Директор дятловского КСУП «Дворец-Агро» Вадим Царик считает, что самое большое счастье - любить свою работу и быть любимым в семье

Дырэктар дзятлаўскага КСУП «Дварэц-Агра» Вадзім Царык: «Важна імкнуцца да недасягальных вяршынь, мець такі арыенцір»

Неаднойчы даводзілася чуць: цана чалавека вызначаецца не тым, што ён можа зрабіць, а што здзейсніў. Узгадалася гэта пасля сустрэчы з 30-гадовым дырэктарам дзятлаўскага КСУП «Дварэц-Агра» Вадзімам ЦАРЫКАМ. Нягледзячы на малады ўзрост, за год карэнным чынам змяніў псіхалагічную сітуацыю ў калектыве, настроіў людзей на стваральную працу. Пасля заканчэння агранамічнага аддзялення Навагрудскага дзяржагракаледжа ён працаваў галоўным спецыялістам, намеснікам кіраўніка ў гаспадарках Дзятлаўскага раёна. Завочна атрымаў вышэйшую агранамічную і эканамічную адукацыю ў Гродзенскім дзяржаграўніверсітэце.


Гаспадарка, якую Вадзім Віктаравіч узначаліў, была на мяжы банкруцтва. Раённае кіраўніцтва дзеля яе фінансавага аздараўлення замарозіла на некалькі гадоў выплату даўгоў. Сталі павялічвацца аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі, расці заробкі працаўнікоў.

Малекулы адданасці даручанай справе, якая стала мэтай і сэнсам жыцця маладога дырэктара, праніклі ў яго душу. Для яго было вялікай радасцю вярнуцца ў мясціны радаводных каранёў і працягваць справу бацькоў. Маці Валянціна Харытонаўна і бацька Віктар Казіміравіч у свой час таксама атрымалі дыпломы аграномаў у Навагрудку. Падтрымалі выбар сына працаваць на зямлі.

— Прыехаў у Дварэц, нібыта дамоў, — дзеліцца ўражаннем Вадзім Царык. — Мяне сустрэлі, як роднага. З першых дзён дырэктарства імкнуся кожнаму працаўніку дапамагчы. Калі бачу, што ў механізатара не атрымліваецца выправіць непаладку ў тэхніцы, дапамагу прыладзіць запчастку. Пяць хвілін — і агрэгат на хаду. Усю вясну з галоўным аграномам Сяргеем Лабарам правялі ў полі. Пачынаючым механізатарам Дмітрыю Якшуку і Андрэю Баравіку, што прыйшлі ў гаспадарку пасля заканчэння дзяржліцэя, даручалі простыя работы. Паступова заданні ўскладнялі. Юнакі перавозілі зялёную масу з лугоў да сянажных траншэй. Стваралі ім умовы, каб замацоўвалі на практыцы атрыманыя ў час вучобы навыкі.

Летась практыкаваўся і студэнт Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Яўген Апанасік. На трактары з прэс-падборшчыкам цюкаваў сена на лузе, у жніво перавозіў салому. Пачынаў будучы спецыяліст з прэсавання за дзень 30 цюкоў. Брыгадзір Сяргей Сямашка песімістычна пазіраў на яго. На другі дзень Яўген зацюкаваў у тры разы больш, а потым штодзённа выдаваў па 120 рулонаў. У тым, што летась назапасілі 800 тон сена, ёсць і яго заслуга.

— Вадзім Віктаравіч, каб не дапусціць банкруцтва, з чаго пачалі аздараўленне?

— З навядзення элементарнага парадку. Агледзеў вытворчыя падраздзяленні, пагутарыў з людзьмі. Дысцыпліна ў калектыве стала законам. Праз невялікі час заўважылі першыя станоўчыя зрухі. Паляпшаюцца эканамічныя паказчыкі. На ўмоўную галаву жывёлы летась назапасілі па 26 цэнтнераў кормаадзінак. Вынік не прымусіў доўга чакаць сябе. Гадавы надой малака ад каровы вырас на 272 кілаграмы. На 12 працэнтаў павялічыўся аб’ём рэалізацыі прадукту. У раслінаводстве асаблівая ўвага азімым. Каб забяспечыць статак канцэнтраванымі кармамі, пашырылі азімы клін. Для больш паспяховай дзейнасці пакуль не стае абаротных сродкаў.

Па заробках кожны адчуў перамены да лепшага: на зямлі можна працаваць і добра жыць. Калі чалавека нацэльваеш на вынік, але нічым не забяспечваеш вытворчы працэс, асаблівага поспеху не чакай.

— Ёсць падстава спадзявацца, што працэс будзе і надалей паспяхова развівацца?

— Гарантыя гэтаму — рост фінансавых паступленняў ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Да 2023 года накладзены мараторый на выплату запазычанасці. За свае сродкі абнаўляем машынна-трактарны парк, забяспечваем неабходным вытворчы працэс.

— З чаго пачыналі дырэктарства?

— З развітання з галоўным інжынерам. Не адпавядаў ён свайму прызначэнню. Кіраваць калектывам засталіся ўдвух з галоўным аграномам. Сяргей Лабар пасля заканчэння аграфака Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта паўтара дзясятка гадоў працуе ў гаспадарцы. Дэталёва ведае асаблівасці кожнага поля. Дагэтуль у нас вакантныя пасады галоўных спецыялістаў у жывёлагадоўлі. Падалі заяўкі ў аграрныя навучальныя ўстановы і чакаем маладых кадраў. Калектыў папоўніў выпускнік Белдзяржсельгасакадэміі Уладзіслаў Краўчук, а таксама Ваўкавыскага дзярж­агракаледжа Святлана Міхалькевіч і Арцём Гаўрылік. Ім прадаставілі жыллё. Галоўны інжынер Сяргей Рудоль завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаграўніверсітэце.

— Што вас, дырэктара, найбольш хвалюе?

— Шмат рэзерваў не задзейнічана. Упэўнены, іх выкарыстанне дазволіць дасягнуць лепшых эканамічных паказчыкаў. А гэта дасць магчымасць развівацца. Хвалююся за касавіцу траў, трэба своечасова іх убраць. Ад таго, як справімся на лугах, залежаць поспехі на фермах. Травы сёлета густыя, сакавітыя. Корманарыхтоўчы атрад працуе без выхадных. Скасілі злакавыя травы, зараз завяршаем першы ўкос бабовых — цімафееўкі і канюшыны. Па тэмпах касавіцы на трэцім месцы ў раёне. У сонечныя дні нарыхтоўваем сена.

Для забеспячэння грамадскага статка кармамі пасеялі на 660 гектарах кукурузу, на 200 гектараў больш леташняга. Даглядаем пасевы. Надвор’е спрыяе іх росту. Азімыя збожжавыя ўжо выкінулі колас.

— Аднаму, без поўнай каманды галоўных спецыялістаў, складана кіраваць калектывам?

— Спадзяюся, вакантныя пасады запоўняць маладыя спецыялісты. У нас створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання. Некалькі домікаў чакаюць навасёлаў. Як згуртуецца каманда аднадумцаў, змагу дазволіць сабе пасядзець у кабінеце за чытаннем свежай прэсы. Дарэчы, у «Сельской газете» цікаўлюся інфармацыйнымі матэрыяламі, артыкуламі пра справы перадавікоў. Люблю чытаць пра лю­дзей розных заняткаў.

— Вадзім Віктаравіч, ці ёсць у вас кумір?

— З гаспадарнікаў — дырэктар нясвіжскага агракамбіната «Сноў» Мікалай Вячаслававіч Радаман. Даводзілася неаднаразова бываць у гаспадарцы, сустракацца і гутарыць з кіраўніком. У «Снове» многаму можна павучыцца. Напэўна, не толькі мяне аднаго ўразіў ідэальны парадак на палях і фермах, па-сучаснаму адладжаная перапрацоўка сельгаспрадукцыі. Канечне, да дасягнення сноўскіх вяршынь нашай гаспадарцы далекавата, але важна мець такі арыенцір.

— Чым вы захапляецеся?

— Захапляюся і мастацкай самадзейнасцю. У школе і каледжы выступаў на сцэне. Прымаў удзел у рэспубліканскім спеўным конкурсе «Народныя імёны Беларусі».

Калі выдаецца вольны час, з сям’ёю наведваем аўдавелую цешчу ў суседняй дзятлаўскай вёсцы Лявонавічы. Дапамагаем ёй на прысядзібным участку. Бываем у маіх бацькоў. У наваколлі нашага аграгарадка Дварэц цудоўныя краявіды. З жонкай Алёнай і дачушкай Валерыяй любім праехаць па роднай старонцы, палюбавацца прыгажосцю. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі поўнасцю адпавядае сваёй цудоўнай назве — Дварэц. Вуліцы акуратныя. У палісадніках красуюць кветкі, на падворках чысціня і парадак. Сядзібы патанаюць у зеляніне садоў. Такая завядзёнка ў кожнай нашай вёсцы. Усяго на тэрыторыі гаспадаркі паўтара дзясятка населеных пунктаў. Амаль дзве з паловай сотні працаўнікоў шчыруюць на палях і фермах.

— Штодзённа аб’ехаць усю гаспадарку, пэўна, складана. Як вы плануеце працоўны дзень, каб нічога не ўпусціць?

— Кожны новы дзень ставіць новыя задачы. Узыход сонца летнім часам звычайна сустракаю, калі аб’язджаю палі, сенажаці. Еду ў дыспетчарскую і праводжу разнарадку. А потым на працягу дня захлынаюць гаспадарчыя справы. Здараецца, і ноччу не да сна... У майскія святы з Дзятлаўскага сырзавода вярнулі наша малако. Трэба было тэрмінова вызначыць карову, з-за малака якой надой бракавалі. Святочны дзень завяршаўся, а да ранішняй дойкі трэба было праверыць кожную жывёліну. У фірме, што пастаўляла нам тэстары, толькі падказалі, якая гаспадарка нядаўна закупляла іх. Так выйшлі на шчучынскае ААТ «Васілішкі» і позна вечарам прывезлі тэстары. Да чатырох раніцы праверылі статак і выявілі карову. Ранішняе малако рэалізавалі без праблем.

— Вы жорсткі кіраўнік?

— Напэўна, больш лаяльны. Але люблю справядлівасць. Для мяне ў калектыве ўсе роўныя: ад пастуха да галоўных спецыялістаў. Кожны павінен на ўзроўні выконваць свае абавязкі.

— Ужо адчулі сябе кіраўніком?

— Так. Вялікая адказнасць за вытворчыя справы ўсяго калектыву прымушае гэта адчуваць. А яшчэ і за лёсы падначаленых, іх сямей ты ў адказе. Канечне, удзяч­ны кіраўніцтву раёна за падтрымку. Авалодваць сакрэтамі жывёлагадоўлі дапамагаюць спецыялісты райсельгасхарча. Часта бывае на нашых фермах раённы вет­урач Баляслаў Кулеш. Разам з ім гутарым са спецыялістамі, жывёлаводамі. Кожная сустрэча з працаўнікамі важная і патрэбная. Людзі выказваюць свае думкі, меркаванні. Не заўсёды ў калектыве ўсё складваецца гладка. Бываюць цяжкія моманты. Прымаю і крытыку, калі яна справядлівая і дапамагае. Лічу, што менш трэба па галавах хадзіць.

Задаволены, што так мой лёс склаўся. Не кожнаму шчасціць штораніцы быць сведкам, як ціха-ціха красуе жытнёвае поле, ледзьве заўважная аблачынка пылку лунае над хлебнай нівай. 

Пасля напружанага працоўнага дня вяртаешся дамоў, дзе цябе чакаюць дачушка і жонка. Вялікае шчасце — гарэць сваёй працай і быць любімым у сям’і.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter