За кароткі тэрмін малады дырэктар ААТ «Бягомльскае» Аляксандр Дзяконскі ў Докшыцкім раёне вывёў гаспадарку ў перадавыя

Дырэктар ААТ «Бягомльскае» Аляксандр Дзяконскі: «Працаваць эфектыўна, жыць прыгожа і годна»

Як восень адорвае хлебароба за яго старанне ўраджаем, так нас, журналістаў, камандзіроўкі абагачаюць сустрэчамі з цікавымі людзьмі. Сярод мноства знаёмстваў ёсць такія, што забыць немагчыма. Тры гады таму журналісцкая вандроўка прывяла мяне ў мядзельскі аграгарадок Крывічы. Мясцовую гаспадарку ўзначальваў выпускнік Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Аляксандр ДЗЯКОНСКІ. Шмат цікавага расказаў тады ён пра сваю малую радзіму, пра выхаванне ў сялянскай сям’і. Зараз Аляксандр Яўгенавіч кіруе ААТ «Бягомльскае». Наша газета расказвала, як пры яго непасрэднай падтрымцы летам у докшыцкай вёсачцы Будзілаўка, што на тэрыторыі гэтай гаспадаркі, быў адкрыты народны мемарыяльны комплекс. 


І вось зноў сустрэча з маладым дырэктарам і, канешне, успаміны, успаміны. 

— У час студэнцтва мне разам з іншымі аднакурснікамі выпала стажыравацца ў швейцарскага фермера, — узгадвае Аляксандр Дзяконскі. — Узмоцнена заняўся нямецкай мовай. Самалётам прыляцелі ў Берн. Нас сустрэў прадстаўнік фірмы, якая супрацоўнічала з універсітэтам, і мы адправіліся ў кантон Штатгалле да фермера Піліпа Гультрольтэна. На чыгуначным вакзале нас чакаў яго сын Макс. Да фермерскай гаспадаркі ехалі на аўтамабілі па крутой горнай трасе. На падворку стаяў звычайны драўляны дом, гаспадарчыя пабудовы. За хлявамі на лузе пасвіліся каровы. Перад ад’ездам мне бацька параіў узяць з сабою кірзавыя боты. Фермер, як убачыў іх, папрасіў прымераць. Яны цудоўна падышлі яму. Гаспадыня была ў захапленні ад ільнянога рушніка, упрыгожыла ім абразы ў хаце. Фермерская сям’я цёпла мяне прыняла. Расказаў ім пра сваю вучобу ва ўніверсітэце. 

— Што вам фермер даручаў рабіць?

— У разгары была касавіца траў. На акультуранай сенажаці мы знішчалі конскі шчавей. Фермер тлумачыў: калі ён трапляе ў корм каровам, малако не прыгоднае для сыраварэння. На роўным участку гаспадар матаблокам касіў траву. Мы з Максам мотакосамі абкошвалі горныя схілы. Летні вецер хутка сушыў пакосы, мы іх зграбалі спецыяльным агрэгатам. Сена загружалі на гарышча жывёлаводчага памяшкання, у якім утрымліваецца два дзясяткі кароў. Траву, якая не падыходзіла на сена, прэсавалі ў квадратныя цюкі на падсцілку жывёле. Каровы ў фермера пародзістыя, высокапрадукцыйныя. Кожная летам давала да 60 кілаграмаў малака. І пры гэтым дзяржава даціруе дзейнасць фермерскай гаспадаркі. Працай мяне не загружалі. З раніцы атрымліваў заданне, выконваў яго і меў вольны час. Запомніліся вандроўкі па ўнікальных мясцінах. 

— Чым вас узбагаціла замежная стажыроўка?

— Засвоіў кіраванне сучаснымі сельскагаспадарчымі машынамі і агрэгатамі. Азнаёміўся з арганізацыяй арганічнага земляробства. Зямельныя ўгоддзі фермер падкормлівае толькі арганікай. 

Запомнілася цікавая традыцыя: на зыходзе лета жыхары кантона ладзяць свята кароў. Іх упрыгожваюць званочкамі, вянкамі з кветак. Гаспадары разам са сваімі рагулямі крочаць пад духавы аркестр. Мой шэф чаканіў крок у наваксаваных кірзавых ботах. Калону віталі шматлікія госці фэста. Калі вярнуўся дамоў, закончыў вучобу і працаваў галоўным аграномам у мядзельскай гаспадарцы «Беларусь», атрымаў з Швейцарыі пісьмо з фотаздымкамі. Канверт блукаў па Беларусі, бо быў падпісаны па-нямецку: Мінская вобласць, Крывічы і маё прозвішча. На Міншчыне некалькі паселішчаў з такой назвай. Усё ж пісьмо трапіла мне, у ім былі і фотаздымкі са свята кароў. 

— Аляксандр Яўгенавіч, акрамя аграфака, вы закончылі эканамічны факультэт Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта.

— У маёй сям’і вучацца ўсе. Вышэйшую эканамічную адукацыю ў гэтым універсітэце завочна атрымлівае жонка Настасся. У першы клас пайшла дачушка Валерыя. Мне прыйшоў выклік на сесію з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. У асеннія доўгія вечары садзімся за падручнікі. 

ААТ «Бягомльскі», якім я кірую з мінулай вясны, раней па асноўных эканамічных паказчыках замыкаў раённую зводку. Катастрафічная сітуацыя была з кармамі для жывёлы. Летась ледзьве завяршылі зімоўку на фермах. Трэба было неадкладна выпраўляць сітуацыю.

Год таму гаспадарку пад сваё крыло ўзяло аб’яднанне «Прамагралізінг» Банка развіцця. Дзякуючы фінансавай падтрымцы інвестара на кожную ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы назапасілі па 40 цэнтнераў кармавых адзінак. Стала расці валавая вытворчасць малака. 

— Нягледзячы на малады ўзрост маеце вопыт кіраўніка.

— На Мядзельшчыне двойчы ўзначальваў сельгаспрадпрыемства «Пруднікі-Агра». З падбору кадраў пачаў дырэктарства ў ААТ «Бягомльскі». Вакантнай заставаліся пасады некаторых галоўных спецыялістаў. Запрасіў вярнуцца заатэхніка Алену Бобрык  і агранома Міраслава Ушкевіча. З Касцюковічскага раёна прыехаў Ілля Сімянкоў і ўзначаліў заатэхнічную службу. Паспяхова спраўляецца з абавязкамі галоўнага інжынера Аляксандр Парфіновіч. Ён за дзесяць гадоў працы ў гаспадарцы ведае кожнага механізатара. Разам з ім вырашаем, якой тэхнікай абнаўляць машынна-трактарны парк, каб вытрымліваць сучасныя тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур. Інвестар аплачвае набыццё машын і агрэгатаў. Дзякуючы фінансавай падтрымцы пераабсталёўваем жывёлагадоўчыя фермы.

— Дзякуючы такой падтрымцы ёсць зрухі ў вытворчай дзейнасці? 

— Для параўнання прывяду такі факт. Летась намалацілі звыш двух тысяч тон збажыны. Сёлета дзякуючы павышэнню ўраджайнасці атрымалі ў два разы больш. 

Вярнулі ў севазварот звыш двух тысяч гектараў запушчаных зямель. Удвая павялічыўся статак кароў. На чатырох жывёлагадоўчых фермах звыш двух тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Штодзённа для перапрацоўкі на Тураўскі малочны камбінат адпраўляем звыш 11 тон малака. Інвестар дапамагае фінансава закупляць племянных цялушак. Набываем іх у прысталічным ААТ «Гастэлаўскае», у гаспадарках Маладзечанскага, Гродзенскага і Віцебскага раёнаў. 

Рэканструявалі дзве даільныя залы на малочна-таварных фермах Бягомля. У планах будаўніцтва новых памяшканняў на жывёлагадоўчым комплексе Дабрунь. 

— Сельская гаспадарка не «Поле цудаў», што націснуў на кнопку і ўсё атрымалася. Тут трэба ведаць магчымасць кожнага гектара, фермы. 

— За два гады добра азнаёміўся з гаспадаркай. Ведаю кожнае поле. Па некалькі разоў на дзень абтоптваю жывёлагадоўчыя фермы. Калі не буду валодаць аператыўнай інфармацыяй, то нічога не атрымаецца.

— Як пабудаваны ваш працоўны дзень?

— З вечара аб’язджаю асноўныя аб’екты, каб на ранішняй планёрцы, якая пачынаецца ў сем гадзін, дакладна валодаць інфармацыяй і мець план дзейнасці. Спецыялістам даю магчымасць праяўляць сябе, але і пільна кантралюю ход спраў. 

— А як паступаеце, калі вашы задумкі не супадаюць з прапановамі спецыялістаў?

— На кожнай планёрцы цікаўлюся іх прапановамі і толькі потым выказваю сваё меркаванне. За прынятае рашэнне мне адказваць. Бывае, што і рызыкую. Гаспадарка па асноўных эканамічных паказчыках стала абсалютным лідарам у раёне. Безумоўна, без падтрымкі інвестара такога поспеху не было б.

— Важна, як кіраўнік гаспадаркі распараджаецца выдзеленымі сродкамі.

— Кожнае рашэнне прымаю ўзважана. Аналізую, што ў першую чаргу актуальна, а што можна адкласці на потым. Інвестар фінансуе пэўныя праекты з перспектывай, каб мець аддачу. 

У параўнанні з мінулым годам вытворчасць валавой прадукцыі склала 160 працэнтаў. Пастаянна паступаюць сродкі за рэалізацыю малака. У перспектыве намераны прадаваць яго толькі класам экстра. Без напругі своечасова выплачваем заробкі. Механізатары і жывёлаводы штомесячна атрымліваюць да двух тысяч рублёў. Без праблем кожны месяц разлічваемся за электраэнергію. 

— Дзякуючы поспеху вы як кіраўнік паступова заваёўваеце аўтарытэт, які проста так не купіш. І ў спадчыну ён не даецца.

— Усяго трэба дабівацца. Найперш важна наладзіць кантакт з людзьмі і вызначыць агульную мэту. Сумесна крочыць да яе дасягнення. Калі чалавек атрымлівае годны заробак, з радасцю прыходзіць на працу і настроены яшчэ лепш працаваць. У любой справе павінны быць парадак і дысцыпліна. Дзякуючы паспяховай дзейнасці калектыву ёсць магчымасць вырашаць сацыяльныя пытанні. Будуем сваё жыллё. У шматкватэрным доме, які ўзводзіцца ў Бягомлі, дзясятак кватэр прызначаны для нашых працаўнікоў. 

— Аляксандр Яўгенавіч, вы верыце ў шчаслівую зорку?

— Шчасце з неба нікому не падае. Яго трэба заслужыць. Каб усё атрымлівалася, не шукай лёгкіх шляхоў. Поспеху дабіцца можна толькі працай. Да нас часта прыязджае начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Наталля Вараб’ёва і выказвае ўдзячнасць за парадак ва ўсім. Ад бацькоў чую, што працаўнікі мядзельскай гаспадаркі, дзе працаваў, добрым словам узгадваюць мяне.

У «Бягомльскім» мяне сустрэлі з недаверам. А калі сталі заўважны першыя поспехі, адносіны сталі мяняцца. Жыву па прынцыпу: наперад закінь, а потым як знойдзеш. У наш час немагчыма дасягнуць поспехаў без навукі. Супрацоўнічаем з Беларускай дзяржветакадэміяй, іншымі навуковымі ўстановамі. Шмат дапамагае ў жывёлагадоўлі віцебскі навуковец Сяргей Міхальцоў. Вывучаем і пераймаем вопыт перадавікоў. Разумею, нічога не дапаможа, калі не будзе працоўнай дысцыпліны. Наладзілі кормавытворчасць, і вынік не заставіў сябе доўга чакаць. Ад 3500 кілаграмаў малака сярэднегадавы надой за год вырас да 5500 кілаграмаў. Плануем заняцца насенняводствам шматгадовых траў. Пры выкананні тэхналагічнай дысцыпліны на нашых нізкаўрадлівых землях выйдзем на 50 цэнтнераў збожжа з гектара. 

— Які прынцып дзейнасці вашай каманды?

— Працаваць эфектыўна, жыць прыгожа і годна, каб пакінуць добры след на зямлі.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter