камбайн пакідае поле, адпраўляюся дамоў, дзе чакае сям’я. Што больш для шчасця трэба?

subbat50@mail.ru


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter