Брацкая дружба туркменскага і беларускага народаў яшчэ больш умацавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Дыні з 44-га…

Брацкая дружба туркменскага і беларускага народаў яшчэ больш умацавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны


З туркменскім народам у брацкай Беларусі сяброўскія, дакладней братэрскія адносіны пачалі складвацца ў мінулым стагоддзі, у гады Савецкага Саюза. Мы тады жылі ў адной сям’і. Лічылі Беларусь і Туркменістан сваімі — ездзі­лі адзін да аднаго, дапамагалі адзін аднаму, служылі, жылі адзін у аднаго.

Асабліва гэтыя брацкія адносіны замацаваліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Не толькі Расія была ў гэтыя гады ў агні і бядзе, і на беларускую, украінскую землі, у Прыбалтыку прыйшлі нямецкія акупанты. Адразу стала зразумела, што вораг вельмі моцны і добра ўзброены, жорсткі. Калі не збяруцца ўсе браты, атрымаць перамогу немагчыма. Тады Радзіма-Маці і паклікала ўсіх сыноў, усе нацыянальнасці вялікай краіны на дапамогу.

У тыя драматычныя гады больш за трыста тысяч салдат і афіцэраў-туркменаў ваявалі з фашыстамі разам з рускімі і беларусамі, прадстаўнікамі іншых народаў. Нядаўна выдадзеная ў Ашгабаце кніга “Памяць” пацвярджае, што многія з іх загінулі на полі бою менавіта ў Беларусі. Невыпадкова ў Мінску ёсць вуліца імя Героя Савецкага Саюза Араза Анаева. Нямала ўраджэнцаў Туркменістана загінула за вызваленне Беларусі — Магілёва, Мазыра, Лоева, Калінкавічаў, Мінска. Менавіта за вызваленне Мінска атрымалі самую высокую ўзнагароду — Героя Савецкага Саюза — Араз Анаеў, Клычніяз Азалаў. І пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў Туркменістан дапамагаў беларусам аднаўляць сваё жыццё нанава, усімі магчымымі сіламі рабіла гэта рэспубліка, рабіў гэта туркменскі народ. Дзяліліся апошнім кавалкам хлеба. Вось у маіх руках кніга “Туркменістан у перыяд Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 г.)”, выдадзеная ў 1962 годзе па архіўных матэрыялах. Тут можна прачытаць і такія дакументы — “Пастанова бюро ЦК(б) Туркменістана аб адпраўцы эшалона з падарункамі для работнікаў г. Мінска” за № 318 ад 5 верасня 1944 года. Уявіце, ідзе яшчэ вайна, у надзвычай складанай сітуацыі знаходзіцца і народнагаспадарчы комплекс Туркменістана. Але вось што ў гэтым дакуменце было запісана:

1. Дазволіць ЦК ЛКСМ Туркменістана арганізаваць і адправіць эшалон з падарункамі для работнікаў г. Мінска, Беларусія.

2. Дзень адпраўкі эшалона зацвердзіць 15 верасня 1944 г.

3. Для суправаджэння эшалона з падарункамі зацвердзіць дэлегацыю. Кіраўніцтва — заг. аддзела сялянскай моладзі ЦК ЛКСМТ тав. Мухатава.

4. Даручыць Саўнаркаму ТССР вылучыць ЦК ЛКСМТ для падарункаў за наяўны разлік:

а) тавары шырспажыву 50 000 руб.;

б) аконнага шкла 1 вагон;

у) дыні “гулябі” 1 вагон;

г) збожжа 12 200 кг;

д) жывёлы 1755 галоў;

е) рыбы 4500 кг.

5. Абавязаць Ашгабацкую чыгунку прадаставіць 15 вагонаў паражняку і 1 класны вагон для адпраўкі і суправаджэння падарункаў да месца прызначэння г. Мінск, Беларуская ССР”.


Гэты дакумент пацвярджае, што ў тыя гады такія эшалоны былі адпраўлены з Туркменіі не толькі ў Мінск. І іншыя беларускія гарады ды вёскі таксама атрымалі нямала дапамогі ў тыя цяжкія часы.

Нашы народы яшчэ тады, у вайну, і ў першыя пасляваенныя гады пераканаліся, што мець сапраўднага сябра заўсёды здорава.

Сяброўская сцежка не зарасла і сёння. У наш час лідары нашых дзяржаў Гурбангулы Мялікгулыевіч Бердымухамедаў і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка не раз сустракаліся ў Мінску і ў Ашгабаце. Былі падпісаны важныя дакументы для супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў. Сёння ў Туркменістане на палях працуюць беларускія трактары. Туркменістан іх кожны год закупляе ў вялікай колькасці.

Туркменістанцаў вельмі радуе, што іх дзеці тысячамі вучацца ў беларускіх ВНУ. Іх вучаць кваліфікаваныя выкладчыкі. Вось што расказвае адзін з іх — кандыдат эканамічных навук Леанід Іосіфавіч Прышчэпа:

 — Мне заўсёды прыемна працаваць з туркменскімі студэнтамі. А яшчэ, пабываўшы ў Туркменістане, я зразумеў, колькі ў нас шмат гістарычных сувязяў. На прыкладзе аповедаў аб нашай садружнасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны я імкнуся паказаць беларуска-туркменскае пабрацімства, зрабіць яго дзейным складнікам у развіцці адносінаў паміж нашымі народамі. Беларуска-туркменская “народная дыпламатыя” мае даўнія карані. І не памятаць пра гэта нельга.

І сапраўды, дыні “гулябі” з 1944 года, як і іншая дапамога туркменаў беларусам у Вялікую Айчынную і адразу пасля яе, дарагога каштуе.

Сяргей Шычко
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter