Дырэктар ААТ «Церабяжоў-Агра» Столінскага раёна Мікалай ДЗЯМКО: «Шчасце жыць і мары здзяйсняць»

Гісторыя столінскага ААТ «Церабяжоў-Агра» даўняя, багатая і насычаная падзеямі. Калектыўная гаспадарка ў палескай глыбінцы была ўтворана ў першыя пасляваенныя гады на былых землях пана Цэзарыя Алешы, продка вядомага рускага літаратара Юрыя Алешы. Ад былога маёнтка на ўскрайку вёскі Ніжні Церабяжоў захаваліся ўнікальны парк і маляўнічае возера.


Сёння заасфальтаваныя вуліцы вёскі забудаваны дыхтоўнымі дамамі. Іншымі сталі ўмовы працы сялян, іх жыццё. Сельгаспрадпрыемства восьмы год узначальвае Мікалай ДЗЯМКО. Па ўраджайнасці збожжавых на бала-гектар гаспадарка на працягу апошніх гадоў прызнаецца адной з лепшых у раёне і вобласці. Рэкордныя амаль 118 цэнтнераў зерня даў кожны з 75 гектараў кукурузы беларускай селекцыі. Пастаянна нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Сярэднегадавы надой малака ад кожнай з 750 кароў перавышае 6200 кілаграмаў.

У 1996 годзе ў палескім Століне стартавала традыцыйнае правядзенне свята-кірмаша «Дажынкі». Пераможцаў раённага спаборніцтва на жніве тут штогод ушаноўваюць у адным з аграгарадкоў. Сёлета ўдзельнікаў і гасцей свята хлебаробаў прымаў абноўлены аграгарадок Лядзец. На ўрачыстасці старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі абвясціў месцам правядзення наступных «Дажынак» памежную з суседняй Украінай вёску Ніжні Церабяжоў. З радасцю ўспрынялі гэтую вестку тутэйшыя. Атрымаць такое права, безумоўна, прыемна, але і адказна. Падрыхтавацца гаспадарам дапамогуць прадпрыемствы, арганізацыі, установы раёна.

Цэнтрам правядзення свята абраны стары парк і тэрыторыя вёскі, што прылягае да яго. Церабяжоўцы заўзята ўзяліся за справу: абнаўляюць алеі, разбіваюць кветнікі, высаджваюць кусты і дрэўцы. Гаспадары падворкаў рамантуюць агароджы, фасады дамоў і іншых пабудоў.

— Такі давер нам — прызнанне паспяховай дзейнасці калектыву, — лічыць дырэктар ААТ «Церабяжоў-Агра» Мікалай Дзямко. — Нашу гаспадарку на раённых «Дажынках» прадстаўлялі камбайнеры Аляксей Грэчка, Уладзімір Жабрацкі, малады вадзіцель Яўген Каржоўнік і галоўныя спецыялісты. Па ўраджайнасці збожжавых мы выйшлі на трэцяе месца сярод 19 гаспадарак раёна. Кожны з васьмісот гектараў хлебнай нівы даў па 38,6 цэнтнера збожжа. На доследным 40-гектарным полі гібрыднага жыта ўраджайнасць перавысіла 70 цэнтнераў на круг. А па ўраджайнасці кукурузы — 118 цэнтнераў зерня з гектара гатунку «палескі-218» — прызнаны лепшымі ў раёне. І гэта пры натуральнай урадлівасці глебы ў 24 балы. Летась па выхаду зерня на бала-гектар занялі трэцяе месца ў вобласці.

Самыя сучасныя тэхналогіі прымяняе на палях галоўны аграном Сяргей Ракала. Механізатары ведаюць яго строгія патрабаванні. Кожны гектар атрымлівае максімальную запраўку арганічнымі і мінеральнымі ўдабрэннямі. Своечасова і якасна праводзім догляд пасеваў, таму і вынік заканамерны.

—  А як справы ў жывёлагадоўлі?

— Гэта галіна дае асноўную частку прыбытку. Восем гадоў таму, калі мне даверылі ўзначаліць калектыў па прычыне ўзвядзення малочна-таварнага комплексу на 500 дойных кароў у вёсцы Юнішча з’явілася вялікая запазычанасць. Будаўніцтва абышлося ў 24 мільярды недэнамініраваных рублёў. Банк выдзяліў кабальную пазыку пад стаўку рэфінансавання 33 працэнты. Не паспявалі даіць малако, каб разлічвацца за пеню, працэнты і крэдыт. Катастрафічна нарастала запазычанасць. Справа ішла да банкруцтва. Выратавала санацыя: дзяржава на тры гады адтэрмінавала разлікі за працэнты крэдыту і на пяць гадоў пагашэнне пазыкі. Гэта дало магчымасць стабілізаваць вытворчы працэс, своечасова разлічвацца з працаўнікамі. За кожным чалавекам стаіць сям’я. Паступова пачалі выходзіць з крызісу.

На новым малочна-таварным комплексе вырасла прадукцыйнасць дойнага статку. У гэтыя асеннія дні сярэднесутачны надой ад каровы перавышае 20 кілаграмаў. Штодзённа пастаўляем для перапрацоўкі на фірму «Савушкин продукт» 13 тон малака. Дзякуючы таму, што звыш 70 працэнтаў яго рэалізуецца экстра сортам, рэнтабельнасць вытворчасці ўзнялася да 40 працэнтаў.

Рахунак гаспадаркі прырастае свежымі фінансавымі паступленнямі, што садзейнічае развіццю галіны. Супрацоўнічаем з вучонымі. Па распрацаваных імі рацыёнах на ферме «Верхні Церабяжоў» утрымліваецца паўтысячы галоў кормнікаў абердзіна-ангускай пароды. Побач з гэтай фермай плануем пабудаваць малочна-таварны комплекс на 640 кароў. Вяскоўцы атрымаюць новыя працоўныя месцы.

За свае сродкі пабудавалі восем сянажна-сіласных траншэй, кожная ёмістасцю звыш 2 тысяч тон фуражу. Усе запоўнены кармамі. На ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы ўпершыню назапашана па 38 цэнтнераў кармавых адзінак, што на 8,5 цэнтнера больш леташняга. Пасля ўборкі збожжавых усю салому закаталі ў рулоны.

Часта гаспадарку наведвае старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі. Па яго ініцыятыве акультураны плошчы за вёскай Юнішча. Іх засеялі аднагадовымі травамі і атрымліваем па некалькі ўкосаў. Сёлетняя восень дала магчымасць паспяхова справіцца з усімі палявымі работамі. Зараз самы час наводзіць парадак. Напрыклад, на вуліцах Верхняга і Ніжняга Церабяжоў. Абедзве вёскі густанаселеныя. Верхні Церабяжоў перасякае міжнародная аўтатраса з Украіны. Ваколіцы Ніжняга Церабяжова прымыкаюць да мяжы з суседняй Украінай. Побач міжнародная мытня. Пакінутых старых хат у нас амаль няма. Кожны падворак забудаваны прывабнымі мурамі, катэджамі. У суседнім рабочым пасёлку Гарынь з пасляваенных гадоў некалькі заводаў выпускалі цэглу і керамічныя блокі. Многія вяскоўцы заняты на гэтай вытворчасці.

— Ёсць каму працаваць на палях і фермах?

— Калектыў механізатараў трывалы. Тэхнікай гаспадарка забяспечана. Сёлета машынна-трактарны парк папоўніўся трыма трактарамі МТЗ і кормаўборачнымі агрэгатамі КВК-800 і КЗР. На новай тэхніцы нарыхтоўвалі кармы механізатары Аляксандр Бажко і Алег Аніська. Плануем набыць збожжаўборачны камбайн КЗС-12.

І на фермах склаўся моцны касцяк жывёлаводаў. Сярод працуючых шмат моладзі. Імкнемся ствараць спрыяльныя ўмовы працы на фермах. На малочна-таварным комплексе «Юнішча» ўсё гэта ёсць. Яго адкрыццём затрымалі моладзь. Нашы механізатары і жывёлаводы маюць добрыя заробкі. Высокай аплатай можна прыцягнуць людзей да працы на зямлі.

— Гаспадарка мяжуе з тэрыторыяй Гарынскага кансервавага завода. Яго выкупіў польскі інвестар з умовай, што і надалей не зменіцца спецыялізацыя прадпрыемства. Якім вам бачыцца перспектыва супрацоўніцтва з заводам?

— У былыя гады на нашых палях вырошчваліся гародніна і зялёны гарошак. Па дамоўленасці ўраджай пастаўлялі для перапрацоўкі на кансервавы завод. Дзяржаўныя закупачныя цэны былі нізкія, таму асаблівага прыбытку не было ад гэтага супрацоўніцтва. Некалькі гадоў мы нават працавалі адным калектывам, але поспеху не атрымалася. Нас раз’ядналі. Іншыя гаспадаркі спецыялізуюцца на вырошчванні гародніны. Кансервавы завод мае спецыяльныя камбайны для ўборкі зялёнага гарошку. Час пакажа, як складуцца нашы адносіны з новым гаспадаром прадпрыемства.

У савецкія часы на гэтым заводзе працавалі вяскоўцы з суседніх украінскіх вёсак. Дзяржаўная мяжа ўзнікла паміж намі. Летам гляджу, як украінскія сяляне на сваіх вузенькіх дзялках уручную косяць траву. А ў нас на лузе працуе сучасная тэхніка. Як кажуць, каментарый тут лішні.

— Мікалай Канстанцінавіч, вы рызыкоўны чалавек?

— Гледзячы як рызыкаваць. Любое дзеянне чалавека павінна быць асэнсаваным. Перад тым як прыняць рашэнне, абавязкова прааналізую, падлічу ўсё. Можа, для каго я дрэнны, бо кожную капейку моцна трымаю ў кулаку. Усё пралічваю.

— Нездарма кажуць, хто скуп, той не глуп. Гэтая рыса вам, напэўна, перадалася ад продкаў?

— Наш род вялікі і годны. Вядомым СВК «Фядорскі» шмат гадоў паспяхова кіруе Рыгор Аляксеевіч Дзямко. Мы нарадзіліся і выраслі ў палескай вёсцы Вялікае Малешава. Маем агульны радавод. Мой дзед Яўхім Дзямко не прымаў неабдуманых рашэнняў. Меў сваю моцную гаспадарку: коней, кароў, іншую жыўнасць і вялікі надзел зямлі. У час калектывізацыі яго намерваліся раскулачыць, але абышлося. А дзядуля Саўка па мацярынскай лініі пражыў 98 гадоў. Памятаю яго з сівою барадой. Усе мае продкі працавалі на зямлі.

— Для вас хлебароб — гэта...

— …у першую чаргу карміцель. Гэта на яго руках трымаецца харчовая бяспека краіны. Ён з вясны і да глыбокай восені не адрываецца ад зямлі. Калі яна зімою адпачывае, селянін можа дазволіць сабе адпачынак. У такі час, калі менш клопатаў, ёсць магчымасць прааналізаваць вынікі мінулага года, паразважаць пра будучае.

— Мікалай Канстанцінавіч, як вы разумееце шчасце?

— Як адносную катэгорыю: каб былі здаровымі родныя, блізкія людзі і ўсё ў іх ладзілася. Калі задуманае здзяйсняецца — гэта і ёсць шчасце.

— На развітанне хачу вас павіншаваць з 60-годдзем, якое вы нядаўна адзначылі, і пажадаць здароўя, поспехаў. А яшчэ і пацікавіцца: ці ўсё задуманае паспелі зрабіць?

— Дзякую за пажаданні! Калі што і не паспеў, то ёсць сэнс жыць і здзяйсняць мары.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter