Дмитрий Поянен за год руководства ОАО «Глусская Заря» заметно оживил производственную деятельность коллектива. Перспективу хозяйства видит в развитии животноводческой отрасли

Дырэктар ААТ «Глуская Зара» Дзмітрый Паянен: «Рукі мае з дзяцінства ў мазалях»

Пра фінскія карані свайго радаводу Дзмітрый ПАЯНЕН даведаўся ад дзеда, карэннага масквіча Барыса Антонавіча. Прадзед Антон служыў афіцэрам пры царскім двары ў Санкт-Пецярбургу. У першыя гады савецкай улады ён з сям’ёю пераехаў у Маскву. Запомніўся ўнуку ўспамін дзеда, як сямнаццацігадовым ён адправіўся на фронт. Вайну закончыў у Кёнігсбергу. Дамоў вяртаўся праз разбураныя вайной беларускія гарады і вёскі. Сустрэў на сваім шляху дзяўчыну. Пазнаёміліся, і застаўся ў старадарожскай вёсцы Залужжа. Працаваў тралёўшчыкам лесу. Пабудаваў прасторны ўласны дом, які і цяпер ладна выглядае. З жонкай васьмярых дзяцей выхавалі, дачакаліся ўнукаў.

У падрастаючым Дзмітрыю дзядуля прыкмячаў свае рысы характару. Прывучаў унука пастаяць за сябе, прызвычайваў да сялянскіх заняткаў. Радаваўся, калі той на летніх канікулах у старэйшых класах падмяняў бацьку на трактары ў полі. Настройваў хлопчыка стаць ваенным, аднак сур’ёзны адбор на медкамісіі ў райваенкамаце юнак не прайшоў. Пэўна, лёсам было наканавана працаваць на зямлі. У няпоўныя трыццаць гадоў Дзмітрый Сяргеевіч узначаліў ААТ «Глуская Зара».

— На зямлі праца для мяне не чужая, — у пацвярджэнне Дзмітрый Сяргеевіч паказвае шурпатыя рукі. — Рана навучыўся касіць, карыстацца сякерай, іншымі сялянскімі прыладамі. Рукі мае з дзяцінства ў мазалях. Бацька — трактарыст, маці даглядала цялят на ферме. Больш часу я праводзіў з дзядулем Барысам. Ад яго пераняў настырнасць у адстойванні справядлівасці. Нас, вясковых дзяцей, выхоўвала праца. Да ад’езду на заняткі ў Белдзяржагратэхуніверсітэт працаваў памочнікам у камбайнера Уладзіміра Чакі. Зарабіў грошай, справіў абноўкі і адправіўся на вучобу.


Тэорыю замацоўвалі ў вучэбных майстэрнях універсітэта. Запомнілася, як выкладчык Іван Дзям’янавіч Аскерка вучыў нас карыстацца электрадугавой зваркай. Для мяне гэта справа не была новай. Неаднойчы з бацькам зварвалі сапсаваныя дэталі МТЗ-82. Пасля кожнага курса нас чакала вытворчая практыка.

— Дзе вы яе праходзілі?

— У старадарожскім ААТ «Залужжа», дзе мяне ведалі механізатары і кіраўніцтва. У жніво некалькі гадоў запар працаваў памочнікам камбайнера. А на апошнім курсе сам кіраваў зернеўборачным «Донам-1500». Выйшаў пераможцам спаборніцтва і на раённых «Дажынках» атрымаў дыплом і грашовую прэмію.

Пасля чацвёртага курса два месяцы стажыраваўся ў нямецкага фермера, які прыязджаў ва ўніверсітэт. Расказаў яму, што магу працаваць на любым сельгасагрэгаце, і атрымаў запрашэнне. Гаспадарка яго непадалёку ад ракі Рэйн. Амаль паўтысячы гектараў займаюць сады і ягаднікі. Ёсць і невялікая ферма на дзясятак кароў. Прадукцыю пастаўляе ў навакольныя населеныя пункты. Уразіў парадак. На плантацыі клубніц мы абнаўлялі пасадкі. Кожнае каліва ўручную саджалі ў камяністую глебу. Пасля першага працоўнага дня да крыві сцёр пальцы на руках. На другі дзень абматаў іх пластырам і працаваў. Нялёгкі гэта занятак. Даводзілася выконваць і іншыя работы на зямлі.

— Прыдбалі практычнага вопыту за час практыкі ў нямецкага фермера?

— Такая стажыроўка дала магчымасць азнаёміцца з комплексам сучаснай еўрапейскай аграрнай тэхнікі, з арганізацыяй і ўмовамі працы, маркетынгам. Фермер заўважыў маё старанне і заахвочваў матэрыяльна. У асеннія дні, калі клопатаў на зямлі шмат, працавалі і ў пагодлівыя выхадныя. Знаходзілі час і для вандровак па Кёльне. Уразіў старажытны хрысціянскі сабор. Па велічыні ён другі ў свеце. Прагульваліся на цеплаходзе па шырокім Рэйне, па якім бесперапынна курсіравалі пасажырскія і грузавыя судны.

Пасля замежнай стажыроўкі вярнуўся да заняткаў ва ўніверсітэце. Паралельна з вучобай на інжынерным факультэце займаўся ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. З дыпломамі інжынера па сельгасмашынах і спецыяліста па кіраванні кадрамі АПК атрымаў накіраванне ў салігорскі ААТ «Рашаючы». Але потым давялося пераразмеркавацца ў старадарожскі ААТ «Залужжа». Два гады адпрацаваў інжынерам. Потым займаўся транспартным страхаваннем у Старадарожскім раённым аддзяленні Белдзяржстраха. Быў намеснікам дырэктара Глускай раённай жыллёва-камунальнай службы. Мінулагоднім летам узначаліў ААТ «Глуская Зара». Пераезд у Глускі раён асаблівы для мяне — там займеў сям’ю. У нас з жонкай падрастаюць два хлопчыкі.

— Дзмітрый Сяргеевіч, для калектыву вы чалавек незнаёмы. У 29 гадоў жыццёвы вопыт багатым не назавеш. З чаго пачыналі, каб не стаць чарговым транзітным кіраўніком?

— У апошнія гады яны часта тут мяняліся. Расла запазычанасць па крэдытах. Неабходны час, каб паправіць становішча. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна зроблены першыя крокі. Часта наведвае гаспадарку, цікавіцца справамі калектыву намеснік старшыні аблвыканкама Анатоль Уласевіч. Амаль усе машыны і агрэгаты патрабавалі неадкладнага рамонту. Аператыўна ўзяліся за гэта — і ажывіліся палявыя работы, павысіліся тэмпы нарыхтоўкі кармоў. Раней у стойлавы перыяд не было чым карміць жывёлу. Летась дастаткова нарыхтавалі фуражу для грамадскага статка. Сёлета назапасілі звыш 20 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Корманарыхтоўчая тэхніка і зараз задзейнічана.

— На рамонт тэхнічнага парку неабходны немалыя сродкі. Дзе адшукалі іх?

— Кіраўніцтва раёна дапамагло знайсці крыніцы фінансавання. Не менш важна — прывучыць людзей да дысцыпліны, заахвоціць працаваць. Даводзілася па-рознаму дзейнічаць. З аднымі добрым словам знаходзілі агульную мову, а на некаторых давялося павышаць голас. На заробках людзі адчулі перамены да лепшага, абудзілася жаданне працаваць. Механізатары ў сезон штомесячна зарабляюць да дзвюх тысяч рублёў.

— Па плошчы гаспадарка адна з найбольш буйных у раёне, а па валавым аб’ёме прадукцыі?

— Уступаем іншым. Шмат нявыкарыстаных рэзерваў. Ёсць магчымасці развівацца. У 2015 го­дзе пасля далучэння суседняй гаспадаркі агульная плошча сельгасугоддзяў дасягнула амаль 8000 гектараў, з іх толькі палова — ворыва. Паўстагоддзя таму ў пойме Пцічы прайшла масавая меліярацыя. На абноўленых землях атрымлівалі па 70 цэнтнераў збожжа з гектара. Старэйшыя механізатары ўзгадваюць, як праз кожныя сто метраў намалочвалі бункер зерня. За дзесяцігоддзі эксплуатацыі гідратэхнічныя збудаванні выйшлі са строю. Акультураныя масівы зараслі хмызам. На іх аднаўленне неабходны сродкі. Спадзяёмся на рэспубліканскую і абласную праграмы рэканструкцыі меліярацыйных сістэм. Глуская ПМС штогод вяртае ў наш севазварот па 30—40 гектараў рэкультываваных зямель. Абнаўлення чакаюць 450 гектараў. Штовясну Пціч выходзіць з берагоў і залівае іх. Раней ваду адкачвалі. Зараз помпавыя станцыі не працуюць. У маіх планах вярнуць гэтыя ўрадлівыя нівы ў севазварот. Звяртаемся ў розныя інстанцыі за фінансавай дапамогай.

— Працаваць на гэтых землях ёсць каму?

— Механізатараў хапае, а з жывёлаводамі складана. З-за нізкіх надояў яны атрымлівалі малыя заробкі. Навялі парадак, і справы на фермах паляпшаюцца. За год ад кожнай каровы прыбавілі амаль паўтоны малака. Штодзённа пастаўляем для перапрацоўкі ў Бабруйскі філіял ААТ «Бабушкіна крынка» пяць тон прадукту.

— Сваю каманду ўдалося згуртаваць?

— З першых дзён выклаў спецыялістам праграму дзейнасці. З некаторымі нязгоднымі развіталіся. Засталося невялікае кола аднадумцаў. З імі крок за крокам адваёўваем пазіцыі. На жаль, вакантнымі застаюцца пасады галоўнага эканаміста і галоўных спецыялістаў у жывёлагадоўлі. Пакуль даводзіцца самастойна займацца селекцыйнай работай па абнаўленні дойнага статка. Тут без спецыяльных ведаў не абысціся.

— Адкуль чэрпаеце іх?

— У тым ліку і з інтэрнэту. Дапамагаюць спецыялісты раённай ветстанцыі. Сваім маладняком абнаўляем дойны статак. Павялічваем пагалоўе кормнікаў. Адрамантавалі памяшканні на малочна-таварным комплексе «Бярозаўка» і малочна-таварнай ферме «Слабодка».

І ў раслінаводстве заўважны перамены да лепшага. Старшыня райвыканкама Сцяпан Чачуха прыкмеціў, што раней у выхадныя на нашых палетках працуючай тэхнікі не было відаць. Пагодлівыя асеннія дні выкарыстоўваем, каб своечасова справіцца з палявымі работамі. Рыхтуем глебу пад веснавую сяўбу.

— Ці ёсць у вас кумір, на каго хацелі б раўняцца?

— Для мяне асноўны настаўнік — жыццё. Яно многаму вучыць. Аналізую кожны пражыты дзень, выяўляю памылкі, каб двойчы на адны граблі не наступаць. Азімы клін у нас заняў паўтары тысячы гектараў, і 300 гектараў пасеялі азімага рапсу. Лічу, лепей паменшыць пасяўныя плошчы, але засеяць іх элітным насеннем. Закупляем яго ў слуцкай аграфірме «Лучнікі», у асіповіцкім ААТ «Авангард». І ў жывёлагадоўлі лепш мець меншае пагалоўе, але з большай прадукцыйнасцю.

— Сучасны кіраўнік — гэта…

— Адукаваны прафесіянал, які разбіраецца ў людзях. Поспех там, дзе ўзаемаразуменне. Узгадваю, як у сістэме Белдзяржстраха, дзе працаваў спецыялістам, адказна ставіліся да выкарыстання фінансаў. А вучоба ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі пры ўніверсітэце абагаціла ведамі па кіраванні падначаленымі. Калі нешта не атрымлівалася, мільганула думка звольніцца, але тут жа перамагла іншая — не здавацца.

— З землямі гаспадаркі, якой кіруеце, мяжуюць фермерскія палі. Якія ў вас адносіны з фермерамі?

— Прыяцельскія. Калі неабходна, дапамагаем ім тэхнікай, і яны заўжды ідуць нам насустрач. З вясны і да восені забяспечваем гарачым харчаваннем усіх, хто працуе на палях і сенажацях. Фермеры з суседняга Акцябрскага раёна, якія займаюцца бульбаводствам, пастаўляюць у нашу сталовую бульбу ў абмен на дапамогу.

— Калі ўжо ўзгадалі пра бульбу, пацікаўлюся вашым кулінарным густам. Ваша любімая страва?

— Любая страва з бульбы. З дзяцінства прызвычаіўся да аладак і мачанкі са шкваркамі і яешняй. Сам магу гатаваць. І жонка Валянціна — выдатная гаспадыня. Але ёй хапае клопатаў з сынамі. У нас шчаслівая сям’я. Гэта вельмі важна. Праца мне ў радасць, і хочацца верыць, што ў мяне ўсё атрымліваецца. Хаця і маю фінскія карані, але адчуваю сябе шчаслівым беларусам.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter