Выпускник БГАТУ Виктор Стурлис – один из лучших руководителей хозяйств Осиповичского района

Дырэктар ААТ «ЖорнаўкаАГРА» Віктар Стурліс: «Багаты той, хто шчаслівы ў працы і сям’і»

У Асіповіцкім раёне пасля ўзбуйнення з шаснаццаці гаспадарак утворана шэсць. Адна з найбольш значных — ААТ «ЖорнаўкаАГРА». Тут атрымліваюць розную сельскагаспадарчую прадукцыю, збыт якой папаўняе казну і мацуе эканоміку. Але ўсё ж асноўная галіна акцыянернага таварыства — жывёлагадоўля. На фермах 4700 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх амаль палова — дойны статак. Тры гады запар гаспадарка нарошчвае валавую вытворчасць малака, штодзённа рэалізуецца яго звыш 15 тон. Апошнім часам новымі жывёлагадоўчымі памяшканнямі прыраслі малочна-таварныя комплексы «Жорнаўка» і «Траецкае». 

Паспяхова развіваецца і раслінаводства. Хлебная ніва сельгаспрадпрыемства пашырана да 2600 гектараў, плантацыя кукурузы займае тысячу гектараў. У севазвароце значныя плошчы адведзены пад цукровыя буракі, рапс, травы. З першага ўкосу для грамадскага статка ўжо назапашана звыш 10 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, штодзённа закладваецца ў траншэі амаль па тысячы тон сенажа. 

Узначальвае ААТ «ЖорнаўкаАГРА» выпускнік інжынернага факультэта Белдзяржагратэхуніверсітэта Віктар СТУРЛІС. 


– Кажуць, што двойчы ў адну раку не ўваходзяць, — усміхаецца Віктар Ля­вонавіч, — а ў мяне менавіта так склалася. Па накіраванні прыехаў у гаспадарку і ўзначаліў інжынерную службу. Шмат карыснага ў адносінах з падначаленымі пераняў у тагачаснага дырэктара Уладзіміра Іванавіча Кубара. Ад яго прыняў кіраўніцтва калектывам. Потым два гады працаваў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. Паспрабаваў сябе ў сістэме Белтрансгаза і адчуў, што гэта не маё. Вярнуўся кіраваць знаёмым калектывам ААТ «ЖорнаўкаАГРА». І жонка Наталля Анатольеўна тут працуе. Пазнаёміліся мы ў Жыровіцкім дзярж­агратэхкаледжы, а пасля вучобы пажаніліся. Ад гаспадаркі атрымалі катэдж. Тут і пусцілі карані. У нас трое сыноў: Ягор, Захар і Арцём.

— Што паўплывала на выбар прафесіі?

— Пэўна, мае сялянскія карані. Непадалёку ад роднай вёскі Валэйкавічы, што на Смаргоншчыне, у слынных Кушлянах захавалася сядзіба беларускага літаратара Францішка Багушэвіча, дзе ён займаўся творчасцю, дапамагаў сялянам. Мо сярод іх былі і мае продкі. Бабуля Ніна і дзед Антон Сянько жылі на хутары, трымалі кароў, коней. Дзядуля займаўся пчалярствам. Яго лёс трагічны. У вайну нямецка-фашысцкія захопнікі збілі каля Гальшан савецкі ваенны самалёт, але лётчыкам удалося ўратавацца. Дзядуля напаткаў іх у лесе, прывёў на хутар. З бабуляй амаль год выходжвалі параненых. Як лётчыкі падужэлі, употайкі пакінулі хутар. Пазней паліцаі ўсё ж такі даведаліся пра гэта. Тутэйшыя папярэдзілі дзядулю, што карнікі збіраюцца прыйсці за ім. Ён сабраў неабходнае і намерваўся, як сцямнее, адправіцца ў лес, але не паспеў. У дзверы пагрукалі. Фашысты бабулю з немаўлём на руках не кранулі, а дзеда вывелі на падворак і каля хлява расстралялі. Было гэта зімою 1944-га. 

Некалькі гадоў таму прыязджалі сваякі тых лётчыкаў і на магіле дзеда ўсталявалі таблічку са словамі падзякі за ўратаванне іх родных. Надпіс «Антон Сянько» выбіты і на мемарыяле ў цэнтры аграгарадка Гальшаны. Мая маці вырасла без бацькі. Скончыла Ашмянскі сельгастэхнікум і працавала бухгалтарам у калгасе, а бацька — трактарыстам. Са старэйшым братам Сяргеем і сястрой Наталляй мы летам палолі агарод, бульбу ў полі, даглядалі хатнюю жывёлу. У нас было дзве каровы, конь, свінні. Бацька з раніцы садзіўся ў трактар і да першых зор не пакідаў поле.

А як пачыналася касавіца, брат станавіўся ў пакос, а мы з сястрою зграбалі сена. У дванаццаць гадоў я ўжо касіў. У штодзённых сялянскіх справах праходзіла кожнае лета. Пасля заканчэння васьмігодкі настройваўся паступаць у медвучылішча, але цяга да тэхнікі перамагла. З адзнакаю скончыў Жыровіцкі дзяржтэхкаледж і адразу паступіў на інжынерны факультэт Белдзяржагратэхуніверсітэта. Лёс падараваў мне цудоўную сям’ю. Жонка пасля каледжа атрымала вышэйшую адукацыю ў той жа сталічнай ВНУ.

— Чым зараз заклапочаны?

— Два месяцы таму, акрамя абавязкаў дырэктара гаспадаркі, атрымаў у кіраванне па дамоўленасці былую райсельгастэхніку. База яе ў 40 кіламетрах ад Жорнаўкі. Клопатаў дадалося. Займаемся кармамі, рыхтуемся да старту жніва. Нагрузка на кожны з шасці камбайнаў высокая. Колькі кірую гаспадаркай, заўжды ўсе ўборачныя экіпажы ўкамплектоўваем сваімі механізатарамі. Летась больш як за тысячу тон зерня намалацілі Сяргей Піляк і яго сын Аляксандр на камбайне КЗС-10, а таксама Яўген Чаропка і яго памочнік Канстанцін Цяслёнак на камбайне КЗС-12. Звыш 2000 тысяч тон збожжа перавёз з поля на сховішча вадзіцель Аляксандр Пятрэнка і амаль столькі ж Мікалай Кайко. У сувязі з пандэміяй раённыя дажынкі не праводзіліся. Вітаць перадавікоў жніва прыязджаў старшыня райвыканкама Канстанцін Аляксандравіч Жыгуцкі. Кожны гектар збожжавых даў амаль па 32 цэнтнеры зерня. У засекі засыпалі прыблізна 6000 тон збажыны. Па валавым намалоце на балагектар мы ў раёне ўступаем толькі ААТ «Вязаўніца-Агра».

— Кожны з нас носіць з сабой сваё неба. Якое яно ў вас?

— Імкнуся жыць так, каб не сорамна было за мяне дзецям. Адчуваю адказнасць перад калектывам. У гаспадарцы звыш 250 працаўнікоў, у кожнага сям’я. Напэўна, зашмат бяру на сябе. Трэба больш даваць самастойнасці галоўным спецыялістам, бо ўсё аднаму ахапіць чыста фізічна немагчыма. 

Задумваюся, а чаму гаспадаркам нельга ў маштабах краіны самастойна выбіраць варыянты збыту прадукцыі. Летась рэалізавалі ў лік дзяржзаказу 400 тон насення рапсу па 700 рублёў за тону, а фірмы плацілі амаль у два разы больш. Потым нам пастаўлялі рапсавы жмых па 1200 рублёў за тону. І такіх прыкладаў шмат, дзе мы, вытворцы прадукцыі, страчваем сродкі. Дызельнае паліва з пачатку года падаражала на 25 капеек за літр, метал, дошкі змяніліся ў цане, а наша прадукцыя не.

У вёсках раёна шмат лецішчаў гараджан. Мясціны тут курортныя: побач маляўнічае вадасховішча, багатыя на даніну лясы і бары. Калі наша тэхніка ў сенакосныя дні з лугоў праязджае па вясковых вуліцах, гаспадары сядзіб скардзяцца, што пыл уздымаем. Адказваю ім: «Пацярпіце, завяршым касавіцу траў і перастанем ездзіць». І тут жа дадаю: «Калі за харчаваннем ідзяце ў краму, там жа чыстыя прадукты. Пясок на зубах не хрумстае. Удосталь малака, мяса, хлеба. Усё яно з фермаў і палёў у горад адпраўляецца».

— Як часта вы апранаеце парадны касцюм?

— Звычайна раз у год, калі еду на ўрачыстасць у раён. А так пастаянна з сабой у машыне гумавыя боты. А калі восенню збіраецца шмат спраў, не цураюся аніякай працы. Разам з усімі ўбіраю цукровыя буракі. Увогуле, сучасны кіраўнік — менеджар.Тэарэтычную базу дае вучоба, а жыццё абагачае практычным вопытам. Лічу, што ў навучальных установах трэба больш надаваць увагі практыцы студэнтаў. Даводзілася бываць у нямецкіх фермераў (у іх практыкаваліся будучыя спецыялісты). Большую частку вучэбнага працэсу яны праводзілі за практычнымі заняткамі. Кожнага студэнта асобна трэба рыхтаваць да будучай справы. 

— Зараз маладыя спецыялісты пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў папаўняюць калектывы. Вашы пажаданні ім?

— Галоўнае — не баяцца цяжкасцей. Крочыць толькі наперад, не саромецца нешта ўдакладніць, спытаць. А кіраўнікам больш уважліва адносіцца да моладзі, каб падтрымаць яе, зацікавіць справай. Варта памятаць, што парадак там, дзе высокая працоўная дысцыпліна, выконваецца тэхналогія.

— Якой рысы характару ў сабе хацелі б пазбавіцца?

— Маю надта мяккі характар, але бываюць моманты, што магу абурыцца. Часам чалавека пакараю за правіннасць, а потым мучуся. У душы нешта гарыць. Доўга думаю, ці правільна паступіў. Люблю людзей, і яны ўзаемнасцю адказваюць. Багаты той, хто шчаслівы ў працы і сям’і. Радуюся за кожны поспех сыноў. Ім жыць на гэтай зямлі і працягваць нашу справу.

Асіповіцкі раён
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter