4000 тон на «падушцы»: аварыйны пралёт моста праз Прыпяць паміж Жыткавічамі і Туравам узарваны

Дым над вадой

Учора на Палессі прагрымелі моцныя выбухі: частка старога 900-мятровага моста, дзякуючы намаганням сапёраў, разбурана. Спецыялісты называюць аперацыю ўнікальнай па складанасці. Неабходна было разбурыць 188 метраў жалезабетонных канструкцый, усярэдзіне якіх знаходзіліся сталёвыя тросы, і пры гэтым захаваць апоры. Задуманае атрымалася.

Работа па разбурэнню часткі моста была ўнікальнай. 
Фота аўтара

…Спачатку з’явіліся слупы чорнага пылу ў небе, а потым пракацілася ўдарная хваля. Яна закранула і вёску Боркі Жыткавіцкага раёна. Пенсіянерка Ганна Пяшэвіч, нягледзячы на кепскі слых, выбух пачула:

— Як бабахнуў! І шыбы затрэсліся. Гайданула трохі. Ну, цяпер павінны новы мост пабудаваць.

Вёска Боркі — бліжэйшы да спецаперацыі населены пункт. Але адсяляць яе не прыйшлося, выратавальнікі толькі ачапілі кіламетровую зону. У мост заклалі больш за тону ўзрыўчаткі, а жалезабетонныя пліты пасля выбуху «склаліся» на спецыяльна насыпаную пляцоўку. Алег Удовін, начальнік упраўлення моставага праектавання прадпрыемства «Белгіпрадар» распавёў: 

— Чаму спыніліся менавіта на выбуху? У Беларусі, ды і ў суседзяў, няма спецтэхнікі для разбурэння падобных збудаванняў. Зарады размясцілі зверху і знізу перакрыццяў. Складанасць заключалася ў тым, што трэба было разбурыць амаль 200 метраў жалезабетоннай канструкцыі, у сярэдзіне якой знаходзіліся пучкі сталёвых тросаў. Агульная вага 4 000 тон. Таму патрабавалася сінхронная дакладнасць, каб выбухі фактычна разрэзалі пралётнае палатно, а апоры ўцалелі. Для выканання адказнай аперацыі былі прыцягнутыя спецыялісты цэнтра выбухатэхнічнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС. Усе «абломкі» ляглі ў патрэбны квадрат, пахваліў сапёраў першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў:

— Задача выканана паспяхова, мэты дасягнуты. Работа праведзена ўнікальная, нашы спецыялісты добра справіліся з пастаўленай задачай.

Фота БЕЛТА.

  Пра перспектывы будаўніцтва новага моста мы даведаліся ў галоўнага інжынера праекта прадпрыемства «Белгіпрадар» Людмілы Саседкавай: 

— Аварыйная частка разбурана, смецце вывезуць, апоры абследуюць на наяўнасць пашкоджанняў, і ўжо праз два тыдні прыбудзе першая частка металаканструкцый. Мы спыніліся на сталёвых пралётах — яны ў два разы лёгчэй за бетонныя. Гэта важна яшчэ і таму, што апоры моста размешчаны на слабых грунтах. Зрабілі ўжо шмат, але асноўная праца — наперадзе.

galkovsky@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter