Директор ОАО «Червенский райагросервис» перспективу деятельности видит в дальнейшем развитии молочной отрасли

Дырэктар ААТ «Чэрвеньскі райаграсэрвіс» Генадзь Шэршань: «Бывала, Новы год сустракаў на вячэрняй дойцы»

Тры гады таму ААТ «Чэрвеньскі райаграсэрвіс» узначаліў 28-гадовы выпускнік аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Генадзь ШЭРШАНЬ. Малады спецыяліст праявіў на практыцы арганізатарскія здольнасці, з першых дзён дырэктарства актыўна ўзяўся за справу. Па эфектыўнасці развіцця гаспадарка другі год запар выходзіць у раённыя лідары. Заўважна выраслі эканамічныя паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Больш як удвая павысілася прадукцыйнасць дойнага статка. Жывёлаводы маюць намер пераадолець 5-тысячны рубеж па надоях. Павялічылася валавая вытворчасць малака. Штодзённа для перапрацоўкі ў Смалявіцкі філіял ААТ «Здравушка-мілк» і ААТ «Смалявічы Малако» пастаўляецца 18 тон прадукту. Звыш 70 працэнтаў яго рэалізуецца гатункам экстра. Малочная галіна штогадова дае пераважную большасць фінансавых паступленняў, што перавышае мільён рублёў.


— Кожны працоўны дзень пачынаю з наведвання ранішняй дойкі, — уступае ў размову дырэктар ААТ «Чэрвеньскі райаграсэрвіс» Генадзь Шэршань. — Як кажуць, лепш раз убачыць сваімі вачамі, чым сто разоў пачуць. Сустракаюся і з механізатарамі. Яны зараз заняты рамонтам тэхнікі. І калі з галоўнымі спецыялістамі раніцай абмяркоўваем надзённыя справы, лягчэй зводзіць дзейнасць усіх службаў. За тры гады гаспадарка па плошчы стала самай вялікай у раёне: амаль 15 тысяч гектараў зямлі. Аб’ядноўвае больш за 40 вёсак і вёсачак. І ў кожнай з іх пабываў. А калі прымаў справы, зямлі было ў чатыры разы меней.

Зіма тады выдалася марознай. Скразнякі гулялі на жывёлагадоўчых фермах. Неадкладна заняліся ўцяпленнем дзвярэй, вокнаў. Саломай аблажылі домікі для цялят. З тымі, хто не прытрымліваўся працоўнай дысцыпліны, развіталіся. Павялічылася нагрузка на іншых жывёлаводаў. Ім даплачвалі. І зараз стымулюем старанных працаўнікоў. Так і ў механізацыі. І галоўных спецыялістаў рублём заахвочваем за працавітасць. Ёсць вынік — атрымлівай даплату.

На пачатку дырэктарства дадавала складанасцей вялікая запазычанасць. Толькі за электраэнергію яна дасягала амаль 2 мільёны рублёў. Падтрымала дзяржава. Дзякуючы ўказу Прэзідэнта атрымалі адтэрміноўку даўгоў дзяржаўным структурам. Гэта дало фінансавую перадышку.

— Генадзь Валер’евіч, райаграсэрвісы павінны перш за ўсё абслугоўваць тэхніку сельгаспрадпрыемстваў, а мы акцэнтуем нашу размову на сельскай гас­падарцы. Чаму?

— Большасць сельгаспрадпрыемстваў у першую чаргу з-за няхваткі сродкаў самі стараюцца абслугоўваць і рамантаваць машыны і агрэгаты. На гэтай ніве актыўнічаюць і камерцыйныя структуры. Але нельга сказаць, што мы адышлі ўбок: нашы спецыялісты рамантуюць фарсункі, займаюцца шынамантажом, абслугоўваюць паліўныя сістэмы сельгасмашын, некаторыя іншыя вузлы. Пры неабходнасці і адпаведным попыце гатовы пашырыць асартымент аграсэрвісу. А пакуль паралельна і актыўна развіваем вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. Наш калектыў настроены паспяхова спраўляцца з гэтай задачай.

Два гады таму прынялі ААТ «Лядзенскі». Там на фермах не хапала працаўнікоў. Востра стаяла праблема з кармамі: не было чым іх нарыхтоўваць.

— Знайшлі выхад з такога складанага становішча?

— Параіліся і вырашылі дробнатаварныя лядзенскія фермы рэканструяваць. Усталявалі на іх малакаправоды. Адпала неабходнасць даяркам цягаць апараты па памяшканні. Грамадскі статак гаспадаркі вырас да 4600 галоў, з якіх трэцяя частка — каровы. З ростам надояў і заробкі павялічыліся. Сярэднямесячны набліжаецца да 900 рублёў. У тутэйшых выбар працаўладкавання: побач сталіца, нацыянальны аэрапорт, розныя вытворчыя прадпрыемствы. Там па два выхадныя. Але не ўсіх гэта спакушае.

— Як вытрымліваеце канкурэнцыю?

— З прадастаўленнем жылля, высокімі заробкамі, стварэннем спрыяльных умоў на працоўных месцах марна спрачацца. Маюць значэнне адносіны да чалавека. Людзі на ўвагу адгукаюцца. Андрэй Крыцкі працаваў у гора­дзе. Пагутарыў з ім, і ён сеў за руль трактара. У атрадзе механізатараў працуе сямейная дынастыя Гатоўка. Іх партрэты на нашай Дошцы гонару. Летась пасля заканчэння Смілавіцкага дзяржпрафтэхліцэя Павел Сасункевіч папоўніў калектыў. Убіраў збажыну. Сёлета яму даверылі новы гомельскі збожжаўборачны камбайн. Намалаціў 1800 тон зерня і стаў пераможцам сярод маладзёжных экіпажаў раёна. Разам з механізатарамі Андрэем Крыцкім, Аляксандрам Розумам, Андрэем Грыбко, Аляксандрам Канапелькам, Мікалаем Забайловічам і вадзіцелем Аляксеем Бурым прадстаўляў гаспадарку на раённых «Дажынках».

Абнаўляем тэхнічны парк. Па лізінгу набылі чатыры энерганасычаныя трактары МТЗ-3522 з новымі рухавікамі, два корманарыхтоўчыя камбайны і адзін збожжаўборачны гомельскай вытворчасці. Размеркавалі іх па ўчастках. Маем 13 энерганасычаных трактароў. Працуе на іх у асноўным моладзь. Раней па вытворчых паказчыках гаспадарка амаль што замыкала раённую зводку. Стабільна падымаемся да ўзроўню перадавікоў. Год выдаўся плённым. Намалацілі 9000 тон збожжа, 950 тон насення рапсу і 1500 тон зерня кукурузы. Восенню пасеялі 4000 гектараў азімых збожжавых і рапсу.

— Генадзь Валер’евіч, з такім вялікім калектывам аднаму, безумоўна, цяжка справіцца. Галоўныя спецыялісты адпавядаюць свайму статусу?

— З першых дзён дырэктарства адносіны з імі склаліся. З галоўным аграномам Аляксандрам Забарскім перагледзелі севазварот. Дапамагае яму выпускніца Смілавіцкага дзяржагракаледжа Ілона Бурая, яна завочна завяршае вучобу на аграфаку Белдзяржсельгасакадэміі. Інжынерную службу ўзначальвае Аляксандр Ляўкоўскі, ён мясцовы. Заатэхніяй кіруе Раман Хлапцоў, а ветэрынарнай службай — Аляксандр Харытановіч. Толькі добрае магу сказаць пра галоўнага эканаміста Соф’ю Камарову. Загружанасць кожнага максімальная.

За працай незаўважна ляціць час. За першыя два гады кіраўніцтва гаспадаркай меў лічаныя выхадныя. Было і так, што Новы год сустракаў на вячэрняй дойцы. Прыехаў дамоў, пакуль прывёў сябе ў парадак, гадзіннік прабіў поўнач. Не паспеў заплюшчыць вочы, а трэба падымацца. Свята не адмяняе даення кароў.

— Калі вы адчулі, што адбыліся як кіраўнік?

— Гэта асэнсаванне прыйшло няхутка. Засвоіў асаблівасці жывёлагадоўлі, механізацыі, бухгалтарскія разлікі па падатках, пагашэнні запазычанасці. У сабе замкнуў увесь вытворчы цыкл, дзейнасць эканамічных механізмаў. Задача кіраўніка не толькі арганізаваць працу людзей, але і свое­часова забяспечыць ім выплату заробкаў. За кожным стаіць сям’я.

Паступова засвойваю адносіны да людзей. Пасля заканчэння вучобы ў Мар’інагорскім дзяржагракаледжы імя Уладзіміра Лабанка атрымаў размеркаванне ў лагойскае ААТ «Корань». Пераразмеркаваўся ў смалявіцкае ААТ «Азярыцкі-Агра». Потым сем гадоў працаваў у РУП «Шыпяны-АСК». Узначальваў там агранамічную службу. Кіраваў гаспадаркай Віталь Мікалаевіч Казлоў. Часта бываў з ім на новай жывёлагадоўчай ферме. Прафесія агранома шматфункцыянальная. На полі пастаянна рэгуляваў сельгасмашыны, каб работы выконваліся якасна. Для мяне ніколі не было праблемай дапамагчы замяніць падшыпнік у трактары. Гэта ўсё напрацоўвалася гадамі, набываўся вопыт. Аграном павінен разбірацца ў тэхніцы: ён працуе ў кантакце з механізатарамі. Першыя ўрокі кіравання трактарам даваў бацька. Шмат карыснага пераняў ад камбайнера Уладзіміра Квакуха, у якога быў памочнікам на жніве. З працы на зямлі пачынаўся мой шлях да кіраўніка. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўсвядомлена выбраў сельскагаспадарчы каледж. Вышэйшую агранамічную адукацыю атрымаў завочна.

— На тэрыторыі сельгаспрадпрыемства жывуць пенсіянеры, якія раней працавалі на палях і фермах. Пэўна, яны звяртаюцца да вас з рознымі справамі.

— Дзверы майго кабінета не зачынены на замок. Працуем у цесным кантакце з двума нашымі сельвыканкамамі. Па магчымасці імкнёмся дапамагаць кожнаму, хто звяртаецца за паслугамі. Канечне, не забываем і пра ветэранаў вытворчасці.

— А што вам больш памятна з дзяцінства?

— Як звычайна смалілі на падворку кабанчыка. Маці распальвала печ, і свежаніна скварчэла на патэльні. А як мы з сястрою і братам чакалі навагодніх падарункаў! Столькі таямнічасці і светласці ў гэтым свяце! У кожнага сваё навагодняе пажаданне. Важна, каб наступны год быў мірны. Усяго можна дабіцца, калі пануе мір і ёсць здароўе.

Дзяцінства маё прайшло ў смалявіцкай вёсцы Алесіна. Бацькі трымалі трох кароў. Маці навучыла мяне даіць іх. Цудоўна атрымлівалася. І зараз магу наладзіць майстар-клас. Пачастункам нам, дзецям, была луста жытнёвага хлеба, пасыпаная цукрам. Сённяшнія дзеці жывуць інакш.

— Завяршаецца чарговы год. Час падсумоўваць здабыткі, аналізаваць дзейнасць, выяўляць, што не так атрымалася. Ці ўсё запланаванае вам удалося здзейсніць?

— Шмат карыснага зроблена. Плануем надалей развіваць малочную галіну. Падабралі каля вёскі Майзарова ўчастак для будаўніцтва малочна-таварнага комплексу. Спадзяёмся на падтрымку дзяржавы. Увядзенне МТК у эксплуатацыю дасць магчымасць павялічыць валавую вытворчасць малака і вырашыць кадравую праблему.

— Ці любіце рызыкаваць?

— Мая рызыка ў тым, што памяняў месца працы. У РУП «Шыпяны-АСК» у мяне ўсё цудоўна ладзілася, у калектыве паважалі. Пасля жаніцьбы ад гаспадаркі атрымаў катэдж у смалявіцкім аграгарадку Алесіна. Меў пашану за высокія ўраджаі. Былы дырэктар шыпянскай гаспадаркі Віталь Мікалаевіч Казлоў узначаліў Чэрвеньскі райвыканкам і запрасіў мяне на працу ў раён. Даў згоду і не шкадую.

— Пэўна, бываюць і складаныя моманты ў жыцці. Калі на душы цяжка, з кім дзеліцеся?

— Звычайна з жонкай. Яна мой лепшы дарадчык. Марыя мінчанка. Прамяняла сталіцу на вёску. Па-ранейшаму жывём у Алесіна. Адтуль да Чэрвеня два дзясяткі кіламетраў. На працы ўсялякае здараецца. Выпадае такі дзень, што ад узрушанасці, перажыванняў не магу заснуць. Думкі розныя круцяцца ў галаве. Падзялюся з супругай набалелым, і лягчэй становіцца.

— Сяброў у вас многа?

— Так склалася, што іх мала ў мяне, а таварышаў хапае. Гэта людзі, з якімі даводзіцца сустракацца, займацца агульнымі справамі. Сябра — той, з якім можаш доўга не бачыцца, а калі яму патрэбна дапамога, сэрцам адчуваеш і першым адгукаешся. Цаню мужчынскае сяброўства.

— Генадзь Валер’евіч, ваша формула шчасця?

— Шчасце, калі лад на працы і ў сям’і. Для сапраўднага шчасця нічога больш не трэба. 

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter