Заняткі ў Чыкагскім філіяле БДУІР пачаліся ўжо ўчора. Рэктар ВНУ Міхаіл Батура віртуальна пазнаёміўся з першакурснікамі і прадставіў ім беларускіх цьютараў.
Першая група сфармавана з 10 жыхароў штата Ілінойс. Плануецца, што на працягу года будуць арганізаваны яшчэ некалькі груп. У цэлым жаданне навучацца ўжо выказалі 57 чалавек. Амерыканцы пройдуць навучанне па спецыяльнасці “праграмуемыя мабільныя сістэмы” і па заканчэнні атрымаюць дыплом БДУІР. Праграма на англійскай мове, расказалі ў прэс-службе ВНУ, цалкам распрацавана беларускімі выкладчыкамі.
Нагадаем, філіял беларускага ўніверсітэта быў адкрыты 22 красавіка гэтага года. Дзейнічае ён на базе Інстытута камп’ютарных сістэм (Чыкага), якім кіруе выпускніца БДУІР Эла Зібіцкер.