Калі сістэма адукацыі цалкам працуе пад заказ эканомікі — гэта iдэальна. А што мы маем на самай справе?

Дыпломная работа над памылкамi

Калі сістэма адукацыі цалкам працуе пад заказ эканомікі — гэта iдэальна.
Калі сістэма адукацыі цалкам працуе пад заказ эканомікі — гэта iдэальна. Скажам, краіне патрэбныя  інжынеры — значыць, набор на гэтыя спецыяльнасці будзе пашыраны за кошт скарачэння іншых напрамкаў. А што мы маем на самай справе?

«Я цяпер сам на сябе працую, плітку кладу. Перавучыўся, — распавёў неяк пры сустрэчы знаёмы піяршчык. — Ведаеш, задаволены: працоўны графік складаю сабе сам, начальнікаў у мяне няма, у грашах выйграў». І прадэманстраваў нават адзнятыя на мабільны тэлефон узоры сваіх работ. Уразіла. Вось займаўся ж чалавек паўжыцця чымсьці з прыгожай назвай «піяр», а тут, можна сказаць, талент прападаў. І колькі такіх з дыпломамі ВНУ, якія пыляцца за шклом! Што рабіць — даніна папулярнасці вышэйшай школе.

Дыпломная работа над памылкамі


Калі высвятляецца, што ў цябе няма дыплома аб вышэйшай адукацыі, касыя погляды забяспечаны. А азначэнне «пэтэушнік» даўно набыло абразлівае адценне. І нічога, што сучасны рабочы часта разбіраецца ні больш ні менш, а ў станках з праграмным кіраваннем. Усё роўна грамадства будзе глядзець на яго са спачуваннем, маўляў, эх, небарака, не давучыўся. А, пытаецца, чаму? Напрыклад, адна знаёмая, за плячыма якой вучылішча, куды разумнейшая і начытаная, чым яе муж, які адвучыўся ў двух універсітэтах. Другая прыяцелька — выпускніца ВНУ, а слухаць яе страшна — лексікон прыкладна як у Элачкі-людаедкі. 

«Мы ў апошні час атрымалі перавернутую сістэму адукацыі, калі найважнейшым сацыяльным ліфтам лічыцца дыплом аб вышэйшай адукацыі, — кажа першы прарэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі кандыдат педагагічных навук Эдуард Каліцкі. — Бацькі робяць усё, каб дзіця яго атрымала, думаючы, што толькі тады яны забяспечылі яго будучыню. Па розных прычынах дзяржава такія магчымасці грамадзянам дае. І сёння ў нас студэнцкіх месцаў столькі, што мы наперадзе многіх краін Еўропы. Калі ў Германіі на дзесяць тысяч насельніцтва прыпадаюць 277 студэнтаў, у нас гэтая лічба амаль удвая большая. Мы абагналі нават Японію, якая заявіла, што гатовая даць вышэйшую адукацыю ўсяму свайму насельніцтву. Наперадзе нас хіба што Расiя, дзе гэты паказчык складае 523 студэнта, і Украіна — 488».

Дыпломная работа над памылкамі


Можна, вядома, спачываць на лаўрах, маўляў, многія краіны мараць аб такім усенавучы, а ў нас амаль сто працэнтаў выпускнікоў ідуць у ВНУ. Толькі вось тых, хто паступаюць, ідэальнымі студэнтамі назавеш далёка не заўсёды. А што рабіць? Дэмаграфічная яма, з аднаго боку, і кантрольныя лічбы набору ў ВНУ — з другога. Вось і прыхо-дзіцца паміж імі лавіраваць і навучальным установам, і грамадству. І нічога, што дзясяткі два ВНУ рыхтуюць спецыялістаў па адных і тых жа спецыяльнасцях. Напрыклад, «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт», «фінансы і крэдыт» і інш. У нас у краіне лішак эканамістаў, а мы ўсё роўна іх выпускаем. Але ж, з іншага боку, фінансавыя веды ні плітачніку, ні таксісту яшчэ не пашкодзілі.

Ідэальна, калі сістэма адукацыі цалкам працуе пад заказ эканомікі. Скажам, патрэбныя краіне інжынеры — значыць, набор на гэтыя спецыяльнасці будзе пашыраны за кошт скарачэння іншых напрамкаў. А што мы маем? Як адзначыў на пасяджэнні Рэспубліканскага савета рэктараў кіраўнік рабочай групы па комплексным аналізе сітуацыі ў сістэме адукацыі, намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Тозік, у тых жа Фінляндыі, Швецыі і Сінгапуры на тысячу насельніцтва выпускаецца каля 17 інжынераў, а ў нашай краіне толькі 7. І гэта пры вострым недахопе такіх спецыялістаў. Аб няўзгодненасці сістэм адукацыі і эканомікі гаварыў і Прэзідэнт. Дык няўжо складана гэта ўзаемадзеянне наладзіць? Тым больш што і пастаўшчыкоў і заказчыкаў кадраў павінен аб’ядноўваць агульны інтарэс. У адваротным выпадку вынік будзе, як у байцы пра Лебедзя, Рака і Шчупака.

Ёсць, праўда, адно «але». Калі нават дзеля ВНУ выразна сфарміруюць заказ на спецыялістаў заўтрашняга дня, ці не апынуцца яны паміж двух агнёў? Калі на адной шалі вагаў — патрэбнасці краіны, а на другой — інтарэс  студэнта, які — што б там ні стала — хоча атрымаць, скажам, дыплом юрыста. І калі яму адмовяць, ці не накіруецца тады ён за запаветным дакументам у суседнюю дзяржаву? Дык, можа, неактуальныя для эканомікі краіны спецыяльнасці перавесці ў разрад платных і вучыць ім за кошт самога студэнта? Магчыма, гэта прастымулюе маладога чалавека зрабіць выбар на карысць іншай спецыяльнасці і вучыцца на бюджэце. Спосабаў прыцягнуць студэнтаў на той ці іншы навучальны накірунак, думаю, нямала. Гэта тое, што называецца старым добрым словам 

«прафарыентацыя». Растлумач, дакажы, што гэта павысіць іх шанцы на рынку працы, і абітурыенты пойдуць. Наогул, я заўважыла, што многія сёння савецкую сістэму адукацыі ўспамінаюць з настальгіяй. Дарэчы, у тым ліку і таму, што для троечнікаў уваход у ВНУ быў зачынены. А вышэйшая адукацыя была недасягальнай вяршыняй, падняцца на якую было дадзена не кожнаму.

Вярнуць мінулае немагчыма, ды і не трэба, а вось статус элітнасці дыплома ВНУ трэба вяртаць. Магчыма, праз увядзенне прыёму ў 10-я класы на конкурснай аснове, праз скарачэнне бюджэтных месцаў у ВНУ, павышэнне парогавых балаў. Спосабаў шмат. А той, хто хоча атрымаць вышэйшую адукацыю, усё роўна яе атрымае. І пасля прафтэхкаледжа. Як гаворыцца, было б жаданне. Акрамя таго, як паказвае жыццё, рабочая спецыяльнасць лішняй не бывае. Ды і краіне працоўныя рукі, а попыт на такіх спецыялістаў сёння складае 76% ад агульнай колькасці, ой як патрэбны!

Вера Артэага

veraart14@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter