Пятый год руководит ОАО «Пинскрайагросервис» выпусник БГСХА Николай Горбацевич

Дырэктар ААТ «Пінскрайаграсэрвіс» Мікалай Гарбацэвіч: «Без старання не чакай удачы»

Над міжрэччам Прыпяці і Стыра высока ў небе перад адлётам у вырай кружылі буслы. Пасля жніва магутны трактар пераворваў іржышча. Раніцай, калі яшчэ густымі туманамі казачна ахутаны палескія нізіны, дырэктар Пінскага райаграсэрвісу Мікалай ГАРБАЦЭВІЧ перад нарадам аглядае ўгоддзі. У маладога дырэктара ад старэйшых на ўсё жыццё засталася зарубка: хочаш, каб людзі працавалі па-сапраўднаму, — стань побач з імі і пакажы прыклад. Ды пастарацца трэба так, каб для ўсіх гэта было павучальна.

Пінскі райаграсэрвіс — арганізацыя асаблівая. Акрамя забеспячэння матэрыяльнымі рэсурсамі гаспадарак раёна, наладжана і вытворчая дзейнасць. Звыш дзесяці гадоў таму да прадпрыемства далучылі аддаленыя за 70 кіламетраў 4341 гектар сельгасугоддзяў і пяць жывёлагадоўчых ферм дзвюх былых занядбаных гаспадарак. Дастаўся і мех даўгоў. Такім прыняў кіраванне калектывам дваццацісямігадовы дырэктар.

З якіх сцяжынак і прасёлкаў пачынаўся яго працоўны шлях, што не ўсыпаны ружамі, нават палявымі кветкамі? Пракладваецца ён звычайна па сапраўднай цаліне…


— Бацьку Мікалая Іосіфавіча амаль што не памятаю, — узгадвае Мікалай Гарбацэвіч. — Працаваў ён электрыкам. Мне было чатыры гады, калі яго не стала. Наша сям’я жыла пад адным дахам з бабуляй і дзядулем-франтавіком у пінскай вёсцы Пасянічы. Праз два гады і дзядуля Іосіф адышоў у вечнасць. Да выхаду на заслужаны адпачынак ён працаваў паляводам у калгасе. Выхоўвала мяне маці Сцефаніда Рыгораўна. З малых гадоў дапамагаў ёй упраўляцца па гаспадарцы, прызвычаіўся да сялянскай працы. З сябрамі бегалі глядзець, як за вясковымі агародамі дарожнікі пракладвалі аўтамагістраль Гомель — Брэст.

Узгадваючы дзяцінства, часам задумваюся: як жа абкрадаюць дзяцей тыя бацькі, якія залішне аберагаюць іх ад фізічнай працы: маўляў, потым паспеюць яшчэ… А калі прыйдзе гэтае «потым», позна заклікаць: зрабі, дапамажы!

Пасля заканчэння Ставоцкай сярэдняй школы паступіў на эканамічнае аддзяленне дзяржагракаледжа. З дыпломам эканаміста атрымаў накіраванне ў пінскую гаспадарку «Малоткавічы». Працаваў і завочна вучыўся на эканамічным факультэце Палескага дзяржуніверсітэта.

З гэтага калектыву пачаўся мой шлях кіраўніка. Запомнілася патрабавальнасць дырэктара сельгаспрадпрыемства Сяргея Навара да сябе і падначаленых. Ён строга трымаў працоўную дысцыпліну, цаніў старанне кожнага. Цяпер Сяргей Уладзіміравіч узначальвае філіял «Усход» ААТ «Пінскі КХП».

Звычайна раніцай па шляху на працу на сваім легкавіку я заязджаў на аўтазаправачную станцыю. Прыглянулася там дзяўчына, жартам назваў яе каралевай бензакалонкі. Пазнаёміліся, сталі сустракацца з Ганнаю, а потым згулялі вяселле. Нарадзіўся сын. У гонар жонкінага бацькі назвалі яго Аляксандрам. Нашаму першынцу другі год.

— Як спалучаеце гаспадарчую дзейнасць на зямлі і арганізацыю аграсэрвісу для сельгаспрадпрыемстваў раёна?

— За мінулыя пяць гадоў згуртавалася ядро галоўных спецыялістаў. За гаспадарчую дзейнасць на палях і фермах адказвае вопытны Аляксандр Шуркала, агранамічнай службай кіруе Валерый Пешка, а інжынернай — Дзмітрый Матолька. Паспяхова спраўляецца з абавязкамі загадчыцы малочна-таварнай фермы «Калавуравічы» Святлана Вакуліч. У нас стала практыкай разам абмяркоўваць найбольш важныя вытворчыя пытанні. Складанасць дзейнасці аб’яднанага калектыву ў тым, што ад далучаных гаспадарак нам перайшлі іх запазычанасці. Імкнёмся зніжаць затраты на вытворчасць да мінімуму, вышукваць сродкі на пагашэнне даўгоў. На гэта трацім значную частку выручкі.

Асноўныя паступленні ў казну дае рэалізацыя малака і ялавічыны. За мінулае пяцігоддзе шмат зроблена па навядзенні парадку на жывёлагадоўчых фермах. Знеслі старыя вытворчыя памяшканні. На рэканструкцыю ферм ААТ «Савушкін прадукт» выдзеліў з пазыковых сродкаў 850 тысяч рублёў. Дзякуючы такой падтрымцы летась завяршылі капітальны рамонт малочна-таварнай фермы «Барычавічы». Адрамантавалі таксама цялятнік на 280 галоў, памяшканне для ўтрымання сухастойных кароў. Усталявалі новую дойку беларускай вытворчасці, пабудавалі пяць сенажна-сіласных траншэй на дзве тысячы тон фуражу кожная, перакрылі дахі на кароўніках. І ўсё ўласнымі сіламі. Гэта станоўча ўплывае на вытворчы працэс: павялічыўся валавы надой малака. Штодзённа для перапрацоўкі на Пінскі філіял ААТ «Савушкін прадукт» пастаўляем каля 10 тон прадукту.

Дзеля забеспячэння грамадскага статка фуражом павялічылі плошчы кармавых культур. 870 гектараў займае кукуруза, хутка пачнём касіць яе на сілас. Атрымалі ўжо тры паўнацэнныя ўкосы люцэрны і разлічваем яшчэ на адзін. На кожную з 2600 галоў буйной рагатай жывёлы нарыхтавана амаль па 15 цэнтнераў кармавых адзінак. Да канца сезона плануем падвоіць фуражны запас.

Можна шмат гаварыць пра кармавую базу, затраты на вытворчасць фуражу, пра кадры. Гэта ўсё так. Але, безумоўна, аснова росту вытворчасці — дакладнае выкананне тэхналогій. Каб карова давала малако сортам экстра, мала яе проста накарміць. Трэба збалансаваць рацыён, падаць корм у патрэбны час, правесці ўсе тэхналагічныя аперацыі. Тады можна спадзявацца на добры вынік. Так і ў раслінаводстве. Нашы збожжавыя палі малаконтурныя, параскіданы сярод няўдобіц. Самае большае па плошчы — паўсотні гектараў. Наводзім парадак на зямлі. Менш паловы гектараў сельгасугоддзяў выкарыстоўваецца пад ворыва. Немалы рэзерв пашырэння плошчы ворыва.

— Палескія вёскі звычайна густанаселеныя. У суседнім з вашай гаспадаркай вядомым ААТ «Парахонскае» конкурс сярод жадаючых папоўніць атрад механізатараў. А ў вас як?

— Гэта мяне, які кіраўніка, зараз найбольш хвалюе. Не стае механізатараў і жывёлаводаў. Вёскі Барычавічы і Калавуравічы выміраюць, засталіся там у асноўным людзі старэйшага ўзросту. Штораніцы з вёскі Каўняцін, дзе размешчана тэхнічная база райаграсэрвісу, возім працаўнікоў на аддаленыя фермы і мехдвор. Канешне, гэта не выхад са становішча. Вышукваем варыянты ўзмацнення матывацыі да працы на зямлі. Імкнёмся пастаянна павышаць сярэднямесячны заробак, клапоцімся пра паляпшэнне ўмоў працы і побыту. Зацікаўліваем жыллём. Прывялі ў парадак дом і чакаем засялення ў яго сям’і трактарыста, які папоўніў наш калектыў. У вёсцы Калавуравічы атрымала жыллё сям’я механізатара Івана Неўдаха. Пасля вучобы ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы ён вярнуўся ў родныя мясціны. Не шкадуе, што застаўся працаваць на зямлі. Заробак задавальняе. Вясною рыхтуе глебу пад сяўбу, а пасля даглядае пасевы.

Дзякуючы старанню такіх працаўнікоў (нягледзячы на спякоту, што не давала наліцца коласу) на нашых небагатых па натуральнай урадлівасці глебах кожны з 830 гектараў збожжавых даў па 26 цэнтнераў зерня. Амаль палова з намалочаных 2200 тон збажыны на рахунку экіпажа Паўла Генюша і Сяргея Ротара. Справіліся з выкананнем дзяржзаказу на пастаўку зерня.

— Як спалучаеце кіраванне вытворчым працэсам на палях і фермах з каардынацыяй аграсэрвісных паслуг?

— З кожным годам аб’ём такіх паслуг скарачаецца, і гэта заканамерна. Сельгаспрадпрыемствы аснашчаюцца неабходнай тэхнікай. У былыя гады яна была запатрабавана на ўборцы цукровых буракоў у Брэсцкай і суседняй Мінскай абласцях, а цяпер на Піншчыне толькі два сельгаспрадпрыемствы вырошчваюць гэту культуру. Два гады таму агрэгаты адпраўлялі ў гаспадаркі Нясвіжскага, Клецкага, Валожынскага, Стаўбцоўскага раёнаў, але такой неабходнасці ўжо няма. Сельгаспрадпрыемствы, якія сеюць буракі, укамплектаваны агрэгатамі для іх уборкі. Вышукваем новыя формы дзейнасці. Згодна з дзяржаўнай праграмай аказваем паслугі па вапнаванні кіслых глеб.

— Мікалай Мікалаевіч, пяты год кіруеце камбінаваным сельгаспрадпрыемствам. За гэты час, напэўна, выпрацаваўся ўласны стыль работы?

— Ён у мяне стандартны. У касавіцу траў уставаў у пяць гадзін раніцы і ляцеў на сенажаць. І ў жніво хваляваўся, каб камбайны не падвялі ў полі. Рыхтуемся да сяўбы азімых. Праца кіраўніка на першы погляд непрыметная, а варта нешта ўпусціць, як адразу гэта адлюстроўваецца на выніку. Калі да дырэктарства мог дазволіць сабе ўзяць адпачынак летам, то зараз толькі зімою. Толькі ў снах бачу рыбалку ці грыбны лес. Калі раніцай з цэнтральнай сядзібы еду на ўгоддзі, што за ракою Прыпяць, мінаю землі сямі гаспадарак. Гляджу на палеткі і параўноўваю з нашымі. Знаходжу нешта карыснае і імкнуся пераняць. Летам мяне ў працоўным кабінеце складана застаць: з раніцы да вечара на вытворчасці. У кантору заязджаю толькі падпісаць дакументы.

— Што больш за ўсё цэніце ў хлебаробе?

— Адносіны яго да сваёй справы. Ад таго, як чалавек выконвае абавязкі, залежыць не толькі вынік асабістай працы, але і ўсяго калектыву.

— Калі што не атрымліваецца, з кім раіцеся?

— У асноўным імкнуся ў сабе ўсё трымаць. З хворай маці і жонкай дзялюся прыемнымі навінамі. Гэта прыдае ім і мне настрою. Веру ва ўдачу, але без старання не чакай яе. Як кажуць, пад ляжачы камень вада не цячэ. Калі на полі бачу, што з-за паломкі не працуе тэхніка, не цураюся дапамагчы адрамантаваць.

— Якія вашы галоўныя прынцыпы як кіраўніка сельгаспрадпрыемства?

— Займацца дзейнасцю, якая дае прыбытак, не брацца за справу, калі не можаш заплаціць па рахунку, жыць па сродках.

— А ў каханне верыце?

— Каханне — вялікі стымул для кожнага чалавека. Калі такое светлае пачуццё ахоплівае, варта ўмець ім карыстацца. Яно настройвае на добрыя справы, а асабіста мяне арганізоўвае. Увогуле ўсё ў жыцці пачынаецца з любві.

Пінскі раён.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter