Як краіна адсвяткуе 500-годдзе выдання скарынаўскай Бібліі

Дык шануй, беларус, сваю кнiгу

Каля шасцідзесяці мерапрыемстваў пройдзе ў краіне і за яе межамі з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Такую лічбу зацвердзіў рэспубліканскі камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання гэтай даты. 


Хаця, як трапна заўважыла міністр інфармацыі Лілія Ананіч, на самай справе іх будзе значна больш, бо розныя ўстановы яшчэ працягваюць уносіць свае прапановы. Гэта значыць, што на працягу года ледзь не кожны дзень імя Францыска Скарыны будзе гучаць са сцэн і высокіх трыбун, каб яшчэ раз нагадаць, што наша дзяржава мацуецца гістарычнымі каранямі. Падрыхтоўка да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага друкавання пачалася не ўчора. У Нацыянальнай бібліятэцы, напрыклад, ужо пяць гадоў праводзяцца навуковыя даследаванні наконт спадчыны Скарыны. Вядуцца замежныя пошукі літаральна кожнай арыгінальнай паперкі, улічваецца кожны адбітак, зроблены пяць стагоддзяў таму. Вынік гэтага — амаль дваццаць тамоў факсімільнага выдання беларускага першадрукара. 

Менавіта гэтыя кнігі і будуць на першым плане падчас усіх святочных мерапрыемстваў. Побач, вядома ж, іншыя выданні на тую ж тэму, тыражы некаторых, дарэчы, друкуюцца ўжо трэці раз за год. Убачыць увесь гэты скарб можна будзе ўжо праз некалькі дзён. 8 лютага адкрыецца XXIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. А пасля скарынаўскія выданні адправяцца ў доўгі шлях па розных краінах свету. Іх ужо чакаюць не толькі ў месцах, дзе жыў і пакінуў свой след наш першадрукар, а нават у далёкім Кітаі і ААЭ. Там не толькі пройдуць кніжныя выставы, але і будуць арганізаваны круглыя сталы і канферэнцыі з нагоды 500-годдзя беларускага друкаванага слова. Больш за тое, буйныя бібліятэкі Латвіі, Бельгіі, Германіі, Расіі і іншых краін чакаюць да сябе беларускіх калег, каб тыя не толькі падзяліліся сваімі скарынаўскімі набыткамі, але і бліжэй пазнаёмілі іх з нашым сучасным кнігадрукаваннем. Рускія, нямецкія і чэшскія даследчыкі ў сваю чаргу падзеляцца сваімі звесткамі пра зараджэнне друкаванага слова. Запланавана і некалькі арт-пленэраў у Літве, Італіі, Польшчы, Францыі, Чэхіі. 

Дваццаць тамоў факсімільнага выдання Скарыны — гэта сапраўдны скарб

Такія сустрэчы і паездкі будуць доўжыцца на працягу ўсяго года, але асноўныя святочныя падзеі ў нашай краіне адбудуцца ў верасні. Ужо ў першыя восеньскія дзянькі ў Полацку, дзе прыкладна 527 гадоў таму і нарадзіўся Скарына, пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Сустрэчы пісьменнікаў, прэзентацыі, круглыя сталы — усё пройдзе з прозвішчам першадрукара на вуснах. Адной з самых значных падзей будзе навукова-практычная канферэнцыя «Роля Францыска Скарыны ў развіцці беларускай мовы». Дарэчы, 1 верасня першы ўрок ва ўсіх школах будзе таксама прысвечаны 500-годдзю беларускага кніга-   друкавання.

На восень прызначаны і міжнародны кангрэс «500 гадоў беларускага кнігадрукавання». Ён адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы, на яго запрошаны прадстаўнікі дзясяткаў краін. Там жа на плошчы ў паўтары тысячы квадратных метраў размесціцца і адмысловая выстава. Дарэчы, свае сюрпрызы рыхтуюць усе буйныя ўстановы культуры краіны. Напрыклад, Нацыянальны гістарычны музей мае намер прывезці ў краіну адзін са скарынаўскіх арыгіналаў, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі зараз працуе над пастаноўкай спектакля, прысвечанага жыццю і дзейнасці Скарыны. 

Словам, год абяцае быць насычаным. І кожны з нас можа зрабіць свой уклад у гэтую вялікую справу, часцей дакранаючыся да скарынаўскага слова і распаўсюджваючы яго далёка за межамі краіны.

Наталля ІВАНОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter