Дыхание времени помогают почувствовать многие музейные экспозиции, в том числе посвященные событиям Великой Отечественной войны

Дыханне часу

Прыязджаючы ў любы горад, я перш за ўсё імкнуся наведаць мясцовыя музеі. У іх засяродзілася і манументальна захавалася сама гісторыя населенага пункта, рэгіёна. У іх нібы спынілася і адначасова жыве дыханне часу. Асаблівы гонар, патрыятызм адчуваеш у ваенным музеі. І як добра, што залы, пакоі, экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай, ёсць літаральна ва ўсіх гісторыка-патрыятычных музеях Беларусі. Больш таго, ваенныя экспазіцыі адкрыты ў многіх школах краіны. І не можа не радаваць, што экскурсіі там праводзяць самі школьнікі.

Фота  БЕЛТА

Тут мы бачым бясцэнныя рарытэты, знаёмімся з ваеннымі хронікамі гарадоў, па­сёлкаў і вёсачак Беларусі. Тут захоў­ва­юц­ца ўспаміны салдат, партызанаў і пад­польшчыкаў, вязняў лагераў і мірных жы­хароў... Перад наведвальнікамі паўстаюць як драма асобнага жыцця, так і трагедыя ўсяго беларускага народа. Тут мы знаёмімся з тымі маленькімі перамогамі, з якіх і складалася Вя­лі­кая Перамога. І як добра, што кожны ­раён нашай Бацькаўшчыны захоўвае гэтую святую Памяць. Як самыя дарагія госці тут сёння і апошнія ветэраны Вялікай Айчыннай, якіх, на жаль, з кожным годам застаецца ўсё менш і менш…

Я раю кожнаму, хто падарожнічае па Беларусі, абавязкова наведваць ваенныя музеі, сур’ёзна знаёміцца з калекцыямі, прыводзіць туды сваіх дзяцей і ўнукаў. Нам, беларусам, ні на хвіліну нельга забываць, што ў тыя страшныя гады Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара — загінулі каля 3 мільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На тэрыторыі акупаванай рэспублікі дзейнічала 250 лагераў смерці, сярод якіх — сумна вядомы «Трасцянец», адзін з буйнейшых пасля «Асвенцыма», «Майданака», «Трэблінкі»… І бывае часам горка ад таго, што моладзь абыходзіць бокам гэтыя святыя мясціны, нават не ведае пра існаванне музеяў.

У горадзе над Дзвіной добра вядомы Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова — арганізатара партызанскага руху на Віцебшчыне. Адкрыты музей 5 ліпеня 1969  года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Фонд музея налічвае каля 10 тысяч адзінак. Працягам экспазіцыі з’яўляецца мемарыяльны парк, размешчаны побач з будынкам музея. Тут устаноўлены скульптурны бюст М.П. Шмырова, макет «Рэйкавая вайна», гарматы, пабудаваны партызанскія зямлянкі.

Нядаўна я пабываў у Гомельскім музеі ваеннай славы, які быў створаны 16 лютага 2004 года. 25 красавіка 2005 года быў адкрыты поўны комплекс ваенна-гістарычнай экспазіцыі, ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел Аляксандр Лукашэнка. У фондах — каля 3 тысяч адзінак. Экспанаты адлюстроўваюць ваенную гісторыю Гомельшчыны са старажытнасці да нашых дзён. У музеі пастаянна арганізуюцца зменныя выстаўкі, чытаюцца лекцыі з паказам кінахронікі, праводзяцца патрыятычныя акцыі, навукова-практычныя канферэнцыі, семінары. Гэта значны цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання і навукова-даследчай працы па вывучэнні ваеннай гісторыі Гомельшчыны.

Завіталі мы з сябрамі і ў Музей бітвы за ­Днепр, што быў адкрыты ў Лоеве 9 мая 1985 года ў гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі. Разам з пляцоўкай баявой тэхнікі на беразе Дняпра ён стаў мемарыяльным помнікам усім удзельнікам Дняпроўскай аперацыі. Фонд налічвае звыш 4 тысяч экспанатаў.

Мне пашчасціла тройчы наведаць Музей абароны Брэсцкай крэпасці, які быў адкрыты 8 лістапада 1956 года ў частцы абароннай казармы, якая захавалася на Цэнтральным умацаванні крэпасці — Цытадэлі. У фондах музея захоўваюц­ца ўнікальныя прадметы з раскопак, асабістыя рэчы, якія належалі абаронцам крэпасці (больш за 60 тысяч). І ў ХХІ стагоддзі мы не можам не га­нарыцца гераізмам воінаў Брэсцкага гарнізона.

У Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я пабываў ужо чатыры разы. Яшчэ ў лістападзе 1942-га ў ваеннай Маскве разгарнулася экспазіцыя пад назвай «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай». Яна працавала да жніўня 1944 года, пакуль не пераехала ў вызвалены Мінск. У разбуранай і разрабаванай сталіцы музей атрымаў адзін з нямногіх уцалелых будынкаў у самым цэнтры горада і ўжо 22 кастрычніка 1944 года адкрыўся для наведвальнікаў. А ў 1966-м пераехаў у спецыяльна ўзведзены будынак на Цэнтральнай плошчы Мінска (цяпер Кастрычніцкая). У 1977 годзе побач з музеем пачала работу ўнікальная экспазіцыя ваеннай тэхнікі і ўзбраення пад адкрытым небам.

Сёння гэта адзін з найбуйнейшых ваенных музеяў свету, адзін з самых важных нацыянальных цэнтраў патрыятычнага выхавання. Музей размешчаны каля абеліска «Мінск — горад-герой». Сама 45-метровая стэла «Мінск — горад-герой» была адкрыта ў 1985 годзе да 40-годдзя Вялікай Перамогі. Плошчу Герояў упрыгожвае фантан са 170 струменяў, якія прысвечаны населеным пунктам Беларусі, вызваленым савецкімі войскамі. Музей складае са стэлай адзіны функцыянальны і архітэктурны ансамбль. Новы будынак узводзіўся ў 2010—2013 гадах і быў адкрыты 2 ліпеня 2014 года, напярэдадні Дня Незалежнасці, што стала своеасаблівым прысвячэннем 70-годдзю вызвалення Беларусі. Адметна, што будынак складаецца з чатырох асноўных блокаў, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны, чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. Галоўны фасад выкананы ў выглядзе пераможнага салюту: за аснову быў узяты запіс салюту 1945 года. 11 ззяючых праменняў з нержавеючай сталі сімвалізуюць Вялікую Перамогу і адначасова нагадваюць аб 1100 трагічных днях і начах акупацыі Мінска. У музеі каля 150 тысяч рарытэтаў. Залы размяшчаюцца паводле храналогіі ваенных дзеянняў, аднак іх аб’ядноўвае адна вялікая зала пад назвай «Дарога вайны».

Давайце і мы пройдзем музейнымі ваеннымі дарогамі! Давайце разам падарожнічаць па ваенных музеях Бацькаўшчыны!

Канстанцін Карнялюк

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter