Выпускница Витебской госветакадемии София Бухалович в двадцать с небольшим лет возглавила Лиозненский колхоз

Дырэктар докшыцкага ААТ «Таргуны» Соф’я Бухаловіч: «Умець усё, не апускаць рукі і крочыць уперад»

«Новае жыццё». Праз год гаспадарка падвоіла валавы збор збожжа, сталі расці паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Пра маладога кіраўніка загаварылі ў раёне. Соф’ю Пятроўну дэлегавалі на Трэці Усебеларускі народны сход, дзе яна заняла пачэснае месца ў прэзідыуме побач з Прэзідэнтам. Неаднаразова старшыня прадстаўляла раён на абласных «Дажынках». На пачатку гэтага года ўзначаліла докшыцкае ААТ «Таргуны» кіруючай кампаніі «Малочная праўда».


Як і старэйшая сястра, спецыялістамі сельскай гаспадаркі сталі браты Дзмітрый і Аляксей Бухаловічы. Віцебскае сельгаспрадпрыемства «Рудакова» ўзначальвае іх маці Надзея Васільеўна.

ДА цэнтральнай сядзібы ААТ «Таргуны» з усіх бакоў падступаюць хлебныя нівы. Гаспадарка забяспечвае насеннем збожжавых культур сельгаспрадпрыемствы кампаніі «Малочная праўда». Пятнаццаць збожжаўборачных камбайнаў вывелі на жніво механізатары. На збожжатоку свежаабмалочанае зерне даводзяць да неабходных кандыцый. Тэхнікай кіруе галоўны дыспетчар.

Пакуль ехалі да камбайнаў у поле, не змаўкаў мабільны тэлефон кіраўніка гаспадаркі. Паабапал асфальтаванай дарогі да далягляду распасціралася хлебнае поле. Надвор’е спрыяе ўборцы. Соф’я Пятроўна хвалюецца: маштабы жніва вялікія. Неабходна абмалаціць збожжавыя амаль на 5000 гектараў.

— Камбайны не новыя, нагрузка на іх максімальная. Пачалі жніво з малацьбы азімага трыцікале. На круг атрымліваецца па 30 цэнтнераў зерня. Кіраўніцтва кампаніі «Малочная праўда» плануе закупіць энерганасычаныя збожжаўборачныя агрэгаты. У перспектыве плошчы пад азімыя збожжавыя культуры пашырацца на 2000 гектараў.

Не спыняецца і нарыхтоўка кармоў. На трох малочна-таварных фермах 6400 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 1200 — дойныя каровы. Летась ад кожнай атрымана звыш 5000 кілаграмаў малака. Важна не толькі ўтрымацца на дасягнутым, але і прыбавіць у надоях. Штодзённа 30 тон малака адпраўляецца для перапрацоўкі на Тураўскі малочны камбінат.

— Соф’я Пятроўна, а ці ёсць рацыя так далёка вазіць малако на перапрацоўку? Ад Докшыц да палескага Турава амаль паўтысячы кіламетраў.

— Эканамісты малочнай кампаніі ўсё падлічылі. Рэгулярныя пастаўкі сыравіны садзейнічаюць эфектыўнай рабоце камбіната. Рэалізацыя малака дае гаспадарцы асноўны прыбытак.

Тэлефонны званок перарваў нашу размову.

«Тэрмінова запраўце палівам машыну для адвозкі абедаў механізатарам... Валянціна Сяргееўна, падрыхтуйце абеды, машына хутка пад’едзе», — дала ўказанні старшыня.

Адклаўшы ў бок тэлефон, Соф’я Пятроўна прыбавіла газу. За акном легкавіка мільгалі палі. Удалечыні плаўна плылі па шырокім полі зернеўборачныя камбайны. Дырэктар сельгаспрадпрыемства адзначыла, што чацвёра работнікаў сталоўкі пад кіраўніцтвам Валянціны Гурчанка штодзённа рыхтуюць абеды на паўтары сотні чалавек. Валянціна Сяргееўна загадвала сталоўкай у лёзненскай гаспадарцы «Рубяжніца», якою кіравала Соф’я Бухаловіч. З мужам пераехалі ў Докшыцкі раён.

Зноў тэлефонны званок.

«Пшаніцу вязіце на ток для сушкі. Зярняты жыта цвёрдыя як камень. Ссыпайце яго пад павець», — гучалі дзелавыя ўказанні дырэктара.

…Узгадалася даўняя сустрэча з Соф’яй Бухаловіч на адкрыцці лёзненскага аграгарадка Рубяжніца. У чырвоных боціках з пышным пучком валасоў на галаве, статная, яна крочыла па заснежанай вуліцы да сельскага клуба, дзе яе чакалі вяскоўцы.

САМУЮ маладую на Віцебшчыне старшыню калгаса мы здымалі для тэлебачання і ў гумавых ботах на раскіслай асенняй раллі. Запомнілася яе школьная мара вучыцца ў Акадэміі міліцыі. Было і жаданне стаць актрысай. У старэйшых класах яе краналі фільмы з удзелам легендарнай Ноны Мардзюковай. Многія казалі дзяўчыне, што яна знешне падобна на вядомую актрысу. І ў характары, паводзінах знаходзяць агульнае: праўдзівая, смелая.

— Не люблю дагаджання. Адкрыта выказваю крытычныя думкі і ацэнкі. Памятаю, як хвалявалася, калі выступала на Трэцім Усебеларускім сходзе. У кароткай прамове выказалася, як зацікавіць маладых працаваць на зямлі. Мне горача апладзіравалі. Удзел у гэтым форуме надаў настрою. Мяне агортваў максімалізм: усё магу, ведаю, з усім спраўлюся. У дваццаць гадоў прыняла далёка не лепшы калгас і адчула: не хапае ведаў. Села за падручнікі і дэталёва стала ўнікаць у эканоміку, аграномію.

— Суседні калгас узначальвала ваша маці Надзея Васільеўна. Пад яе крылом надзейна было пачынаць старшынёўства?

— Усе думалі, што кінуся да яе. Раённыя начальнікі на гэта і рабілі стаўку: вопытная маці будзе апекаваць дачку. Яна вучыла не зацыклівацца на нечым адным. Сапраўдны кіраўнік той, які валодае агульным станам гаспадарчай дзейнасці. Не ўсё адразу ў мяне атрымлівалася, нават даходзіла да крытычных момантаў: мільгалі думкі развітацца з калгасам.

— Што стрымала ад гэтага?

— Бацькоўскае выхаванне: «Ты павінна ўмець, магчы ўсё, не апускаць рукі і крочыць уперад». Прыемнай падзеяй стала жніво ў другі год кіраўніцтва. Атрымалі ўдвая больш зерня. Вытрымалі тэхналогію, і зямля аддзякавала добрым ураджаем. Праз чатыры гады да нас далучылі суседнюю гаспадарку «Віцебскі рабочы». Нагрузка вырасла. Прыемна было адчуваць, што цябе, як кіраўніка, заўважылі. Прынялі яшчэ адзін калгас. А калі маці ўзначаліла Лёзненскае раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, да нас далучылі сельгаспрадпрыемства, якім яна кіравала.

Гадавы валавы надой ад каровы дасягнуў 5000 кілаграмаў. Гэта быў лепшы паказчык у раёне. Абнаўлення патрабавала тэхніка, палі чакалі мінеральных угнаенняў. Каб выйсці на больш высокія рубяжы, патрэбны былі фінансы. Старшыня райвыканкама параіў шукаць інвестараў. Выйшла на «Малочную праўду». Там прапанавалі фінансаванне пры ўмове перапрацоўкі малака на Тураўскім малочным камбінаце, але кіраўніцтва раёна і вобласці не згадзілася…

ЦЯЖКА было развітвацца з калектывам, дзе пачынала працоўную дзейнасць. Перад тым як узначаліць докшыцкае сельгаспрадпрыемства «Таргуны», кіравала лоеўскімі гаспадаркамі «Калпень» і «Ураджайны» кампаніі «Малочная праўда». Сёлета вярнулася на родную Віцебшчыну. Кіраўніком сельгаспрадпрыемства ў кампаніі «Малочная праўда» працуе малодшы брат Аляксей.  

Бацькі вучылі нас нічога не адкладваць на заўтра. Кожны дзень як апошні, каб усё задуманае паспець зрабіць. Так патрабую і ад падначаленых. У нашай сям’і ў кожнага абавязкі. На падворку трымалі чатыры каровы, дзясятак свіней, авечак, хатнюю птушку. На двух гектарах вырошчвалі бульбу, уручную апрацоўвалі і ўбіралі. Зараблялі грошы, каб годна жыць. З бабуляй летам варылі варэнне з вішань, чарніц, брусніцы. Не вылазілі летам з лесу — збіралі і сушылі грыбы.

— Вяршыняй выхавання ў вашай сялянскай сям’і была праца.

— Так. Яна давала і духоўнасць. Мяне ў 15 гадоў бабуля ахрысціла. У нашай вёсцы ўкраінскія будаўнікі ўзводзілі дзіцячы садзік. Яны для мяне напісалі на аркушы малітву «Ойча наш». Вывучыла яе.

З маці бывала на калгасным полі, ферме. Запомнілася, як пасля стыхіі абледзянелыя правады абарваліся і прапала электрычнасць. Даяркі ўручную даілі кароў, кармілі іх.

— Вы, як дырэктар сельгас­прадпрыемства, падпарадкоў­ваецеся кіраўніцтву раёна і кампаніі «Малочная праўда». Гэта, пэўна, стрымлівае вашы дзеянні?

— Калі сумленна працуеш, дысцыплінаваны, складанасцей няма. Імкнуся так арганізаваць працу, каб людзі мелі добры заробак. Клапачуся ствараць новыя працоўныя месцы. Зараз у калектыве 330 чалавек, а было 250. На жніво, нарыхтоўку кармоў наймаем сезонных рабочых. Імі ўкамплектавалі ўборачныя экіпажы на жніве. Мяне здзівіла, што тут раней не было падменных аператараў машыннага даення кароў. Як маглі людзі працаваць без выхадных? На восем аператараў узялі адну падменную, каб жывёлаводы мелі адпачынак.

Далейшае развіццё атрымаюць чатыры аграгарадкі гаспадаркі. Сацыяльны ўзровень паляпшаецца ў першую чаргу пры адпаведных заробках. Тады і для моладзі ёсць матывацыя працаваць на зямлі. У нас практыкаваліся навучэнцы Глыбоцкага дзяржагратэхліцэя. Пасля заканчэння вучобы чацвёра юнакоў папоўнілі атрад механізатараў.

На палях і фермах імкнёмся трымаць працоўную і тэхналагічную дысцыпліну. З-за вуха нікога не звальняю. Але калі чалавек упарта ігнаруе заўвагі ці парады, то з ім развітваемся. Ёсць складанасці з дзейнасцю некаторых галоўных спецыялістаў: не ўсе ідуць у нагу з часам. Прымяненне сучасных тэхналогій патрабуе адпаведных ведаў. Наладзілі відэасувязь. Кіраўніцтва кампаніі пастаянна праводзіць відэаканферэнцыі.

— А як арганізаваны ваш працоўны дзень?

— Трымаюся правіла пастаянна быць у курсе спраў. Планёрку з кіраўнікамі вытворчых участкаў і спецыялістамі праводжу з вечара. Вызначаем фронт работ і раніцай выдаём дарожныя лісты механізатарам і вадзіцелям.

— Соф’я Пятроўна, а з якога моманту вы адчулі сябе кіраўніком?

— Калі на свяце лёзненскага аграгарадка Веляшковічы правялі парад сельскагаспадарчай тэхнікі. Да бляску начысцілі машыны, агрэгаты і праехалі па галоўнай вуліцы. Для вяскоўцаў гэта незабыўная падзея. У памяці і той дзень, калі выкапалі з зямлі царкоўны звон. Фашысты ў гады вайны кінулі яго ў студню, і больш як 60 гадоў праляжаў ён там. Цяпер звон усталяваны на храме ў Лёзна. Яго меладычныя гукі чуюцца над райцэнтрам.

— Гаспадарка вялікая, клопатаў шмат. А калі выдаецца вольны час, як яго бавіце?

— Люблю вечарам няспешна праехаць на веласіпедзе. І на ферму часта так дабіраюся — для здароўя добра. Калі выдаецца магчымасць, вандрую па Беларусі. У нас столькі прыгожых і цікавых мясцін! Наведвала гомельскі парк, палац Паскевічаў, таксама Нясвіжскі і Мірскі замкі, аглядала руіны замка Сапегаў у Ружанах і іншыя помнікі культуры. Вакол столькі цікавага! Трэба ўмець гэта бачыць і цаніць.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter