Художники Андрей и Вероника Русско сшили герб Пинска размером с большой дом

Дыханне карцін

“Традыцыі — гэта не захаванне попелу, а раздуванне агню”, — казаў некалі французскі гісторык Жан Жарэс. Пінчукі Андрэй і Вераніка Руско з такім меркаваннем згодны. Здавалася б, навошта маладым і паспяховым мастакам тое мінулае? Колькі новых накірункаў, малюй сабе — і будуць грошы. Адказваюць: каб дзеці ведалі гісторыю. І каб родны горад станавіўся прыгажэйшым. Яны малююць Пінск, вяртаюць яму страчаны твар — праз стрыт-арт, батык. Да 920-годдзя Пінска сшылі герб горада памерам у пяціпавярховы дом. З удзельнікамі шматлікіх гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, кірмашоў і пленэраў размаўляем пра карані, пра Пінск як горад для жыцця і культурную сталіцу Беларусі — 2019.


— Бацька мой з вёскі Лобча Лунінецкага раёна, з беларуска-ўкраінскага памежжа, — распавёў Андрэй і дадаў, што сам нарадзіўся ў Пінску і мае поўнае права казаць знакамітую фразу “Па-першае, я з Пінска”. — Вераніка — з Расіі. Першым у 1980-я вярнуўся з Алтая ў Пінск — на радзіму бацькі — дзядзька Веранікі (дарэчы, добра вядомы пінскі доктар — Вячаслаў Ткаленка). Потым астатнія з сям’і змянілі месца жыхарства. 

Андрэй і Вераніка сустрэліся ў студыі вядомага мастака Яўгена Сяргеевіча Шатохіна. Разам там займаліся, а потым і ажаніліся. Зараз у маладой сям’і растуць дзве дзяўчынкі — у 2010-м нарадзілася Аліса, а ў 2015-м — Васіліса. Малодшая — агонь, як кажуць. Старэйшая больш стрыманая, навучылася рана чытаць, піша казкі і сама афармляе іх ілюстрацыямі. 

Як і Андрэй, Вераніка ганарыцца, што вучылася ў Шатохіна: 

— Яўген Сяргеевіч навучыў нас любіць сваю справу і быць ёй адданымі. Дарэчы, аднойчы ён сказаў, што з мяне атрымаецца добры педагог. Тады я не надала ўвагі гэтым словам, але так і сталася — сёння я перадаю свае веды ў галіне дэкаратыўна-прыкладной творчасці падрастаючаму пакаленню. 


Вераніка аддае перавагу батыку, для Андрэя больш цікавыя акрыл, жывапіс, акварэль, аэраграфія, калаж. Але дома ў іх я ўбачыла пінскія пейзажы на шоўку, выкананыя Андрэем у тэхніцы двухслаёвага батыку. Такім чынам атрымліваецца 3D-эфект, які дазваляе карціне “дыхаць”. На адной намалявана набярэжная Піны. Яна знаходзіцца ў самым цэнтры горада, але, па вялікаму рахунку, з’яўляецца адначасова і яго ўскраінай: за ракой — ніводнай пабудовы, толькі пясчаная водмель, дзе размяшчаецца галоўны пляж, а за ім — балоты. Андрэй дазволіў сабе фантазію: намаляваў прыгожую набярэжную на другім беразе. Хто ведае, можа калі так і будзе? 

Гуляючы па Пінску, звярніце ўвагу на апору маста праз Піну — Андрэй Руско намаляваў там архітэктурныя славутасці горада. Таксама на фасадах некалькіх крам з’явіліся гравюры Напалеона Орды — пінскае прадмесце Каралін і рэшткі замка Вішнявецкіх. Гістарычныя краявіды Андрэя можна ўбачыць і ў офісных памяшканнях:

— Зразумела, што гістарычныя малюнкі для офісаў — гэта заказ. А што тычыцца стрыт-арту, дык я сам іду ў гарвыканкам з прапановамі і эскізамі. Раблю гэта за свае сродкі. Стрыт-арт — гэта дапаўненне гарадскога асяроддзя.

Вераніка дадае:

— Стрыт-арт — гэта мастацтва, якое павінна быць пазітыўным. Мне здаецца, на вуліцы Леніна ў Пінску ёсць яшчэ дамы, дзе можна аднавіць гарадскую гісторыю. Праўда, гаспадары гэтых будынкаў часцей хочуць мець на вольным месцы рэкламу. 

Вуліца Леніна цягнецца праз гістарычны цэнтр горада практычна на 800 метраў і ўяўляе сабой прыклад цэласнай гарадской забудовы канца ХІХ — першай чвэрці ХХ стагоддзя. Адна з самых старажытных у Пінску вуліц, ёй каля 600 гадоў. За такі час яна шмат разоў перабудоўвалася, гарэла, мяняла назву: Спаская, Вялікая Спаская, Францысканская, Вялікая Францысканская, Кіеўская і Вялікая Кіеўская, Касцюшкі, Вялікая, Ленінская і, нарэшце, Леніна. Зараз яна пешаходная. У мінулым годзе аднавілася пасля рэканструкцыі. 

Вераніка лічыць, што пешаходка павінна быць для людзей і проста абавязана натхняць пінчукоў на арыгінальныя ідэі:

— Ёсць аптэкі, крамы, банкі, але няма кафе з нацыянальнымі стравамі. Чаму так? Пешаходная вуліца павінна працаваць круглы год, а не толькі летам. На ёй павінны праходзіць кірмашы, выставы, стварацца інсталяцыі, усталёўвацца скульптуры. І гараджане самі павінны быць актыўнымі і выступаць з прапановамі. Наша мара — стварыць на цэнтральнай вуліцы арт-прастору, дзе можна было б сустракацца творчым людзям, дзе можна было б арганізаваць выставу. 

— Калі гаварыць пра архітэктурныя пінскія славутасці, што найперш параіце гасцям культурнай сталіцы Беларусі? — пытаюся ў Андрэя.

— Вядома ж, галоўны архітэктурны помнік — ансамбль былога кляштара францысканцаў, які мае вышэйшую катэгорыю аховы. І палац Бутрымовіча. Сваё месца ў гарадскім асяроддзі заняла скульптура палешука-пінчука з надпісам “Па-першае, я з Пінска...” У нас кажуць, што сапраўдных пінчукоў можна адрозніць па асаблівай прыкмеце — на правай руцэ пастаянна сагнуты мезенец. Бо дзе б пінчукі ні знаходзіліся, перш за ўсё працягваюць вам руку, загінаюць мезенец і з гонарам паведамляюць: “Па-першае, я з Пінска...”

Вераніка дадае:

— Мне падабаецца самы стары будынак горада — альма-матар многіх знакамітых людзей — калегіум езуітаў, дзе зараз Музей беларускага Палесся. У нас ёсць цікавы праваслаўны храм — Свята-Варварынская царква, дзе захоўваецца адзін з самых старых абразоў Беларусі — Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская і часціца мошчаў святой Барбары. У гэтай царкве браў шлюб беларускі класік Якуб Колас. Дарэчы, зараз Андрэй распісвае адзін з новых храмаў Пінска. Можа, калі і яго будуць паказваць турыстам? 

kozlovich@sb.by

Фото з архіва сям’і Руско.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter