Директор Барановичского ОАО "Полонечка" Александр Ханько: заслужить людское уважение тяжело, а потерять его очень легко

Дырэктар баранавіцкага ААТ «Паланечка» Аляксандр Ханько: «Заслужыць людскую павагу цяжка, а страціць яе вельмі лёгка»

На ўскрайку Навагрудскага ўзвышша, непадалёку ад ажыўленай міжнароднай аўтамагістралі, раскінуліся ўгоддзі баранавіцкага ААТ «Паланечка». З кіраўніком яе Аляксандрам ХАНЬКО імчым на легкавіку да цэнтральнай сядзібы. Паабапал дарогі на палях працуюць сельгасмашыны. На пачатку вёскі Паланечка, што выцягнулася на некалькі кіламетраў, узвышаецца мураваны двухпавярховы ў рыштаваннях будынак. Адчуўшы мой інтарэс да цікавага аб’екта, кіраўнік гаспадаркі патлумачыў: ідзе рэстаўрацыя былога палаца Радзівілаў. Да нядаўняга часу ў ім размяшчалася сярэдняя школа. Колькасць вучняў зменшылася амаль да паўсотні. Займаюцца яны ў іншым будынку. Двухсотгадовы палац праз аўкцыён прададзены. Уласнік пераабсталёўвае яго пад атэль.

На суседнім пагорку, праз звілістую рачулку Змейку, крыжамі ўпіраецца ў неба драўляны касцёл. Яму амаль тры стагоддзі. За храмам з буслянкі на вершаліне векавога дрэва аглядаў наваколле крылаты гаспадар. Гэтай вольналюбівай птушцы беларускі літаратар Уладзімір Караткевіч прысвяціў радкі: «Зараз вясна. Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы — хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль.

І таму мне здаецца, што ў гэтыя — і не толькі ў гэтыя — дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць «зямлёю пад белымі крыламі».

Адзін з куточкаў «зямлі пад белымі крыламі» — перакацістыя ўгоддзі вакол былога мястэчка Паланечка. Амаль два стагоддзі таму казачнасць гэтых мясцін цудоўна занатаваў на гравюры вядомы этнограф Напалеон Орда. У гэтым краі зыходзяцца землі трох абласцей: Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай.

Па цэнтральнай вуліцы Паланечкі праехалі ў супрацьлеглы канец вёскі. За паўразбураным мураваным вадзяным млынам павярнулі ў вузенькі завулак. Паабапал віднеліся акуратна прыбраныя падворкі з дыхтоўнымі забудовамі і садамі. За сялянскімі сядзібамі на пагорку ўзвышаецца сучасны жывёлагадоўчы комплекс. З прасторнага памяшкання насустрач крочыў статны юнак. Павіталіся. Кірыл Дзямідовіч закончыў ветэрынарнае аддзяленне Ляхавіцкага дзяржагракаледжа і прыехаў працаваць у гаспадарку. Пасяліўся ў маладзёжным інтэрнаце. Шчыра падзяліўся планамі: настроены адслужыць у арміі, вярнуцца ў гаспадарку і завочна атрымліваць вышэйшую адукацыю. Прызнаўся: спадзяецца, што пасля заканчэння вучобы ў Ляхавіцкім каледжы прые­дзе сюды працаваць і яго нявеста Настасся Ладонская.

Нядаўна атрад маладых спецыялістаў папоўнілі выпускнікі Белдзярж­сель­гасакадэміі Іван Кірыковіч і сталічнага дзяржагратэхуніверсітэта Вікторыя Калагрыф. Усе яны пасяліліся ў маладзёжным інтэрнаце. Дарэчы, у Паланечцы два будынкі абсталяваны для жылля моладзі.

— У перспектыве плануем усталяваць у інтэрнатах электранагравальныя катлы, — дзеліцца задумкамі дырэктар ААТ «Паланечка» Аляксандр Ханько. — Побач з цэнтральнай сядзібай пракладзены магістральны газаправод, але да газіфікацыі справа не дайшла. У Паланечцы, як і ў суседніх вёсках Рэпічы і Шчарбавічы, большая частка насельніцтва — пенсіянеры. Многія сядзібы выкупілі мінчане пад лецішчы. Гараджан вабіць гэты маляўнічы куток.

І мне, калі прыехаў працаваць пасля заканчэння Беларускага дзярж­агратэхуніверсітэта, прыглянуліся гэтыя мясціны. Пачынаў загадчыкам гаража, а потым узначаліў інжынерную службу. Былы дырэктар часта хварэў і даводзілася замяняць яго. Тут сустрэў сваю будучую жонку. Марына з іванаўскай вёскі Адрыжын. Пасля заканчэння Брэсцкага педуніверсітэта атрымала накіраванне ў Паланечку. Мы рыхтаваліся да вяселля, але раптоўна памерла мая маці. Шлюб адзначылі сціпла з самымі блізкімі сваякамі. У вёсцы Шчэрбічы атрымалі ад гаспадаркі дом. Дзяржаўны банк нам як маладым спецыялістам выдзеліў льготныя пазыкі для набыцця бытавой тэхнікі і мэблі. У нас падрастае трохгадовы Мацвейка. Адчуваем сябе шчаслівымі.

— Уласную гаспадарку завялі?

— Няма патрэбы ў ёй. З раніцы да вечара мы з жонкаю загружаны на працы. Неабходнымі прадуктамі нас падтрымліваюць бацькі. Ды і калі палічыць па грашоваму эквіваленту, у вяскоўцаў можна набыць свежае малако, яйкі, мясныя прадукты. Многія гаспадары ў нашых вёсках трымаюць кароў і іншую жыўнасць. І ў магазінах багаты выбар харчовых прадуктаў. Кожную вясну засяваем прысядзібны ўчастак. Садзім кветкі ў палісадніку.

— А садок ёсць?

— Пакуль у ім падрастае некалькі вішаняк. Плануем пасадзіць яблынькі, грушы, слівы. На ўсё патрэбен час. Зараз, калі тэхніка працуе ў полі, для мяне кожная хвіліна на ўліку.

— Аляксандр Валяр’я­навіч, з чаго пачыналі дырэктарства?

— З хвалявання, як утрымаць гаспадарку на плаву. Трывожыла вялікая фінансавая запазычанасць. Са спецыялістамі вышуквалі сродкі для пагашэння даўгоў і забеспячэння неабходным вытворчага працэсу. У калектыве сотня працаўнікоў, а ў кожнага сям’я. Для мяне кіраванне гаспадаркай было ўсё роўна, што першы раз сесці за руль аўтамабіля. Раней, калі ўзначальваў інжынерную службу, адказваў толькі за арганізацыю працы механізатараў. А як стаў дырэктарам, узгадаў бацькавы парады. Ён працаваў намеснікам старшыні калгаса і дзяліўся вопытам кіравання людзьмі. Вучыў не падзяляць падначаленых на добрых і нядобрых. Адносіцца да ўсіх аднолькава роўна. Надзвычай складаная справа — кіраваць людзьмі. Не ўсе аднолькава ставяцца да сваіх абавязкаў. Адныя, каб забяспечваць сям’ю, гатовы суткамі шчыраваць, а ёсць і такія, што абы дзень да вечара.

— Які ў гаспадарцы сярэднемесячны заробак?

— Перавысіў 700 рублёў і пастаянна павялічваецца. На веснавых палявых работах і ў жніво механізатары зарабляюць значна больш. Ад атрыманай прадукцыі залежаць выплаты працаўнікам ферм. У грамадскім статку 1710 галоў жывёлы, з іх амаль палова — дойныя каровы. Апошнім часам заўважны недахоп працоўных рук. Значна палепшыліся ўмовы працы на нашых фермах. Сярэднегадавы надой ад каровы перавысіў 5000 кілаграмаў і, спа­дзяюся, што сёлета павялічыцца. Зараз штодзённа пастаўляем на перапрацоўку 9 тон малака. Бычкоў вагой да ста кілаграмаў перадаём на дарошчванне ў агракамбінат «Мір».

Дзякуючы фінансавым паступленням за рэалізацыю жывёлагадоўчай прадукцыі развіваем вытворчую базу і сацыяльную сферу. Адчувальна паўплывала на гаспадарчую дзейнасць сусветная пандэмія. Былі моманты, што на некаторых участках ледзьве спраўляліся падмяняць хворых.

У гэтыя вясновыя дні галоўны клопат — хутка і якасна завяршыць палявыя работы. Вопытныя хлебаробы за некалькі дзён справіліся з сяўбою аўса і пачалі сеяць іншыя збожжавыя. Кожнае поле атрымлівае неабходную па тэхналогіі норму мінеральных і арганічных удабрэнняў. Пасля снежнай зімы зямля натолена вільгаццю. Для работы тэхнікі на палях запасліся палівам. Закупілі збожжавую сеялку, лідскую касілку КПМ-9 і апырсківацель. Летам чакаем папаўнення атрада механізатараў выпускнікамі прафтэхліцэяў.

— З вашых трыццаці пражытых вёсен якая самая памятная?

— У маім пашпарце пастаўлены шлюбны штамп з запісам «25 красавіка 2015 года». Гэта дарагі майму сэрцу дзень. У тую вясну ўпершыню самастойна кіраваў сяўбою. Паспяхова справіліся і вырасцілі добры ўраджай. Землі тут урадлівыя, звыш 40 балаў. Летась з кожнага гектара намалацілі больш як па 40 цэнтнераў збожжа. Перадавыя механізатары Генадзь і Канстанцін Зуі, Аляксандр Дваракоўскі прадстаўлялі гаспадарку на раённых «Дажынках».

— Што больш усяго цэніце ў хлебаробе?

— Адданасць сваёй справе, старанне, працавітасць і шчырасць. Вышукваем магчымасць стымуляваць такіх хлебаробаў. Але, пэўна, не ў вялікім багацці шчасце.

— Ці верыце ў лёс?

— За пражытыя тры дзесяцігоддзі атрымаў шмат сюрпрызаў, пераважная большасць з іх прыемныя. Імкнуся жыць па прынцыпу: беражонага Бог асцерагае. Усім не дагодзіш. Можна займаць высокую пасаду, але не мець павагі ад людзей. Каб заслужыць яе, шмат чаго трэба. А страціць лёгка. Старшыня райвыканкама Міхаіл Мікалаевіч Палуян, калі віншаваў з прызначэннем на пасаду дырэктара, параіў працаваць так, каб пакінуць пасля сябе добрую памяць.

Пра лёс мы часта разважалі з бацькам. Ён мне наказваў: да людзей стаўся так, як хацеў бы, каб да цябе яны адносіліся. Вучыў не зайздросціць чужому поспеху. Запомнілася яго сялянская прымаўка: «Кінь за сабою, а знойдзеш перад сабою».

— Вясна абуджае пачуцці. Што для вас значаць прыгажосць, каханне?

— Вялікае шчасце бачыць і адчуваць прыгожае. Дзяцінства маё прайшло на Шчучыншчыне. А потым сям’я пераехала ў суседнюю лідскую вёску Ходараўка. Прынямонне багата на цудоўныя краявіды. У памяці засталася прыгажосць мясцін дзяцінства. Гэта любоў да зямлі і вызначыла мой жыццёвы выбар. Цвёрда вырашыў свой лёс звязаць з працай на зямлі. Тэарэтычную базу будучай тэхнічнай прафесіі дала вучоба ў Жыровіцкім дзярж­агратэхкаледжы. Навучальныя карпусы суседнічаюць з праваслаўнай святыняй — мужчынскім манастыром. Вышэйшую адукацыю атрымліваў у багатай на гісторыю і культуру сталіцы. Лічу, што як у каледжы, так і ва ўніверсітэце ў вучэбным працэсе варта больш увагі надаваць практычным заняткам студэнтаў. Важна, каб у час вытворчай практыкі ў гаспадарках будучыя тэхнічныя спецыялісты самастойна паспыталі кіраванне рознымі сельгасмашынамі. Гэта паляпшае спасцігаць матэрыяльна-тэхнічную базу. Слушнымі будуць і прапановы практыкантаў беларускім канструктарам па ўдасканаленні дзейнасці вузлоў і механізмаў вырабляемай у рэспубліцы тэхнікі.

— Пасля атрымання дыплома інжынера працуеце сёмы год. Ці былі моманты, калі хацелася кінуць усё?

— На першым часе не раз успыхвала такое жаданне. Але па свайму характару не спяшаўся з прыняццем рашэння. Аналізаваў сітуацыю, і намер паступова знікаў. Зараз усё больш пераконваюся ў правільнасці жыццёвага выбару. Большасць працаўнікоў у нашым калектыве старанныя і працавітыя.

— Каго лічыце сваім галоўным настаўнікам?

— Само жыццё многаму вучыць мяне. Шмат карыснага пераняў ад бацькі Валяр’яна Адольфавіча. У складаныя моманты адчуваю яго падтрымку. І сястра Кацярына цікавіцца маімі справамі. Калі выдаецца магчымасць, з сям’ёю адведваем іх. Бываем і на Палессі ў бацькоў жонкі. Сустракацца з раднёю — вялікае шчасце.

— Якім вам уяўляецца ідэал кіраўніка сельгаспрадпрыемства?

— Сучасны кіраўнік павінен быць адукаваным, культурным і рашучым. Умець аргументавана адстойваць сваю пазіцыю і бачыць перспектыву развіцця. Імкнуся сам адпавядаць гэтым крытэрыям і настроены ўпэўнена весці за сабою калектыў.


Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter